Маявер усур'ёз задумаўся. Ён адчуваў, што нейкі падвох адназначна ёсць. Калі кампанія гатова ахвяраваць вялікія грошы — значыць, яна ўзамен атрымлівае нешта большае. Ды і чаму такая сакрэтнасць? Як увогуле можна прапаноўваць добраахвотнікам невядома што? Як людзі на гэта пагаджаюцца?
Маявер пашукаў у інтэрнэце звесткі пра кампанію Даяведа. Знайшоў. Сапраўды, існуе такая кампанія, мае ліцэнзію. Пра эксперымент ані на сайце, ані ў сеціве ўвогуле — нічога. Сайт абсалютна тыповы, нічога незвычайнага. Пашукаў агульныя звесткі пра постклінічныя выпрабаванні медыцынскіх прэпаратаў. Так, насамрэч такое ёсць. Насамрэч, усё сур'ёзна і патрабуе цэлую кіпу паперак, хоць у гэтай краіне пануючай бюракратыі кіпу паперак патрабуе любая дробязь. Маявер думаў. Перачытаў перапіску, яшчэ раз прагледзеў суму выплаты. Не тое, каб багацце, але больш за траціну яго зарплаты. Хоць зарплата ў яго была так сабе. Аднак Маявер думаў: усё ж лішнімі грошы ніколі не бываюць. Вырашыў удакладніць у Даяведа некаторыя рэчы:
Маявер: «Няўжо прэпарат зусім няшкодны?»
Даявед: «Перад эксперыментам мы даём добраахвотнікам падрабязную інфармацыю на гэты конт, даём статыстыку. І добраахвотнік вырашае — удзельнічаць яму ў эксперыменце ці не. Ён мае права адмовіцца нават у самы апошні момант. А так магу сказаць, што першыя гадзіны пасля эксперымента могуць адчувацца слабасць, галавакружэнне, санлівасць, млоснасць. Але могуць і не адчувацца. У любым выпадку, прэпарат цалкам выходзіць з арганізма праз дзесяць гадзін пасля прыёму. Пакуль яшчэ ніхто з добраахвотнікаў не звяртаўся да нас пасля эксперымента са скаргамі.»
Маявер: «Дык можа яны ўсе памерлі?»
Даявед: «Можа, і памерлі. Але дакладна не ад дзеяння нашага прэпарата.
Карацей, мая прапанова будзе дзейнічаць яшчэ як мінімум пару тыдняў. Калі надумаеш — адпішыся».
Маявер па натуры не быў авантурыстам, не любіў прымаць неабдуманых рашэнняў і ўдзельнічаць ва ўсякіх «эксперыментах». Аднак цяпер ён ужо пачаў схіляцца да думкі, што прапанова Даяведа — ўсё ж не «развод»: ніякай інфармацыі пра «разводы» такога кшталту ён не знайшоў. Уважліва прагартаў старонку Даяведа ў сацыяльнай сетцы. Гэта была не «аднадзёнка», а старонка сапраўднага жывога чалавека, якая існавала, што вельмі важна ў такіх выпадках, не першы год. Маявер узважыў усю інфармацыю і ўжо ўсур'ёз думаў прыняць удзел у эксперыменце. Каб канчаткова вырашыцца, ён папрасіў Даяведа даслаць пасведчанне супрацоўніка. Той неўзабаве адаслаў Маяверу адсканаваны дакумент, і справа была вырашана.
Маявер і Даявед пачалі абмяркоўваць зручныя дату і час. Даявед даслаў адрас. Маявер заўважыў, што гэта адрас звычайнай кватэры, аднак Даявед нагадаў: паколькі даследаванні постклінічныя і адбываюцца адначасова ў розных гарадах, эксперымент будзе праходзіць у яго, Даяведа, кватэры. Маявер збянтэжыўся, аднак вырашыў, што гэта, у прынцыпе, лагічна.
Фармальнасці
У дамоўлены час Маявер прыехаў на патрэбны адрас. Ён хваляваўся, аднак яму ўжо было цікава, што ж гэта за эксперымент і для чаго патрэбны прэпарат, які выпрабоўваюць.
Даявед быў у кватэры, відавочна, адзін. Ён паказаў Маяверу ванную і прыбіральню і запрасіў у пакой. Кватэра была двухпакаёвая: справа ад увахода быў пакой, куды запрасіў яго Даявед, злева — прыбіральня і ванная, за імі — кухня, а непасрэдна насупраць увахода былі дзверы ў, відавочна, спальню Даяведа. Пакой, куды запрасіў яго гаспадар, быў тым, што называюць гасцёўняй ці залай. Яна была адносна прасторнай, дзесьці тры на шэсць, на ўскідку Маявера. Насупраць увахода ў куце стаяў нятанны скураны фатэль, злева ад яго — таршэр, потым канапа — з аднаго з фатэлем набору, а за ёй яшчэ адзін таршэр. За канапай, на прылеглай сцяне быў выхад на лоджыю і акно. Злева ад акна ў куце стаяў яшчэ адзін фатэль — такі ж самы, як і першы. За гэтым фатэлем на штаціве стаяла камера. Перад канапай знаходзіўся невялікі часопісны столік, на якім ляжала тэчка, нейкія паперы і ручка. Пасярод століка стаяў кандэнсатарны мікрафон, які выклікаў у Маявера асацыяцыі з радыёстанцыяй. Такім чынам, у пакоі было два фатэлі, два таршэры, канапа, столік і апаратура.
