Литмир - Электронная Библиотека

«Партызанскай рамантыкі шукаеш, начыталася кніжачак! — падумаў я непрыязна.— Добра, што хутка вернешся ў цёплую кватэру з водаправодам і цэнтральным ацяпленнем!..»

Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Данута, каб пераапрануць яе ў вайсковае і даць аўтамат.

Я ўздыхнуў.

Ад чэрвеньскага вечара, калі лазіў на ясень, мінула амаль чатыры гады. Столькі падзей адбылося! Але каханне — дрэўца, якое расце, калі на яго мы і не глядзім. Я часамі не знаходзіў сабе месца.

— Вам — радыстка! — перарваў мае думкі прадстаўнік злучэння і паказаў на аўтаматчыцу: — За-бірайце!

Адну-у?

А колькі б ты хацеў, дзесяць?

Было з-за чаго валачыся!

Я ўжо вельмі шкадаваў, чаму замест бездапаможнай дзяўчынкі не далі мяшок толу або патронаў ці нават «сюрпрызных» мінаў, у іх хоць узрыўчатка добрая. З гэтай адно клопатаў набярэшся. Яна — не Зіна Кварцёнак.

Маё расчараванне заўважыў прадстаўнік. Ён вылаяўся на мароз, парыпаў нагамі, быццам у яго пад валёнкамі быў не снег, а сухі крухмал, нязграбна пагартаў паперы чырвонай набрынялай рукой і яшчэ раз зірнуў у спісы.

Атрад Чапаева?.. Зараз, дзе ён тут у мяне... Э-ээ...— пацягнуў ён угару...

Шымкас прыціснуў рукой адну ноздру, чхнуў з сілай праз другую і паскардзіўся:

Прастудзіўся дзесьці, маць яго за нагу!.. Ага, вось атрад Чапаева. Ну, чаго ты хочаш? Вам тут выпісана: радыстка — адна! Рацыя — таксама адна. Вунь яны стаяць!

Бачу сам...

Даць яму яшчэ што-небудзь!

Не крыўдзіце маленькага!

Падкі-інуць! — крычалі адвакаты за маёй спіной.

Барташэвіч, збірай сваіх хлопцаў і марш адсюль! Трэба адпраўляць самалёт ды разыходзіцца ўсім, пакуль нас не засеклі і не накрылі тут фрыцы!..

Я ўлавіў пакрыўджаны позірк дзяўчыны, але мне было не да сантыментаў.

Ну, айда, бярыце рацыю! — злосны на скупога літоўца, загадаў я сваім хлопцам.

Я сама! — неспадзявана цвёрда запярэчыла радыстка і закінула бляшаную скрынку ў зялёным футляры за плечы.

О-го! — здзівіліся партызаны.

На яе глядзелі дзесяткі пар мужчынскіх вачэй. Дзяўчына паспешна зашпільвала на грудзях рамяні. Далоні яе былі маленькія, а пальцы — тонкія, з чыстымі і старанна паабразанымі пазногцямі — дакладна як у Данусі!

Я адчуў сябе вінаватым і падышоў да радысткі:

Давайце, дзяўчынка, пазнаёмімся насамперш!

Не дзяўчынка, а дзяўчына! — падала яна кончыкі пальцаў.

Ух ты-ы!

Прытым у мяне ёсць імя — Станіслава Эдвардаўна Дварэцкая. Запамятайце сабе: Ста-ніс-ла-ва Эд-вар-даў-на Два-рэцкая! — паўтарыла яна. Узнімаючы шэрыя з заінелымі вейкамі вачаняты, з'едліва дадала: — А можна і таварыш Дварэцкая!

Ну і нарваўся наш Барташэвіч! — паспачувалі мне хлопцы.

Пагарэ-эў!..

Але ніхто не засмяяўся, Усім зрабілася няёмка перад гэтай сімпатычнай госцяй. Хлопцы ўжо з дакорам глядзелі на мяне.

3

Незвычайная была дарога ў лагер.

Нібы маім хлопцам хто ўвёў цудоўнае ўзбуджальнае лякарства, яно памаладзіла і дадало ім сілы.

Ніколі яшчэ так па-заліхвацку не сядзелі на галовах аблезлыя кубанкі з чырвонымі стужкамі. I ніколі ў партызан так не былі расхрыстаны грудзі. Кожны нібы казаў гэтым: а ну, каторы з нас най-больш не баіцца холаду, выбірай!

Усе вярцеліся перад Стасінымі вачамі. Нават перасталі лаяцца. А калі прыходзілі ў вёску, адзін перад другім галантна прапаноўвалі ёй немаведама як і дзе дабытае малако, масла, сыр.

Я сваіх хлопцаў добра ведаў. Раней калелі да смерці, а буданоў сабе не рабілі. То не было з чаго, то не было чым — проста валіліся ў снег, падцягвалі калені пад бараду і дрыжалі ў дрымоце. Затое для ра-дысткі на кожную днёўку ў момант спляталі буданчык — люба глянуць.

Толькі што скончылася Сталінградская бітва, і з Масквы перадавалі прыемныя весткі. На ўзбярэжжы Міжземнага мора саюзнікі таксама грамілі немцаў. Гэта яшчэ больш заражала хлопцаў энергіяй. Калі дзяўчына выказвала жаданне ставіць рацыю, кожны з партызан лічыў за шчасце круціць дынамку. Адзін перад адным лазілі яны па дрэвах, развешвалі антэну.

