Загінуў 27.02.1945 г. на фронце ва Ўсходняй Прусіі пад паселішчам Ласлейндорф.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1937 г. Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1938 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Зборнік вершаў «Апаленыя пялёсткі» выйшаў у 1963 г. Асобныя вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).
Коўтун Валянціна (сапр. Новік Валянціна), нарадзілася 06.04.1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1963 г. скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. У 1964 г. паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыла ў 1969). Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969-1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970-1976). З 1976 г. - літсупрацоўнік, з 1979 г. - рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. - загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 г. - старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». У 1977-1980 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1976 г.
У друку выступае з 1966 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (вершы і паэмы, 1977), «На зломе маланкі» (1981), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (вершы і паэмы, 1988), рамана «Крыж міларэрнасці» (1988). Для дзяцей напісала кніжкі вершаў «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), зборнік апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988).
Выступае таксама як крытык і літаратуразнаўца. Выйшлі кнігі «Святло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні» (1984), «Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі» (1987).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1986) за кнігу паэзіі «Метраном».
Крапіва Кандрат (сапр. Атраховіч Кандрат), нарадзіўся 05.03.1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, Уздзенскай народнай навучальні, 4-класнай гарадской навучальні ў Стоўбцах, з якой перавёўся ў такую ж навучальню ў Койданава (цяпер Дзяржынск). Пасля заканчэння (1913) здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію. У сакавіку 1916 г. скончыў школу прапаршчыкаў. Удзедьнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 г. дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Ўздзеншчыне. У 1920-1923 гг. - камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 г. зноў настаўнічаў на Ўздзеншчыне ў пасёлку Астравок. У 1925 г. пераязджае ў Менск. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (да 1926), потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ (1930). Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932-1936). Удзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», у 1943-1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У пасляваенныя гады - рэдактар часопіса «Вожык» (1945-1947), загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956). У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1956 - студзені 1982 гг. - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 г. па сакавік 1989 г. - вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Памёр 07.01.1991 г.
Пісаць пачаў у 1922 г. Першыя фельетоны і сатырычныя вершы надрукаваў у газетах «Красноармейская правда» і «Савецкая Беларусь» (1922). Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрацаванае, дапоўненае выданне ў 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос - Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п'есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата» (1986).
Аўтар п'ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д'яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974-1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988-1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977-1984) і інш.
На беларускую мову пераклаў асобныя працы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, творы Дз.Фанвізіна, І.Крылова, А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Чэхава, У.Маякоўскага. А.Твардоўскага, Т.Шаўчэнкі і інш.
К.Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 г. - за п'есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 г. - за п'есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 г. - за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п'есу «Брама неўміручасці».
Краўчанка Ўсевалад, нарадзіўся 14.10.1915 г. у вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Пасля заканчэння рабфака ў Мазыры (1933) і да 1941 г. працаваў у рэдакцыі раённай газеты «Калгаснік Мазыршчыны» (пазней рэарганізаванай у абласную газету «Бальшавік Палесся»). Адначасова завочна вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў два курсы). У першы год вайны - супрацоўнік армейскай газеты «Боевое знамя». Потым на журналісцкай рабоце ў Саратаўскай вобласці, з траўня 1943 г. - загадчык аддзела партызанскага жыцця ў газеце «Савецкая Беларусь». З 1945 г. - адказны сакратар часопіса «Полымя». З 1950 г. - адказны сакратар, у 1953-1961 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Сябра СП СССР з 1939 г.