Даволі дарагая, але строгая мэбля і адсутнасць якіх-небудзь хатніх дробязей, аднатонныя шпалеры і такое ж аднатоннае дывановае пакрыццё, светадыёдныя лямпы ў нацяжной столі стваралі ўражанне, што гэта не кватэра, а офіс. Маявера вельмі насцярожыла гэтая акалічнасць, бо адна справа, калі супрацоўнік нейкай кампаніі проста працуе ў сябе дома, а іншая, калі жытло гэтага супрацоўніка абсалютна непадобнае да жытла «нармальнага» чалавека. Жыць у «двушцы» і адводзіць цэлы пакой (да таго ж большы) пад патрэбы працы — вельмі вялікая раскоша. Ці няўжо Даявед такі мінімаліст, што ў яго няма патрэбы мець, напрыклад, дадатковую шафу ці яшчэ нешта такое? Чаму на сценах няма фотаздымкаў?..
— Сядай, калі ласка. — Даявед паказаў рукой на канапу.
— Гэта твая кватэра?
— Здымная.
— Як тут усё «па-багатаму», — паспрабаваў пажартаваць Маявер, — нават страшна на такую канапу садзіцца. — ён акуратна сеў, — гэта ад гаспадароў ці твая? Ці ад кампаніі?
Маявер спадзяваўся нейкім чынам справакаваць Даяведа, каб па яго рэакцыі зрабіць пэўныя высновы. Якія менавіта, ён і сам не ведаў, але адчуваў, што кватэра-офіс у сукупнасці з выпрабаваннем сакрэтнага прэпарата — нешта не тое. Тым не менш Даявед без усялякіх эмоцый адказаў: «Гаспадароў» — і сеў побач. Маявера такі адказ не задаволіў, і ён нават хацеў запытаць, колькі каштуе здымаць кватэру з такой мэбляй, але вырашыў, што гэта ўсё ж занадта нетактоўна. Адразу ж яму ў галаву прыйшла думка, што некаторыя кватэры адмыслова здаюцца пад офісы, а Даявед, хутчэй за ўсё, не першы, хто здымае гэтую кватэру. Маявер падумаў, што, магчыма, у гэтай кватэры быў офіс яшчэ за часамі мінулых арандатараў, мэбля па нейкіх прычынах засталася, вось Даявед і вырашыў яе здымаць. Увогуле, Маяверу больш не хацелася быць параноікам і шукаць аргументы на карысць таго, што насамрэч нічога дзіўнага і незвычайнага не адбываецца. Тым часам Даявед адкрыў тэчку і павярнуўся такім чынам, каб Маяверу было як мага зручней у яе глядзець. У тэчцы былі файлы з рознымі дакументамі.
— Ну вось, тут у нас усе дакументы... Праўда, ксеракопіі... Тут доказы таго, што наша кампанія насамрэч існуе, што выпрабаванні адбываюцца ў межах закона і гэтак далей. — Даявед гартаў файлы. — Вось тут звесткі менавіта пра выпрабаванні прэпарата: даклінічныя, клінічныя і крыху пра постклінічныя. — Даявед закрыў тэчку і даў Маяверу. — Вось, можаш вывучаць.
Маявер пачаў павольна гартаць файлы, чытаючы па дыяганалі, — ён цудоўна разумеў, што, калі яму далі гэтую тэчку ў рукі, нічога цікавага ў ёй быць апрыёры не можа: натуральна, што кожная паперка тут пацвярджае законнасць дзеянняў кампаніі, бо ўсе гэтыя дакументы былі сабраны самой кампаніяй, а не кім-небудзь яшчэ. «Рэгістрацыя, ліцэнзія, дазвол, пастанова, заключэнне, справаздача». Маявер таксама разумеў і тое, што дакументы могуць быць і несапраўднымі, падробленымі. Думка пра тое, што ўсё гэта — «развод», дасканалы і да дробязей прадуманы «развод», не пакідала яго. Аднак ён усур'ёз не хваляваўся, бо адразу, яшчэ падчас перапіскі с Даяведам знайшоў два жалезныя аргументы. Першы заключаўся ў тым, што Даявед дзейнічае адкрыта — калі гэта «развод», то вельмі-вельмі рызыкоўны, наўрад ці сапраўдны злачынец стаў бы так сябе падстаўляць. Другі аргумент быў нават больш аргументны: з Маявера не было чаго браць. Цяжка выцягнуць нешта з чалавека, які не мае ні грошай, ні маёмасці, ні ўплыву, ні нейкіх сакрэтных ведаў. Маяверу нават крэдыт на вялікую суму наўрад ці б далі. Дарэчы, пасля таго, як ён даведаўся, што пашпарт на эксперыменце не патрэбны, асцярога наконт крэдыту канчаткова знікла.
Больш цікавымі Маяверу былі дакументы, якія тычыліся непасрэдна выпрабаванняў прэпарата. Аднак нічога карыснага для сябе ён у іх таксама не знайшоў. Акрамя таго, у некаторых дакументах частка інфармацыі была замазана чорным маркерам: назва прэпарата, прынцып яго дзеяння і г. д. — усё тое, што, па меркаванні кампаніі, магло паўплываць на ход эксперымента. Даявед тлумачыў гэта перастрахоўкай ад эфекту плацэба.