– Ну, Рая, ты чуеш ці? Павярніся хоць. Ты размаўляць можаш? У цябе язык ёсць?
– Ёсць! – гучна адказала Раіса і паказала на імгненне танкісту язык.
Мы з Петрыкам прытаіліся за сцяной хаты, толькі крадком выглядвалі на падворак. Месца бяспечнае: калі будуць яны выходзіць з двара, то акурат напоруцца на нас. Няёмка падглядваць. Але ж няма ў нас іншага выйсця: трэба выручаць неяк дзядзьку Хвядоса. Толькі я так падумаў, як убачыў, што ў нашым накірунку ідзе бабка Антося... з хамутом на шыі, а ў руках валачэ граблі і вілы. Ступае цяжка, быццам на катаргу. Трэба хавацца. Мы заскочылі ў агарод. Адсюль яшчэ лепш бачна, што робіцца на двары. Можна і да танкіста прыцаніцца: жаніх ён ці так сабе... адно званне?
Танкіст жа рашуча заявіў:
– Я на Курскай дузе, калі знаць хочаш, у танку гарэў!
Раіса на гэта яму адказала – бач ты, і Курская дуга для яе нішто! – з лёгкай вясёлай усмешкай на прыгожым твары:
– Кастусёчак, ну чаго ты да мяне прыліп? Ты ж расточку маленькага...
А я што гаварыў? Хіба ж можна параўнаць яго са Сцяпанам! Прыдумаеце таксама. Ніколі!
Танкіст жа пацягнуўся, бы толькі што прачнуўся, і кісла паморшчыўся:
– Я... я... я падрасту. Падрасту я. Верыш? Я ўсё зраблю, каб табе спадабацца. Усё, чуеш? Моркву буду есці кожны дзень. Самую вялікую.
Раіса цярэбіць нярвова пальцамі хустку, нізка схіліла галаву, а потым часта круціць ёю: не, не, не. Ура-а! Малайчына, Раіса. Цяпер будзе чым хоць парадаваць дзядзьку Хвядоса: не ўгаварыў, хоць і стараўся надта – ажно з гімнасцёркі вылузваўся! – танкіст нашу прыгажуню.
Танкіст, ці хай будзе Кастусёчак, роспачна ўздыхнуў, сеў на прызбу, якая яшчэ нават і не падсохла добра, таму будзе на яго салдацкіх галіфэ сырой зямліцы, будзе, і зайграў. Вальс. Пра дунайскія хвалі. Прыгожая музыка, так і слухаў бы. Але нельга губляць пільнасць, вуха востра трымаць трэба. Рыпнуўшы гармонікам, Кастусёчак талопіў позірк на Раісу, тлумачыў той, што ён за цаца:
– Падумаеш – маленькі. Хм-м. Ды я ж гарманіст! Гарманіста на рост не ацэньваюць. Таксама мне мерку знайшла. Гарманіст вышэй за ўсіх ростам быў і будзе. Як зайграю – усе дзеўкі збягуцца. Хочаш, зайграю?
– Зайграй, – абыякава паціснула плечуком Раіса.
І ён, наколькі можна, расцягнуў мяхі. А сам, блазнуючы, вядома ж, задраў галаву і паклікаў:
– Гэй, дзеўкі, гэй, маладухі-весялухі!
Тут я заўважыў, як на двор заходзіць бабка Антося ўсё з тым жа хамутом на шыі. Танкіст, убачыўшы яе, адвярнуўся і прабурчэў:
– Вось... адна прыклыпала... маладуха-весялуха.
Раіса пырскнула смехам і затуліла рот далоняй. Бабка Антося тым часам зняла хамут з шыі, і амаль подбегам да танкіста. Спынілася каля яго, спыталася:
– Саколік, саколік, а калі ты з фронту?
– Нядаўна.
– Можа ты сыночка майго сустракаў? – дастала фотакартку, падала танкісту. – Лагойка Пятро Рыгоравіч. Пецька. Рыжанькі такі... Прыгожанькі...
Нам таксама цікава зрабілася: во было б здорава, каб гэты самы танкіст абрадаваў зараз старую Антосіху. Толькі ён зморшчыўся і вярнуў картку назад:
– Не, матка, не сустракаў.
– З восені весткі няма, – сумна ўздыхнула бабка Антося.
– Не сустракаў, маці, – сказаў зноў танкіст і зайграў такую ж сумную мелодыю, як і твар у старой.
На музыку сабраліся людзі. Яны заходзілі на двор Раісы, як на свой. Заўсёды баявая Лізавета і на гэты раз ляпнула рукой танкіста па плячы, а потым падала яму далонь:
– Здарова, танкіст!
Танкіст ляніва паціснуў шурпатую Лізавеціну руку і не знайшоў нічога іншага, каб адказаць ёй:
– Прывітанне, лётчыца!
Жанчыны засмяяліся, загаманілі.
– Дзе гармонік узяў-та? – Лізавета сядзела ўжо побач з танкістам.
– Немец адзін знаёмы падарыў, – не міргнуўшы і вокам, сказаў танкіст. – Бачу, не верыш? А што? І сярод немцаў людзі ёсць. Кажуць. Я, праўда, не сустракаў. Ну, дык, жанчыны, для вас! Так і быць!..
