Ганна НАВАСЕЛЬЦАВА
ЛЕСАВІК, ВАДЗЯНІК, ПАЛЯВІК
Міфалагічны трыпціх
ЛЕСАВІК
Задумаў аднойчы стары пушчанскі лясун-лесавік стаць зычлівым, ласкавым, добрым. З людзьмі пасябраваць... Вырашыў так, дый годзе. Разважыў усё як след, па сцежках зглушэлых прайшоўся. Зайцам, вавёркам строгі наказ даў:
— Людзей не крыўдзіць, капусту ды моркаўку з град не цягнуць, шышкамі не кідацца.
Здзівіліся зайцы і вавёркі. Нічога ж яны з гэтага і так і не рабілі, сумленна жылі з таго, што даваў ім лес.
— Ну і што? — сказаў паважна лесавік. — Не рабілі, а раптам уздумаеце? Дык я вам наперад сказаў, што не трэба так.
Пакланіліся зайцы ды вавёркі лесуну, пайшлі па сваіх справах: траўкай салодкай ласавацца, грыбы ды шышкі збіраць. А лесавік той прысеў на замшэлы пень ды пачаў думаць думу:
— Гэта праўда, зайцоў ды вавёрак я папярэдзіў. Але ж у маім лесе яшчэ процьма іншых звяроў... Ці ж пагодзяцца лісы не красці з вёсак курэй? А каб які воўк ды не сцягнуў з чарады ягня? Ды і мядзведзі ў зладжаныя чалавечай рукой вуллейкі па мёд лезуць... Як жа мне так зрабіць, каб і гэтых усіх не зачапіць, але ж і добрым, спагадлівым да вясковых стацца?..
Засяродзіўся лесавік, толькі адно ў галаве і трымае. Упадабаў вясёлыя перагукванні, калі збіраюць дзяўчаты грыбы, ягады. Адно шкада, што хутка ўцякаюць з лесу, напалоханыя рэхам, якое ён, лясун, ад душы цягне-выводзіць... Палахлівыя яны, навошта ж так. А якая любата цікаваць за паважнымі, ціхімі зялейніцамі, што прыходзяць з тых жа вёсак па лекавую травіцу. І хаваць, удаючы адну кветку іншай... І чаго ж турбавацца-скардзіцца? Дарма ўсё гэта. А калі зімой звонкая сякера валіць сухастоіну? От ужо задавальненне! Зладзіць увішны працаўнік добры воз, а з лесу выехаць не можа...
Ён, лясун, дражніцца, па лесе водзіць-кружляе. Учуе чалавеча лясны подых, падхопіцца, схамянецца, а вясёлы лесавічок, падкраўшыся, яшчэ і лясной птушкай прывітанне пракрычыць:
— Як добра я цябе напалохаў! Ды працуй, працуй, не бойся. Слухай, а давай сябраваць?
Але нічога не адкажа яму чалавеча, яшчэ і ўздыхне цяжка-цяжка, як быццам не разумеючы ягоную, лесунову, мару-спадзяванне... Дык якое ж тут вясёлае сяброўства? Скруха адна. А вось каб з людзьмі ды пагадзіцца. Каб не крыўдзіліся яны, калі лесавік-лесавічок будзе палохаць. Ён жа, як на тое, любіць гульні. А звяры гульняў не разумеюць, дык і нецікава з імі.
Думаў-разважаў так лесавік і вырашыў парадзіцца з суседам-вадзяніком. Пайшоў у госці.
ВАДЗЯНІК
А вадзянік задаволена драмаў у ціне і бачыў прыемныя сны. Плёхаліся непадалёку зялёнавалосыя русалкі, ленаваліся збіраць водарасці, скарыстаўшы тое, што засталіся без прынукі. Вадзянік жа не спяшаўся прачынацца. Бачыў у сне, што вялікім-вялікім зрабілася ягонае валадарства. Там, дзе раней былі нізкія агароды, плаваюць маленькія цікаўныя рыбкі. А людзі ходзяць па кладках, вітаюцца з ім, вадзяніком, дораць русалкам такія любімыя імі ручнікі, кланяюцца нізка. І такі вясёлы ва ўсіх настрой, які бывае толькі вясновай паводкай. Але ж не, зусім не вясна гэта. Цвітуць лілеі на вялікай вадзе, якая забралася і на ўскраек лесу, і на палявое ўзмежжа. Ды такое хараство навокал, што аж заліўся радаснымі слязьмі вадзянік і з таго прачнуўся.
Агледзеўся па баках. Прыкрыкнуў на русалак, якія, плёхнуўшы хвастамі па вадзе, кінуліся на ўцёкі. Агледзеўся яшчэ раз і... зніякавеў-засумаваў. Толькі сном была тая жаданая, такая прыгожая мара. А што зрабіць, каб жа абярнулася явай, ён, сівавусы, не ведае... А яго ж яшчэ і русалкі не слухаюцца. Бяда адна, дый годзе.
— Што, братачка, зажурыўся? — раптам пачуў вадзянік і ўбачыў свайго даўняга сябрука-лесавіка. — Што за гора з табой прычынілася? Возера ў цябе ладнае. І ад лесу, і ад поля добра захоплівае. І вёску з яго ты бачыш. Ды не адну. Чаго табе смуткаваць?
