— Проста супадзенне, — Самуіл ніяк не хацеў паверыць у праклён маскавіта, не мог пагадзіцца з такой несправядлівасцю — пракляцце рабаўніка забірае жыцці сумленных людзей!
— Глеб расказваў, што пасля кожнай смерці родных да яго ў сне з’яўляўся засечаны ім поп і пахваляўся, нібы гэта ён пазбавіў жыцця яго дзяцей і жонку, і нібы душа яго не супакоіцца, пакуль не звядзе з гэтага свету апошняга з роду Кацураў.
— А ці звяртаўся Глеб.
— Бацюшка наш, пасля смерці Глебавай жонкі, асвяціў яго хату, а потым, між іншым, яшчэ параіў звярнуцца па дапамогу да мясцовай знахаркі Халімоніхі.
— Дапамагло?
— Не ведаю, — няўпэўнена паціснуў плячыма Барталамей, — але ж пакуль у сям’і Кацуры ціха і, дасць Бог, так будзе і надалей.
І, быццам абвяргаючы гэтыя словы, раптоўна расчыніліся веснічкі і на панадворак Корчака заскочыў незнаёмы, узлахмачаны і расчырванелы ад бегу, хлапчук. Убачыўшы мужчын, ён спыніўся, перавёў дыханне, рукавом святочнай кашулі выцер нос і толькі потым скарагаворкай выпаліў:
— Стражнікі хочуць забраць у астрог Янінку і вашага Марціна.
— Дзе? — падхапіўся з лавы Самуіл. — За што?
— Не ведаю. Мяне дзядзька Глеб папрасіў толькі, каб я хутчэй паклікаў да яго Корчака.
— Вось табе і сюрпрыз на Вялікдзень, — расчаравана выгукнуў бацька і, у адчаі рыпнуўшы зубамі, дадаў: — Марцін трымае слова.
7
На двары Глеба Кацуры было людна. Акрамя трох стражнікаў, якіх Самуіл добра ведаў і з якімі павітаўся кіўком галавы, там штурхалася яшчэ з дзясятак цікаўных — не кожны дзень у іх ціхім і спакойным горадзе забівалі людзей.
Самуіл наблізіўся да Глеба, пацікавіўся, што здарылася, аднак той не адказаў на словы лаўніка і толькі раз за разам прасіў прабачэння ў нейкай Аксінні.
— Не чапай ты яго, — побач з Корчакам няведама адкуль з’явіўся Фёдар Буцюта. — Звар’яцеў ад гора мужык. Гэта не жартачкі адразу згубіць і сына, і дачку.
— Што тут адбылося, Фёдар? — Самуіл павярнуўся да сябра тварам. — Дзе мой брат?
— Давай адыдземся, — Фёдар падхапіў Самуіла за локаць і, адвёўшы яго на некалькі крокаў ад Кацуры, прадоўжыў паўшэптам: — Я яшчэ сам не разабраўся, што тут адбылося, але зразумеў вось што: сын Глеба Юрка Кацура гэтай ноччу, заместа таго, каб славіць уваскрашэнне пана нашага Іісуса Хрыста, разам са сваім сябрам Грышкам Галендай недзе выкапалі скарб і, дзелячы яго, пасварыліся. Галенда, як мацнейшы, задушыў Юрку, але і сам не ўратаваўся — яго зарэзала сястра Юркі, вунь тая маленькая паненка.
Самуіл міжволі паглядзеў у той бок, куды паказаў вачыма Фёдар. Ён убачыў невысокую, тоненькую, бы хварасцінка, дзяўчыну. Яна і сапраўды хадзіла каля ўваходу ў родную хату, але крокі ў яе былі роўныя, рукі рухаліся плаўна, паварот галавы быў горды, а на твары яе, чыстым і прыгожым, чыталася хваляванне за некага іншага, але не за сябе — і наогул было ў ёй нешта такое, што збянтэжыла Самуіла, пракацілася па грудзях шчымлівай хваляй, адначасна выклікала пачуцці і жалю, і спагады, і павагі. «Няўжо гэтае птушаня, баронячы брата, зарэзала Грышку?» — прамільгнула ў яго галаве. Ён нават усміхнуўся яе недарэчнасці, а ўслых пацікавіўся:
— А пры чым тут мой брат і дзе ён цяпер?
— Твой брат, хаця і прыйшоў сюды пазней за мяне, сцвярджае, што гэта ён забіў Грышку, што за забойства трэба караць яго, а не Яніну, і што ён не выйдзе з хаты, пакуль яго не арыштуюць і не адвядуць у астрог.
— Балван, — вылаяўся Самуіл. Ён стаміўся слухаць аповед Фёдара, яму не спадабалася бязладдзе на двары Кацуры, яго раздражнялі жарты і позіркі выпадковых цікаўных.
— Хто вядзе следства? — запытаўся ён, стрымліваючы шаленства.
— Пакуль ніхто не вядзе, — абыякава паціснуў плячыма сябар. — Я жыву тут побач таму мяне першага і паклікалі, а ўжо я выклікаў сюды стражнікаў.
— Зразумела, — у голасе лаўніка з’явілася сталёвае адценне. Ён махнуў рукой жаўнерам і, паказваючы на натоўп цікаўных, скамандваў: — Ачысціце двор ад чужых і зачыніце вароты.
Потым павярнуўся да Фёдара:
— А ты, Федзя, пакажы мне месца злачынства
— Хадзем, — Фёдар зноў паціснуў плячыма. — Хаця на што там глядзець? Хіба на золата!
