- Давер - справа слізкая, тым больш чужому, незнаёмаму чалавеку...
- Які ж ты чужы, калі ты жаніх маёй сястры? Жаніх - гэта ж ужо зусім блізка да шлюбу. У некаторых сем’ях, калі ксёндз блаславіў, маладым і спаць разам дазваляюць. Хоць сёння ўжо мала хто і на традыцыі, і на забароны глядзіць. Мы вунь з Полькай на сёмым месяцы бралі шлюб. Летам не было калі, працы безліч, вось да восені і дацягнулі. Ці ты вырашыў дзеўцы галаву пакруціць-пакруціць - і кінуць? Тады б ты лепш да нас сёння не прыязджаў.
- Ну вось, пры чым тут нашы са Стэфай адносіны і твой давер да мяне? Ты мяне першы раз бачыш, я цябе ўпершыню ўбачыў, аб якім даверы можа ісці гаворка? Хоць гледзячы што ты мне збіраешся распавесці. Можа, у гэтай інфармацыі і сакрэту ніякага няма...
- Не, і сакрэт, і таямніца ў гэтым ёсць! Давай памянём дзеда, гэта ён мяне ў гэтую справу ўцягнуў, - Казік напоўніў чаркі, узяў сваю і, падняўшы твар да неба, як быццам чокнуўшыся з кімсьці там наверсе, папрасіў: - Баця і вы, дзяды, падкажыце, навучыце, дайце разглядзець чалавека! - і выпіў.
Слава выпіў без рытуальных пытанняў і просьбаў, толькі нечакана для сябе самога перахрысціўся.
- Ты схізматык? - заўважыўшы праваслаўны знак, спытаў амаль швагер.
- У нас у родзе з рэлігійнай прыналежнасцю заўсёды былі праблемы. Бацькі не стала даўно, і ён, хутчэй за ўсё, быў атэістам. Дзед, царства яму нябеснае, праваслаўны, казаў, што бацькі хрысцілі двойчы: спачатку ў знаёмага папа, а потым на наступную раніцу бабуля аднесла да свайго ксяндза. Сама бабуля і ўсе па яе лініі - каталікі, дзядзька па татавай лініі і яго жонка таксама каталікі, мама ўніяцкай і ніякай іншай царквы не прызнае. Мяне ў маленстве хрысціў уніяцкі бацюшка, а ў дзясятым класе я сам пайшоў і пахрысціўся ў адным праваслаўным манастыры ў Польшчы.
- Ох і дзівосныя твае справы, Госпадзе! У Польшчы і ў праваслаўе! А ты ведаеш, што Стэфанія каталічка?
- Яшчэ б, яна гэта ледзь ці не ў першую хвіліну знаёмства выдала, як браню сваёй нявіннасці.
- Ты дарма іранізуеш, для нас касцёл і Бог значаць вельмі многае. Заўсёды павінен быць час для малітвы і для цішыні душы. - Казімір трохі памаўчаў, прыняў рашэнне і рашуча працягнуў: - Давай так: я табе пакажу некаторыя паперы, а ты іх ацэніш як эксперт. Ты ж і служывы, і, сястра гаварыла, нясвіжскі хлопак, ды яшчэ аматар гісторыі. Так?
- Ну.
- Давай разлівай пакуль, а я зараз вярнуся.
Новы дом новага гаспадара наваколляў быў выбудаваны грунтоўна ў псеўдакласічным стылі малой шляхецкай сядзібы з двума калонамі, бакавымі флігелямі і невялікай мансардай. Яны з Казімірам размясціліся на шырокай тэрасе з рассоўнымі шклянымі сценамі і зручнай, мудрагеліста выкаванай мэбляй. Вячаслаў разліў пітво і толькі цяпер заўважыў, што п’юць яны нейкі бурштынавы напой з прыемным пахам і смакам.
З тэрасы адкрываўся захапляльны выгляд на навакольныя палі і пералескі. Ён налічыў пяць перспектыў да суцэльнай лініі гарызонту. «Ого-го! Нібы ў гарах!»
- Што, швагер, любуешся? Ну, давай, любуйся, мы, у адрозненне ад гарадскіх, за прагляд грошай не бяром. Згодны, брат, прыгожа тут! А чаго ж ты хацеў - Літва старадаўняя тут свой пачатак брала! Для мяне і для дзяцей маіх гэта не ахі-ахі заваконныя! Для мяне гэта частка маёй асабістай светабудовы. Ты б бачыў, якія тут ранкі! А якія зоркі на Каляды! Бацька, ён, таго не ведаючы, вунь якую мне спадчыну пакінуў,
- Казімір павёў вакол рукой. - Ну што, наліў? Малайчына! Давай за прыгажосць Божую!
Выпілі.
- Вось глядзі, - ён на чыстым канцы стала разаслаў ломкі ад часу аркуш тоўстай пажоўклай паперы.
Вячаслаў увесь сцяўся, яму здалося, што гэта яго паперы з дзедавага схова; паставіўшы чарку, ён ступіў бліжэй і з палёгкай выдыхнуў: гэта былі нейкія старадаўнія чарцяжы.
- Ого, ды гэта, па-мойму, Нясвіжскі замак, - на змену здзіўленню прыйшло шчырае захапленне, - бачыш - іх арол з трубамі? Чакай, чакай... нічога сабе - тысяча пяцьсот пяцьдзясят першы год!
- Ну, і каштоўная гэтая папера?
- Думаю, што вельмі. Магчыма, гэта арыгінал сапраўдных чарцяжоў замка, пасаджанага на старое замчышча трынаццатага стагоддзя. Калі знайсці ўсе лісты, то можна разгадаць усе таямніцы Радзівілаў.
