Пройдуць гады. Ва ўсім свеце запануе мір і лад. Будуць лятаць на другія планеты. Тады людзі нашы ордэны, аўтаматы і пісталеты будуць разглядаць у музеях з цікаўнасцю і спачуваннем да нас, як мы, разглядаючы лукі і прашчы...
Перад кінатэатрам стаяла неспакойная чарга вучняў за білетамі на партызанскі фільм. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі праз хвіліну будуць у крэслах ціхутка лізаць марожанае ды з павагай і страхам сачыць за кадрамі. Яны пра вайну ведаюць столькі, колькі мае сыны. «Тата, а што гэта такое ў яго руцэ, нібы эскімо на палачцы?» — «Нямецкая граната, дурненькі...» Тое, што на экране,—для іх поўная заманлівай рамантыкі гісторыя. Скажы ім, што па тратуары ідзе ўдзельнік тых падзей, яны вельмі здзівяцца: вось гэты? Такі звычайны?..
Шмат чаго змянілася. Няважна, што вунь, у скверыку, сядзіць стары інтэлігент і чытае газету так, як мелі звычай чытаць яе людзі старэйшага ўзросту дваццаць год таму назад: склаўшы паперу ўдоўж. З таго часу прайшла цэлая эпоха. А я прыехаў сюды шукаць учарашні дзень.
Грамадзянін, прабачце! — перарвала мае думкі прадаўшчы-ца, выглянуўшы з-пад брызентавага тэнда.— Дапамажыце!
Што ў вас?
Зашрубуйце, калі ласка, помпу на бочцы. Забылася, у які бок трэба круціць, і не магу прадаваць піва!
Зашрубоўваюць заўсёды ўправа, а адшрубоўваюць — улева. Як можна забыць такія простыя рэчы?..— падумаў я ўголас, устаўляючы помпу.
Гы?! — здзівілася прадаўшчыца той лёгкасці, з якой я выканаў яе просьбу.— Дзякуй!
Калі ласка...
Пакінуў я яе са смешным пачуццём: нарэшце, зрабіў нешта карыснае ў Вільнюсе, значыць, недарма прыехаў!..
Ну, а што рабіць далей?
3
Не памятаю, як я апынуўся над Віліяй.
У гэтым месцы павінен ляжаць вялізны камень. Вось ён. Такі самы. Магутныя яго бакі вылізалі хвалі, а той самы пушок моху надаваў яму зялёнкавы колер.
Аднойчы мы з Данусяй паспрачаліся: я хацеў на гэтым камені пасядзець, яна адмаўлялася. Цяпер яго абляпілі дзяўчаты, якія паводзілі сябе так, быццам толькі яны адкрылі гэтае месца і наогул далі пачатак жыццю. Відаць, яны толькі што здалі экзамены: на-строй у іх быў святочны, канспекты валяліся на беразе бязладна, як непатрэбныя паперы.
Ой, дзяўчаткі, караву-ул! — паскардзілася адна з іх звонка і меладычна.— Ногі набраклі, туфлі не магу абуць! Што рабіць?
А навошта іх так размачыла? Цяпер босая ідзі па горадзе!
Да кампаніі падыходзіў хлопец. Ён суцешыў:
Ото ж будзеш мець поспех! Кожны на цябе азірнецца!.. Эй, курскія салаўі, чаму ўжо не спяваеце?
—- Спазніўся, наспяваліся!
Давайце зноў, я ішоў падцягваць!
— Нічога не атрымаецца, семак панаядаліся, і пяршыць у горле!
От бяда! — паспачуваў жартаўнік, падлабуньваючыся да крайняй дзяўчыны.
А няўжо ж, бяда! Не падлазь, а то ў ваду піхну!.. Уй, чаму ты не паголішся!
Бо няма грошай. От не зачапі, яшчэ і брыкаецца!.. Эх, несвядомы ты, Люська, элемент, хоць і вельмі вучоная, атрымліваеш павышаную стыпендыю і носіш акуляры!
Вучоная!
От, каб была яшчэ і добранькая-а!
То што?
То дала б трыццаць капеек!
I што?
I я пайшоў бы, пагаліўся б!
I што?
— I пацалаваў бы цябе!
Узняўся смех, шум. Замільгалі загарэлыя рукі, узляцелі фантаны пырскаў і заблішчалі на сонцы жывым серабром.
У мяне ёсць пяць капеек,— азвалася дзяўчына, калі ўсе супакоіліся.
— А ў мяне сем!..
Сабраўшы патрэбную суму, адправілі жартаўніка ў цырульню. Потым засумавалі.
Бр-р-р, мне холадна! — азвалася адна ўстаючы.— Мая, ты ўжо можаш абуцца?
Паспрабую...
Хутчэй!
А куды цяпер пойдзеш, яшчэ рана! — уздыхнуўшы, разважыла другая.
Во, дзяўчаткі, ідэя! — закрычала трэцяя, таксама ўзнімаючыся.— Давайце паходзім па кандытарскіх магазінах!
Няма грошай.
Проста так паходзім, для цікавасці. Паглядзім, якія ёсць новыя цукеркі!
