На саўпартактыве яно нам аднойчы аб’явіла:
– Нашыя мужыкі занадта добра жывуць, каб ісці ў калгас!
На сваіх хутарах яны – як паны! Не намнога горай жывецца ім і на вёсках! Бо зашмат тут кулакоў розных ды падкулачнікаў, таму і рэзультат нашай кампаніі марны! А хто лясных бандытаў корміць? Таксама яны! Заплываюць самі тлушчам, кароў і свіней кормяць садавінай, а мы з вамі не можам нават яблычка дзецям купіць!
З залы начальству пачалі падтакваць:
– Узяцца за іх трэба як след!
– Распанелі ўсе!
– Прыціснуць трэ іх як належыць!
– Як ва ўсходніх абласцях прыціснулі! Там наваліліся на іх гэтак, што аж запішчалі!
– Во, зробім гэтак, і нашыя ў калгас пабягуць як міленькія!
– Шчэ прасіцца будуць!..
Трэба было бачыць тыя кволыя халупкі з саламянымі стрэхамі, абкружаныя хлеўчыкамі ды гуменцамі, праз гнілыя бярвенні якіх выцякаў не тлушч на падворкі, а гной, тыя няшчасныя нівы, прымітыўную абстаноўку бедных хацінак, каб зразумець бязглуздасць вывадаў бюракратаў.
«Жывуць – як паны!» – падумаць жа такое.
Але дыягназ мясцовымі ўладамі быў пастаўлены. Кропка. Патрэбна было толькі рашэнне самага высокага начальства. А яно пажадала ўсё бачыць уласнымі вачыма.
Нечаканы візіт
Цёплым вясновым днём 1950 года, калі яшчэ месцамі ў ямах і бароздах белягцеў снег, але падагрэтае паветра напаўняў сярэбраны звон жаўрукоў, прыбыло высокае начальства ў спаленую амаль датла немцамі, прытоеную між узгоркаў ля заходняй граніцы мясціну – у гарадскі пасёлак Сапоцкіна. У кабінет першага сакратара райкама сталі па чарзе выклікаць раённых кіраўнікоў для гутаркі.
Падымаўся я да іх на другі паверх, а сэрца маё было ў пятках. Галоўнай прычыны таго развалу, неразбярыхі і лютай бессардэчнасці, якія нам цяпер аж надта відочныя з апублікаваных матэрыялаў, я тады поўнасцю не разумеў. Многія думкі, якія я зараз выказваю, прыйшлі да мяне значна пазней. Тады ж ува мне сядзеў закаранелы комплекс Сталіна, які, паводле майго глыбокага пераканання, абсалютна не ведаў, што творыцца пад яго іменем.
Цяжка сабе нават і ўявіць, як комплекс той валодаў мною і падпарадкоўваў.
Аднойчы на бюро райкама партыі я адстойваў свае пазіцыі.
Адстойваў горача, упарта і доўга. Калі вычарпаў усе доказы і аргументы, кінуў членам бюро казырнога туза:
– Я глыбока перакананы, калі б тут зараз сярод нас прысутнічаў сам таварыш Сталін ды ўсё слухаў, ЁН бы мяне напэўна падтрымаў!
Жарты, я прыпадобіўся да мудрага Правадыра ўсіх народаў! Як гэта так: «калі б ЁН тут быў»? А чаго таварышу Сталіну тут быць? Калі б і выдарылася такое, ці ж ЯМУ гутарыць ды слухаць гэткага замухрышку, як загадчык Сапоцкінскага аддзела народнай асветы? У таварыша Сталіна мала глабальных клопатаў?..
Але, відаць, у маёй інтанацыі было столькі шчырасці і перакананасці, што мой аргумент у прысутных на секунду выклікаў штосьці падобнае на чалавечую ўсмешку. За сказанае мяне потым нікуды не цягалі і не папракалі нават. Толькі некаторыя паглядзелі на мяне, бытта ўпершыню ўбачыўшы, а ў вачах іхніх чыталася: «Ты глядзі які! Ну, але што ты зробіш – «заходнік».
Неяк у мой кабінет зайшоў муж настаўніцы – афіцэр пагранвойск, грузін. Ён здаўся мне да таго падобным да вядомай АСОБЫ, што, калі яшчэ і загаварыў з такім акцэнтам, ногі мае падкасіліся, і я вымушаны быў сесці. Потым дні тры хадзіў з адчуваннем, бытта мускулы мае працяло токам.
Ці мушу пасля гэтага казаць, што ўсе тыя злачынствы і недарэчнасці, якія не мог не бачыць і я з псіхікай абмежаванага сектанта, не звязваў з асобай Мудрага Правадыра ўсіх народаў і Настаўніка чалавецтва?
Вось у чым была трагедыя таго чалавека!
Праўда, на дне душы штосьці ўжо адкладвалася – ішоў працэс назапашвання матэрыялаў, каб майму светапогляду неўзабаве ўзняцца на новую вышыню ды набыць іншую якасць.
Адным словам, ішоў я па сходах з верай у таварыша Сталіна ды з глыбокай перакананасцю ў слушнасці яго дзеянняў. Па дарозе спаткаў не менш дзесяці маёраў, падпалкоўнікаў і палкоўнікаў, якія мяне як бы перадавалі з рук у рукі. Усе былі чамусьці замухрышкаватыя, дробныя ростам, з гнуткімі спінамі ды з такімі пажаванымі тварамі, што ў гэтым я ўлавіў для сябе кепскі знак.