Хата Глеба Кацуры злучалася з прырубам і клеццю. Справа ад увахода высілася печка. На покуці віселі абразы пад чыстым узорыстым набожнікам. Там жа стаяў і стол з амаль некранутымі стравамі, побач на шырокай лаве ў адзіноце сядзеў Марцін. Убачыўшы брата Марцін падхапіўся, вінавата ўсміхнуўся, але прамаўчаў.
Прамаўчаў і Самуіл. Ён зняў шапку, перажагнаўся на абразы і, не паварочваючы галавы, звярнуўся да Фёдара:
— Дзе забітыя?
— А вось тут, — рукою паказаў налева Фёдар і першым накіраваўся ў бок клеці
У невялікім памяшканні панаваў паўзмрок. Маленькае слюдзяное акенца прапускала няшмат святла, а таму Самуіл з цяжкасцю адрозніў спачатку цела аднаго забітага, потым — другога.
— Падай свечку, — распарадзіўся ён і агледзеўся.
Пакуль ён разглядаў пакой, Фёдар прынёс падсвечнік з трыма свечкамі і ўжо пры іх святле Самуіл уважліва агледзеў нябожчыкаў.
Юрка ляжаў ля стала. Яго твар быў пунсовым, вочы амаль павылазілі з вачаніц, шырокі язык да самага кораня вываліўся з рота, а аб прычыне смерці яскрава сведчыла вяроўка, туга зацягнутая вакол шыі.
— З гэтым зразумела, — раз за разам палахліва жагнаючыся, прагаварыў Фёдар. — Грышка зацягнуў на яго шыі ўдаўку, а вяроўка ільняная, тонкая, таму зацягнулася туга.
— Памаўчы, — Самуілу таксама было не па сабе ад выгляду нябожчыка, аднак ён перамог гідлівасць і, апусціўшыся побач з забітым на кукішкі, уважліва агледзеў яго раздзёртую да крыві шыю і акрываўленую правую руку.
Потым, не кажучы ні слова, падняўся, кінуў позірк на стол, на якім трыма залатымі купкамі ляжалі манеты, на труп Грышкі і запытаўся:
— Хто першым знайшоў нябожчыкаў?
— Тодар Мірун расказваў, што раніцай ён пабачыў Глеба на панадворку і вырашыў зайсці да яго, каб пахрыстосавацца і выпіць з суседам за свята па кубку мёду. І толькі ён адчыніў веснічкі, як з хаты да яго слыху данёсся кароткі жаночы вокліч. Крык пачуў і Глеб і адразу, не марудзячы, кінуўся да хаты. Тодар прыбег ужо за ім. І што ён убачыў? Задушанага Юрку, зарэзанага Грышку і Яню, якая без прытомнасці, з акрываўленым нажом у руках, ляжала недзе тут, дзе зараз стаім мы.
— А дзе нож?
— У мяне, — неахвотна адказаў Фёдар і выцягнуў з-за халявы свайго бота нож з адмысловай ручкай, які мінулым вечарам Самуіл бачыў у руках Юркі.
Самуіл да нажа нават не дакрануўся, хаця адразу ж пазнаў яго.
— Няхай нож будзе пакуль у цябе, — ён нахіліўся і ўважліва агледзеў цёмныя плямы на падлозе. Потым выпрастаўся, яшчэ раз кінуў грэблівы позірк на золата і выйшаў з клеці ў хату. Там ён апусціўся на лаву побач з братам, крыху памаўчаў, ціха запытаўся:
— Ты на самай справе думаеш, што Яня магла забіць Грышку?
— Гэта я яго зарэзаў.
— І чым ты яго зарэзаў? — сумна усміхнуўся Самуіл. — Кулаком? Пальцам?
Марцін не адказаў.
— Добра, — невядома з чым пагадзіўся Самуіл і звярнуўся да Фёдара: — Сядай, Федзя, будзем разважаць разам
Фёдар паставіў на стол падсвечнік, крыху падумаў і з дзелавым сапеннем, па-свойму разумеючы важнасць моманту, уладкаваўся за сталом прама пад абразамі.
— Я думаю, што сварка паміж Юрыем і Грышкам адбылася з-за золата.
— Правільна, — не ўтрымаўся Фёдар, — але з імі была яшчэ і Яня, бо золата раздзелена на тры часткі.
— Не было там Яні! — узвіўся Марцін.
— Хто ж тады быў трэцім? — бы ў адчаі, Фёдар падняў угору рукі. Потым, дурашліва ўсміхнуўшыся, звярнуўся да Марціна: — А, можа, трэцім з імі быў ты, Марцінка?
— Хопіць спрачацца, — павысіў голас Самуіл і пагрозліва паглядзеў на брата: — І ты маўчы, не паказвай іншым сваю дурноту. Я цалкам згодны з табою, Федзя, — ужо спакойным, нават лагодным тонам працягваў Самуіл і такі пачатак размовы бальзамам праліўся на душу Фёдара. — Грышка і Юрка дзялілі знойдзены імі скарб на тры часткі, бо адну з іх збіраліся ахвяраваць Спаса-Праабражэнскай царкве. Аднак Грышка пачаў пудлаваць, надзяліў сабе больш золата і Юрку гэта не спадабалася. Яны пачалі спрачацца, потым схапіліся за грудкі і Грышка, як мацнейшы, паспрабаваў прыдушыць Юрку, але, тут ты,Федзя, зноў маеш рацыю, вяроўка аказалася ільняной і моцна зацягнулася на шыі небаракі. Задыхаючыся, з апошніх сіл, Юрка пырнуў свайго хаўрусніка нажом у жывот. Уласна кажучы, ты, Федзя, правільна апісаў гэта забойства. Малайчына!