Хутка ён выйшаў на сцяжынку, азірнуўся навокал і, убачыўшы, што людзі не змянілі свайго шляху і крочаць да могілак, спыніўся, прысеў ля куста, выліў з ботаў гнілую ваду і толькі потым, дзе хаваючыся за кустоўе, а дзе паўзком, ён накіраваўся да самотнага пагорка.
Ён бачыў, што людзі і сапраўды прыйшлі на могілкі, спыніліся на іх ускрайку ля паваленага дрэва. Мужчыны селі на яго ствол, а жанчына адышлася крыху ўбок, прытулілася спінай да абпаленай маланкай сухаліны і паднесла да свайго твару рукі. Корчак ужо сабраўся падпаўзці бліжэй, як раптам начную цішыню прарэзала воўчае галашэнне, ды такое голаснае, такое жахлівае, што Самуіл ледзь не падскочыў на ногі, ледзь не кінуўся ўцякаць ад гэтага крыку, ад гэтых людзей і гэтых скасабочаных крыжоў. Ён ледзь не самлеў ад жаху. Аднак рэха ад галашэння растварылася ў лясной цішыні, а навокал нічога не змянілася. Як і раней, побач з ім мірна трымцела сваім лісцем маладзенькая асінка. Як і раней, месяц асвятляў чорны лес. Як і раней, мужчыны сядзелі на паваленым дрэве. І Самуіл здагадаўся — то выў не воўк, то крычала жанчына. І калі жудасны крык паўтарыўся зноў, ён ужо аднёсся да яго больш стрымана, без ранейшых панічных думак і неабдуманых памкненняў.
Раптам месяц схаваўся за хмару. Цемра запоўніла наваколле, і лаўніку падалося, што яно пачало змяняцца, што нават паветра стала іншым — цяжкім, густым, калючым. Без усялякай прычыны ў верхавінах дрэў зашумеў вецер. Спачатку ціха і нерашуча, потым мацней, а праз нейкі час на могілках па-сапраўднаму ўжо разыходзілася віхура. Ды яшчэ крумкачы і вароны, якія да гэтага начавалі на дрэвах, паднялі такі вэрхал, што Самуіл начыста забыўся, для чаго ён прыйшоў на гэты пагорак і адно, раз за разам жагнаючыся, апантана шаптаў малітвы ды цалаваў свой нацельны крыжык.
Ён не бачыў, адкуль на могілках з’явіўся яшчэ адзін мужчына, не чуў яго гутаркі з жанчынай і яе братамі, не заўважыў калі і куды ўсе яны зніклі.
Корчак маліўся, і толькі, калі супакоілася патрывожанае вараннё, калі начная цішыня зноў ахінула сваімі мяккімі крыламі магільныя крыжы і камяні, ён апамятаўся, да яго вярнулася здольнасць разважаць, думаць.
Самуіл спачатку прыўзняўся на каленкі, потым сеў на кукішкі, агледзеўся. На ўсходзе ўжо ружавела неба, халоднае, сырое паветра непрыемна абдымала яго цела.
Лаўнік, бы прывід, падняўся на ногі, рукавом кафтана, мокрага ад расы, выцер твар і, не азіраючыся, больш ні ад каго не хаваючыся, пакрочыў у накірунку да горада.
5
Раніцай Корчак быў у магістраце. Сонны, пакамечаны ён квола павітаўся са сваім сябрам Фёдарам і, гэтак жа квола кіўнуўшы на дзверы войта, пацікавіўся:
— Пан Міхал у сябе?
— У сябе, — адказаў Фёдар і не ўтрымаўся, рагатнуў: — А ты, бачу, ноч правёў весела, з карысцю!
— Чаго-чаго, а весялосці хапіла, — адмахнуўся ад сябра Самуіл і стомлена апусціўся на лаву. — Было так весела, што і зараз усё цела выкручвае, бы на дыбе.
— А жанчыны там былі?
— Былі і жанчыны. Адна! Але затое якая! — ваўчыца, а не жанчына!
— Ніколі б не падумаў такога пра цябе, — Фёдар падсунуўся па лаве бліжэй да сябра і паўшэптам даверліва пацікавіўся пра жанчыну: — Ліхадзейніца? І колькі грошай яна бярэ за ноч?
Самуіл хмыкнуў, грудзі яго затрэсліся ад унутранага смеху і ён ужо адкрыў рот, каб расказаць сябру пра жанчыну, каб цалкам задаволіць яго цікаўнасць, але ў гэты момант расчыніліся дзверы ў пакой войта і адтуль паказалася мажная постаць пана Міхала.
Войт падазрона агледзеў сваіх лаўнікаў, нават прынюхаўся, аднак нічога так і не ўчуўшы, хітнуў ім галавой:
— Заходзьце.
Лаўнікі зайшлі ў пакой і, убачыўшы на лаве незнаёмага шляхціца, у нерашучасці спыніліся. Незнаёмцу было гадоў пад сорак. Невысокі, але моцны, каржакаваты, ён нагадваў дубовы камель, на які нейкі жартаўнік начапіў стальную браню. Твар яго быў гладка паголены і меў такі цёмны колер, што Самуіл спачатку нават сумеўся — а ці не маўр гэта? Аднак незнаёмец не быў маўрам і размаўляў на зразумелай усім мове.
