Литмир - Электронная Библиотека

Толькі катэгарычнага адказу сябрам покуль што не даваў. Не дабіўшыся адразу ад мяне згоды, сябры для вырашэння сакраментальнага пытання далі мне тэрмін – суткі. Прымусілі запісаць тэлефон галоўнага ўрача ды завялі свецкую гамонку.

Апавяданне ўрача

Высокі, хударлявы мужчына ў росквіце сіл, якім быў медык, з-за часопіснага століка паведаў, колькі зараз у псіхіятрычках сядзіць людзей па палітычнай прычыне альбо з-за таго, што не паладзілі з начальствам. Гэта, як і ўпершыню пачутая з Галіных вуснаў вестка пра генерала Грыгарэнку і вучонага Мядзведзева, мяне вельмі ўразіла. Сёе-тое даходзіла да мяне з перадач радыё «Свабода», але ж, вядома, не верыў ніводнаму замежнаму слову – аж такі быў шчыры патрыёт. Вось табе і маеш!

Далей даўганосы расказваў:

– Ведаеце, у адной з маіх палат сядзіць кат. Самы сапраўдны. Сімулянт, вядома, але я трымаю яго з-за цікавасці, хачу ў яго пра ўсё выпытаць, а ён на гэта паддаецца. Васіль Уладзіміравіч, ці не зацікавіцеся і вы ім? Хадзем заўтра, пакажу вам таго, хто пры Сталіне людзей расстрэльваў. Паўстане перад вамі жывы! Скажу вам, персанаж варты Чэхава альбо і Дастаеўскага.

Усе насцярожыліся. Натапырыў вушы і я.

Галоўны ўрач адставіў пусты кубачак з-пад кавы, працягнуў:

– Я дапытаў яго падрабязна. Як я сказаў, апавядае ахвотна пра ўсе свае справы. Шылаў яго прозвішча, а завуць Мікалаем. Перад вайной скончыў педвучылішча. Там здаў нарматыў на «Варашылаўскага стралка». Паступіў на працу ў вясковую школу. Працаваў ад душы, і, мажліва, з яго атрымаўся б яшчэ адзін пасрэдны педагог, ды на сваю галаву арганізаваў добры стралковы гурток. Вучні яго так выдатна стралялі, што ўсе як адзін здалі нарматыў, атрымалі таксама значкі імя легендарнага наркама – нікеліраваныя, з бліскучай чырвонай эмаллю. А ўвесну 1937 года за гэта цэлым класам трапілі ў Маскву на спаборніцтвы. І што вы думаеце? Занялі там прызавое месца. Школьнікаў адпусцілі дамоў, а настаўніка затрымалі. Да яго звярнуўся прадстаўнік НКУС, у чыім ведамстве тады былі стралкі:

– Малайчына, метка стралялі твае гаўрыкі, але найлепш, вядома, ты!

– Бо я «Варашылаўскі стралок» ужо тры гады, –пачырванеў Мікалай.

– Выда-атна! Ну, а калі б прыйшлося табе гэтак страляць у ворагаў Радзімы, рука ўздрыгнула б?.

Юнак адказаў без вагання:

–Не!.

– Тады заставайся ў Маскве – мы табе такую магчымасць арганізуем.

– Заставацца адразу?

– Так. Пацаны твае самі дамоў дабяруцца, мы паклапоцімся. А ты тут пажыві, потым пагаворым...

Мікалай Шылаў размясціўся ў гасцініцы НКУС, дзе цяпер узвышаецца шматпавярховы атэль «Пекін». Жыве цэлы тыдзень. Жыве і другі тыдзень. Да яго ніхто не падыходзіць. Калі ж нагадаў пра сябе, пачуў:

–Табе што-небудзь не падабаецца?

І зноў выдалі талоны на сняданак, абед і вячэру ды грошы на дробныя выдаткі. А неўзабаве паслалі яшчэ нават на Чорнае мора ў санаторый. З грашыма.

Затым сказалі:

– У Варонежы бандыты забілі дзяўчыну. Адзіная дачка была ў бацькоў – і забілі. За гэта атрымалі «вышку». Трэба выканаць прысуд.

Убачылі ў юнака на твары трывогу, супакоілі:

– Не бойся, страляць ты не будзеш – толькі каманду дасі, а страляць знойдзецца каму!

Бандытаў тых чамусьці аказалася аж пяць. Яны выкрыквалі нейкія патрыятычныя лозунгі, упарціліся ісці. Ад відовішча акрываўленых целаў потым яго званітавала. Але Шылаў пастараўся сябе ўзяць у рукі, бо новыя сябры пачалі здзекавацца:

– Э-эх, хлюпік, а яшчэ «Варашылаўскі стралок»! Ды мы такіх, герой, ведаеш, як шчоўкаем? Бы семкі!

Мінула пару дзён, і ўвесь час ён адчуваў сябе пагана. На ноч прынеслі прачытаць асабовую справу з суда. Далі распісацца ў атрыманні, сказалі:

– Табе, «Варашылаўскі стралок». Пазнаёмся, над кім заўтра давядзецца працаваць. Бо без гэтага, бачым, у цябе нервы слабыя, інакш ты не зможаш. Нябось чытаеш газеты, слухаеш радыё і ведаеш, што ў краіне робіцца! Табе пара быць сапраўдным патрыётам, як вучыць нас таварыш Сталін, ды паказаць, што недарма хлеб ясі!.

