Узнагароджаны орданам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 27.08.1961 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1933 г. (часопіс «Чырвоная Беларусь»). Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў «На крутым павароце» (1937), «Калгасныя навелы» (1940), «Зямля гудзе» (1945), «Станаўленне» (1947), «У імя Радзімы» (1948), «Жыта красуе» (1951), «Вясна на Палессі» (уключаны аднаактовыя п'есы, 1952), «Крыгаход» (1957), «Не поле перайсці» (1958), «Зорка Венера»(1960), «Над хвалямі Прыпяці» (выбранае, 1964), «Крыгалом» (1985). Выйшлі кнігі для дзяцей «Таямніца аднае вышкі» (1935). «Дзве сяброўкі» (1948, 1959), «Падарунак» (1950), «Тэорыя імавернасці» (1958), «Злачынства ля Зялёнай тоні» (1961), «Таямніца вугла альфа» (выбранае, 1973).
Выдаў зборнік аднаактовых п'ес «Апошняя варажба» (1960).
Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў на беларускую «Бялее парус адзінокі» В.Катаева (1949), «Сцяганосцы» А.Ганчара (з І.Мележам, 1949), «Служу Радзіме» І.Кажадуба (1950) і інш.
Кругавых Мікалай, нарадзіўся 12.05.1926 г. у сяле Сярэдні Егарлык Цалінскага раёна Растоўскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
Працоўны шлях пачаў у 1941 г. з улікоўца ў калгасе. У 1943 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны служыў на звыштэрміновай службе ў Менску. Скончыў завочна сярэднюю школу (1957), вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1967 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў сябрам сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм» (1973-1976), у 1976-1979 гг. - кансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Літаратурнай працай займаецца з 1948 г. Піша на расейскай мове. Аўтар раманаў «Честь ярма не приемлет» (1962), «Где не ждут тишины» (1968), «Дорога в мужество» (1971), аповесцей «Не ради славы» (1964), «Ленькина удача» (1978), «Юрка - сын командира» (1979), «Звезды во мгле» (1982).
У сааўтарстве з Ф.Коневым напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Абочына» (пастаўлены ў 1978), у сааўтарстве з С.Бадровым - «Юрка - сын камандзіра» (пастаўлены ў 1984).
Круль Міхаіл, нарадзіўся 17.02.1943 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і служачых.
З 1945 г. жыве ў Менску. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1961). Працаваў майстрам на будоўлі, старшым тэхнікам у інстытуце «Белпрампраект», інжынерам у органах кіраўніцтва сельскім будаўніцтвам рэспублікі. З 1964 г. працуе на інжынерных пасадах у трэсце «Аўтарэмбудмантажтэхніка». У 1968 г. скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сябра СП СССР з 1989 г.
У 1963 г. пачаў выступаць з артыкуламі, нарысамі, карэспандэнцыямі. Піша на расейскай мове. Аўтар кніг аповесцей «Лунная лошадь» (1980) і «День Юпитера» (1987).
Крупенька Яўген, нарадзіўся 20.08.1936 г. у вёсцы Саськаўка Шклоўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт» (1954-1955). Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). З 1958 г. - літсупрацоўнік газеты «За вяртанне на Радзіму» (цяпер «Голас Радзімы»), з 1959 г. - часопіса «Блакнот агітатара», з 1961 г. - загадчык аддзела часопіса «Бярозка». У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Пасля заканчэння інстытута - супрацоўнік газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1980 г.
Памёр 04.02.1990 г.
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Слон пад мікраскопам» (вершы, байкі, мініяцюры, 1978), «Стрэчанне» (1981), «Юбілейныя бліны» (гумар і сатыра, 1984), «Карэнні» (вершы, байкі, паэмы, 1986), «Гекзаметр баразны» (1988), а таксама кніжак паэзіі для дзяцей «Малінавы год» (1971), «Колеры» (1973), «Нашы святы» (1975), «Усе работы добрыя» (1977), «Хто нам дом пабудаваў» (1978).
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх і грузінскіх паэтаў. Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.
Крывец Сяргей, нарадзіўся ў 1909 г. у вёсцы Дубна Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Быў пастухом, цесляром. Займаўся самаадукацыяй. Вучыўся ў Беластоцкім педагагічным інстытуце (1940-1941). У 1930-1933 гг. жыў у Горадні, у 1933-1944 гг. - у Беластоку. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, трапіў у астрог. У час Вялікай Айчыннай вайны (1944-1945) служыў у Савецкай Арміі.
Загінуў 28.04.1945 г. пад час штурму Гдыні.
Друкаваўся ў прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У 1928 г. у часопісе «Заранка» апублікаваў першы верш. Пісаў на беларускай, расейскай, польскай і нямецкай мовах. Вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990). У 1972 г. выйшла кніжка вершаў «Дубок», укладзеная Р.Шырмам.
Крыга Алесь (сапр. Асіпенка Аляксандар), нарадзіўся 01.05.1943 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі (1960) працаваў на Менскім заводзе аўтаматычных ліній фрэзероўшчыкам. Вучыўся на вячэрнім, потым на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1989). У 1962-1966 гг. служыў на Ваенна-Марскім Флоце. З 1967 г. - літсупрацоўнік рэдакцый рэспубліканскіх газет «Чырвоная змена», «Физкультурник Белоруссии», «Піянер Беларусі». У 1971-1972 гг. плаваў матросам траўлера на Поўначы. З 1972 г. - літсупрацоўнік іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» Берасцейскай вобласці, у 1989-1990 гг. - загадчык аддзела пісьмаў брагінскай раённай газеты «Маяк Палесся». З 1990 г. - стыльрэдактар газеты «Вячэрні Мінск». Сябра СП СССР з 1975 г.
Першую аповесць «Я вернусь к тебе, море!» апублікаваў у 1965 г. (газета «На страже Заполярья»). Аўтар аповесцей «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1974), «Чайкі над полем» (часопіс «Маладосць», 1978), «Марзянка для нелюбімых» (аповесць і апавяданні, 1988), кнігі для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987), мастацка-публіцыстычнай кнігі «Выбух над Прыпяццю» (часопіс «Полымя», 1990).
Кудзінаў Уладзімір, нарадзіўся 27.05.1935 г. у горадзе Бранску (Расея) у сям'і рабочага.
У 1958 г. скончыў горны факультэт Маскоўскага горнага інстытута. Працаваў майстрам, тэхнаруком рудніка, начальнікам кар'ера ў Курскай і Ардоўскай абласцях (1958-1960), майстрам, прарабам на будаўніцтве газаправодаў на Беларусі (1960-1964), старшым майстрам, намеснікам начальніка Менскага механізаванага кар'ера. З 1967 г. - старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1969 г.
Памёр 21.08.1990 г.
Літаратурную працу пачаў у 1961 г. У рэспубліканскім друку першыя апавяданні надрукаваў у 1962 г. (газета «Знамя юности»). Пісаў на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Разделение радости» (1968), «Предчувствие перемен» (1972), «Сполохи» (1978), «Ольховатская история» (1984), «Первоосень» (1987).
Пераклаў на расейскую мову асобныя творы В.Адамчыка, А.Бялевіча, А.Карпюка, П.Місько, І.Пташнікава і інш.
Кудравец Анатоль, нарадзіўся 01.01.1936 г. у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Слуцкую педагагічную навучальню (1955). Кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). У 1958-1963 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова (з 1961) працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1965-1966), рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1966-1970), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1970-1972), галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1974), інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1974-1978). З 1978 г. - галоўны рэдактар часопіса «Неман». У 1979 г. удзельнічаў у рабоце XXXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1969 г.