Мая група павінна была адцягваць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці, хаваючыся за будынкамі, наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць на штурм. Адным словам, мы выконвалі ролю жывых мішэняў, загадзя ахвяраваных, абы толькі ўдалася аперацыя.
Ляжалі мы ў барознах сярод аслізлых колікаў, што засталіся ад агарожы, і леташніх бадылёў. Каб не даць праціўніку прыцэліцца, барозны мы часта мянялі. Не краталася са свайго месца толькі Зіна. Мо ранена?.. Мы з Казаком падпаўзлі бліжэй.
Чаго не пераходзіш у іншае месца?! — закрычаў я, убачыўшы, што дзяўчына заядла лупіць з вінтоўкі ў паліцаяў.
Лужыну нагрэла! — заўважыў Колька.
Ну і нагрэла, шкадую пакідаць! Не перашкаджайце!..
Паміж бункерам і намі стаяў мураваны дом. У ім заселі паліцаі з ручным кулямётам. Потым на такую службу немцы бралі і крывых і сляпых. У крупкінскі гарнізон яны паступілі па першаму набору. Усе мелі не ніжэй ста сямідзесяці шасці сантыметраў вышыні, былі дужыя, добра абучаныя — небяспечныя і смяротныя ворагі, з якімі справіцца было нялёгка.
Раптам з мураванкі перасталі страляць, відаць, скончыліся патроны. З бункера туды папаўзлі дзве жонкі паліцаяў. Яны валаклі торбы з дыскамі.
Куды прэце, сцервы! — раззлавалася дзяўчына і, пакуль мы агледзеліся, папаўзла наперад.
Зіна, пачакай! — закрычаў я.
Яна не паслухалася.
От баба дурная! — вылаяўся Колька і падаўся за ёю.
Ад бункера іх прыкрывалі сцены мураванкі, а паліцаі ўсё не стралялі. Колька з Зінай паўзлі па адкрытым месцы. Каб падтрымаць іх хоць як-небудзь, я не даваў магчымасці падняць галавы жонкам паліцаяў, выпускаючы раз-пораз кароткія чэргі.
Перад домам Колька прыпадняўся і адвёў назад руку, каб шпурнуць гранату ў пустое акно, але з глыбіні будынка раптам секанула чарга. Я выразна ўбачыў, як адначасова з гэтай чаргой на шырокіх плячах партызана выскачыў радочак з кавалачкаў кажуха: апошнімі патронамі паліцаі прашылі Казака навылет. Хлапец мякка асунуўся на мокры чарназём паміж леташніх пнёў капусты.
Коля! Казак! — ускрыкнула Зіна і пацягнула партызана за бот, але хлапец ужо не варушыўся.
Яна схапіла яго гранату, праверыла ўзрывальнік, кінула яе праз акно і стаілася за сцяной. Пасля выбуху адважна палезла на падаконнік.
Я паклікаў хлопцаў і таксама пабег да будынка. Там была добрая пазіцыя: моцныя сцены, а з даху можна было заглянуць за вал.
Калі мы забеглі ў будынак, Зіна праз задняе акно ўжо пастраляла паліцыянтавых жонак.
4
Аднак цешыцца «мясцовай перамогай» давялося нядоўга.
Партызаны, якія меліся перад атакай перарэзаць тэлефонную лінію з Крупак, не выканалі ў час задання. I гарнізон паведаміў суседзям пра небяспеку.
Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення.
Трэба было хутчэй дабрацца да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Мы зняліся з пазіцыі і пабеглі, хаваючыся за ўзгоркамі.
Але і гарнізон не драмаў. Пад прыкрыццём станкавых кулямётаў і дробнакалібернай гарматкі высыпалі з бункера немцы з паліцаямі. Браневікі пачалі разварочвацца на гасцінцы і заходзіць нам напе-рарэз.
I, як заўсёды ў такіх выпадках, бяда не прыходзіць адна.
У нас быў з сабой мінамёт з чатырма мінамі. Тры мы выпусцілі па гаршзоне ў час наступлення, чацвёртай нямецкая разрыўная куля трапіла ў стабілізатар.
Камандаваў намі капітан Фамін. У нашых лясах ён быў з першых дзён вайны: трапіў у акружэнне са сваім эскадронам. Гэты велізарнага росту адважны сібірак гаварыў нізкім густым басам такой сілы, што мы часта смяяліся:
З яго голасам толькі на плошчы стаяць замест радыёрупара!
Убачыўшы, як фашысты высыпалі з бункера, Фамін грымнуў:
Сто-ой, хлопцы! Я адгэтуль секану па іх з кулямёта, а вы ў самую гушчу кіньце апошнюю!
Яна ж з пасечаным стабілізатарам, таварыш камандзір, - узмаліліся мінаметчыкі.
— Даляціць, кідай!
Перакруціўшыся некалькі разоў у паветры, міна шлёпнулася якраз ля Фаміна і яго ад'ютанта і разарвала абодвух на кавалкі.
