Литмир - Электронная Библиотека

Да шаснаццаці гадзін карціна знішчэння бандгрупы Яўгена Джыхара, капітана вермахта і маёра беларускай вызваленчай арміі, выглядала наступным чынам: райаддзелам, узмоцненым дасведчаным аператыўнікам з Мінска, пад кіраўніцтвам начальніка абласнога ўпраўлення падпалкоўніка Тарасевіча была спланаваная і праведзена аперацыя, у ходзе якой на меркаванай яўцы бандыта была засада. Бандыты блакаваныя. Падчас боесутыкнення два затрыманыя, Джыхар у перастрэлцы забіты, з нашага боку стратаў няма, адзін супрацоўнік лёгка паранены.

У параненыя запісалі малодшага лейтэнанта Пышку, які з мітусні глы- бока разадраў бок, зачапіўшыся ў нейкім хляве за цвік.

Як і належыць у такіх выпадках, абмыўшы паспяховую справу, выйшлі праводзіць начальства ўжо ў паўзмроку.

- Яшчэ раз дзякуй табе, Рыгор Арцем’евіч! - моцна паціскаў руку начальнік упраўлення. - Малайчына! Я ж сваё абяцанне не забыўся. За тыдзень падбяру табе замену - і ўсё, давай у Гродна! Рады?

- Таварыш палкоўнік, а можа, не трэба мяне, ну таго, у горад... Нам з жынкай і тут добра. Ды і сельскія мы людзі, каго-небудзь сюды гарадскога паставіце, дык ён жа пакутаваць будзе, якая тут яму работа? Мне б маёрскую зорку на пагон і прэмію, каб хатку падрамантаваць, і ўсё.

- Ох і хітры вы народ, хахлы! Лычку сваю не ўпусціце! Ну, на тым і дамовіліся, - з відавочнай палёгкай вымавіў начальнік. - Будзе табе, ка­штан, і маёр, і прэмія. Вы сёння асабліва не піце, як бы з лесу не прыйшлі паквітацца за гэтага падонка.

Начальства з’ехала, сядзець за сталом асабліва не хацелася, ды і стаміліся ўсе за гэты такі доўгі і цяжкі дзень, так што, выпіўшы па пары чарак, сталі разыходзіцца. Ад прапановы Рыгора ісці начаваць да яго Ягор катэгарычна адмовіўся. Выпіўшы яшчэ з дзяжурным чаю, ён пайшоў спаць у свой пакойчык. Ледзь галава кранулася цвёрдай, як камень, падушкі, капітан праваліўся ў бяздонны сон, які гадзіны праз дзве выштурхнуў яго назад у душную рэчаіснасць пакоя. Сэрца калацілася ад нейкага незразумелага страху, ліпкі, агідны пот каціўся па лбе, шчоках, шыі, падушка была вільготнай ад яго. Перавярнуўшы набіты ватай прастакутнік, запраўлены ў казённую з чорнымі штампамі навалачку, ён сеў на ложак, выцерся ручніком і пачаў услухоўвацца ў цішыню ночы. Не, усё нібыта спакойна, дзяжурны не спіць, толькі што прайшоў па калідоры, загрымеў імбрыкам.

“Пайду і я гарбаты глытну, а то мешаніна з гарэлкі, начальніцкага каньяку і мясцовай самагонкі на мае мазгі зусім дрэнна дзейнічае”.

Гадзіннік у дзяжурцы паказваў палову на трэцюю.

- О, таварыш капітан, самы сон, а вы на нагах, - падсоўваючы вайсковую эмаляваную кружку, узрадавана прамовіў старшы лейтэнант. - Чай добры, грузінскі, у сельпо завезлі, так што мы ўсе ім атаварыліся.

- Не спіцца нешта, напэўна, старэю... За чай дзякуй. Усё ціха?

- Ды, здэцца, цішыня, толькі вось з паўгадзіны назад сабакі разбрахаліся там, дзе гэтага нацыяналіста застрэлілі. Я нават на ганак выйшаў. Нічога, пастаяў, паслухаў, ды скора і сабакі брахаць перасталі. Вартавы сказаў, што гэта яны ўжо другі раз там заліваюцца.

- А вартавы адкуль узяўся?

- Дык мы ж праз плот з міліцыяй размешчаны, а ў іх пры ўзмацненні заўсёды вартавыя стаяць. Яшчэ адзін пост ля райкама партыі і райвыканкама, і адзін на выездзе з горада.