— І нічога я не захопліваю. Падумаеш, тры яліны твае ў маё возера глядзяцца. Дык самі ж ваду маю і п’юць, — адказаў-прабурчэў вадзянік. Калі быў не ў гуморы, мог адно сварыцца ды папракаць. — Кажы, лесавы, п’еш маю ваду? Га?
— З цябе вып’еш! — зазлаваў адразу лясун. Хоць ён і лічыў вадзяніка сябрам, але ж быў упэўнены, што розуму ў таго меней, чым у зайчаняці. — Сам шышкі ад тых ялін крадзеш!
— Дык ты ж у мяне тымі шышкамі кідаешся!
— Я не кідаюся, я — баранюся. Бо ты ж — злосны захопнік!
— Я? Я захопнік? — задыхнуўшыся ад абурэння, не адразу знайшоўся вадзянік.
— Ты! Ты захопнік!
— А ты?!
— А я хто?
— А ты лясун!
— А я лясун!
— А я хто?
— А ты разумны, як прытопленае бервяно!
— Вось бачыш, сам кажаш, што я разумнік! — пераможна надзьмуўся вадзянік, запырскаў вадою з вусоў, горда прыўзняўшыся над азёрнай роўняддзю. Сядзеў так, ажно пакуль не пабачыў, як лесавік ціха заходзіцца ад смеху.
— Дык ты, братачка, з мяне зло сна здзекуешся? — ласкава прашаптаў пакрыўджаны вадзянік, зачарпнуў жвіру шырокай жменяй ды з усёй радасці шпурнуў у лесавіка-«братачку».
Жвір ды глей мякка абляпілі замшэлага лесавічка. Той страсянуўся ад нечаканасці ды перастаў смяяцца. Мыцца ж цяпер — не адмыцца...
— Ах ты, вадзяніла шкоднае! — загукаў жвірова-глеісты лясун, прычарадзеіў сабе ладную дубоўню ды з усёй шчырасці плёхнуў па вадзе там, дзе толькі-толькі быў «вадзяніла».
— А я ўжо тут! А я ўжо тут! Не папаў, не папаў! Сам ты разумнік, як паваленае гнілое бервяно! — булькаў, падскокваючы, вадзянік.
Скасавурылася ўсё лясное валадарства. Пахмурна, як варожа, паглядаюць на возера цёмныя яліны. Пагрозліва-прытоена зашумелі, загулі магутныя дрэвы-волаты... Ды і возера ў адказ не маўчыць. Усхадзілася хвалямі, задрыжэла ад гневу. Вось-вось выплюхнецца са сваіх берагоў!
Плешча лесавік па вадзе з ўсяго пляча, кіпіць, злуецца. Ужо і вадзянік не бароніцца аднымі кпінамі. Зачэрпвае ў прыгаршчы тройчы болей, чым на вока здаецца, ды кідае-ліе проста ў твар лесавіку.
— Папаўся ты, вадзяніла!
— Не, лесавічок, гэта ты цяпер не ўцячэш!
— Будзеш ведаць, як да мяне совацца!
— Сам атрымаеш!
Ой, накінецца вось-вось лес на возера! Не, не саступіць возера лесу! Будзе немалая бойка. Будзе бяда і лесу, і вадзе.
Ды толькі, знянацку ступіўшы нагою на водмель, паслізнуўся лесавічок, выпусціў з нечаканасці дубоўню, якая плюхнула-такі проста ў вадзяніка... Булькнуў азёрны валадар, спалохаўся, супыніўся. Не чакаў ад свайго сябра-суседа такога спрыту. Ды і лесавік, мокры да апошняй махавінкі, крыху аціх. Як застаўся без дубоўні, так і страціў усялякую ахвоту біцца. Ды і вымыцца азёрнай вадой паспеў. А вядзянік, аказваецца, упарты...
— Слухай, суседачак, ну чаго мы? — асцярожна глянуў на лесавіка вадзянік. — Ці ж нам прастору мала?
— І праўда, суседачак! Што ж мы? Ад палевіка, вунь, колькі хочаш, столькі і захоплівай, — адразу знайшоўся лесавік.
— Але ж! — пагадзіўся ўражаны лесавіковай кемлівасцю вадзянік.
Сябры-суседзі згодна памаўчалі.
— Дык, можа, і захопім? — не пакінуў важнай гутаркі лесавік. — Я наперад пайду, а ты мяне вадою падтрымаеш! Лес жа добра ідзе, калі ёсць вада.
— А чаму гэта ты першым? — не пагадзіўся вадзянік. — Няхай вада ідзе наперад, а лес — за ёю. І вада добра ідзе, калі з лесам разам.
Сябры-суседзі нязгодна памаўчалі. Паглядзелі адзін на аднаго. Зноў памаўчалі. Зноў паглядзелі.
— Слухай, сябра, — прамовіў гэтым разам вадзянік. — Такая хвацкая ў цябе дубоўня! Гахнуў, як булавой, аж іскры з вачэй! Падары мне яе!
— Бяры, сябра, — пагадзіўся, лесавік, усцешаны тым, што ягоную дубоўню ды булавой назвалі. — Толькі глядзі, каб пра такі падарунак мне шкадаваць не прыйшлося...
— Не, не, не! — аж затросся вадзянік. — Хочаш, я табе за гэта адмыцца дапамагу?
І, не чакаючы згоды сябра-суседа, зноў выліў на яго плюху вады.