Эўрыка!
Я і старых не бачыла, цэлы год не вылазіла з інтэрната!
Хадзем! Ён вернецца, а наш і след прастыў!
Піхайце сшыткі мне ў чамадан і айда!
Нібы чародка шпакоў, дзяўчаты ўзняліся з каменя, і ўраз іх не стала.
У гэтай бяздумнай бадзёрасці сучаснай моладзі і светлым аптымізме было нешта новае, народжанае эпохай. Калісьці хлопцы і дзяўчаты былі больш замкнутыя, насцярожаныя.
I ў той жа час у іхніх паводзінах я знайшоў нешта такое, што радніла іх са мной і Данутай.
Я падумаў аб дзяўчатах: «I маеце да каго заляцацца! Гэта ж яшчэ мамін сынок...» Як на злосць, ніводная з іх на мяне і вокам не павяла, нібы мяне тут і не было!..
Я ўздыхнуў. Зрабілася сумна. Нічога не зробіш, маё юнацтва прайшло. А ўсё ж такі цікава пабудавана жыццё! Яго, нібы бясконцую эстафету, перадаюць з пакалення ў пакаленне. Што ж, мы сваю эстафету не так ужо і дрэнна неслі...
Калі на камені нікога не стала, я накіраваўся ў горад. Адчуваў цяпер сябе няёмка — будні дзень, а я блукаю тут, як валацуга, падглядваю за маладымі, быццам сам не быў такі.
Вельмі не люблю хадзіць па магазінах. Стася наказвала нешта купіць. Заглянуў у адзін, другі: ля прылаўкаў тоўпіліся людзі. Не штурхацца ж і мне тут?!. Быццам у нашым Гродне не тое самае?.. А чаго маім хлопцам не хапае? Жанчын толькі слухай!..
I я накіраваўся на ўскраіну, дзе некалі жыла цётка Антося.
4
Па дарозе да былой служанкі я ўбачыў бабульку. Яна пасвіла коз. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Старая каза з падвязаным вымем спакойна пасвілася ля тратуара, а маладая — паставіла пярэднія ногі на дрэўца ды зграбна, як гэта могуць рабіць толькі козы, аб'ядала лісточкі.
А ну, артыстка, пайшла! — шпурнуў я ў яе каменьчыкам.
Бабулька вінавата падхапілася і з залішне клапатлівай старэчай паспешнасцю пагналася за шкодніцай, нібы рабіць расправу.
Божа мілы!
Толькі цяпер я пазнаў у гэтай дачасна пастарэлай кабеціне цётку Антосю!
Ідзіце да майго дома, зараз туды прыйду і я! — калі мы павіталіся, сказала старая, трымаючыся як мага далей, каб я не разгледзеў яе трантаў.
Нельга было паверыць, што гэтая сухая бабуля ў падраным і нейкім іржавым, нібы кальчуга з музея Луцэвіча, світэры — разважлівая і некалі цвёрдая характарам цётка Антося. Сэрца маё сціснулася ад жалю.
Давялося вярнуцца ў магазін за падарункамі.
Праз гадзіну я знайшоў панадворак цёткі. Крапіва, старая салома, іржавае жалеззе — ногі можна паламаць!
Старая ўжо мітусілася дома. У хаце поўна катоў. Чорныя і шэрыя, малыя і вялікія, чыстыя і брудныя, гладкія і струпастыя — яны ўсюды лазілі, горда задраўшы хвасты, пацягваліся, выпускаючы кіпцюры, пазяхалі ружовеыькімі роцікамі або ў незалежных позах афрыканскіх львоў ляжалі на зашмальцаваных падушках, на падлозе, табурэтках, нават на стале і ложку. Паветра было цяжкае.
Што гэта ў вас, цётка Антося?! — асцярожна, каб не наступіць на каторага звера, здзівіўся я, прабіраючыся ў пакой.
Мае дзеткі...— сарамліва і вінавата адказала старая, не паднімаючы вачэй.
Навошта ж яны вам?
Падабрала, бедных, на вуліцы... Калі ж адной так жыць вельмі сумна!
Дык лепш узялі б сабе дзіця з дзетдома на выхаванне, а не гэтую дрэнь!
Чалавек сам дасць сабе рады, а беднаму зверу і пан Езус загадаў дапамагаць...
Старая здзяцінела.
Ну, раскажыце, як жывяце!
Вось так і жыву,— адказала жанчына на той мешанай, але мілай майму вуху польскай і беларускай мове, на якой размаўлялі да вайны віленскія служанкі, гандляркі рынкаў, вазніцы.— Нікому, дзенькі богу, не вінавата, і сама сабе гаспадыня!
5
Узяўшы ад мяне пакункі, цётка Антося ўпусціла іх на стол і ўспляснула рукамі:
Матко боско! Езус Хрыстус!.. Я ж вам галоўнага — перадачы ад нашай Дануські — не дала! Чаго ж я, старая, маўчу!.. Псік, не лезьце пад ногі, пачакайце! — старая кінулася да шуфляды ў чорнай і паточанай шашалем шафе.