Литмир - Электронная Библиотека

– Го-о, і яму ўсё яшчэ было кепска! Ну, цяпер ты, голубе, атрымліваць столькі не будзеш, мы ж ужо аб гэтым паклапоцімся, будзь пэўны!

А са мной падзеі разгортваліся гэтак.

Спачатку паклікаў мяне сакратар абкама партыі па прапагандзе Аляксандр Ульяновіч ды паставіў пытанне рубам: я, камуніст, думаю крытыкаваць «распоясавшегося» Быкава за ачарненне савецкай рэчаіснасці ці не думаю? Абавязак гэта сакратара аддзялення СП БССР – у першую чаргу, ці ён за так грошы дзяржаўныя атрымлівае?

Пачаў я даводзіць, што Васіль ачарняць нікога і не думае. Ён сваіх герояў выводзіць аголенымі жыламі і не патрабуе аніякіх падказчыкаў. Што ў быкаўскіх аповесцях не антысаветызм, а суворая праўда жыцця ў спалучэнні з любоўю да чалавека ды болем за Радзіму. Што Быкаў сам, хоць і беспартыйны, піша з чысцейшых партыйных пазіцый. Што за ім будучыня, таму аўтара такога не крытыкавадь трэба, а вылучаць на Дзяржаўную прэмію ды яшчэ яму лепшую кватэру даць!

Сакратар абкама доўга да мяне прыглядаўся і аб нечым так глыбакадумна сам з сабой разважаў, бытта ўвесь да краёў быў нашпігаваны не абы-якімі весткамі. Нарэшце сказаў:

– Яшчэ і прэмію яму, ха! А за што? Бо піша? Пішам мы ўсе – у тым ліку і я! А наконт партыйнасці мы разбіраемся, напэўна, лепш! I з кватэрай у яго – нічога страшнага! У камуналцы жыве? Ну і што? Многія жывуць так!..

Яшчэ хвіліну падумаў:

– Значыць, удзельнічаць у перавыхаванні Быкава адмаўляецеся. Што ж, цяпер наракайце на сябе. I з вамі зробім тое самае, што з Клейнам. Аддзелім вас ад яго! Адлучым ад яго вас абодвух, пазбавім вашага ўплыву – адумаецца і ён!

I праўда, неўзабаве навіна: КДБ вядзе допыт знаёмых, капаецца ў маёй біяграфіі.

Зноў пачалі прыдзірацца да жонкі на рабоце, а дачку папракаць на нарадах за ўдзел у ідэйна шкодным клубе, хоць яна дарогу ведала толькі са школы – дамоў.

Папярэдзілі Максіма Танка, каб запатрабаваў ад мяне заяву аб звальненні з пасады сакратара аддзялення СП у Гародні. Апрача «Нового мира», усе рэдакцыівярнулімне рукапісы.

Паперы ў Маскве няхай паляжаць, а заявы такой ад мяне не дачакаецеся – дудкі! Вытрывае і жонка, а перад дачкою яшчэ ўсё жыццё наперадзе!

Адным словам, я яшчэ думаў, як бывала ў жыцці не адзін раз, – пранясе. Наконт сваёй пасады быў пэўны. Маё ж аддзяленне – лепшае ў рэспубліцы, кіраўніцтва не нахваліцца. А пэўнасць мая была пустой.

У пастцы

Нечакана склікалі сакратарыят СП БССР, і той, бытта бы за развал работы, мяне з пасады звольніў. Усе шэсць сакратароў, за выключэннем сёмага – Янкі Брыля, якія дагэтуль увесь час ставіліся да мяне так прыязна, раптам напалі гэтак люта, бытта я ў іх адняў жонак, забраў апошні кавалак хлеба, падпаліў хату ці пакалечыў унукаў.

А падзеі яшчэ толькі набіралі разгон.

Аднаго дня нейкі камандзірскі бас надтрэснутым голасам па тэлефоне загадаў:

– Карпюк? Ты мне как раз нужен! Слушай! Спрячь самиздат! Спрячь немедленно и надежно! Вынеси из дому к чёртовай матери, сейчас же!

І кінуў трубку.

А гэта яшчэ што такое?! Правакатар за дурня мяне прымае? А мажліва, добразычлівец?

Невядома, хто гэта быў, а спытацца не меў у каго. Але ледзь дачакаўся вечара. Як крыху прыцямнела, я хутчэй тоўстыя папкі з рукапісамі Гінзбурга, Бека, Салжаніцына, лісты з выступамі Сахарава, Некрыча запакаваў у мяшок, вывалак з дому і ўтапіў у Гараднічанцы.

Тым часам пайшлі тыдні, месяцы – цягучыя, без працы, без мажлівасці друкавацца. Нарастала трывога. Тут яшчэ першы сакратар гаркама партыі Магільніцкі шапнуў: знайшлі кампрамат на мяне і ўжо даведку пішуць для выключэння з партыі.

Наіўныя людзі ўсёй падаплёкі не ведалі, і народ пачаў усё тлумачыць па-свойму. Тлумачылі чамусьці гэтак, што ўсе мы выглядалі пачварамі.

Раптам папаўзла пагалоска, што Быкаў за сваю творчасць атрымлівае ад амерыканскіх рэзідэнтаў даляры. На Барыса Клейна сказалі, бытта ён у Віцебску раскапаў бацькава золата, захаванае яшчэ ў часы, калі той служыў у Дзянікіна афіцэрам, перавёў у Гародню, дзе Барыса бытта бы і падлавілі на махінацыях. Маўляў, пакуль што вылецеў з партыі, а неўзабаве стане перад судом.

