Литмир - Электронная Библиотека

Пры ўсім нашым прагрэсе, на жаль, і цяпер можна назіраць такія погляды на дасягненні таго ці іншага літаратара.

Вакол зямлі паляцяць два сабачкі, то некалькі дзён пра іх будуць пісаць усе газеты СССР (хоць праз два тыдні пра выпадак грунтоўна забудуць), а калі б у нас з'явіліся новыя «Людзі на балоце», то ў «ЛіМе» змясцілі б невялічкую рэцэнзію, і толькі. Я не супроць сабачак. Я за тое, каб ажыятаж вакол іх не рабіўся за кошт дасягненняў сумлення і душы народа.

Ствараецца ненармальнае палажэнне на нашым фронце. Мабыць, рэдка калі аж так праяўлялася адміністрыраванне літаратарамі і літаратурай. Часамі адмаўляецца аўтару права на паказ заганных бакоў нашага жыцця.

Калі радар вядзе самалёт праціўніка, у яго апаратуры ўлічваецца тэмпература паветра, хуткасць самалёта, паталок і яшчэ сотня дадзеных, інакш убачаны вораг візуальна не перакрыецца ў прыцэле зеніткі з ценню на экране і са стрэлу атрымаецца фіга з макам. Калі ты, апісваючы героя, не возьмеш пад увагу ўсе моманты з жыцця народа, дык герой твой не перакрыецца ў сэрцы чытача.

Толькі раўнадушны чалавек, якому не дарагія нашы заваяванні, што дасталіся такім дарагім коштам, можа праходзіць міма адмоўных бакоў нашага жыцця, не ўзнімаць іх у творах.

Ці ж у нашай краіне так усё ўжо гладка?

На Гродзеншчыне цяпер усё ў квіценні яблынь, груш і сліваў. Ці магу я памірыцца з тым, што восенню мы будзем фруктамі карміць зноў жывёлу, а пасля Новага года — слівы і памідоры есці балгарскія?

За апошнія гады ўпаў у цане наш рубель. Ці магу я памірыцца, што даём мы яму падаць, што ніхто не гаворыць пра гэта?

Крытыкуючы паасобныя творы, чаму мы не асуджаем і тыя ўмовы, якія даводзяць аўтараў да крайнасці?

«Хлусня — рэлігія слабых!» — сказаў Горкі. Пра гэта ведалі і раней (між іншым, яшчэ 100 гадоў таму назад Мікалай I, пабыўшы на прэм'еры «Рэвізора», сабраў назаўтра чыноўнікаў і загадаў: усім паглядзець абавязкова спектакль!). Памятаючы гэта, глянем і мы праўдзе ў вочы.

Мабыць, даўно ў нас не было такога становішча, каб рэдакцыі вярталі аўтарам столькі раманаў, аповесцей, апавяданняў, п'ес, вершаў і паэм.

Яшчэ некалькі гадоў таму мы перажывалі буйную хвалю анекдотаў. Армянскіх. Маскоўскіх. Разанскіх. Ішло як бы спаборніцтва паміж гарадамі, рэспублікамі. Па гэтым пытанні былі нават рашэнні партыйных органаў, але гэта толькі выклікала новыя іх хвалі.

Анекдоты адпалі самі па сабе, калі не стала прычын, якія іх спараджалі.

Цяпер якраз перажываем хвалю так званага самвыдата. Ад Гродна да Уладзівастока, ад Архангельска да Сухумі ходзяць па краіне рукапісы аўтараў. Людзі іх зачытваюць да дзірак, не лічачыся з часам, перапісваюць нанова і перадаюць далей. Пераважная большасць гэтага самвыдата — таленавітыя творы нашых вядомых пісьменнікаў, і праз год-два бачыш іх нават у друку.

Ці да твару нам гэтая з'ява? I ніякімі забаронамі яе не спыніш, калі не зменіш атмасферу ў рэдакцыях, якая з'яву спараджае.

Ой, яшчэ ў нас не ўсё гладка!

Нядаўна я прачытаў у польскай газеце такую сабе бяскрыўдную інфармацыю. На мітынгу ў нейкім горадзе ў Егіпце выступаў Насэр. Як бацька, як звычайны чалавек, ён паскардзіўся 40-тысячнаму натоўпу, што яго дачка праваліла ўступныя экзамены ў Каірскі універсітэт. Я ведаю добры дзесятак дачок і сыноў некаторых адказных работнікаў, якія ў школе вучыліся на троечкі, калі ж дайшло да экзаменаў у гродзенскія ВНУ, пры страшэнным конкурсе яны раптам дружна ўсе атрымалі пяцёркі. А гэта адбываецца на вачах у народа. Зусім тут не хачу выстаўляць у дрэнным святле нашых кіраўнікоў. Мне, як савецкаму патрыёту, вельмі ж крыўдна: будуем Асуан, а ў нечым прынцыповым варта і самім павучыцца ў арабаў.

Мне моладзь падабаецца. Нават з яе танцамі, прычоскамі і модамі. Шкадую, што не магу такіх і я насіць. Пры сустрэчах з моладдзю надта хутка знаходжу агульную мову. Я, у мінулым заядлы камсамолец-падпольшчык, радуюся, што і ў сённяшнім камсамоль-скім племені жывы інстынкт да дзеяння. Камсамольцы робяць шмат для краіны і нашай ідэі. З-за вялікай любві да іх не магу мірыцца са з'явамі, якія часамі дапускаем сярод нашых дзяцей.

