Литмир - Электронная Библиотека

Як залаты запас духоўнасці захоўвае паэт вялікую ачышчальную сілу смеху, смеху, што «нам дорыць светлае шчасце», «з твораў фальшывых багоў зрывае бязлітасна маскі», «ратуе ад ісцін паблеклых».

Ратуе смех ад ісцін паблеклых і Пімена Панчанку: «Я прачытаў сем тысяч кніжак./Гартаў падручнікаў гару./ Хоць ад навукі неяк выжыў, /І ўсё ж дурным, відаць, памру». Маладое здзіўленне не пакідае паэта, бо «старых загадак — міліёны/ І свежаствораных — не менш». З дзёрзкім маладым запалам не міне Панчанка тых праблем, што даўно няўтомна хвалююць яго: «Нас век спажывецкі таксама крануў», з горыччу чалавека, які мае на такое слова нерытарычнае права, скажа:

Я не прыхільнік тых выслоўяў
Мяшчанскай мудрасці,
Але
Няўжо усё, што бралі кроўю,
Згарыць у атамным катле?

Напярэдадні саракагоддзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай Пімен Панчанка з асобым, строгім адчуваннем грамадзянскай годнасці напомніць:

Не вымаўляй без патрэбы
Грознае слова — народ.
І не звані ў справе шэранькай
Словам магутным — народ.
Мы пакланіцца павінны
Ў памяць бацькоў і дзядоў
Саракавой гадавіне
Мірных і светлых гадоў.

Перагукаецца з ім словам ветэрана Максім Танк: «Сорак салютаў прагрукала ў сэрцы...» І згадае ў вершы, прысвечаным Пімену Панчанку, пра іх сяброўскае разуменне, выпрабаванне «безліччу кіламетраў франтавога грому».

А нам гэтая «безліч дарог» нагадае не сёлетні, але такі памятны верш Аляксея Русецкага: «Клубя, пад пылам густым гудуць / дарог франтавых палосы,— / ужо з Беларусі да нас бягуць, / насустрач бягуць бярозы».

І адчуецца натуральная пераемнасць з тымі дарогамі і бярозамі ў «зямлі вякоў» Рыгора Барадуліна:

На смерць ішлі
За гэтую зямлю,
За гэтую красу,
За сцяг світання
Сыны зямлі...

Дарэчы тут сказаць, што і тая нізка вершаў з кнігі «Розгалас», адкуль узяты гэтыя радкі, і многія іншыя публікацыі, і двухтомнік выбранага Р. Барадуліна — паэтычная справаздача многіх гадоў нястомнай працы — пасведчылі яшчэ раз пра тое, якога яркага, па-грамадзянску страснага, удумлівага і ўмелага мастака маем мы ў асобе гэтага паэта, кожны творчы год якога напоўнены працай і пошукам.

Саракагоддзю Перамогі і на год ранейшаму саракагоддзю вызвалення Беларусі прысвечана многа вершаў — шчырых, не з «поваду», часам з такім вось, як у Васіля Зуёнка, скажам, пашыраным гарызонтам літаратурнай рэальнасці:

Ляцелі пахавальныя —
Вайне лісты пахвальныя,
Што так яна стараецца,
Што столькі забіваецца...
Ляцелі, роспач будзячы,
З вайны — штодзённа — падалі,
Як лісце з кроны будучых
Стагоддзяў неразгаданых.

Многа шчырых, гарачых радкоў пра Вялікую Айчынную з'явілася ў многіх паэтаў Беларусі, у тым ліку і тых, хто піша на рускай мове — А. Дракахруста, Н. Кісліка, В. Тараса. І яшчэ раз пацвердзіла, якія высокія ўзоры сапраўднай паэзіі дала так званая тэма Айчыннай вайны, тэма, што ва ўсіх выбалела ў сэрцы, нізка вершаў у «Маладосці», 1984, № 7. Рэдакцыя прапанавала і новыя вершы: У. Някляева, Г. Пашкова, М. Мятліцкага. І яшчэ раз нагадала нам тыя вершы, што не забываюцца: Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, С. Гаўрусёва, А. Вярцінскага, У. Паўлава, Г. Бураўкіна, В. Зуёнка.

Знамянальна, мабыць, і атрыманне літаратурнай прэміі ветэранам Айчыннай вайны Пятром Прыходзькам. Дзяржаўныя прэміі БССР 1984 года сярод паэтаў — Данута Бічэль-Загнетава і Пятрусь Макаль. Пра гэта многа гаварылася на старонках друку, як таго і вымагае прадмет гаворкі.