Аднак найбольш фантастычныя байкі пачалі гуляць пра мяне. Дапамог тагачасны сакратар гаркама партыі А.Магільніцкі. У дакладах з трыбуны ён пачаў апавядаць такое, пра што пішуць толькі ў прыгодніцкіх раманах.

Пры сустрэчах з гараджанамі Магільніцкі, які дагэтуль нібыта сябраваў са мной, вёў вольналюбівую гутарку, даваў нават не раз службовую машыну з’ездзіць у аэрапорт па пісьменнікаў, у Друскенікі іх завезці, раптам абвесціў, што я сын мацёрага кулака і здраднік Радзімы. Нібыта ў вайну пры немцах вучыўся ў берлінскай школе дыверсантаў. Затым бытта бы немцы заслалі мяне ў партызаны, дзе я выдаў карнікам атрад.

Пасля вызвалення, бытта бы для маскіроўкі, ажаніўся з дачкой віднага рэвалюцыянера (мой цесць – Альшэўскі, расстраляны сталіністамі ў 1937 годзе, і праўда, быў калісьці сакратаром ЦК КСМБ, у гонар яго ў Менску нават вуліца названа!), а па камандзе ЦРУ я нядаўна вынырнуў з падполля ды пачаў савецкай уладзе шкодзіць.

Такая нагонка неўзабаве дала вынікі. Быкаву зноў пабілі вокны. Ад Клейна і мяне знаёмыя людзі па вуліцы кідаліся ў бакі, бытта бы ад пракажоных. Ніхто больш мне не тэлефанаваў, не дасылаў лістоў, а школы, тэхнікумы ды рабочыя інтэрнаты перасталі раптам запрашаць на выступленні.

У педінстытуце арыштавалі студэнтаў – Раманава Аляксандра, Каленчанку Сяргея і іншых. Іх падлавілі, калі хлопцы на партрэце Леніна намалявалі сімвал «Пражскай вясны», і на допытах пастараліся, каб студэнты прызналіся, што ўсё рабілі пад уплывам выступленняў Карпюка і Быкава.

Цяпер кожны раз на вуліцы я пачаў заўважаць за сабой хвост. Заўсёды паспяваў адзначыць, што высочвалі нашы органы куды прымітыўней, чым рабілі гэта шпікі польскай дэфензівы, а ў часы нямецкай акупацыі – «гегаймсполіцай» (тайная паліцыя). Карцела спаткацца з начальнікам КДБ ды яму сказаць:

– Не так гэта робяць! Больш тонка трэба!.. Эх, за што вам грошы ладныя плоцяць?!.

Крадучыся, спаткалі мяне Валянцін Чэкін, затым Алег Малашанка і расказалі, як іх, гэтых пачаткоўцаў, работнікі КДБ завалаклі на патаемную кватэру горада і дамагаліся, каб абодва мужчыны дакладвалі пра кожны мой і Быкава крок. А Малашанку абавязалі яшчэ падпісаць заяву, што ў творчасці ён таму такі рэзкі, бо начытаўся майго выступлення на V з’ездзе пісьменнікаў БССР...

Адным словам, зажылі мы, бы тыя ізгоі. Часамі, як змоўшчыкі, спатыкаліся дзе-небудзь далей ад людзей ды меркавалі, што ж нам цяпер рабіць.

Нарэшце, ноччу выклікалі мяне на допыт у КДБ…

Следчы Фамін пацікавіўся, якая з маіх кніжак найбольш біяграфічная. І колькі сапраўды было ў бацькі кароў – 2 ці 3, зямлі 18 га ці 32.

Што ў маіх мастацкіх творах насіла характар аўтабіяграфічны, што не, я адразу не так лёгка мог адказаць – на маім месцы заблытаўся б, мабыць, і Шолахаў.

Не лепш было і з другім пытаннем.

У бацькі быў хутар. Сельская гаспадарка – жывы арганізм. Яна ніколі не стаіць на адным узроўні. Усё залежала ад наяўнасці корму, мажлівасці сям’і і кан’юнктуры на рынку. Таму, напрыклад, кароў бацька то прадаваў, то заводзіў больш, чым коней. А пры савецкай уладзе колькасць іх мела прынцыповае значэнне. Па гэтай прычыне, пішучы сваю аўтабіяграфію, я выбіраў наяўнасць кароў з такой лічбай, якая мне не зашкодзіла б, зусім нікога не ашукваючы, калі падыходзіць да справы па закону. Зрэшты, Божа мой, з пункту гледжання глабальнага гуманізму, якая розніца – 2 рагулі ў сям’іціна адну больш? Але ж толькіцяпер я з жахам уяві . сабе, як з такой драбязы, здабытай вось такім функцыянерам, розныя чыноўнікі раздуюць вялікую палітыку, каб мяне дабіць дарэшты.

Я козыр даў ім у рукі сам – трапіў, нічога не скажаш.

Зноў успомніліся часы падполля пры Польшчы ды нямецкай акупацыі. Следчы абудзіў якіясьці старыя душэўныя раны. Страх некуды без следу падзеўся, я нават адчуў асалоду вадзіць яго за нос.

95
{"b":"556142","o":1}