Литмир - Электронная Библиотека

А ў Арлова з'явіўся герой-сучаснік, малады (!), «дэфіцытны» персанаж, ды яшчэ які, ды яшчэ з нейкімі духоўнымі памкненнямі, усведамленнем не на ўзроўні першапачатковых жыццёвых радасцей, з разуменнем супрычаснасці да гісторыі свайго народа, да яго культуры, супрычаснасці дзейснай, актыўнай. Як не заўважыць? А яшчэ і зусім прыстойная беларуская мова. У апавяданнях гістарычных веданне рэалій часу, абставін гістарычных, не похапкам зграмазданых сітуацый. Як не заўважыць? Праўда, нельга не заўважыць і другога. Занадта шчыльную блізкасць да ранняга Караткевіча. У. Арлоў сам падкрэслівае сваю духоўную спадчыннасць з гэтым таленавітым пісьменнікам, у тым жа дыялогу з Т. Грамадчанка: «...наша пакаленне адчувае адказнасць за працяг і развіццё традыцыі, заснаванай Уладзімірам Караткевічам». І добра, што адчувае адказнасць. І вельмі важна. Але ці варта рабіць традыцыяй і тое, што Караткевічу даравалася за незвычайны талент, за імпэт першапраходцы (не будзем кананізаваць таленавіцейшага пісьменніка, гэта яму не патрэбна, ён столькі і так зрабіў для беларускай літаратуры і культуры, што зменшыць яго значэнне немагчыма). Дык у Арлову таксама вабіць, захапляе нават тая ж апантанасць культурай і гісторыяй роднага краю, пэўнасць станоўчых ідэалаў, рамантычная прыўзнятасць, зацікаўленасць духоўным светам сённяшняга гараджаніна і яго продкаў, што здзяйснялі свой жыццёвы шлях як усвядомленае быццё. Як і ў Караткевіча. Што, безумоўна, будзе «рэкрутаваць» чытачоў Арлову. А тым больш нельга не заўважыць, што ў Арлова тая ж звышкрайняя патэтыка — але ў Караткевіча яна ўраўнаважвалася гумарам і іроніяй. Шматслоўе — у Караткевіча яно не тое каб апраўдвалася, але ў нейкай меры кампенсавалася Нястрымнасцю творчага тэмпераменту, невераемнай эрудыцыяй, выбуховым шалам таленту. І — яркасцю, дасціпнасцю мовы. У Арлова, згадаю яшчэ раз, добрая беларуская мова, але пакуль што той хвацкасці, агністасці пісьма, што ў Караткевіча, няма. Таму, магчыма, і шчырае хваляванне героя падаецца высакапышпым, калі не фальшывым, а героі часта нагадваюць герояў ранніх апавяданняў і аповесцяў Караткевіча, можа, крыху «гарадской» прозы Стральцова. Больш, безумоўна, першага. Хаця, да прыкладу, такое апавяданне, як «Віта», калі паступіцца ў ім псеўдаэсатэрычнымі захапленнямі героя Мантэнем і кніжнымі рарытэтамі на паліцах гераіні, дае магчымасць пабачыць і тонкі псіхалагічны малюнак, і ўменне задумацца над няпростымі пытаннямі жыцця. А гістарычныя апавяданні накшталт «Пяць мужчын у леснічоўцы» або «Місія папскага нунцыя» даюць падставы чакаць і сапраўды працягу традыцый у асэнсаванні мінулага. Пісьмо тут больш строгае і дакладнае, як у сучасных апавяданнях, аднак паралелі з ужо чытаным, і не толькі ў Караткевіча, узнікаюць, у сітуацыі, характарах, канфлікце. Вось што падаецца вельмі важным і так патрэбным беларускай літаратуры — спробы выхаду У. Арлова не так каб да адчування сучаснай плыні жыцця, але да нейкіх глыбінных, свядомасных яе пластоў. У аповесці «І вярталіся мы...», можа, найбольш. Часопісны яе варыянт цікавы, але надта ж эскізны, сюжэтна даведзены да канца, аднак і характары, і сітуацыі, і праблемы толькі пазначаны, не праяўлены. Хаця спробы роздуму вельмі значныя, так і чакаеш працягу дзённіка Рамана Галубовіча.

Як мне падаецца, адзін з найбольш моцных бакоў вопытнага В. Гігевіча таксама імкненне да ўскосна-простых выхадаў да чытача з роздумам, імкненне выслабаніцца, імкненне ўзняцца над падзейным. Хаця выявіць гэта бывае няпроста ў стракатай фактуры тэксту. Імя празаіка згадвалася ў гаворцы даволі-такі многа, і не выпадкова. Нават калі прааналізаваць усе страты і пралікі яго прозы, магчыма, не заўсёды дакладна па-мастацку асэнсаваны вопыт назіранняў жыццёвых, дык нельга не аддаць належнае яго спробам. Ён імкнецца намацаць кірунак на не абжытых літаратурных «пляцах». Маю па ўвазе беларускую літаратуру. Таму, магчыма, і ёсць спакуса азірнуцца на рускіх і замежных калег. І цяжка адбіцца ў новых сферах ад набытага, звычнага вопыту. І знайсці свой шлях.

