Такім чынам, гінулі ў галодных пакутах коні – той самы гонар нашага селяніна. Асабліва пачалі здыхаць, калі з-за антысанітарыі напаў на іх яшчэ і сап.
Не стала раптам гною, і няўгноеная ніва збяднела, стала даваць мізэрны ўраджай.
З рынкаў знік сялянскі гандаль. Цяпер у мястэчках можна было ў магазінах купіць толькі солі, цукерак-падушачак, мыла ды запалак – тое, што прадавалася ў крамах, а рынак знік. Да 1939 года, вёскі нашыя атакавала прага «абноўленых ікон», апісаных мною ў іншых творах. Цяпер, як калісьці іх праваслаўныя аднагодкі, імкнучыся да ілюзорнага цуду, сапоцкінскія полькі то там, то сям абвяшчалі аб абнаўленні Маткі Боскай, святой Барбары, збягаліся да іх, бы на пажар, ды ўсё маліліся, маліліся, маліліся.
Ва ўрадавых колах задумацца над з’явай не было каму. Пакуль энкэўсаўцы цягалі гаспадынь «абноўленых ікон», заводзячы на іх крымінальную справу, сродкі масавай агітацыі ды прапаганды і далей аж захлыналіся ад пераможных рэляцый ды заклікаў цераз розныя пачыны, размаітыя сацспаборніцтвы дамагчыся яшчэ большых поспехаў.
І чым толькі людзям не мыдлілі вачэй!
Апісвалі лесаахоўныя палосы, што стануць для ўраджайных палёў на поўдні надзейнай заслонай ад сухавеяў. Для беларусаў размалёўвалі «аграгарады», якія бытта бы вось-вось вырастуць, замест нашых вёсак, ды таксама пераўтвораць усіх у багацеяў.
Друкаваліся схемы вялізных і даўжэзных каналаў, якія з краю ў край парэжуць чарназёмныя землі СССР, стрымаюць ліўневыя воды і адораць нівы вільгаццю.
Абрабаваным, адарваным ад зямлі і быдла, раптам збяднелым, пазбаўленым свабоды дзейнасці, напалоханым людзям падрабязна размалёўвалі тэхнічныя дадзеныя экскаватараў грузапад’ёмнасцю на 3, на 5 і нават на 15 кубаметраў пяску і тое, якія каналы яны будуць капаць.
Але ні адзін чалавек тае пісаніны ды выступленняў па радыё ўжо ўсур’ёз не ўспрымаў. Чыталі ў недаўменні, слухалі ды ківалі галовамі, тоячы на ўсё сваю думку.
Аднойчы каля Селіванаўцаў я на ўзгорку ўбачыў засеянае бульбай поле. Яно было надта ж недагледжанае. Я з абурэннем сказаў спадарожніку, пажылому селяніну:
– I навошта было піхаць бульбу тут, у чысты пясок без гною? Ад сонца ён ужо цяпер гарачы, як прысак, і яе папячэ! Тут жа бульбы і на дзесяць цэнтнераў з гектара не збярэш!
Селянін з горкай усмешкай супакоіў:
– Нічога, сынок, радзіво дабавіць!
Калі б цяпер пакапацца ў навуковых працах пасляваенных гадоў, то, я ўпэўнены, без ніякай цяжкасці колькі хочаш знойдзеш такіх, дзе з запалам апісваецца той перыяд як час бурлівага развіцця сельскай гаспадаркі на Прынёманшчыне. Маўляў, стымул такому росквіту дала супольная калектывізацыя ды знішчэнне праклятага ворага сялян – класа кулакоў і падкулачнікаў.
Мабыць, у гісторыі краю не знойдзеш больш падобнага выпадку, каб свая ўлада, бытта бы праяўляючы клопат аб вёсцы, аж так разбурала яе ды рабіла людзей няшчаснымі жабракамі. Гэтак прыкладна выглядаў той катаклізм зблізку, калі апавядаць пра яго збольшага. Не бачыць тае трагедыі мог толькі фанатык-сталініст альбо тып, на якім «креста нет». Між іншым, апошнія, калі нас потым яшчэ захліснула і «эпоха застою», расквітнелі пышным квеццем.
Але я пачаў ужо не пра тое.
Вось такая была сітуацыя. У маім сапоцкінскім жыцці што мне заставалася рабіць, як ні таіць у душы бунт, так і гэтак разбіраючы тое, што пачуў і ўбачыў. Фактаў для гэтага жыццё падкідвала ўсё больш.
Напрыклад, выклікалі мяне ў райкам, далі тэкст са словамі не каго-небудзь, а самога Леніна, прыкладна такога зместу: «Наша задача цяпер, калі ўладу ўзяў сацыялістычны ўрад, – усюды арганізоўваць сацыялістычнае спаборніцтва».
Мне загадалі цераз настаўнікаў раёна наладзіць гэтае самае спаборніцтва паміж калгасамі. Рабілася смешна, калі падумаў, як да гатага падступіцца. У спаборніцтве – элементы чагосьці нясціплага і паказнога, а нашаму народу гэта зусім чужое.