У тоўстай папцы была стэнаграма з допыту «ворагаў народа». Нейкі інжынер Захарчанка там на многіх старонках прызнаваўся, як на шахце ў Туле арганізаваў трацкісцка-зіноўеўскую групу, як рабілі аблавы, труцілі ваду шахцёрам, а потым у Маскве каля маўзалея Леніна з рук англійскіх рэзідэнтаў атрымліваў валюту. Такое дакладна гаварылі і іншыя падсудныя. Пад канец у дакументах стаяў прысуд – усім расстрэл.

Цяпер Шылаў не мог дачакацца наступнага дня, каб папрасіцца караць паганых здраднікаў савецкай краіны самому.

Яго заяву прынялі без здзіўлення: – Мы, Шылаў, такое ад цябе даўно чакалі, бо ведалі, ты сапраўдны «Варашылаўскі стралок».

Смяротнікаў было дваццаць сем. Прывялі іх у падвал дома, дзе апошні час Мікалай жыў. Людзьмі набілі маленькія каморкі. Адтуль вывалаквалі па тры чалавекі, вязалі назад рукі ды вялі ў бліндаж. Шылаў ім загадваў класціся на зямлю тварам уніз. Адчуваючы лютае абурэнне ад таго, што вычытаў у асабовай справе, з помслівым задавальненнем ён па парадку страляў кожнаму ў патыліцу з нагана. Пасля сямі стрэлаў шомпалікам выбіваў з барабана гільзы, запіхваў новыя набоі і зноў страляў...

Ад пачутага ўсе мы анямелі. А доктар хвіліну пакурыў, нервова змяў у попельцы недапалак ды працягваў сваю страшную гісторыю:

– Цікавыя разважанні ў гэтага тыпа аб сваёй прафесіі ды тых смяротніках. Аднойчы Шылаў мяне пераконваў: «Думаеце, такое бывала кожную ноч? Дзе там! Пра іншых не скажу, а мяне клікалі ў падвал толькі два-тры разы на тыдзень. Ха, як і першыя варонежцы, і далей некаторыя падлы перад смерцю яшчэ крычалі: «Да здравствует товарищ Сталин!» А чаму? Бо думалі: смалім па іх халастымі і гэта ім потым залічыцца. Але мяне на такіх прыёмчыках нельга было купіць, справу сваю я ведаў, і рука мая не дрыжэла!» Цяпер гэты тып у мяне на лячэнні! Здаровы, як бугай. Сімулюе, бытта ноччу спаць не можа – бачыць кашмары. Вядома, выспаўшыся ўдзень, ноччу і не спіцца! Але ахвотна расказвае кожную дробязь са сваёй прафесіі з таго часу. Я выпісваць не спяшаюся, хоць ён мне не так самому патрэбны, як хочацца такую асобу паказаць каму-небудзь яшчэ з нашых. Не вазьмецеся за яго, Васіль Уладзіміравіч? Я вам ствару ўмовы: і жыллё, і харчаванне. От матэрыял для пісьменніка! Дзівак Васіль у бальніцу пайсці чамусьці адмовіўся – толькі скептычна ўсміхнуўся.

Напрасіўся туды схадзіць я.

Спатканне з «варашылаўскім стралком»

I вось мы пераступаем парог «псіхіятрычкі» – адзін, другі і трэці. Усе трое дзвярэй старанна замыкаюцца на ключ. Нават у калідоры адчувалася: установа строга закрытага тыпу, бо служба ўся звінела ключамі, як у турме, а перад вокнамі памяшчалася густая металічная сетка, ад чаго ў іх і днём гарэла святло. Не надта яркае, бо ўсе лямпачкі былі бытта малаком аблітыя і таксама ўзятыя ў сеткі.

У ардынатарскай мы заспелі сястру – маладое і прыгожае дзяўчо з ямачкамі на ружовенькіх шчочках. Урач не без сымпатыі ў голасе да яе загаварыў:

– Ну, Марыя Васільеўна, дакладвайце, як прайшла ноч?

– Цудоўна, Максім Валяр’янавіч!

– Не можа быць!

– Уявіце сабе!

– А Напалеон?

– Толькі крыху падурыў мне галаву сваімі пражэктамі ды адстаў. Далей было спакойна, як ніколі. Я нават і падрамаць умудрылася.

– Злаўлю, Марыя, і быць табе без прэміі!

– Так вам і папалася!

– Пабачым, пабачым!

– Слабо? Злавіце раней!

Было відаць, паміж персаналам галоўны ўрач стварыў людскую атмасферу даверу і шчырасці.

Адзначыў я педагагічную здольнасць лекара, між іншым, бо ад спаткання, якое чакалася, мяне пачалі разбіраць ужо дрыжыкі. І не дзіўна: я ўбачу зараз чалавека, які столькі зрабіў людзям гора і цяпер перажывае!

Выдалі халат, і мы з галоўным пакрочылі ў палату.

У пакойчыку – тыповым для ўсіх бальніц – сядзеў на ложку замухрышкаваты лысы чалавек. Твар зморшчаны, вочы напалоханыя, а сам рухавы, як малпа.

98
{"b":"556142","o":1}