Литмир - Электронная Библиотека

— Ну дык i няхай ён будзе ў нас за ведзьмара,— згадзіліся вяскоўцы.

I стаў Вячорка ведзьмаром. Стараўся ўсё рабіць на дабро i ніколі нікому не шкодзіў. I людзі любілі свайго ведзьмара i ніколечкі яго не баяліся. Нават дзеці.

* * *

— Па праўдзе кажучы, такую рагавую галоўку лася мне знайсці не пашанцавала. А вось на стаянках Літвы i Латвіі, дзе, як i на поўначы Беларусі, у новым каменным i бронзавым вяках жылі блізкія па культуры плямёны, яны сустракаюцца, i надзвычай дасканала зробленыя. Мне ж трапілася на старажытным тарфянікавым паселішчы пад Бешанковічамі статуэтка самога лася, але галава ў яго была схематычная. А вось фігуркі людзей знаходзіў цудоўныя — драўляныя i касцяныя, з выразна акрэсленымі тварамі, велікавокія, барадатыя.

Усе гэтыя скульптурныя выявы, таксама як i арнаменты на посудзе i касцяных вырабах, розныя ўпрыгожанні чалавечага цела i вопраткі, адлюстроўвалі рэлігійныя ўяўленні першабытнага чалавека. Тыя ж статуэткі хутчэй за ўсё адпавядалі вобразам духаў, міфічных герояў, продкаў. Адначасова яны з'яўляюцца i творамі першабытнага мастацтва, бо рабіліся з вялікай любоўю, а нярэдка i талентам.

Заўважана i такая цікавая асаблівасць — у старажытным каменным веку чалавечыя, ці антрапаморфныя, выявы мелі вельмі схематычна выражаныя галовы, пераважна без рысаў твару. У канцы ж каменнага веку i ў эпоху першых металічных вырабаў у статуэтках найбольш дасканала i рэалістычна выразбленымі робяцца галовы з перадачай індывідуальных рысаў твару.

— А чым гэта тлумачыцца?

— У самай глыбокай старажытнасці, калі пераважала калектыўнае загоннае паляванне, чалавек адчуваў сябе неад'емнай часткай калектыву — першабытнага гурта, а потым — роду. Па-за гуртам нельга было ні пракарміцца, ні збудаваць моцны будан, каб перачакаць лютыя па тых часах зімы. Таму ў старажытным каменным веку індывідуальнасць асабліва не праяўляласяу не выдзялялася. Акрамя таго, напачатку людзі не выдзялялі сябе i з жывёльнага свету. Успомнім, што розныя плямёны, як лічылі яны самі, вялі сваё паходжанне менавіта ад жывёл — мядзведзяў, ваўкоў i гэтак далей. Таму тагачаснага чалавека ў суродзіча ў першую чаргу i цікавіла жывёльнае, біялагічнае — здабыванне мяса, прадаўжэнне роду. А вось пазней, з распаўсюджаннем лука са стрэламі, вырасла роля індывідуальнага палявання. Спрытны паляўнічы i без дапамогі мог пакласці самага вялікага звера. Ен мог пратрымацца ў пушчы i адзін! Акрамя таго, у бронзавым веку ўскладнілася гаспадарчая i адпаведна мысліцельная дзейнасць чалавека. Паявіліся адносна заможныя лідэры, нават багатыя сем'і. Чалавек ужо ўсвядоміў сваю вышэйшасць над жывёльным светам, i сваю адметнасць сярод суродзічаў.

ДЗІЦЯЧЫЯ ЗАБАВЫ

«Зубр» кружляў па хмызняку, заблытваючы сляды. Зрабіць гэта было не лёгка, бо на пяску між лазовых кустоў заставаліся не толькі «зубрыныя» сляды, але нават i мышыныя. Таму ён стараўся: то ішоў, адступаючы задам, то бег, пераскокваючы праз ніжэйшыя кусты, то рабіў вялікі скачок убок, затым вяртаўся на ранейшы след. Прайшоўшы па ствале вывараці, нарэшце зашыўся ў куст ядлоўцу i заціх.

Праз нядоўгі час ад рэчкі грымнулі дружныя воклічы, і «паляванне» пачалося.

«Зубр» чуйна прыслухоўваўся, як то набліжаецца, то зноў аддаляецца «паляўнічы загон». I толькi глыбей уцягваў у плечы калматую галаву, калі галёканне чулася зусім побач.

Нарэшце «звер» прыкмеціў, як на прагаліну перад ядлоўцам выйшлі напаўголыя загарэлыя «паляўнічыя», размахваючы лукамі i дзідамі. Яны спыніліся перад паваленым дрэвам, бо след тут прападаў.

Адзін з загона адбегся ўбок i радасна загукаў:

— Знайшоў след! Во ягоны след зноў!

«Зубр» з палёгкаю перавёў дыханне — «паляўнічыя» папаліся на ягоную хітрыку i павярнулі ўбок.

Ішоў час i «зубру», нарэшце, надакучыла сядзець у кусце, дзе яго пачалі апаноўваць авадні. Тады ён набраў у лёгкія пабольш паветра i раўнуў. Галасы «паляўнічых» заціхлі. Загон, бачна, прыслухоўваўся. Тады «зубр» зароў яшчэ раз.

