- Які Равіч, я табе зараз дам Равіч! Спачатку за стол і абедаць...
- Ганна Міхайлаўна, злітасціўцеся, ён жа мяне на тыдзень наперад накарміў такімі смакотамі, што я на ежу з месяц глядзець не змагу.
- Цудныя дзеі твае, Госпадзі! Каб Вячак і кагосьці накарміў... Ды ён і дранікі смажыць не ўмее, не тое, каб нейкія там смакоты...
- Ой, бабуля, усё я здалею, і пячы, і смажыць, калі трэба будзе. У рэстаране мы аб’еліся...
- Ну і свінчо ты пасля гэтага: ехаў да мяне, а дзіцянё ў рэстаран завалок. Ідзіце ў сад, я вас хоць гарбатай напаю, паспееце яшчэ да свайго Равіча.
Вясновае сонейка, не разгубіўшы сваёй яркасці і цяпла, ужо скацілася на другую палову доўгага дня. Альтанка на старадаўнім падмурку з дзікага каменя стаяла на невысокім беразе возера, амаль насупраць строгіх валоў і нядаўна адрэстаўраваных сцен ды флігеляў. Адсюль, з больш нізкага берага, манументальная рэзідэнцыя Радзівілаў нібыта лунала ў бясхмарным вясновым небе, ледзь дакранаючыся да ўжо запаленай зелянінай зямлі. Азёрная вада нябеснага колеру ў дробнай лусцы хвалек зіхацела на сонцы і таямніча шархацела ў прыбярэжным чароце.
І дом, і сад былі спланаваныя такім чынам, што гукі з вуліцы сюды амаль не даляталі, нават машыны злева па дамбе рухаліся бязгучна і нагадвалі рознакаляровых смешных жукоў. Стэфаніі здалося, што ў гэтым утульным, аддаленым ад усіх дворыку раптам уваскрэсла нешта старое, што даўно прайшло, тое, чым стагоддзі жылі яе продкі і што амаль уадначас беззваротна разбурылася. Яна не ведала і нават не магла сабе ўявіць тое далёкае і невядомае ёй жыццё, але тут, у гэтым садзе ёй здалося, што той свет нікуды не сышоў, ён недзе побач, варта толькі захацець - і ты яго пачуеш. З нейкай лекцыі яна памятала: гук матэрыяльны, а калі гэта так, ён не можа знікнуць і растварыцца ў нейкай сусветнай цішыні, недзе ён жыве, захоўваецца. Трэба толькі знайсці спосаб прабрацца ў тое сховішча.
- Паслухай, Слава, - адарваўшыся ад сваіх думак, расцягваючы словы, звярнулася яна да маладога чалавека, які з веданнем справы корпаўся каля самавара, - а праўда, што пад замкам ёсць падземныя хады, якія вядуць ледзь не ў Наваградак? І яшчэ шмат размоў пра чорную панну Нясвіжа, мне адна сяброўка ўсе вушы пра яе празвінела. Яна ўвогуле на замках гігнулася, і на ўсіх гэтых руінах у яе абавязкова прывіды з’яўляюцца і часта людзі гінуць без прычын.
- Вось табе на. у век кампутара і геномаў вера ў нейкія старадаўнія казкі! Пра прывіды і іншыя страхі я асабіста нічога не ведаю, а галоўнае, у гэтыя байкі не веру, а вось падзямеллі пад замкам, як і пад любым старадаўнім збудаваннем, маюцца. Аб таемных падземных хадах я столькі расповедаў чуў, што барабанныя перапонкі ледзь не лопнулі. Падлеткамі мы там усё, што можна, аблазілі, але ніводнага падзямелля так і не знайшлі. Можа, раней нейкія хады і былі, ды з часам абваліліся, ці новыя гаспадары самі замуравалі. Такія тупікі мы знаходзілі. Наогул, пацярпі крышку, гарбаты сербанем - і табе сам Міхаіл Сяргеевіч адкажа на ўсе твае пытанні. Ты толькі абавязкова ўсе дванаццаць гатункаў бабулінага варэння паспытай...
- Колькі?!
- У прыстойнай сям’і павінна быць роўна дванаццаць салодкіх нектараў з зямных пладоў і ягад, - нечакана для дзяўчыны адказала за яе спінай гаспадыня дома. - Вось дапамажы лепш. Цяжкавата стала насіць гэтыя слоікі. А як менш запасіць на зіму? Дванаццаць і павінна быць, не менш, чым апосталаў Гасподніх.
- Бабулечка, родненькая, - узмаліўся ўнук, - сонца хутка сядзе, а мне не толькі замак хочацца паказаць, але і цудоўны наш парк. Давай мы вып’ем гарбаты з ветлівасці і пабяжым, а ўжо ўвечары ўсё нагонім. Добра?
- Спяшанец ты, дзед такім не быў у маладосці. Ды што з вамі зробіш... Вось гэтыя тры, Стэфанія, пакідай, а астатняе хай гэты абармот у дом адносіць.
Паспешліва папіўшы гарбаты, моладзь, якую праводзілі бабуліныя пажаданні і цёплыя погляды, рушыла да замка старадаўнімі, амаль сцёртымі сучаснасцю вуліцамі раённага цэнтра, некалі былога цэнтра магутнай прыватнай імперыі шматлікага магнацкага роду Радзівілаў, які магутнасцю і сілай не саступаў каралям Рэчы Паспалітай.