— Сядайце, панове, — праракатаў ён басавітым голасам, і Корчак здагадаўся, што перад імі сядзіць чалавек, які ўдзельнічаў не ў адной сечы, які прывык жыць на прыроде, і які больш часу праводзіць у конскім сядле, чым пад дахам свайго палаца, і такім чалавекам у Берасці зараз быў княжы намеснік пан Ключэўскі.
Ключэўскі з лёгкай, паблажлівай усмешкай на вуснах пачакаў, пакуль Самуіл з Фёдарам уладкуюцца на лаве, потым павярнуўся да пана Міхала:
— І ты кажаш, што яны могуць быць мне карыснымі?
Войт паціснуў плячыма і прамаўчаў.
— Добра, — уздыхнуў княжы намеснік, — мне ўсё роўна ўжо няма чаго губляць. — Ён цяжка варухнуўся на лаве, яго стальныя даспехі незадаволена загулі, зноў з-пад броваў зірнуў на лаўнікаў, даўжэй затрымаў позірк на Корчаку, стрымана ўсміхнуўся: — Вы ведаеце, панове, што ў вашых лясах з’явілася банда лютых злодзеяў, якія не толькі рабуюць купцоў, але і не пакідаюць у жывых свае ахвяры. Злыдні ўжо зарэзалі некалькі дзясяткаў паважаных людзей і гэта не на жарт усхвалявала нашага князя Жыгімонта.
Я два месяцы ганяюся за гэтымі забойцамі, злавіў і павесіў на прыдарожных дрэвах не адзін дзясятак разбойнікаў, і ўжо думаў, што ўрэшце знішчыў банду Ваўчыцы, але не — сённяшняй ноччу яны зноў нанеслі свой крывавы ўдар, перахапілі на лясной дарозе сям’ю пана Андрэя Вароны і поўнасцю выразалі яе. — Пачуўшы гэтую вестку, Самуіл скрыгатнуў зубамі і застагнаў: «Я ж мог папярэдзіць гэта забойства!» Але пан Ключэўскі не звярнуў увагі на стан лаўніка і працягваў: — Гэта азначае, што нехрысці жывыя, і што мне прыйдзецца яшчэ затрымацца ў вас на няпэўны час.
— Няўжо няма ніякіх зачэпак, каб вылічыць гэту Ваўчыцу з яе вывадкам? — пацікавіўся войт. — Няўжо ніхто нічога не бачыў ці не чуў?
— Сведкаў іх зладзействаў няма, бо нябожчыкі, як вядома, не размаўляюць, а сяляне будуць маўчаць, нават калі і бачылі нешта падазронае, бо разумеюць — калі яны раскажуць тое, што ведаюць, іх сем’і выражуць, а двары іх спаляць. Жах — вось тое пачуццё, з якім зараз жывуць вашы сяляне.
— Як жа злавіць душагубаў? Дзе іх шукаць? — узрушаны войт пачухаў патыліцу, і запытальна паглядзеў на княжага намесніка: — Што рабіць будзем, пан Мікалай?
— Думаць трэба, — адказаў намеснік. — Трэба шукаць іх схованку, апытваць людзей.
— А я думаю, што банду Ваўчыцы шукаць зусім не абавязкова, — перапыніў размову шляхціцаў Корчак і, убачыўшы іх здзіўленыя твары, патлумачыў: — Трэба прыдумаць такую хітрасць, каб гэтая банда сама прыйшла ў пастаўлены намі капкан.
— Ну-ка, ну-ка кажы, лаўнік, што ты задумаў, — пан Ключэўскі нават нахіліўся да Самуіла.
— Трэба распусціць чутку, што нейкі шляхціц знайшоў вялікі скарб. Потым зрабіць у гэтага шляхціца засаду і чакаць ноччу гасцей.
— Прапанова нядрэнная, — расцягваючы словы і ў душы шкадуючы, што гэта не ён яе прыдумаў, прагаварыў намеснік. — Толькі як увесці яе ў вушы злыдням?
— Ну гэта мы з Фёдарам зробім, — крыва і нават злосна ўсміхнуўся Корчак. — Нам не прывыкаць да такіх спраў, я праўду кажу, Федзя?
— Ну-у, — разгублена заміргаў вачыма Фёдар.
— Яшчэ трэба дамовіцца з кімсьці, хто быццам бы знайшоў гэты скарб, — Самуіл зірнуў на войта. — Усё ж такі непрыкметна схаваць на двары паўсотні ратнікаў — няпроста нават для шляхціца.
— А навошта нам усім хавацца ў засадзе? — вочы пана Ключэўскага паюначы ззялі запалам. — Я адбяру два дзясяткі лепшых самастрэльшчыкаў і мы пераб’ём разбойнікаў проста на панадворку.
— Ноччу гэта будзе зрабіць складана.
— Цемната для нас не перашкода, ды і ночы зараз месячныя, светлыя.
— А для засады можна выбраць двор пана Быліцкага, — павесялеў і войт, — ён жыве адзін, ужо немалады, мае вялікі двор са старымі пабудовамі.
— Вось і добра, — намеснік падняўся з лавы, ад чаго яго даспехі весела зазвінелі. — Ты, — ён рашуча паказаў пальцам на Самуіла, — распускаеш плётку пра скарб, а я раблю засаду і, дасць бог, наступнай раніцай у гэтым пакоі мы з табой вып’ем па кубку добрага віна за тое, каб паганыя душы Ваўчыцы і яе хаўруснікаў добра-такі падсмажыліся ў пекле.