Загон разгарнуўся ў шырыню i пачаў прачэсваць лес у напрамку рыкання, бо знайсці «звера» па слядах страцілі надзею. «Паляўнічыя» зноў выйшлі на прагаліну. Зараз яны кіраваліся проста на ядловец, i «зубр» зразумеў, што яго знойдуць. Падпусціўшы праследвальнікаў як мага бліжэй, ён раз'юшана зароў i кінуўся ўперад. «Звер» збіў з ног бліжэйшага «паляўнічага» i прарваўся скрозь загон. Але калі амаль ужо перабег прагаліну, у бок яму пацэліла страла.

— Мы забілі цябе! — узрадавана закрычалі хлопчыкі, што былі за «паляўнічых».

— А гэта не лічыцца,— спыніўся хлопчык-«зубр», падымаючы з пяску цацачную стралу.— Каб я не падаў голас, вы б мяне не знайшлі!

— А вось i знайшлі б!

— I не знайшлі б!

Спрэчка разгаралася i магла б скончыцца бойкаю, каб не прыбег, засопшыся, яшчэ адзін хлопчык.

— На Чырвоным беразе дзяўчаткі!— замахаў ён рукамі.— Нешта лепяць.

— Нападзём на ix,— тут жа рашылі хлопчыкі.— Быццам мы воіны з чужога племені!

Там, дзе рака рабіла крутую луку, вада падмывала высокі ўзгорак. У ім пад пяском агаляўся пласт тлустай чырвонай гліны. Таму, мусіць, бераг i зваўся «Чырвоным».

Дзяўчаткам, якія зараз там былі, таксама хацелася пагуляць, як i ix аднагодкам хлопчыкам. I яны любілі пабегаць, пападскокваць, пашукаць на дрэвах птушыныя гнёзды, нацягаць з-пад берага ракаў. Але пераважна ў ix гульні былі свае, не хлапчукоўскія. Яны не забаўляліся ні ў паляўнічых, ні ў вайну, не майстравалі лукаў i не ганяліся адна за адной з самаробнымі дзідамі. Дзяўчаткі найчасцей гулялі ў гаспадынь, ляпілі што-небудзь з пяску, падкідалі i лавілі каменьчыкі, рабілі з ласкуткоў лялькі ці плялі з кветак вянкі. А зараз яны прыйшлі на Чырвоны бераг, каб наляпіць з гліны цацачнага посуду. Яны выдзіралі з берага камякі вільготнай гліны i штукавалі з ix розныя гаршчэчкі i кубачкі. А некаторыя рабілі цацачных каровак. Гатовыя вырабы клалі на санцапёк, каб высахлі.

Хлопчыкі кустоўем непрыкметна падкраліся да Чырвонага берага, а затым з ваяўнічымі крыкамі кінуліся ўперад:

— Вайна! Вайна! Мы захапілі вас у палон!

Дзяўчаткі спачатку былі перапалохаліся, але, калі ўбачылі, што напаснікі — малеча з іхняй жа вёскі, нарвалі крапівы i кінуліся абараняць свае цацкі.

— Крапівой — гэта не па правдах,— апраўдваліся адзін перад адным хлопчыкі, у спешцы пакідаючы «поле бою».— Каб не крапіва, то была б наша перамога.

Смылелі абджыганыя плечы i ногі, i гэта быццам надало дурасліўцам разважлівасці. I ўсе яны раптам дружна ўспомнілі, што ўжо захацелася есці, што маці прасілі нарваць травы парасятам, што таму-сяму было загадана прыгледзець за малымі брацікамі i сястрычкамі, а некаму бацька казаў не адыходзіцца ў лес. Успомніўшы пра гэта, прыцішанай грамадою падаліся дадому.

Перад самай вёскай, абгінаючы рачную затоку, натрапілі на качыны вывадак. Качаняты, якія яшчэ не ўмелі лётаць, порстка кінуліся ў траву, a хлопчыкі з вясёлым смехам пачалі ix лавіць.

— Хапай сталую кацку! — раптам картава залемантаваў найменшы з хлопчыкаў.— Яна ланеная!

I праўда, маці-качка трапяталася ў траве i ніяк не магла ўзляцець. Хлопчыкі пакінулі ў спакоі птушанят i кінуліся да яе, бо гэта была лепшая здабыча. I калі ўжо некалькі рук працягнулася, каб схапіць птушку, яна нязграбна ўзнялася на крыло i адляцела крокаў на дзесяць убок. Так паўтаралася некалькі разоў. Вось, здаецца, . ужо зловяць качку, але яна збіралася з сіламі i напаўлёту ратавалася ад праследавальнікаў. Нарэшце яна ўзнялася па-сапраўднаму, неяк своеасабліва закракала i паляцела над балотам.

— Дык гэта ж яна прытваралася. Ад малых адводзіла,— расчаравана даўмеліся хлопчыкі.

Вёска была побач, i хутка яны ўжо былі дома.

* * *

— Тут пытанняў няма,— адклаўшы апошнюю старонку, сказаў Іван Пятровіч,— у дзяцінстве i мы так забаўляліся.

— Толькі замест «паляўнічых» i «зуброў» былі найчасцей «партызаны» i «немцы».

10
{"b":"549404","o":1}