А шляхі... Яны заўсёды розныя. І трэба, каб рознымі былі. Мне хацелася б яшчэ раз паўтарыць гэта. Толькі не варта ў прозе шукаць панацэі ад усіх бядот у адным нейкім жанры ці напрамку, як, скажам, робіць у дачыненні да крытыкі С. Дубавец у дыялогу з В. Даўнісам — эсэ, і толькі, пажадана эсэ не крытыкаў, а празаікаў. Але ж — куды падзенешся без рабочай рэцэнзіі, праблемнага артыкула, погляду на літаратуру 198... года. Так і ў прозе. Галоўнае — каб слова было не марнае.

ШТРЫХІ, АБРЫСЫ, РЫСАЧКІ

«САМАЕ НАДЗЕЙНАЕ, МАЁ...»

Хто яго ведае, чаму такі неадольны, гэты наіўны гонар? Маўляў, во яны, землякі: Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот... І сучаснік, што і зараз часцяком наведвае родныя мясціны,— Янка Брыль. Дзіўна — але кожны з Наваградчыны адчувае асобае дачыненне да высокага духу тых асоб. Не будзем суадносіць маштабы, не ў тым справа. «Ktokolviek Biędzesz w nowogródskiej stronie...» «Хто-небудзь, як будзеш у Навагрудскім краі...» (А. Міцкевіч. Гражына).

Дык не абыдзеш ні Замкавую гару, ні гару Міцкевіча. І кожнаму стане зразумела, чаму з «асаблівым, толькі наваградскім хваляваннем», Алесь Руневіч, герой рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, узыходзіў на курган Міцкевіча «па спіральнай дарожцы — з радасным адчуваннем незвычайнай вышыні... Звычайнае, блізкае, будзённае, што акружала Алеся, на старонках Міцкевіча жыло вялікай паэзіяй» («Птушкі і гнёзды»). Гэтае звычайнае, блізкае, будзённае пабыло сваё незвычайнае, небудзённае жыццё і пад пяром Янкі Брыля. Ну, а як жа не адчуць, хоць гэта суцэльна па-за лагічнымі высновамі, сваю асобую ўзрушанасць, калі вінтавая сцежка знаёмая кожнай травінкай, а курган — хай даруюць ахоўнікі помнікаў — аблётаны ўздоўж і ўпоперак напрасткі.

І як не адчуць сваёй, зноў жа «сепаратнай» прыналежнасці да напісанага Брылём, калі ён у эсэ пра Якуба Коласа возьме ды прыгадае «залаты тунель ліп і клёнаў» на Баранавіцкай брукаванцы. Або раптам сустрэнеш такое сваё, мясцовае: кішке, шчупаке.

І з таго ж ганарлівага адчування — высокая радасць: вось ён, наш зямляк, стаў духоўным земляком многіх на Беларусі, ва ўсёй нашай краіне і за яе межамі. Розным людзям, у розных мясцінах адкрыўся свет Янкі Брыля. Свет, да якога дачыняюцца не адразу і, можа, не ўсе, але ўваходзіць ён у жыццё стала і надзейна. Пра напісанае гэтым пісьменнікам не скажаш — «прачытана». Яго кожны раз «чытаеш» наноў. Знаходзіш у знаёмым новае, яшчэ і яшчэ раз імкнешся наблізіцца да своеасаблівай атмасферы яго кніг, вярнуцца да таго маральнага клімату, дзе шчасліва спалучаюцца глыбокі роздум, паэтычнасць і сялянская разважлівасць. А надзейнасць і трываласць не сумотныя, не дыдактычныя, працавітыя, лёгкія на жарт і ўсмешку. Карэннямі моцна звязаныя з сусветнай культурай і з народам, з яго спрадвечнай, самай старажытнай справай — працай на зямлі. Не проста тэматыкай твораў, выбарам герояў, мовай, а філасофіяй народа, яго разуменнем быцця.

Прытоеная, важкая годнасць чуецца ў такім запісе пісьменніка: «Жанчына, што гутарыла са мной па-нямецку, спыталася пра маю прафесію. Пачуўшы адказ — здзівілася. «А я думала, што вы селянін!» Добра, што і касцюм інтэлігента не змяніў мяне за дзесяць год. Яшчэ лепш было б да смерці застацца ў душы чалавекам працы, сумленным і простым» («Трохі пра вечнае»). Брыль і пра ўдалае слова перш за ўсё скажа: «па-хлебнаму свежае», і спраўдзіць задуму для яго — «урабіць словам».

Усё, што пісьменнік бачыць, асэнсоўвае, пра што піша, ён імкнецца зразумець «ад самага карэння». Як грамадзянін, гаспадар на сваёй зямлі, чалавек, мастак. Няма для яго дробязей. Пільным вокам ён і ў звычайным, здаецца, умее ўхапіць нешта вельмі важнае, асэнсаваць. Увасобіць па-мастакоўску, ствараючы абагульнены вобраз свайго народа, сваёй Беларусі. З тою непадробнай строгай любоўю, якая бачыць усё.

...Заслужанае свята льнаводак — за нялёгкую працу атрымалі ўзнагароду. Пісьменнік з прыязнасцю пакажа нам «смешнавата-ўзварушлівы шык» жанок і дзяўчат, якія атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі. Як яны з гонарам — ведаюць жа, што сумленна, мазалём ды потам, зарабілі высокую пашану,— але і крыху сарамліва, не прызвычаеныя да такіх урачыстасцей, ідуць да сцэны, праз увесь зал загадзя трымаючы руку дошчачкай, каб падаць яе старшыні райсавета. «Як дзеці, усміхаюцца», а пазней «мятуць польку — аж люба глядзець...».

17
{"b":"543919","o":1}