Хіба ж мог я сабе ўявіць бацьку, які заходзіць да суседа і аб чымсьці такім аб’яўляе ўголас? А калі б наш сусед здурэў і выклікаў бацьку сам на спаборніцтва, то мой стары толькі ўсміхнуўся б сабе ў вусы ды хмыкнуў бы:
– Ну, вядома, ты мяне абгоніш, я ведаю! Э-э, куды мне з табой цягацца!
Затое восенню, атрымаўшы ўраджай куды лепшы, усё гэтаксама маласлоўна і з той жа хітраватай усмешкай апраўдваўся б:
– А ты ведаеш, сам не разумею, як гэта ў мяне атрымалася!
Інакш сябе паводзіць мой бацька, як і кожны наш селянін, быў не здольны – тады ён не быў бы беларусам.
Самае прыкрае, што я, разумеючы ідыятызм гэтай усёй задумы, вымушаны быў загад выконваць. Праз дырэктараў школ абавязаў настаўнікаў спаборніцтвы такія арганізаваць і кожны месяц даваць справаздачы аб іх рэалізацыі. Рабіў усё гэта я, а на душы было пагана.
З гэтай прапагандай заўсёды атрымлівалася не па-людску. Калісьці да нас, членаў камсамола Заходняй Беларусі, прыбывала прапагандысцкая літаратура з СССР. I многа яе прыходзіла. Я быў хлопцам дасціпным, мяне ўсё цікавіла, асабліва – друкаванае слова. А ў сваёй ячэйцы якраз мне і даручылі падпольны друк. Ён выходзіў на мелаванай паперы экстра-класа і меў прыгожы шрыфт. Такія паперкі з літаркамі прыемна было нават браць у рукі. Пакуль такую брашурку аддаць каму, я заўсёды браўся прачытаць яе сам. Але ж тэкст у ёй напісаны быў такой дубовай мовай, што з першай старонкі хіліла на сон.
Памятаю, ніякай сілай волі не мог сябе прымусіць дачытаць такую брашурку да канца – хоць бы адну.
У падполлі практыкаваліся маёўкі. Сыходзілася на іх да паўсотні сялян. На іх вельмі заканспіраваныя асобы чыталі лекцыі. Звычайна гэта адбывалася ноччу ў лесе альбо ля балота ў хмызняку. Твару лектара ніхто не мог разглядзець. Толькі было вядома, што з-за нашай маёўкі ён спецыяльна прыбыў цераз граніцу з СССР. Тэмы лекцый былі розныя, затое адбываліся заўсёды аднолькава.
Вось чалавек пад сасной роўным і гладкім голасам начынае нам выкладаць як па пісаным работу Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм». Твор яго я потым ледзь змог адолець у інстытуце з дапамогай выкладчыкаў, а што гаварыць пра неадукаваных слухачоў-сялян. Сядзелі яны, не кумекаючы ані слова, і ўпіваліся мудрагелістымі рускімі фразамі. Пакуль заснуць, па-дзіцячы шэптам дзівіліся:
– Ай, смаліць, ты чуеш?
– О-о, яшчэ як! Каб прывёў сюды нават ксяндза, бацюшку ці войта – і яны нічога не зразумелі б!
– У Саветах амаль кожны такі вучаны!..
А выклік тых 50 сялян слухачоў у лес ці на балота з паролямі, з далёкай дарогай спалучаны быў яшчэ са страшэннай небяспекай – кожнаму ўдзельніку таго збору пагражала 5 гадоў. Каб хоць якая карысць была ад такога мітынгу! Ён быў патрэбны, толькі каб той, хто за гэта адказваў у верхніх эшалонах КПЗБ, мог паставіць птушачку, што праведзена яшчэ адно мерапрыемства, як і гэта спаборніцтва паміж калгасамі. Па аналогіі прыпаміналася наша прапаганда сярод варожых войск у другую сусветную вайну.
У 1942 годзе каля Вялікіх Лук для немцаў быў наладжаны гэтак званы Дзямянскі «кацёл». Дзевяць дывізій праціўніка там трапілі да нас у акружэнне. Мне давялося пазнаёміцца з улёткай, якую нашая контрпрапаганда пры дапамозе авіяцыі рассейвала сярод акружаных немцаў.
На сінім лістку маленькімі, як макавыя зернеткі, літаркамі было казённай тарабаршчынай сказана аб неўміручым вучэнні марксізму. Сярод гэтых літарак праз кожныя дзесяць слоў віднеліся надрукаваныя вялізным шрыфтам словы: Маркс – Энгельс – Ленін – Сталін, Маркс – Энгельс, Ленін – Сталін. Наўрад ці хоць аднаму немцу хапіла цярпення дачытаць той шэдэўр савецкай публіцыстыкі да канца!
Аднойчы мне трапіла ў рукі ўлётка, якую вораг рассыпаў з самалётаў на нашыя войскі каля Умані (Украіна). На ёй віднеўся вялізны малюнак разлютаванага Сталіна, які шуфлем бязлітасна кідаў у печ тысячы нашых байцоў, дзе яны гарэлі, як лучына. Печ лічылася сімвалам вайны. На ўсёй паперцы віднеўся толькі адзін надпіс: «Вось што чакае і цябе, Іван! Лепш падумай і з гэтай улёткай– пропускам пераходзь да нас!»
У аднаго калекцыянера я бачыў іншую нямецкую ўлётку.