Литмир - Электронная Библиотека

Сосны, як геадэзічныя збудаванні.

У лесе студэнты з заплечнікамі, як дыверсанты...

Спявалі птушкі. Раптам стала ціха і пайшоў дождж. Адна музыка замяніла другую.

Над поймай ракі праляцелі два лебедзі. Белыя, як анёлы.

Пасля вячэры ўсе сабраліся ў клубе. Вечарына пачалася з «Купалінкі», якую праспявала студэнтка чацвёртага курса. Яна для сяброў ужо свая эстрадная зорка. Лізавета Гурская прачытала верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня». За гэта я падарыў ёй сваю кніжку «Заўтра была адліга». Потым гучалі вершы, што напісалі самі студэнты падчас практыкі. Вайсковец праспяваў «Тры чарапахі» Лявона Вольскага. Амаль да адзінаццаці гадзін выступаў я. Вёў імпрэзу Уладзімір Малашэнкаў. Напрыканцы Павел Каўрыга падарыў мне сваю кнігу «Метэаралогія і кліматалогія (Беларуска-руска-англійскі даведнік) з аўтографамі студэнтаў сваёй кафедры.

Да дзвюх гадзін ночы з выкладчыкамі гаварылі пра жыццё-быццё. Па іх просьбе чытаў вершы. Слухалі, не перабівалі.

Схадзіўшы на студэнцкую лінейку, з Паўлам Каўрыгам паехалі ў Мінск. У некалькіх кіламетрах ад геастанцыі на ўскрайку лесу я заўважыў вялікага рыжаватага зайца. Ён назіраў за намі, нібыта студэнцкі дазорац, які замаскіраваўся пад зайца.

***

31.05.2015. З Людмілай хадзілі да Ратушы, дзе потым з экскурсаводам, а таксама князем Радзівілам Чорным і ягоным сямействам вандравалі па Верхнім горадзе. Народу сабралася шмат. На экскурсійны натоўп мінакі глядзелі па-рознаму: тры загарэлыя расейцы гадоў пад пяцьдзясят, пачытаўшы шыльду на Ратушы, прайшлі праз нас, як праз высокую траву. Нейкія замежнікі, якія сядзелі за столікамі вулічнай кавярні, калі мы праходзілі каля іх, сустрэлі Радзівіла і ягонае сямейства воплескамі і воклічамі захаплення. Павандраваўшы па Верхнім горадзе, каля Ратушы экскурсавод Ганна правяла конкурс на веданне гісторыі. Мы з Людмілай не адбіралі ў прысутных магчымась выйграць прызы. Нейкі час я пазабаўляўся з малымі радзівілятамі, адзін з якіх сказаў, што ён некаранаваны кароль.

Чэрвень

***

1.06.2015. Галоўную прэмію Гедройца за найлепшую беларускамоўную прозу, а таксама прыз чытацкага галасавання атрымаў Віктар Казько за кнігу «Час збіраць косці». Прадстаўляючы намінантаў, выступоўцы гаварылі са сцэны, нібыта чыталі белыя вершы. І ўсё ж найбольш запомніўся Андрэй Федарэнка, які, наколькі ўмее пісаць выдатную прозу, настолькі не ўмее выступаць на публіку. Праўда, і гэтым ён таксама цікавы, як празаік.

***

3.06.2015. З Маладзечна прыязджаў Міхась Казлоўскі. Падарыў мне зборнік «Там, дзе Уша серабрыцца», у якім прадстаўлены 32 творцы, дзейнасць і жыццё якіх непасрэдна звязана з маладзечанскім краем. Укладанне і прадмова Міхася Казлоўскага. На вокладцы зборніка фотаэцюд Генадзя Селядца «Лета». Ва ўступным слове Міхась напісаў: «У свой час Генадзь Каханоўскі, праглядаючы чарговы нумар часопіса «Маладосць», з відавочным гонарам прамовіў: «Глядзі, нашы ідуць у літаратуру». Для мяне Маладзечаншчына — родны край, і таму я з задавальненнем паўтараю за Генадзем Каханоўскім: «Нашы ідуць у літаратуру!» Акрамя зборніка Міхась Казлоўскі падарыў мне паштоўку, выдадзеную ў Познані з нагоды выхаду ў «Мастацкай літаратуры» кнігі пра Язэпа Драздовіча «Праз церні да зорак».

***

5.06.2015. З Іванам Вараўкам сябрую з часу (1980-я гады) нашага знаёмства на літаб’яднанні «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Цяпер зрэдку сустракаемся, а так усё па тэлефоне дзелімся сваімі жыццёвымі навінамі. Іван нарадзіўся ў вёсцы Ілья на Вілейшчыне. Працуе на заводзе ў Мінску. Зрэдку піша вершы і яшчэ радзей друкуецца. Нікому, хто хадзіў на літ’абяднанне і потым выбіўся ў вядомыя пісьменнікі, Іван не зайздросціць. Сёння мы з ім сустрэліся. Гаварылі пра бацькоў. Іванавай маці 90 гадоў. Цяпер яна, на жаль, у бальніцы. Сёе-тое новага з вершаў пачыталі адзін аднаму. На маё пытанне: «Чаму мала пішаш?» Іван адказаў: «Не хачу! Я магу насачыняць сотні вершаў кшталту гэтага:

Гляджу я цілівізар вечарамі

І цэлу ноч яго глядзець гатоў.

