Калі цыбаты адышоў, паліцаі замітусіліся і пачалі гэтаксама пінаць людзей. Найбольш вылучаўся адзін. У бінокль быў добра відзён яго твар. Я доўга думаў, каго ён нагадвае, і ўспомніў: рыжага капрала, з якім я сустракаўся на рынгу! Такія самыя запалыя вочы, каржакаватая фігура гарылы...
Мой знаёмы крыкнуў немцам:
Ferfig![25]
Усё было відаць як на далоні. Рэдка траплялася такая выгадная пазіцыя. Можна было адной аўтаматнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. А каб быў аўтамат і я іх напраўду разагнаў?.. Адыдуць ад страху і зловяць!.. Мне стала душна, на лбе выступіў пот.
Немцы вывалаклі з будаў чалавек з дваццаць арыштаваных і загадалі ім раздзявацца. Жанчыны лямантавалі, крычалі нешта і мужчыны, але раздзяваліся ўсе. Цыбаты заглянуў у кузаў і за адзежыну вывалак яшчэ адтуль дзяўчынку, кінуў яе на снег як ку-лёк:
— Mitnehmen diese Schei Be! [26]
Людзі паспешна пачалі раздзяваць і яе.
Нейкі голы дзядзька, сціскаючы ад холаду ногі, акуратна склаў на снезе вопратку і, паказваючы на яе рукой, папрасіў нешта ў паліцая. Рыжы яго здзяліў ботам. Тады бядак звярнуўся да бліжэйшага немца. Фашыст кіўнуў галавой. Чалавек нагнуўся, узяў шапку, надзеў. Мне быў добра відаць кожны пазванок на худой спіне, калі чалавек, згорблены, стаў тварам да ямы.
Ляскаючы ад узбуджэння зубамі, я палічыў: немцаў і паліцаяў толькі восем. Сабакі прывязаныя. Ссунься з гары, падкрадзіся, дастань пісталеты... Следна, глыбокі снег. Пойдзе аблава, нікуды не дзенешся: тут ля аэрадрома іх цэлая зграя. Не маю права зрываць задання...
Пакуль я вагаўся і раздумваў, затрашчалі аўтаматы, і ўсё было скончана.
...Прыцемкамі падаўся я на ўскраіну да цёткі Антосі. Пераапрануты ў немца, я меўся нібы канваіраваць групу яўрэяў з Данусяй у поле, адтуль — у лес. Аднак апрануць мундзір яшчэ мала. Нашы хлопцы пападаліся фельджандармерыі толькі па тым, што ішлі ў горад няголенымі, са змучанымі тварамі і ў брудным абутку. Трэба было прывесці сябе ў парадак. Цётка Антося здавалася для гэтага больш надзейнай за сувязнога. Да яе цягнула як да роднай.
4
— Данута ў Вільні! — сказала мне цётка Антося тое, чаго я чакаў. Жыве адно з маці... Вы тут пасядзіце, я ўраз злётаю па яе!
Не, не з гэтага трэба пачынаць: неабходна набрацца сілы.
Значыць, ужо не Дануся, а — Данута. Як яна жыве тут?.. Каб не пачуць штосьці страшнае, пытанне адклаў на пасля.
Не трэба! — вярнуў я жанчыну з парога. — Заўтра вечарам схаджу сам.
У горадзе многа немцаў, паз'язджаліся яўрэяў вывозіць!
— Нічога, што многа. Як-небудзь знайду выйсце. Пагутарым лепш, у нас ёсць пра што, праўда?
Аб чым вам, маладому, з такой старой гаварыць?..
Перастаньце ўрэшце баяцца! Я падобны на пераапранутага прадажніка? Няўжо я такі кепскі чалавек быў, што нельга верыць?!
Такі час, кожнаму ў душу не заглянеш...
Зірніце на маю бараду, прыклеена? А рукі якія, бачыце? Паказаць кашулю?
Сама бачу...
Тады чаго вы?
Памалу яна супакоілася. Я ўдакладніў:
Вы ўпэўнены, што немцы паз'язджаліся з-за яўрэяў?
Вядома! Тыдні два таму назад немцы пазабіралі ў іх заказы: хто даваў адрамантаваць гадзіннік ці боты, так і забраў неадрамантаваныя. «Усім вам хутка капут!» — заявілі ім немцы. Людзі ў нас толькі і гавораць цяпер пра гэта...
Праз нейкі час Антося нагрэла вады. Пакуль я галіўся, яна з маімі грашамі схадзіла да спекулянта па харчы.
У чыстым, мяккім ложку я праваляўся цэлыя суткі.
Увесь наступны дзень слухаў я цётку і чакаў вечара. Яна ўспамінала маладосць, службу ў генерала. Дзяцей сваіх яна не мела і ўсё сваё душэўнае цяпло аддала Данусі.
Старая апавядала, як Данусі-падлетку аднойчы пашылі зімовае паліто і яна кожны ранак выбягала на двор выглядаць, ці не выпаў снег.
Дакладна як мая сястра! — здзівіўся я.— А мне здавалася, у генералаў інакш...