Не туды цягнеш! — спрачаліся.— Бачыш, якая тут густая елка!

Ну і што?

Што, што-о!.. Ведаеш, колькі ў яе іголках жалеза — магнітныя хвалі не будуць даходзіць у антэну! Стася не зможа прыняць радыёграмы!

Выдумвай!

Дубіна, слухай! Яна сама ўчора нам апавядала. Ты быў на варце якраз!

Ну-у?

Не нукай, не запрог!

То ў які бок цягнуць?

Так бы і спытаўся адразу! Бярэцца яшчэ за такую справу, ні шыша не разумеючы!

Даўно ты пачаў шмат ведаць!

Больш за цябе!..

Іншым разам радыстка, прачнуўшыся, расчырванелая ад цеплыні ва ўхутаным плашч-палаткамі буданчыку, нападала на партызана:

Таварыш Трухан, чаму мяне не пабудзілі на пост, калі падышла змена!

Стасенька, родная, далібог, забыўся! — захлынаючыся ад шчасця, што ўдалося ашукаць дзяўчыну, па партызанскай звычцы хлопец ужо называў яе на «ты».

Заўтра дзяжуру і за сябе і за вас!

Вядома, аддзяжурыш! Назаўтра паўтаралася тое ж самае.

Аднаго дня Стася яшчэ спала. А хлопцы ад холаду ўсхапіліся са снегу і стараліся сагрэцца: штурхаліся, тупалі, скакалі... Раптам Трухан закрычаў:

Глядзіце, што я ў кустах знайшоў! Партызаны абступілі яго, разглядаючы скураную рукавічку.

Чыя, ніхто не прызнаецца!

Добра ведалі, чыя рэч, і хлопцы, але не спяшаліся адказваць. Нібы гэта была не звычайная рукавіца з труса, толькі да смешнага малая, пашытая поўсцю ўсярэдзіну, а - сонца, якое ўсіх абагрэла.

Гляджу, штосьці ляжыць. Падымаю, ажно...— Шчаслівы Трухан трымаў рукавічку так асцярожна, быццам яна была з павуціння.

Кожны хацеў бы патрымаць яе таксама. А Трухан, бадзяга, на зайздрасць усім, яшчэ ўсадзіў свае брудныя і струпастыя пальцы ў шаўкавістую воўну:

А цё-оплая, кхэ!

Ну, ты! — закрычалі на яго адразу.— Гэта Стасіна!

Стасіна?

Не ведаеш!.. Пакладзі ў будан!

Хлопцы адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Яшчэ доўга я заўважаў, як стараліся яны пабыць адзін на адзін з сабой, як свяціліся іхнія вочы.

У групе былі бывалыя сэрцаеды, і кожны з іх меў яшчэ свайго балельшчыка. I як балельшчыкі ні стараліся падгледзець які-небудзь поспех свайго аўтарытэту, Стася была з усімі аднолькава ветлівая. А гэта вельмі інтрыгавала.

Яшчэ інакш радыстка ставілася да мяне. Яна ўмудралася гадзі-намі быць са мной і маўчаць, гледзячы на мяне нібы на пустое месца.

Стася была прыгожая, перад ёй так і хацелася парысавацца, паказаць сябе з найлепшага боку. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка і мяне заінтрыгавала. Толькі я быў у горшых умовах.

Гордасць не дазваляла набівацца са сваімі паслугамі, бо гэта выглядала б так, нібы выкарыстоўваю службовае становішча. I пасля сцэны на аэрадроме было брыдка. А прасіць прабачэння не прывучылі мяне змалку. I са Стасяй я не гаварыў. Толькі зайздросціў сябрам, што могуць адкрыта ёй зрабіць паслугу, і крадком пазіраў, як радыстка з жаночай нязграбнасцю ў ватных штанах месіць снег. Моўчкі ішоў я следам і лаяў сябе за нетактоўнасць.

Так мы і брылі чатыры дні.

4

Падыходзілі мы да крыніц. Праклятыя, іх нават не адзначылі на картах-кіламетроўках, а ў прыродзе яны існавалі.

Крыніцы гэтыя перасякалі балота ў некалькіх мясцінах. Іх зімой не скоўваў лёд. У вялікі мароз з іх толькі валіла пара, і народнае павер'е сцвярджала, што там зімуюць лебедзі.

У наш лагер вялі тры дарогі. Адна — каля стаянкі атрада Арміі Краёвай[19], яна адпадала зусім. Заставалася другая, далёкая, або трэцяя — праз гэтыя балоты.

Калі б крыніцы замерзлі, у лагер мы прыйшлі б на суткі раней. Так апрыкраў холад, што мы згадзіліся б ісці і скрозь агонь, абы хутчэй дабрацца да цёплых зямлянак. Чамусьці апошнія метры здаюцца найцяжэйшымі.

Я адправіў на балота разведчыкаў, а групу павёў на знаёмы хутар. Праз нейкі час мы апынуліся ў хаце.

I тут мае хлопцы рысаваліся перад Стасяй. Удыхнуўшы цёплага паветра, партызаны напоўнілі памяшканне маладымі бадзёрымі галасамі: глядзі, якія мы тут свае, як мы хутка дамаўляемся.

59
{"b":"556142","o":1}