Ці не ў камсамоле побач з героямі нараджаюцца і асобы без сваёй думкі, угоднікі, кар'ерысты, падхалімы ды людзі — чего изволите? Могуць мне сказаць, што такіх мала. Гэта не апраўданне. Прырода кар'ерыста такая, што ён адзін можа знявечыць намаганні тысяч герояў. На жаль, вопыт — не залаты гадзіннік, які ад бацькі пераходзіць да сына. I недастаткова яшчэ ўсвоіць лозунгі і вывады камуністычнай навукі, іх трэба прапусціць праз свае жылы, мазгі і кроў.

Чаму ж часамі ствараем для моладзі інкубатары, а не ўмовы, дзе б яны вучыліся здабываць вялікую праўду жыцця ў мазалях, барацьбе, як здабывалі яе мы самі?!

У нас чамусьці не прынята выступаць супроць такой катэгорыі тыпаў, як кар'ерыст, дагоднік. Кажуць, тлумачэння слова даносчык няма нават у слоўніках. А даносчыкі існуюць у нас не толькі ў выдавецтве «Беларусь». Між іншым, аднаго там я назваў гэтым ганебным тэрмінам. Назваў спецыяльна пры сведках, каб ён меў магчымасць падаць на мяне ў суд ці на партбюро. Дудкі, нікуды не падаў. I не выклікаў мяне на дуэль. Ён нават шчасліва ўсміхнуўся, бытта яму паказыталі за вушкам.

Чамусьці прытупіліся, ой, прытупіліся ў нас крытэрыі сумлення, гонару, прыстойнасці. Да таго часамі назіраецца падзенне маральных крытэрыяў, што месцамі бярэ верх мяшчанскае разважанне, якое нічога агульнага не мае з марксізмам. Іншы табе будзе хоць цэлы дзень слухаць яўнага балбатуна, які на трыбуне таўчэ ваду ў ступе, і з дзіўным стараннем абзаве таго чалавека наіўным, хто кажа ўсё, што думае.

Пералічваючы балячкі нашыя, мы не можам бачыць, як некаторых людзей пакалечыў культ. Ад таго, што чалавек такі век свой адно ведаў падпарадкоўвацца загадам зверху, у яго, беднага, атрафіравалася здольнасць самастойнага мыслення, знікла прыродная чалавечая рыса не ісці наперакор свайму сумленню. Загадаюць яму сеяць кукурузу на нашых пясках замест лубіну — прымусіць сваіх падуладных яе сеяць. Скажуць заараць лугі, канюшыну,— заарэ і іх. Прагаласаваць за два аблвыканкомы? Калі ласка! Яшчэ выступіць у газеце і ўяўныя поспехі новага парадку падмацуе кашчунна цытатамі з Леніна. Праз два гады выканкомы і абкомы аб'яднаюць, ён напіша другое і зноў падмацуе свой артыкул Леніным. I не пачырванее перад людзьмі, якіх дурыў, з дзіўнай бяспечнасцю ў апраўданне скажа:

— Партыя тады ставіла адны задачы, цяпер — другія!

А тое, што партыя яму нагадвала яшчэ і думаць ды не губляць сумлення, да яго бытта не адносіцца.

Аднойчы я назіраў такога чалавека, калі ён даваў загад свайму інструктару напісаць даклад. Не саромсючыся мяне, ён яшчэ дадаў:

— Кіркевіч, ты толькі добра яго папішы, бо з дрэнным прымушу выступаць самога!

Хіба можна сабе ўявіць Леніна, каб яму хтосьці пісаў даклады?

Разумею, з таго часу краіна вырасла. Сакратару ЦК для даклада, мабыць, трэба выкарыстаць паслугу і не аднаго інструктара. Але ж чаму мода гэтая практыкуецца зверху да раённага цэнтра? Гэтак і там часамі выступаюць з разносамі пісьменніка, не прачытаўшы ніводнага яго твора.

Гэтак «пішуць» артыкулы ў газеты. Здараецца, нават — дысертацыі. Не дзіва, што людзям такія артыкулы і дакладчыкі набілі аскоміну, аўтарытэт кіраўніка ўпаў. А з чаго яму быць, з адной цікавасці да футбола? Не можа яго быць у такога кіраўніка, нават калі цікавасць гэтая шчырая і разбіраецца ён у ігры футбольных каманд выдатна.

На долю такіх людзей выпаў пялёгкі час. Па-чалавечы можна іх і пашкадаваць. Толькі ж яны маюць уплыў на наша жыццё, а сумленны пісьменнік, якому дарагія дасягненні краіны, праходзіць міма такой з'явы не можа.

«Творчасць — не юбілейныя рэчы, яна трудная, як акт нараджэння дзіцяці» (Кайсын Куліеў). Не лёгка быць пісьменнікам? Што ж, як сказаў мой зямляк Адам Міцкевіч: «Паэт не мае права быць шчаслівейшым за свой народ!» У нас яшчэ не камунізм.

Асабліва дастаецца нашаму брату на перыферыі. Вядома, чым начальства ніжэй па сваёй адміністрацыйнай лесвіцы, тым яно... А сярод мастакоў якраз наадварот — Рэпіны прыходзяць з Чугуева.

116
{"b":"556142","o":1}