Зрабілася яшчэ больш не па сабе. Але выйсця не меў, мусіў ісці.
Тым часам нават дзверы адчыніў мне палкоўнік. Пры гэтым ветліва сказаў:
– Сюды, калі ласка!
Такой пашаны я яшчэ не меў.
Вырадак
Начальнікаў у кабінеце было трое. Адзін з іх – надта высокі, сялянскага складу мужчына ў вышыванай кашулі і ў новым касцюме, які тапырыўся на ім.
Знаходзіўся там і да смешнага маленькі, але жыватасты генерал-грузін з малінавымі лампасамі.
Трэцім быў старшыня нашага райвыканкама – Аляксандр Вінаградаў.
Калі я пераступіў парог, генерал, пырскаючы слінай, перасыпаючы сваю мову адмысловай мацяршчынай ды з моцным каўказкім акцэнтам, роў на нашага Вінаградава – чалавека сумленнага і ўсімі паважанага:
– Почыму ў тэбэ па раёну выяўлена толкі 37 кулацкіх сэмэйстваў, когда ў Воранаўскім раёне – 100?! Почыму такое безобразые? Отвычай мнэ?
Вінаградаў маўчаў, і ён залямантаваў яшчэ мацней:
–Хто тыбэ давал права скрыват іх ад нашай партыі, отвычай!
–…
–Тэбэ тожы аны купылы?
–…
–Маўчыш? Нычога нэ кажыш? Так я з тыбэ пыл зраблу!
I зноў – мат-перамат. Ды слінай цераз шчыліны ў пярэдніх зубах надта ж лоўка – цырк!
Пузатая качулка шалёна пабегала па кабінеце, пабегала, лаючыся, пагражаючы і гэтак плюючыся, тады шалёна шлёпнула задам на канапу ды імгненна заснула.
Такое дзіва я бачыў першы раз у жыцці.
Выяўляецца, да нас у раён завітаў Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіль Казлоў і міністр НКУС Лаўрэнці Цанава – беларускі Берыя.
Пакуль качулка на канапе хвіліны дзве храпла, а Вінаградаў адыходзіў ад агаломшання, Васіль Казлоў цярпліва ды ветліва, што прагучала вялікім кантрастам, пачаў мяне распытваць пра сітуацыю ў раёне. Я, вельмі цяжкі на словы, доўга збіраўся з думкамі, каб пачаць тлумачыць складанасці сапоцкінскай зямлі.
За гэты час генерал, гэтаксама імгненна прачнуўшыся, усхапіўся з канапы і, бытта мы даўно знаёмыя, перасыпаючы ўсю сваю мову матам-пераматам, віртуозна цыркаючы слінай, пачаў ужо раўці на мяне. Ва ўсё горла.
Роў за тое, што мой бацька ўдзельнічаў у імперыялістычнай вайне 1914-1917 г., але не быў у Чырвонай Арміі, што перад другой сусветнай меў многа зямлі.
Што дзед за царом служыў лесніком. Што дзядзька Мікалай знаходзіўся ў польскім войску. Што нават маё знаходжанне ў партызанах нічога не дае, віны не здымае, бо аж такая чорная пляма кладзецца на ўсе пакаленні маіх нашчадкаў. Зыходзячы з усяго гэтага, паводле генерала, я – варожы элемент, які выпадкова апынуўся ў савецкім партыйным актыве, але ён мяне таксама скрышыць у парашок.
Усё гэта гаварыў, а я маўчаў. Упершыню, мабыць, у маёй галаве менавіта ў той вясновы дзень з’явіліся, нарэшце, здаровыя прасветы. Ачуняўшы ад жывёльнага страху, я памалу набываў другое дыханне ды пачынаў штосьці кеміць, аналізаваць, цвяроза разважаць.
Міністр НКУС БССР і далей засынаў8, уставаў, брызгаў слінай, мацярыўся ды заміраў на канапе на хвіліну–другую. А я, слухаючы яго вульгаршчыну, нават парыруючы асобныя выпады – надта спакойна, разважліва, з годнасцю, – падсвядома ўспамінаў вышэйшых афіцэраў, якія стваралі жывы калідор, што вёў у кабінет другога паверха да гэтай пачвары. Параўноўваў тых бязлікіх маёраў, падпалкоўнікаў ды палкоўнікаў з іхнім шэфам і прыходзіў да цвёрдай высновы: толькі вось такія бесхрыбетныя цэрберы, чалавечае шмаццё, заменкі, як казалі ў гэткіх выпадках у маім Страшаве, вырадкі і могуць служыць гэтай пачвары. Вось і служаць. І ты бачыш, колькі іх прыладзілася ў цёплае месца? Так-то яно так, але ж міністр Л. Цанава на самым версе. Ён ва ўсіх на віду. Яго дакладна і Там бачаць. Прынамсі, не могуць не бачыць! Казлоў вонкава паводзіць сябе прыстойным прастачком, але ж ці не маска ў яго такая? Ён жа і брывом не павёў, каб хам гэты прыкусіў язык!