І танкіст налёг на гузікі. Гармонік, здавалася, вось-вось і сам пусціцца ў скокі. За пальцамі танкіста не ўсачыць: носяцца – слізгаюць па гузіках, як угарэлыя. Ліха! Жанчыны, адна за адной, пусці-ліся ў пляс, і неўзабаве на дварэ курэў пыл, як на вясковай дарозе, калі па ёй пракапыціць статак кароў.
– Райка, пайшлі! – Лізавета тузанула дзяўчыну за руку, тая не ўтрымалася і таксама пачала мясіць свой двор босымі нагамі: чаравікі пашкадавала, разы два тупнула-гэцнула ў іх, а потым скаўзнула іх з ног.
Разам з усімі кружыла і бабка Антося, толькі яна больш фанабэрылася, чым танцавала, пыхкала, бы самавар, а тады і зусім спынілася, махнула рукой і загадала:
– Гарманіст, прыпеўкі давай! Гарманіст!.. Э-эх! – І заспявала. – Не хацела выхадзіць, стаяла сцяснялася, а гармоня заіграла, я не ўтрымалася! Э-эх!
Варка часта-часта і неяк смешна затупацела кароткімі нагамі, і таксама ўспомніла прыпеўку:
– Ох, вясна, вясна ідзе аж да Урала. Дзевачкі, вайна, вайна, а моладасць прапала!
– Пайшла плясаць, дома нечага кусаць – лебяда ды коркі... на нагах аборкі! – гэта ўжо Лізавета.
Я штурхануў Петрыка ў плячо:
– Ідзеш? Да печы?
Петрык зморшчыўся:
– Пачакай. Тут жа цікава...
Толькі нядоўга мы яшчэ тут бавіліся. Пасля таго, як Раіса спела пра міленькага свайго, якога чакала з вайны, а маці ёй сказала, каб выбірала сабе іншага жаніха, яна шмыгнула з двара некуды на агарод, пранеслася міма нас, і тады танкіст згроб гармонік, паклаў яго на лаўку і кінуўся ўслед, папярэдне не забыўшыся сказаць жанчынам мала радаснае для іх:
– Канцэрт пераносіцца! Арцісту няма калі!..
Двор апусцеў. Толькі гармонік ляжаў на лаўцы. А што, калі раптам?.. Я не бачыў, дзе Раіса, дзе танкіст: не палезеш жа тым на вочы. Але каб танкіст не нарабіў якіх-небудзь глупстваў, я вокам-гненна аказаўся каля гармоніка, узвалок яго на калені і пачаў рыпаць. На ўсю моц. Так я і дам табе, танкіст, быць з Раісай за пуняй. Не атрымаецца. Хоць ты і заслужаны баец і гарэў у танку.
А Раіса паказалася зусім з іншага боку, глядзела на мяне з Петрыкам і ўсміхалася. Значыць, у яе ўсё добра.
Пакуль не было відаць жаніха, мы ціхенечка падаліся з двара...
4. ВАЖНЫ ГОСЦЬ
Трывожна шуміць Дзянісаў бор. Тут наша схованка. У глыбокай яміне, якую самі выкапалі па чарзе адной рыдлёўкай, пад шыгаллем ляжыць зброя. Хто ж ведаў, што вайна так скончыцца хутка і мы не паспеем ёю пакарыстацца? Рыхтаваліся да бою, а як жа! «Трымайцеся, фрыцы!» Петрык прыцягнуў нават варожы кулямёт і скрынку патронаў: партызаны так моцна прыціснулі немцаў на ўзлеску агнём, што тыя, драпаючы, пагублялі не толькі зброю, а і вузлы з нарабаваным у людзей. Уяўляю, як шуравалі яны! Канешне ж, пыл курэў! Без аглядкі!
Ранкам мы з Петрыкам пабеглі ў Дзянісаў бор, засунулі пад шыгалле рукі: на месцы зброя, на месцы. Фу-у! Ды і куды яна магла падзецца? Хто ведае, акрамя саміх нас, што яна тут? Аднак пакуль самі не пераканаліся – было трывожна: жывыя ж людзі, не карчы балотныя якія-небудзь. Петрык з сумам заўважыў:
– Ну, і што будзем рабіць з гэтымі стваламі?
Я не ведаў, што яму адказаць. А і праўда: што рабіць з нашай зброяй, якая, пэўна ж, сваё ўжо адваявала? Як адваяваліся, падобна на тое, і мы.
Мы яшчэ раз пабедавалі, што, мусіць, больш не спатрэбіцца нам зброя, і моўчкі падаліся ў вёску. Настрой – горш не прыдумаеш: пра нашы геройскія ўчынкі і ўспамінаць не хацелася. Ды і якая і каму карысць ад таго, што ты ўспомніш? Толькі ворагам, можа, гэта і на руку. Але дзе ж яны, тыя ворагі? Па якіх дарогах бягуць-уцякаюць? І што нам да іх рук? Гіблыя, адным словам, справы. Нікудышныя.
Яшчэ здалёк мы ўбачылі дзядзьку Хвядоса. Ён, прыгорблены, стаяў на двары каля печы, абапершыся на вілачнік і пра нешта думаў. Пачуўшы нашы крокі, падняў галаву, усміхнуўся:
– А, гэта вы, жэўжыкі! Дзе ж вы ходзіце столькі часу? Я ўжо і думаць пачаў пра кепскае. Ну, ды нічога, нічога: з’явіліся – і на тым дзякуй. Прагаладаліся?