Литмир - Электронная Библиотека

— А Янька? Мірун жа сам бачыў яе з акрываўленым нажом у руках!

— Глеб, са слоў Міруна, таптаўся на панадворку і не чуў спрэчкі свайго сына з сябрам.

А Яня — чула. Яна, напэўна, стаяла ля дзвярэй і падслухоўвала, і заскочыла ў пакой толькі тады, калі пачула стук ад падзення на падлогу цела брата. Яна схапіла з падлогі нож, якім Юрка пырнуў Грышку, кінулася да брата, каб перарэзаць вяроўку на яго шыі, але... У яе про­ста не хапіла душэўнай моцы бачыць так блізка выскал гвалтоўнай смерці і яна, згубіўшы прытомнасць, сама павалілася побач з братам. Я правільна агучыў твае думкі, Федзя?

— Ну-у, яно так і было, — Фёдар пачухаў патыліцу. — Вось толькі золата.

— А што золата? — абыякава паціснуў плячыма Самуіл і шырока ўсміхнуўся сябру. —

Золата — гэта ўжо задача Глеба Кацуры, ён няхай і вырашае, куды яго дзяваць. Ты ж сваю справу зрабіў выдатна, следства правёў бліскуча і галоўнае — хутка. Думаю, пан Ласкевіч цябе адзначыць.

Твар Фёдара расплыўся ў самазадаволенай усмешцы.

— Ну што ж, — ён падняўся з лавы і на развітанне працягнуў руку Самуілу. — Тады я распараджуся, каб стражнікі адвезлі цела Грышкі да родных.

— У яго няма родных, — урэшце адазваўся і Марцін. — Ён наогул не мясцовы.

Фёдар падазрона паглядзеў на Марціна, потым перавёў разгублены позірк на Самуіла.

— А няхай стражнікі пахаваюць яго на Перуновых могілках, — знайшоўся Самуіл. —

Месца там ціхае, спакойнае, і лішніх пытанняў ніхто задаваць не будзе.

— І праўда! — абрадаваўся парадзе Фёдар і, задаволены, ён выйшаў вонкі.

У хаце зрабілася ціха. Браты думалі кожны пра сваё, аднак маўчалі, баяліся сказаць лішняе, непатрэбнае.

— Хопіць сядзець ёлупнем у хаце, — першым загаварыў Самуіл. — Ідзі супакой Яню, а то зусім згарыць дзяўчына ад гора і невядомасці.

— А Глеб?

— Глеба не кранай. Ён, бы сабака, павінен у адзіноце перабароць бяду, пабыць самнасам з мінулым. Потым, апоўдні, пагавары з ім, налі яму кубак акавіты і прасачы, каб ён лёг спаць.

— А-а.

— Цела Грышкі забяруць стражнікі, Юрку крыху пазней абмыюць суседкі. А золата? Прыбяры яго з вачэй неадкладна, потым вырашыш, што з ім рабіць.

— Не патрэбна яно мне такое!

— Ты ж нядаўна казаў, што яно не мае паху! — Самуіл падняўся з лавы і паспрабаваў зазірнуць брату ў вочы. — Навошта ж тады хадзіў за ім учора?

— Дурнем быў!

— Добра, — адмахнуўся ад братавых слоў Самуіл і накіраваўся да ўваходных дзвярэй, і ўжо ля парога спыніўся, нешта ўспомніў. — Хрыстос уваскрос, брат! — дайшоў да Марціна запознены напамін.

— Сапраўды ўваскрос!

7
{"b":"597916","o":1}