Литмир - Электронная Библиотека

Альяш (трымае дзверы). Не пускайце!..

Г о л а с. Ведаем, дзе ты, ашуканец!..

В о л ь г а. Тату, лезце сюды! (Адчыняе пячную засланку.)

Урываюцца разлютаваныя фанатыкі з дручкамі. Хапаюць прарока, усімі кіруе Антанюк. Пісар дае драла.

А л ь я ш (дзівіцца). Іване, і ты з імі? Іюда Іскарыёцкі!

А н т а н ю к (вінавата). Слухай, Альяш. Столькі людзі патраціліса! Валачылі табе пасцілкі, кужаль, авечак. Гаспадаркі распрадалі, млыны, крамы ды пааддавалі тваім памочнікам грошы, а нічого не споўніласо! Народ бунтуе! Кажуць, Альяш Клімовіч — ніякі не прарок, а — пераапрануты афіцэр Булак Балаховіча!

Г а л а с ы. Прыкідваўсо праведнікам, а ў самого — мяшкі золата і брыльянтаў закопаны ў агародчыку! — Ты выстаўляўсо, што не п'еш, а самаму аж з Варшавы віны ды лікёры прывозілі! Толькі цяпер мы даведаліса!

А л ь я ш. Плёткі!

Бацька вар'ята. А што Тэклю купіў... тваю маць, за золато ў Жоржа Делясі, таксама плётка?!

А н т а н ю к (смялей). Чуў?! I мы хочам праверыць цябе — распнём на крыжы. Калі ты святы, то нічого з табой не станецца — на трэці дзень уваскрэснеш! Калі ж афіцэр, тады...

Мужыкі паказваюць піку і венчык з калючага дроту.

Г а л а с ы. Бы сабака на ім здохнеш! — Тры дні нікого не падпусцім! (Паказваюць дручкі.) — Ні войта, ні паліцыянтаў! Нават сам Пілсудскі, калі сунецца са сваім войскам, — ніц не даб'ецца, бо нас на двары много!

А н т а н ю к (паказвае малаток, конскія ўхналі). Надто не бойса, я табе гэто ўмомант зраблю, не паспее і забалець!

А ў х і м ю к. Ты іх спарадзіў, яны цябе і вырашаць — во!!!

В о л ь г а (абнімае бацьку). Во-ой, татачку, не маўчыце, вас жа на крыж будуць распінаць!..

В о л е с ь. А ці падумалі вы, што паліцыя ўсіх вас да козы пазабірае і потым судзіць будуць? Угалоўшчыну прышыюць — ахвота вам па турмах кукаваць?

А н т а н ю к. А навошта ён байкі баяў і людзей дурыў? Мы за справядлівасць! За гэто можно не толькі да козы і ты нас не палохай! Не штука стаяць за праўду — ты за праўду пасядзі!

В о л е с ь. Хто застаўляў цябе верыць? Унь з дзядзькам Аўхімюком мы абодва з гэтай вёскі. Запытай нас, ці што-небудзь з Альяшоваго трызнення мы прымалі ўсур'ёз? I бабам сваім не давалі мардавацца! Вам жа ўсё гэто падабаласо, то і маеце! Пазашываліса ў сваю пушчу і думаеце не тым месцам. (Запускае пальцы мужыку ў бараду.) О, ён ад каляд не мыўсо нават — гаспадарлівы надто, эканоміць на мыле! На табе недзе вошай, бы на паршывай сучцы блох!

К р ы к (з-за дзвярэй). Не слухайце яго, гэто — гарадскія агітатары! Падаслалі нам цацалістаў балахоўца ратаваць!

А н т а н ю к (катэгарычна). А ну, Ілья, на крыж!

В о л ь г а. Во-ой, татачку!..

А л ь я ш. Можно і на крыж, думаеш — збаюсо? Хрыстос явіў прыклад, каб мы ішлі яго следам. Для мяне — найвялікшае шчасце прайсці па цярністым ЯГО шляху і быць за народ укрыжаваным. Але ж я — толькі што з поля вярнуўсо! Хацеў адразу ў Крынкі... Во, і рукі ў зямлі нават... Акучваў цэлы ранак бульбу, не маю ў сабе святасці. Дайце памаліцца гадзіну, сілу святую ўвабраць, тады рабеце са мной, што хочаце — на ўсё воля боская, бо я, людзі, —нявінны. (Бухае на калені перад лампадай.) Ойтчэ наш, іжэ ясі на небясі, да свяціцца... імя тваё, да прыдзе...

Мужыкі заклапочана чэшуць патыліцу.

Г а л а с ы. Мо і праўду чалавек кажа?! Калі захочаш, тады і святым становішса, нават не памыўшыса? — Шчэ і з гноем на ботах, вярнуўшыса з хлява? (Мужык кірцюром грэбае па Альяшовай падэшве, нюхае палец, моршчыцца.) Тады кожны святым стаў бы! — Мо хай, хлопцы, памоліцца? — А як уцячэ? Балахоўскія афіцэры, ведаеш, якія вёрткія? Бы вужы! Адзін у тую вайну, разумееш, зайшоў да мяне, папрасіў...

А н т а н ю к. Ша! Мы не бусурмане якія — хай чалавек моліцца! Нас тут пяць соцен, ад такой грамады нікуды не дзенецца! Выстаўляем варту, астатнім на мурог — спаць! Зробім гэто, калі сонцо ўзыйдзе, шчэ будзе і лепш! Айда ўсім на двор!

З грукатам мужыкі выходзяць. Зяць кідаецца да акна і спрабуе адчыніць. Вольга дапамагае.