А вось прыгадаць моўленае ў часопісах і газетах 1984 года Максімам Лужаніным і Васілём Віткам проста неабходна.

Не тое каб спакойнае, але разважлівае, нетаропкае слова, нягучнае, але якое добра чуецца, запамінаецца.

Максім Лужанін, неяк зпарочыста нават сухаваты, не ярка праграмны, ён і пра галоўны свой боль скажа негаманкім, сцішаным голасам чалавека, які ведае цану сапраўднаму:

Усмешка праслізне
Ад ісціны бясспрэчнай:
Багі вайны гразней,
Паэты даўгавечней.

Абвергне не абмежаваны ніякімі ваганнямі давер да сябе, самаўпэўненасць Васіль Віткп. Нястомны, суцэльна недыдактычны асветнік і выхавацель, ён рупіцца пра культурную спадчыну, пра пераемнасць духоўных каштоўнасцей, вельмі ўдала выкарыстоўваючы самаіронію: «Што калісьці было, палыном парасло,/ Прыдарожным дзядоўнікам і/ малачаем — / Не вывучаем!/ Мы нанова, нанова сусвет адкрываем! / І мне ўласнае невуцтва/ Уцехай было».

Намаганнямі такіх людзей, як гэты паэт, як незабыўнай памяці Уладзімір Караткевіч, многіх іншых нашых пісьменнікаў і вучоных, надзвычай узмацнілася цікавасць да сваёй даўніны, да мінулага іншых народаў — каб адчуць гістарычны час, дыялектыку вопыту продкаў і сённяшняга жыцця, пераемнасць і традыцыі культуры, узаемазалежнасць духоўных набыткаў нашага «сёння» і «ўчора».

Той жа В. Зуёнак з яго паэмай «Лукам'е», дзе трывожныя старонкі гісторыі Беларусі спрабуе прачытаць, маючы ў полі зроку сучаснасць і будучыню, Я. Сіпакоў, аўтар шырокавядомага «Веча славянскіх балад», у кнізе 1984 года «Усміхніся мне» выступіў з цэлай нізкай новых гістарычных балад, як ён іх пазначае: рускай, кашубскай, чарнагорскай, балгарскай. Гэта С. Панізнік, у новай кнізе якога «Мацярык» мы знойдзем цэлы вершаваны альбом гістарычных замалёвак, з досыць шырокім гістарычным арэалам: Полацк, Наваградак, Вільня, Юрмала, Прага...

Па-рознаму асэнсоўваюць гістарычнае мінулае розных часоў Д. Бічэль-Загнетава, М. Арочка, В. Коўтун, П. Бітэль, Н. Мацяш, Т. Бондар, паказваючы розныя імгненні гісторыі, постаці, што набылі статус гістарычных, і тых, каго мы не ведаем па іх асабістых імёнах, але што былі славай і рухаючай сілай гісторыі, якім агульнае імя — народ. З маладых ці не больш за ўсіх з паэтаў распрацоўвае гістарычную тэматыку А. Пісьмянкоў. 1984-ты год прадставіў цэлую кагорту таленавітых маладых. Вынес на суд чытачоў вершы многіх год у першай сваёй — але якой! — кніжцы «Таемнасць агню» Л. Галубовіч. Цікава заявілі пра сябе той жа А. Пісьмянкоў, Л. Дранько-Майсюк, В. Шніп. А годам раней — Л. Паўлікава, У. Марук. У 1984 годзе выдалі першыя свае кніжкі І. Рубін, А. Жыгуноў. А гэтым годам, напрадвесні, выйшла свежая вобразным сваім падам і думкай кніга А. Канапелькі — «Цвет алешыны».

Дарэчы, яе кніга і кніга аднаго з нашых старэйшых і ўдумлівых паэтаў — Сяргея Грахоўскага — з'явіліся амаль адначасова. І неяк у маім чытацкім усведамленні ўспрыняліся як добры перагук пакаленняў, мастацкай думкі. Як быццам па тое «думнае веча» сваіх маладых гадоў пакліча спрактыкаваны майстра неафітку паэзіі:

Туды, дзе маё пакаленне
Вышыняў сваіх не здало,
Туды, дзе адважных сумленне
На смерць і ў бяссмерце вяло.

І зноў не абміне тую тэму, якой, пагадаю яшчэ, аддалі ўвагу большасць нашых паэтаў. Звернецца да новых пакаленняў:

Нашчадкі суровае долі,
Зайздроснага лёсу сыны,
Каб вы не спазналі ніколі
Вайны і віны без віны...
5
{"b":"543919","o":1}