А раніцай я крочу за грыбамі,

Хоць у гародзе мора агуркоў.

але ж гэта не высокая паэзія, таму і не псую паперу.»

З жыцця Гражданаў...

5.06.2015. На сайце «НН» з’явілася інфармацыя: «Пад Мінскам работнік жаночага манастыра шпакоўняй забіў сабутэльніка.»

***

6.06.2015. Удзельнічаў у XV Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Напачатку наведалі Вязынку. Чыталі вершы каля помніка Янку Купалу. На дзіва, людзей прыйшло нямала. Потым у Маладзечне ў Пала­цы культуры выступіў у паэтычнай гасцёўні «Красуй, Беларусь». Думаю, што многіх цікавіць адказ на пытанне: «Як там на фестывалі было?» Мой адказ: «На жаль, вас там не было, таму так было, як было. І магло быць лепей, але і магло быць горай.»

***

7.06.2015. Прачытаў!!!!!! Чацвёртую, заключную кнігу цыкла раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». У беларускай літаратуры падобнай маштабнасці і моцы твора (усе чатыры кнігі) няма. Можаце мяне за гэтую выснову пабіць, але я ад яе не адмоўлюся. Я гэта гавару не таму, што Людміла Рублеўская мая жонка, а таму, што чытаю амаль усё і ўсіх і гэты раман у чатырох кнігах прачытаў ад першай да апошняй старонкі і як чытач, і як рэдактар, і як крытык. І калі б гэты твор быў напісаны іншым выдатным пісьменнікам-мужчынам, а іх у нас на сённяшні дзень столькі, што можна на пальцах адной рукі пералічыць, то. Словам, віншую ўсіх, хто радаваўся і будзе радавацца, чытаючы Людмілу Рублеўскую, што ў нас, у беларусаў, ёсць цыкл выдатных гістарычных раманаў пра Бела­русь XVIII стагоддзя.

***

7.06.2015. Перад маім акном праляцеў недакурак, як збіты шпіёнскі лятаючы апарат, і, упаўшы на скошаную траву каля пад’езда, задыміўся...

***

8.06.2015. Здаецца, чым усё больш вясной спілоўваюць таполяў, тым у чэрвені усё больш тапалёвага пуху.

***

8.06.2015. Сёння на працы ніхто з аўтараў не турбаваў мяне і толькі тапалёвы пух лётаў пад вокнамі кабінета, як пер’е графаманаў.

***

9.06.2015. Гарачыня. У некага мора перад вачыма, а ў мяне мора рукапісаў.

***

9.06.2015. З Людмілай хадзілі ў Купалаўскі музей на «Канцэрт для сяброў» Алеся Камоцкага. Народу было сотні паўтары. Слухаючы песні, забыўся пра многае, што перашкаджае жыць з добрым настроем. У перапынках паміж песнямі Алесь з сябрамі, якія яму падыгрывалі на гітарах, жартаваў, узгадваў былыя канцэрты, дзяліўся думкамі пра тое, што яму падабаецца і чаму. Я занатаваў: «Дзяцінства — гэта, калі твой кот старэйшы за цябе.» Праўда, гэта словы не Алеся, але яны сапраўды пра дзяцінства.

***

10.06.2015. Калі ніхто з аўтараў не тэлефануе, тады мне здаецца, што я не на сваю працу прыйшоў ці іншапланетнікі перарэзалі тэлефонныя драты.

***

11.06.2015. А палове на сёмую гадзіну быў у прамым эфіры тэлеперадачы «Добрай раніцы, Беларусь!» Гаварылі пра акцыю «Лета з добрай кнігай». Забралі мяне з дому а палове на шостую. Ехалі па амаль пустым праспекце. Звярнуў увагу, што на пляцы Якуба Коласа выстава рэпрадукцый карцін Міколы Селешчука. Падумалася, што, калі б мастак цяпер жыў, то хутчэй за ўсё ніякай ягонай выставы на вуліцы не было б.

***

11.06.2015. Раніцой на лузе белы туман ператварыўся ў белага каня, а вечарам белы конь у белы туман.

***

11.06.2015. Паміраючы па гэты бок нябёс, на другім баку з’яўляемся на свет.

***

11.06.2015. У бар начны вяртаюцца паэты, нібыта ў гавань з мора караблі.

***

11.06.2015. Чакаючы аўтобус на прыпынку каля царквы Пятра і Паўла, прыдумаў радкі:

Сядзіш ля царквы ў дзень святы з жабракамі,

Як на сцэне з вялікім начальствам сядзіш.

І жыццё, як рака, прад тваімі вачамі

Працякае няспешна і ціха, як мыш.

***

12.06.2015. Заходзячае сонца прасвечвае лістоту бярэзніка, нібы шукае бяздомных птушак.

9
{"b":"597928","o":1}