А ў х і м ю к. Папаўсо, рызыкант?! Дзе твае апосталы, дзе твае тыя жулікі — Рогусь твой, Данілюк, святыя дзевы? Пацалуй іх у сраку! Пакінулі цябе аднаго з ашалелымі сектантамі і паўцякалі! Ты іх спарадзіў, яны цябе і рашаць! Не ўратуе нават матка боска і грошы! (Б'е нагой па торбе, з яе вывальваюцца жмуты купюр.)

А л ь я ш. Верую ва ядзінаго Бога айца, уседзержацеля тварца... Дальбо, праўда, Базыльку! Гэтым людзям я ўсю душу, усяго сябе, а яны... Для іх найлепшыя званы раздабыў, толькі ў Кракаве такія ў касцёлах — на пяць тысяч адваліў! Хай, думаю, маюць файныя, з малінавым звонам, з рысуначкамі!.. Не, самі яны ніколі на такое не пайшлі б! То папы іх падаслалі! Ненаедныя кудлы ўсё могуць! I цацалісты ваду муцілі, бо я ім папярок горла стаў! Брата маго спляжылі, потым Распуціна забілі і пад мяне даўно падкопваліса!.. Але чаму, скажы, народ паддаўсо на чужую дудку.

А ў х і м ю к. Ы-ых, ты — зноў за сваё?! Сівая барада, а ёлуп ёлупнем, нічого цябе ўжэ не переменіць, капут!

А л ь я ш. Ёлуп, Базыль, шчэ й які! Падумай сам: я ж для іх Вершалін будаваў, стараўсо, на тваіх вачах усё было, скажы? I на высокім падмурку зрубы клаў, і на вапне, як у пана Гурскаго, з ганачкамі і горкамі! Майстроў самых лепшых ім раздабыў, нават каляровае шкло аж з Бярозаўскай гуты прывёз за сем тысяч, карпаў у ставы пусціў, лебедзяў прывалок з Гродзенскаго заапарка, а яны — ненаеднаму архірею, цацалістам прадаліса, на іхнюю руку пайшлі!

Т э к л я (улятае разлютаваная). Ці я табе не казала — не начуй у сваёй хаце, не заходзь у яе нават?!

А л ь я ш. З поля зайшоу торбу ўзяць!.. Гэто іх гродзенскі архірэй падбухторыў! Я ж да яго, кудлатаго, дабярусо!

Т э к л я. Ці не прасіла цябе шчэ ўчора — выедзем адгэтуль, бо павар'яцелыя сектанты ўсяроўно жыць не дадуць! Ці дваццаць, тысячу разоў не маліла?

А л ь я ш. Хто гэто думаў, каб прыбіваць мяне да дзерава ўхналямі?! Я ж іхняго грошыка сабе не ўзяў, ні разу не выпіў, не з'еў лішняго — ты ж, Тэклечка, ведаеш, а яны мяне — на крыж!

Т э к л я. А варто было б, каб павісеў крыху — разумнейшым стаў бы мо! Старое ты падло — табе свет вучыць, як жыць?

В о л е с ь (адчыніўшы акно). Дзядзьку Альяш, лезце сюды — на падворку вяскоўцы нашыя вартаўнікам зубы якраз загаворваюць!

А л ь я ш. Ха! (Усхопліваецца.) От, добро!.. Ну, я ж ім, гнідам, цяпер пакажу!!!

А ў х і м ю к. Паўзі, паўзі праз акно з уласнай хаты, бы злодзей які! Ото ж нарагочуццо заўтра людзі, калі бабы разнясуць па вёсцы, як ты ратаваўсо ад сваіх багамолаў! Сам пастараюсо размаляваць! Артыст з пагарэлаго ціятра! (З Тэкляй выпіхваюць прарока праз акно. Відаць, як кабета пачынае нявенчанага мужа лупцаваць.) На і свой капітал! (Шпурляе торбу.) О, усып яму, Тэклечка, каб людзей больш не баламуціў, надзяры добро вушы лайдаку!

У хату ўрываюцца разлютаваныя мужыкі і бабы.

Жонка Антанюка. Пустая?! Так ён нас і чакаў тут!

М а ц і в а р'я т а. Няўжэ — уцёк?! Мы ж засталіса галюткімі, бы рудыя мышы!.. А, забяру хоць гэто! (Зрывае са сцяны рэшата.)

Людзі ўмомант расхапалі ўсе рэчы. Выдзіраюць адны ў адных кошыкі, коціцца па падлозе бульба.

Г о л а с. Гаўнаедка з Палеся! Гэто маё-о! Я хапіла раней!

А н т а н ю к. Людзі, адумайцеса, трэ гэтага [...] знаісці! Нікуды не падзенецца, калі дружно ўзяцца!

Жонка Антанюка. Праўду мой Іван кажа — Альяш недзе шчэ блізко, нас гэткі кагал, бяжэм!

Умомант памяшканне пусцее. Яно выглядае, як пасля пагрому. Перакулены стол, лавы, парваны блакнот, рассыпана бульба. У кутку ўсё таксама моліцца Піліпіха.

Ж а б р а к. От, скажы, як Альяш у Госпада на прыкмеце: зноў уратавала боская моц! (Паднімае блакнот, здувае смяцінкі, з любоў прыціскае да грудзей.) Дачакаўсо, праведнік, пра сябе Біблію нават! Сшытак яму перадам, то мо і за мяне слоўцо перад Госпадам закіне! Паміраць скора, а я — грашыў, ой, грашыў!

113
{"b":"556142","o":1}