Панад горадам дымным і панада мною,
Каб тут я хоць цяпер, але ўсё ж зразумеў,
Што на свеце няма і не будзе спакою
Зза таго, што наш Храм сто гадоў як згарэў…
30.06.2011
* * *
Адзін сяджу ў кватэры, як у клетцы,
І не хачу зусім з яе ўцякаць
За матыльком, які аб шыбу б’ецца,
Нібы аб неба, дзе ўначы сядзяць,
Як матылі, на Млечным Шляху зоры.
І я на зоры сумныя гляджу,
Якім самотна ў залатым прасторы,
Нібыта ў кроплі вечнага дажджу,
Які праліўся і застыў на кветцы,
Якая сонцам заўтра можа стаць,
Каб матылёк, які аб шыбу б’ецца,
Не захацеў да зорак адлятаць…
12.08.2011
* * *
У вечнасці губляюцца дарогі,
Як павуцінне ў небе і ў агні,
Дзе нашы радасці і ўсе трывогі
У Бога, нібы соль, на далані.
І ты стаіш ля вогнішча і марыш,
Што пройдзе восень, а пасля — зіма
І знікнуць з сэрца, як і з неба, хмары,
Разваліцца самота, як турма.
І будзе добра і табе, і свету,
Дзе ты жывеш і ведаеш, што ты
У вечнасці, як дым ад цыгарэты,
А ў сёння, нібы стомлены святы…
30.11.2011
* * *
Па туманнай расе, па сцюдзёнай вадзе
Пастушком басаногім твой ранак ідзе.
Ты глядзіш на яго і ў ім бачыш сябе,
І душа твая плача ў асенняй журбе,
Што ў апалым лісці пад нагамі ляжыць,
І так сумна табе, што не хочацца жыць,
А тым болей што хутка надыдзе зіма,
У якой для цябе анічога няма,
Бо зіму, як любіў, ты не любіш цяпер,
Бо зіма для цябе, як палюючы звер,
Што не спіць і ўначы, і заснуць не дае…
Сёння восень і вецер — сабака яе —
Па туманнай расе, па сцюдзёнай вадзе
За табою бяжыць, а твой ранак ідзе
Пастушком басаногім, што любіць жыццё
І збірае апалае з клёнаў лісцё,
І ў лісці ён не бачыць асенняй журбы…
7.12.2011
Бацька ў горадзе
У чорнай гарбаце, нібыта ўначы,
Ты бачыш дарогу ў свае Пугачы.
Там хата пустая, там змрочна і тло,
І ўсё ўжо, здаецца, пражыта, сышло,
І ў горадзе ты, як у панскай турме,
Глядзіш праз акно, дзе не бачна ў зіме
Нічога знаёмага сэрцу твайму.
І ты ўжо не любіш сябе і зіму
За тое, што ўжо ўсё пражыта, сышло.
І ў чорнай гарбаце, як цукар, святло
Знікае паціху, зусім растае,
І ты мне гаворыш пра думы свае,
І слухаю я тваю споведзь і сны,
І хочаш яшчэ ты дажыць да вясны,
Бо ў чорнай гарбаце, нібыта ўначы,
Ты бачыш дарогу ў свае Пугачы…
26.12.2011
* * *
У свеце і ў душы даўно зіма,
А снегу, як і радасці, няма,
І травы зелянеюць, як вясной,
І чорны воран ходзіць, як герой,
Па плоце, за якім чарнее сад,
Дзе шчэ нядаўна светла лістапад
Кідаў лісцё мядзянае ў траву,
Дзе вецер выў стамлёнае «Жыву!»,
Нібыта думкі паўтараў мае.
Для шчасця сёння снегу нестае.
І я іду па вуліцы і мне
Вялікі кактус кветкаю ў акне
Як сябар усміхаецца стары.
І кот руды мудруе па двары,
І можна мне зайсціся ў гэты дом,
Напоўнены спакоем і дабром.
Ды не зайду — гаспадароў няма
І ў свеце, і ў душы, як крыж, зіма…
28.12.2011
* * *
Першы снег мы чакалі, як свята.
І стаў белым увесь белы свет,
Дзе, як вугаль, чарнюткая хата
Патанула ў снягах, як траве
У бялюткай, як дым на пажары,
Дзе згарэлі былыя гады,
У якіх былі светлыя мары
І надзеі на час залаты,
Што вось прыйдзе, як сонца прыходзіць,
Пад якім растаюць снег і лёд.
Выпаў снег. І па снезе, па лёдзе,
Нібы снежны, спяшае народ,
У якога немнога тут святаў,