Жыць буду я ў табе.
Вось толькі працягні руку:
Прамень, траву ці корань.
I дай мне свет:
Сон, зорку,
Крыху хлеба.
Цяпер ужо я буду ўмець
Пра шчасце гаварыць.
I сам дабром дзяліцца.
Пусціце да мяне бліжэй
Расцвіўшых,
Падаючых,
Плывучых.
Я гавару:
Зямлю цераз парог перанясіце.
Брат, якім з’яўляюся я:
Як цяжка
Самому ноччу уявіць сябе!
А ці патрапіш свет стварыць
З птушкі, кветкі, смеху?
Мне сніцца, што мы яшчэ жыць будзем
Пад камнем і пад сонцам.
Вось цвітуць мае працягнутыя рукі:
Зямля, падыдзі бліжэй!
1978
ВЕЧАР ВІЛЬНЮСА
Вечар вежаў
у небе Вільнюса.
Анёлак горада —
белы голуб —
абдымае чырванацэглыя плечы Анны.
Жыццё, як арган,
вышэй узнесена.
Рукі жыцця цалую,
поўныя ўсіх і мяне:
мой твар павярні, кажу,
ў кірунку галоўнага алтара,
бо ўжо занадта мілосць вялікая,
каб мог замаўчаць яе —
жыццё маё не маё.
У цемрадзі
акуні мой пагляд
у самую глыбіню жыцця,
каб не пачуў, каб не адчуў
як за спіной
зачыняюцца дзверы —
жыццё маё не маё.
1978
***
Мне няўцям — дарога знае,
не чуваць мне — лес, ён чуе,
не відаць мне — бачыць поле
тваю думку
тваё слова
тваю душу
не сканчылася б дарога,
не аглух бы лес знячэўку,
толькі б не аслепла поле,
покуль думку зразумею,
покуль поўна слова ўчую,
покуль дно душы пабачу:
шлях збялелы
лес зялёны
роўнае поле
1978
НЯДЗЕЛЯ
Прыбярыся дрэвам, сыне,
каб было святочней сёння.
Дзверы ў лес вазьмі з сабою,
вокны з каранёў цярпення.
Пацалуй сякеру, сыне,
лютасці лязо прылашчы.
Захапі даверу бохан,
слова праўды зганьбаванай.
А Літва цябе шукацьме —
ты ёй пасвяці рукамі:
не прынось вачэй без птушкі,
сэрца без Літвы не слухай.
1978
***
самота наша
чорны агонь
ты апякаеш толькі
ці нават свеціш
не хачу
каб глядзела ты на мяне
свечка жыцця дрыжыць
над небыццём маім
неба не ведаю выйсця
з маленькай самай сцяблінкі
дапамажы
маёй непамыснасці
калі горла сціскаюць
пальцы самоты
кажу: я сам сцяг
і я ж сцяганосец.
1978
***
пасеяў я на гары
зерне жыцця
і не дачакаюся хлеба
што да стала прыходзіць
сонцам паліцца
дажджом згінаецца
вялікага ў нашым маўчанні
маленькага ў галасах зямлі
пад галінкаю ветру
пад рукою неба
пад дрэвам свету
прыносяць прыносяць чалавека
і побач з зернем кладуць