Вядома, у звычайных людзей не гэтак,— задумалася жанчына.— Бацькоўскага сэрца не заменіш сукенкамі і настаўнікамі, добра ведаю, хоць сваіх дзяцей і не мела... Бацька бываў дома наездамі. Вялікі чын! Для паўнаты чалавеку яшчэ патрэбна і бацькоў-скае шчасце. Калі ты з крамы не нёс малому першай булачкі, не ведаў паху пратаптаных падэшваў яго туфелькаў — бацькоўокага шчасця ты не бачыў, хоць і маеш дзіця.
А яна мудрая!
Я пацікавіўся пра знаёмых. Левандоўскага і нават ксяндза, айца Валентага з інтэрната езуітаў на Зарэчнай, немцы расстралялі як заложнікаў.
А жыла ля вас там яўрэйская сям'я. Яшчэ ў іх была Бэта, насіла пісьмы Данусі...
З Залкіндаў нікога няма ў жывых. Бэта, беднае дзіцятка, расквітнела не ў час прыгажуняй. Летась у гета камандаваў нейкі фашыст Візэ. Не дай бог, што за чалавек! Чаго ён толькі не вытвараў з людзьмі!.. У яўрэяў ёсць звычай: калі сустрэнеш нябожчыка, якога нясуць на могілкі, мусіш яго правесці. Бывае, нясуць каго і сустрэнуць Візэ. Паганец загадвае ўсім узяцца за рукі, скакаць вакол нябожчыка і спяваць «Ідл міт а фідл»[27] Сам стаіць, падганяе, а яны пяюць і скачуць. Хто адказваецца або не можа, забівае на месцы!
Гэты Візэ і прыкмеціў Залкіндаву дачку. Ён загадаў прывесці дзяўчыну да сябе. Усе багатыя яўрэі мелі атруту. Але сабраліся старыя і давай, бедную, пераконваць:
«Бэцы, калісьці наша Эстэра стала палюбоўніцай Казіміра Вялікага, то мы і праз чатырыста гадоў памятаем і дзякуем ёй за дабро, што кароль зрабіў!»
«Бэцы, мы ўсе ў тваіх руках! Не дай нам загінуць, ахвяруй сябе для нас!.. Выратуй нас, Бэцы!..»
Яна паплакала, паплакала і згадзілася. Не змагла адгаварыць яе і Данута. Бедная, тры месяцы пражыла з фашыстам, але нічога ад яго так і не дабілася.
Аднойчы Візэ наладзіў баль. Сабраліся афіцэры з жандармерыі, гестапаўцы, перакладчык-белагвардзеец... Жандары жылі з гестапаўцамі што каты з сабакамі. Падпілі і давай адны адных пад'юджваць:
«Ага, ты намі камандуеш, прапаведуеш чысціню расы, а сам з жыдоўкай жывеш!» «Купілі цябе яны!»
Бачыць Візэ, што бяруць над ім верх, паклікаў ён Бэту і загадаў раздзявацца. Тады разматаў шнур і закамандаваў прывязаць яе да крэсла. Перакладчык прывязаў голую Бэту і адцягнуў крэсла пад сцяну. Павымалі яны пісталеты і пачалі страляць. Хто ў левае вока цэліць, хто ў правае, хто ў грудзі, калена...
За дзвярамі ў той час стаялі на варце два яўрэі з «Орднунг-дынст» Калі, бедную, пастралялі на рэшата, Візэ паклікаў вартавых і загадаў завалачы яе разам з крэслам за баракі ў яр!.. Так і загубілі.
Назаўтра мы з Данутай выкупілі яе цела за гарэлку ў паліцая, абмылі як маглі і пахавалі ў гарах.
Цётка ўздыхнула і рагамі хусткі выцерла слёзы.
Раптам нясмела пастукалі ў акно, я скочыў за камоду.
З сенцаў на кухшо Антося ўвяла яўрэйскага хлопчыка, наліла яму ў банку стравы.
— Каб вашы дзеці і ўнукі, дарагая пані, ніколі не ведалі, што такое голад! — падзякаваў хлопчык на адным дыханні, як гавораць малітву.
Вывеўшы госця, жанчына вярнулася са слязьмі на вачах:
— Тут каменні заплачуць, гледзячы на гэта, не толькі чалавек!
5
Я паступова так разнежыўся, што не хацелася пакідаць цёплую хату. Ні хуткая сустрэча з Данутай, ні пачуццё абавязку мяне ўжо не краналі. Што я адзін значу ў гэтым моры падзей?!.
Я мусіў напружыць усю сілу волі, каб сабрацца ў дарогу.
Пачало цямнець. Я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны, развітаўся з цёткай і пакрочыў у адпрасаваным і вычышчаным адзенні на ўмоўленыя кватэры.
Дзесьці ў лясах мерзлі партызаны. На франтах лілася кроў. З голаду, холаду і ад хвароб гінулі тысячы людзей у нямецкіх турмах. Як прысмак грызлі сырую бульбу і варылі суп з рамянёў нашы ваеннапа-лонныя за калючымі дратамі канцлагераў. У смяртэльнай трывозе чакалі свайго канца даведзеныя да вар'яцтва дзесяткі тысяч яўрэяў гета. Недзе не зляжалася яшчэ зямля, не прамерзла на свежай магіле ў Парубанку. А тут, на віленскай вуліцы, спакойна цякло сабе мірнае жыццё.