- Сапраўды добры чай, дзякуй, аж аджыў. Ты ведаеш, пайду я прайдуся на той канец, дзе сабакі брахалі. Мяне нейкія кепскія прадчуванні яшчэ з учарашняга дня грызуць.

- Цур мяне! Таварыш капітан, не трэба вам нікуды хадзіць, ды яшчэ аднаму. Пра гэтага Джыхара ў нас рознае распавядаюць, байкі, вядома, але ўжо вельмі страшныя. Я і сам бачыў, што ён з людзьмі рабіў, на такое чалавек няздольны! Кажуць, ён нікога не шкадаваў, ні сваіх, ні чужых. Аднаму паліцаю яшчэ пры немцах уласнаручна язык адрэзаў, за тое, што ён па-руску з ім загаварыў. Простых сялян ніколі не чапаў, усё, што нарабаваў, раздаваў людзям. Многія яго ў нас заступнікам лічылі. Песні народныя любіў і сам нядрэнна спяваў. Не хадзіце вы нікуды, капітан, вунь лепш яшчэ чайку - і на бакавую. Ведаеце, - лейтэнант нават панізіў голас, - у нас старыя бабы кажуць - пярэварацень ён, гэты Джыхар, і проста так забіць яго немагчыма.

- Старлей, колькі табе гадоў?

- Хутка дваццаць чатыры...

- Ты камуніст?

- Не, пакуль толькі кандыдат, а што? У лістападзе тэрмін кандыдацкі канчаецца...

- Тады якія пярэваратні? Гэта ніяк не ўкладаецца ў матэрыялістычную тэорыю свету. Ты гэта кінь, містыку ў нас у канторы ой як не любяць.

- Ды якая тут містыка! - дзяжурны ўстаў і нават зашпіліў каўнер гімнасцёркі. Яго злёгку рабаціністы твар пачырванеў. - Ды я сам сведка. Мы яго на адным хутары падпільнавалі. Двух ягоных хлопцаў забілі і ў яго куль пяць дакладна ўсадзілі, нас жа восем чалавек было. Бачылі, ён упаў ля хлява. Мы туды бягом, крывішча на траве, а Джыхара няма. Усё абшукалі - няма, як скрозь зямлю праваліўся. Мы той хлеў са злосці нават спалілі. Вось, а вы - містыка, містыка. У мяне, між іншым, па марксісцка-ленінскай філасофіі пяцёрка. А гэты гад, пярэварацень ён ці не пярэварацень, недзе праз месяц прыйшоў у дом да старшыні сельсавета, які тады нам шапнуў пра той хутар, і перабіў усю яго сям’ю! Усю, разумееце? Пасек і старых і малых, ногі адсёк і як кумпякі вэндзіць павесіў у вяндлярні за хатай, а галовы на частакол насадзіў. Вось вам і ўвесь матэрыялізм.

- Прабач, старшы лейтэнант. Дзіўны ён нейкі атрымліваецца чалавек, гэты бандыт: то людзям дабро раздае, песні спявае народныя, а то горш за лютага звера, так ці не?

- А я вам што кажу! Яго разоў шэсць ужо забівалі, з учарашнім будзе сем, і разы чатыры хавалі, і магілы былі, і надпісы на крыжы. Ды пустыя там дамавіны закапаныя, мы правяралі, хоць людзі бажыліся, што з нябожчыкам іх зямлёй засыпалі.

- І ўсё ж прайдуся я. Ты не бойся, мяне таксама не ўсякая куля бярэ, кажуць - загавораны.

- Таварыш капітан, а як жа матэрыялізм? - усміхнуўся дзяжурны. - Вось вам на ўсялякі выпадак аўтамат нямецкі, ён нічыйны, хтосьці з год таму ў дзяцей адабраў, так у дзяжурцы і валяецца. Магазін там поўны, сам сёння, на ўсялякі выпадак, зарадзіў.

- Спадзяюся, срэбнымі кулямі?

- Вы гэта на пярэваратняў намякаеце, так? Дык я ж і рады быў бы, толькі вось пры Гітлеры такіх боепрыпасаў не выпускалі. Вы там, праўда, асцярожней.

- Добра.

Капітан выйшаў на вуліцу. Восеньская цемра яшчэ не цалкам адолела наваколле, і начную цемру ўжо паступова раз’ядала перадсвітальная шэрасць. Лямпачка над ганкам свяціла цьмяна, такім жа нязыркім здавалася і святло ліхтара на міліцэйскай палове. Вартавога не ўбачыў. Дзяжурны спрытна яго абагнаў і адамкнуў замок на брамцы.