Вестка аб смерці камандзіра дайшла да нас у той час, калі мы ўбачылі браневікі. Узнялася паніка.
Партызаны пабеглі ўжо не азіраючыся. Уцякалі бяздумна, як цячэ вада з вышыні, і спыніць іх было ўжо немагчыма. Дарэмна камандзіры стараліся навесці парадак у сваіх узводах. Дарма і я крычаў на сваіх.
Толькі калі дабеглі да збавеннага алешніку на балоце, я здолеў авалодаць сваім узводам і загадаў хлопцам заняць кругавую абарону.
Задыханы і ўзбуджаны, я доўга не мог скеміць, каго ж такі ў мяне не хапае, чаму шаснаццаць чалавек, а не васемнаццаць?!. Нарэшце дайшоў да ладу. Не было Казака і Зіны.
5
Калі дзяўчына адстала, мы і не заўважылі. Немцы загналі яе ў балота, а яно месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся з галавой.
— Вось яна, красу-уня! — зларадна закрычаў паліцай.
Не страляць, бяры жывой! — пераможна загадаў камендант і, нагінаючы пад ногі сабе кусты і сухое трысцё, першы палез у дрыгву.
I паліцаі, і камендант былі мясцовыя людзі. Для мяне заўсёды была вялікай загадкай псіхалогія здрадніка. Ліха яго ведае, як можа чалавек дайсці да такой нізасці, каб вось так старанна і з упаеннем праследаваць сваіх, выслужвацца перад тым, хто не ставіў яго ні ў грош.
Заходзь ёй з тылу!— узбуджана, з азартам крычаў другі паліцай.
Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі рваныя шматкі — так яго пасекла кулямі і асколкамі. З усіх бакоў трашчалі кусты. Чвакала балота, цяжка дыхалі ворагі. Заставаўся апошні патрон, што рабіць?
Дзяўчына паставіла на купіну вінтоўку, прыклалася віском да канца ствала і наском паспрабавала наступіць на спускавы кручок. У гэтую хвіліну яна, канешне, не думала аб геройстве, яна ведала — зло-вяць жывой, будзе горш.
— Хутчэй, а то застрэліцца партызанская шкура! — падганяў паліцаяў камендант.
А от і не возьмеш! Паспрабуйце, бобікі чортавыя, паслужнікі Гітлеравы! — упарта цвярдзіла Зіна, паспешліва шукаючы нагой спускавы кручок.
Узрушаная, яна трапіла нагой на скабу. Прыклад залез аж па магазінную каробку ў твань, і вінтоўка не стрэліла.
Зіна вырвала прыклад і пашукала больш цвёрдае месца.
Якраз у гэты момант падаспеў я. Дыскі мае былі пустыя. Спыняючы на полі партызан, я да таго ахрып, што зусім страціў голас. Але маё з'яўленне было для паліцаяў вялікай нечаканасцю. Яны на хвіліну разгубіліся, гэта і вырашыла справу.
З маіх грудзей вырвалася дзікае рычанне. Я з усяе сілы замах-нуўся на крайняга паліцая і са здавальненнем адчуў, як пад маім дыскам хруснуў яго чэрап. Больш замахвацца не было часу. I тут ва мне прачнуўся баксёр. Наступнага я збіў магутным хукам з левай у сківіцу, трэцяга здзяліў пад грудзі, і яны абодва папаўзлі ў гушчар. Я нагнуўся, каб забраць у забітага вінтоўку і наган.
Зіна ўпала на купіну і заплакала.
Ты што, ачумела, нашла месца? — накрычаў я.— А ну, уставай і марш да сваіх хлопцаў!
I нікуды я не пайду-у,— выбухнула яна горкімі слязьмі.— Ідзі сабе, а я тут застану-уся... Я не магу, не хачу ўставаць...— Плечы яе ўздрыгвалі ад спазмаў.
Прыйшлося ўзваліць яе, расслабленую, сабе на плечы і валачы.
Памалу яна супакоілася. А потым я адчуў, што Зіна ўздрыгвае ад стрыманага смеху:
Ты чаго?
Ну і паўзлі яны па дрыгве ад цябе, як уюны! — рассмяялася яна ўголас— Ваня, а ты мяне зноў выратаваў. Каб не ты, мне — капут! Ну, пусці, пайду сама!
Падзякуй Янкоўскай, што навучыла боксу.
Каму-каму?
Жартую... Бачыла, які наган сабе здабыў?.. Марш уперад, а то згубішся яшчэ ў гушчары!
Не раз і Зіна ратавала мяне.
6
Летам пабылі ў нас дэсантнікі і пакінулі свайго разведчыка — Юзіка Савоську. Гэты чалавек папаў да дэсантнікаў выпадкова. Яны яго раскусілі і вырашылі часова камандзіраваць да нас, каб потым заняцца яго лёсам. Мы гэтага тады не ведалі і думалі, што ў яго важнае заданне.