З экскурсіі вярталіся ўжо ў густым змроку, стаміліся, перапоўненыя новымі ведамі і гонарам за слаўнае мінулае сваёй зямлі. Вуліцы мястэчка, нягледзячы на пятніцу, былі пустымі, толькі ля шалманаў, якія абляпілі замкавыя вароты, ды на ратушнай плошчы тусавалася моладзь і ціха іграла азербайджанская музыка.
- Паслухай, Скарга, - пасля доўгага маўчання вымавіла дзяўчына. Упершыню назваўшы яго па прозвішчы, яна запнулася. Ёй здалося, што ў яе ўнутраным свеце за гэты няпоўны дзень адбыліся нейкія вельмі важныя змены. І гэты дзіўны зварот, што неяк сам па сабе зляцеў з языка, павінен сімвалізаваць нешта значнае.
- Што?.. - азваўся Вячаслаў і нечакана пацалаваў яе ў паўраскрытыя вусны.
Стэфа, нечакана для сябе, прыняла гэты пацалунак як нешта належнае, і ўвесь свет раптам сціснуўся і растварыўся ў гэтым мяккім і далікатным дотыку вуснаў. Нарэшце яны з цяжкасцю адарваліся адно ад аднаго, цяжка дыхаючы, як ад хуткага бегу, застылі ў абдымку, разарваць які магла толькі смерць.
- А адкуль ты ведаеш, што бабка называла майго дзеда толькі па прозвішчы? - шэптам, баючыся спалохаць яе мітуслівае сэрца, спытаў Вячаслаў.
- Нічога я не ведала, проста само неяк вырвалася. Я ўжо спалохалася, ці не пакрыўдзіла цябе...
- Таварыш Скарга, гэта вы? - прымусіў іх здрыгануцца і вярнуцца ў рэчаіснасць нягучны, хрыплаваты жаночы голас.
- Фу ты, чорт, так жа і заікай можна зрабіць ці вожыка нарадзіць! - першай абурылася Стэфанія. - Вы што, не бачыце: таварыш Скарга не адзін...
- Дык цемрадзь жа вакол, нічога не відно, толькі чула, як вы размаўлялі, а потым змоўклі. Я ж тут ужо даўно яго чакаю. Мне з таварышам вашым пагаварыць вельмі трэба. Так што вы, паненка, выбачайце, калі што. А вожыкаў хай яжыха нараджае, ёй болей зручна. А вы ўжо лепш хлопчыка расстарайцеся.
- А калі дзяўчынку першай хачу? - развесялілася Стэфанія.
- Ну, гэта ўжо як Гасподзь дасць, - па-філасофску дадала няпрошаная сведка іх першага пацалунка.
Скарга ўвесь сцяўся, ён з першага гуку пазнаў голас нябачнай суразмоўніцы і больш за ўсё баяўся, каб яна ад нявіннай балбатні пра вожыка не перайшла на больш сур’ёзную размову.
Азалію Францаўну Швед і яшчэ трох загартаваных байцоў пазаштатнага фронту са шматгадовым стажам перадаў яму па-суседску падпалкоўнік Кузьмянок, сыходзячы на пенсію і назаўжды з’язджаючы з іхніх краёў.
- Добры вечар, пані Азалія, зараз вось правяду паненку і выйду да вас, хоць вы ох як не ў час.
- Вшістко розуме пана і бардзе бэндзе чэкаць, - амаль па-вайсковаму адказала жанчына па-польску.
- Ну, Скарга, ты і даеш, - душачыся смехам, шаптала яму ў вуха дзяўчына. - Гэта ж трэба: займела сабе кавалера, якога нейкія ваенізаваныя бабкі па начах падпільноўваюць. Я, праўда, ледзь не абамлела, калі яна так злавесна цябе паклікала з цемры. Можа, не варта табе хадзіць, да раніцы пацерпіць.
- Ды не, вось здам цябе бабулі з рук у рукі і праз паўгадзіны вярнуся. Ты пакуль дом паглядзіш, з астатняй маёй раднёй пазнаёмішся...
- Што, твае бацькі прыехалі? Не, без цябе я туды ні за што не пайду,
- учапілася ў яго руку Стэфа.
- Супакойся, да маіх пазней паедзем, ды і да тваіх таксама. Цётка з бабуляй жыве, і яе дачка, мая малодшая стрыечная сястрычка, хоць гэта яна для мяне малодшая, а для цябе хутчэй аднагодкай будзе. Яшчэ і брат жыў, ды вось з’ехаў у Маскву пасля інстытута. Не бойся, ніхто цябе там не пакрыўдзіць, ты ўжо ў бабулі ўлюбёнкай ходзіш.
- Так?
- Упэўнены. Толькі я цябе вельмі папрашу, - пераходзячы на шэпт, сказаў Вячаслаў, - не гавары, з кім я пайшоў сустракацца. Потым усё растлумачу. Ну, вось мы і дома. - Не паспеў ён паднесці руку да кнопкі званка, як дзверы адчыніліся, і на парозе іх сустрэла маладжавая жанчына гадоў сарака. - Вось, Стэфанія, знаёмся - мая любімая цётачка Вераніка. Цёця, вы там уладкоўвайцеся, а я хутка буду, - цмокнуўшы цётку ў шчаку, вымавіў Слава і растаў у цемры, якая за рысай нязыркага святла здавалася яшчэ гусцейшай.