- У вас ліхтар ёсць? - ціха спытаў ён.

- Ёсць.

- Вы і мой вазьміце на ўсялякі выпадак.

На вуліцы было яшчэ святлей. Зручней павесіўшы аўтамат, Ягор падняў з абочыны палку, каб было чым пры выпадку адагнаць сабак, і, не спяшаючыся, пайшоў да ўскраіны горада. Мінуўшы чатыры скрыжаванні, ён на пятым павярнуў налева. Тут вуліца забірала дугой управа і падымалася на невялікі пагорак, напрыканцы яна пашыралася ў невялікі лужок, які служыў жыхарам выганам.

Крайні злева дом і быў месцам учарашняй бітвы, калі верыць прыдуманым начальствам данясенням. Шэры, самотны, ён стаяў неяк асірацела.

“Калі ўжо гэта ўсё скончыцца? - сядаючы на вялікую калоду з процілеглага боку вуліцы, падумаў Ягор, - усё страляем, страляем, льём кроў, а дзеля чаго? Дзеля якой свабоды, якой такой праўды і вышэйшай справядлівасці? Хто застанецца пераможцам у гэтай вар’яцкай вайне? Каго нашыя праўнукі будуць лічыць героямі, а каго праклінаць? Чаму, чаму Бог, калі ён ёсць, даў свету гэтулькі шмат розных праўдаў, чаму падзяліў нас на рускіх, беларусаў, украінцаў, яўрэяў, немцаў? Чаму тых жа беларусаў падзяліў на праваслаўных, каталікоў, баптыстаў, камуністаў, нацыяналістаў і зрабіў нашыя душы глухімі адна да адной? Хто яны, гэтыя нацыяналісты, чаму ніяк не ўгамоняцца, што ім трэба? Бо іншай Беларусі, іншай краіны ўсё роўна ўжо не будзе. Ёсць тое, што ёсць. Лесавікі - гэта спадчына вайны, яе спараджэнне, яны прыліплі да Гітлера, замазаліся і перад светам, і перад сваім народам. Калі так, то які тады к чорту нацыяналізм, які клопат пра чалавека простага? Недарэчна атрымліваецца: у іх свой нацыяналізм, у нас свой - савецкі, а ў людзей з аддаленых вёсак, выходзіць, - свой! Галаву можна звярнуць. - Ягор паспрабаваў пазбавіцца дурных думак і прыслухацца да начы, але незразумелая, няведаная дагэтуль злосць закіпела ўнутры. Злосць на сябе самога. - А хто табе сказаў, што ты маеш рацыю? Яны прыліплі да Гітлера, ты прыліп да Сталіна! Ці Цанава з Панамарэнкам пра твой народ дбалі, лепшай яму долі жадалі? Дай ім волю, яны б тваімі рукамі яшчэ і не столькі людзей на той свет і ў Сібір адправілі б. Ты ўжо хоць перад самім сабой душой не крыві. Памаўчы ўжо лепш. Невядома яшчэ, дзе б ты быў, калі б партыя накіравала бацьку ў Маскву, спачатку вучыцца, а потым і працаваць. Не толькі твой, але і бацькаў лёс невядома як склаўся б. Ды і які ты беларус? Вунь песню народ­ную першы раз ад Алены пачуў. Напэўна, і Джыхару гэтая песня прыйшлася б даспадобы. Калі Джыхара гэтага ўзяць - хто ён? Бандыт? Так, бандыт пры любых раскладах! Немцам служыў? Служыў! У тыл да нас закідвалі? Закідвалі! Калі верыць павешанаму ў Мінску ў сорак восьмым Усеваладу Рэдзьку, закідвалі тры разы, і крыж ад фашыстаў меў, і медаль. А хто ён быў у душы, пра што думаў сам-насам? Ад чаго такім зверам стаў, што яго да фашыстаў падштурхнула? Так, дзіўныя думкі апанавалі табой, Ягор Кузьміч, зусім не чэкісцкія, ды і не да месца яны. Ты ж цяпер сваёй нікчэмнасці апраўданне спрабуеш знайсці. Але і бандыт - ён жа таксама шукае апраўданне сваім зверствам. І як ні круці, і ён знойдзе яго, і ты знойдзеш. Вайна была, і кожны свой зрабіў выбар. Вайна - гэта вадападзел...

29
{"b":"592478","o":1}