- Так, добра-добра, спадар эксперт. А вось гэта што такое і якая такіх паперак цана? - гаспадар дома, нібы сапраўдны штукар, паклаў каля аркуша тоўсты сшытак у чорнай скураной вокладцы.
Вячаслаў без асаблівай цікавасці ўзяў яго ў рукі, разгарнуў. На першай старонцы пасярэдзіне было выведзена пабляклымі ад часу чарніламі: «Журнал уліку аператыўных данясенняў разведкі Навагрудскай акругі Арміі Краёвай». Амаль увесь сшытак быў спісаны прыгожым хуткім почыркам па-польску. Запісы, хутчэй за ўсё, адносіліся да дзеянняў польскага супраціву ў тутэйшых мясцінах у часы мінулай вайны.
- Ты ведаеш, гэта таксама цікавы дакумент, - перагортваючы старонкі, імкнучыся вырваць вачыма хоць некалькі фраз на прызабытай мове і зразумець іх сэнс, вымавіў Скарга. - Вядома, гэта не роўня першай... пачакай, пачакай. - Вячаслаў нават прысеў на каваны ўслончык. - А вось гэта сапраўды цікава! Вельмі цікава! Кепска, калі не ведаеш мовы ды яшчэ яе забудзеш. Слухай, Казімір, - адарваўшыся ад гросбуха, ён падняў на суразмоўцу ўсхваляваны твар, - дай мне. - ён на секунду запнуўся, прыкідваючы, за колькі можа адужаць дакумент, - напэўна, на які тыдзень гэты талмуд. Хачу сам прачытаць і аднаму дасведчанаму чалавеку паказаць. Ты не сумнявайся, вярну абавязкова.
- Так, добра, сваяк, як ні як, бяры. У мяне дабра гэтага цэлых тры куфры. Палякі, калі пасля вайны змываліся на захад, яшчэ майму дзеду на захаванне скрыні пакінулі. Грошай далі. Абяцалі вярнуцца, ды, відаць, перамерлі ці перабілі іх, ды і часу прорва мінула, так і не прыйшлі. Ты лепш прыкінь, за колькі гэта можна прадаць, мне то гэтыя ваенныя і княжацкія таямніцы ні да чаго, мне вунь трактар новы купіць трэба, навясны рыштунак да яго. - Хутаранін замоўк, сеў побач, падсунуў да сябе бутэльку, не спяшаючыся наліў чаркі, адну падсунуў швагеру, цяжка ўздыхнуў.
- Не, боязна мне, - вымавіў спакойна і рашуча гаспадар, - трэба было больш выпіць, а ўжо потым заводзіць размову пра гэта. Не крыўдуй, не магу я так адразу ўсё табе выкласці, хоць трохі прывыкнуць да цябе трэба. А сшытак гэты бяры хоць назусім, ну і план гэты таксама вазьмі, вы ж усё адно заўтра ў Нясвіж паедзеце, можа, там, у музеі, пакажаш. Так і скажы, маўляў, прадаецца гэтае дабро, бацька ў спадчыну пакінуў, а сыну без патрэбы. Ты, галоўнае, за бясцэнак не аддай там...
- Дзякуй за давер, усё вярну, калі пакупніка не знайду. Упэўнены, Равіч за план ухопіцца. А ты кажаш, аркушаў такіх шмат. - беражліва крануўшы артэфакт, спытаў Скарга.
- Адзінаццаць, гэты агульны, а яшчэ асобна былі вычарчаныя сцены, гарышчы, падвалы, вежы, мне так здалося, я ж у інстытуце сельгасмашыны і абсталяванне вывучаў, і чарцяжы трохі чытаць умею, кароўнік ад жылога дома адрозніць магу.
- Я, вядома, не эксперт, але такія рэчы могуць каштаваць вельмі вялікія грошы, вельмі вялікія. У Нясвіж прапаную паехаць разам.
- Не, мне заўтра некалі, ты давай сам пакажы і вяртайся. Там, можа, і я саспею, каб табе адкрыцца. Стэфанія няхай у нас пабудзе, калі захоча. Хадзем, сядзібу пакажу. Толькі давай спачатку яшчэ раз бацю памянем.
Выпілі. Казімір прыбраў паперы ў дубовы сервант, які стаяў на верандзе, напэўна, яшчэ з даваенных часоў.
- Давай з птушніка пачнём, там у мяне экзотыка: фазаны, паўліны.
- Пярэчанняў няма. А гэтых польскіх сшыткаў, ты кажаш, некалькі скрынь?
- Ці не тры, такія пластыкавыя нямецкія скрыні з іх арламі. Я і не ведаў, што ўжо тады пластык быў. Замкавыя аркушы таксама там ляжалі.
Скаргу як быццам маланкай ляснула: «Опанькі! А ці не гэтыя скрыні прыехаў шукаць дзіўны госць Нясвіжскага ксяндза? Тэрмінова трэба ляцець у Мінск да Ягора Кузьміча, паказваць дзённік, і, калі ён пацвердзіць яго сапраўднасць, браць у шчыльны абарот паляка. Так, з гэтым «Чорным катом» інфармацыя пакаціла. То нічога - то цэлы воз. У польскім сшытку яго вочы зачапіла данясенне пра нямецкую аперацыю «Мая любімая котка». Не тузайся, таварыш опер, ідзі і глядзі курэй, цясарак, улазь у душу да будучага сваяка, рабі ўсё, але разгавары яго! Усё правільна Казімір сказаў: пасля вайны пакінулі «акаўцы» скрыні на хутары яго дзеду на захаванне, грошай на каня далі і абяцалі вярнуцца і забраць скрыні. Цікава. І паляк гэты прыезджы тое ж пра хутар казаў. Усё сыходзіцца. Толькі вось ці той гэта хутар?»