Литмир - Электронная Библиотека
Ёсць ціхі боль у сэрцы — старана,
Яна зусім не лёгкія аблокі,
не песня, што пяецца «на дазволь».
Яна — мой хлеб няпросты і нялёгкі.
Яна — зямлёй пасоленая соль.
«Зямля і соль»

Непазбыўная прывязанасць усіх беларускіх паэтаў да сваёй зямлі, якую яны, у пераважнай большасці сваёй учарашнія вяскоўцы, асабліва востра, неадменна адчуваюць — і як родны кут, зямлю бацькоў, але і як зямлю, глебу, узараную, апрацаваную раллю, поле, заўважна і ў лірыцы Яўгеніі Янішчыц. Таму такое важкае яе слова, у якім нечакана адчуецца сувязь з сусветам, з агульным светапарадкам. («Бярэш мяне, палоніш зноў...»)

Бярэш мяне, палоніш зноў,
Матрыярхат прыроды.
Ты ў буйнай квецені садоў —
Пара любові і згоды.

Галоўная школа жыцця, усе законы справядлівасці і гонару, лічыць паэтэса, лепш за ўсё вядомы народу, і перш за ўсё — канечне, яе землякам. Іх яна ведае, ім яна верыць больш за ўсіх. Тут — яе сіла, яе жыццё, корань і аснова. Выснова ўсіх якасцей чалавечых, нават і тых, што не прынята лічыць здабыткам сялян. Менавіта яны, лічыць паэтэса, «інтэлігенты ад зямлі — мае вясковыя Сцяпаны», бо кожны такі Сцяпан «інтэлігентна хлеб расціў, інтэлігентна дом галубіў». І ў судачыненні абавязковых гэтых існаванняў — быццё народа і зямлі — уяўляецца Яўгеніі Янішчыц існаванне творцы.

І покуль дыхае планета,
Не вынішчаецца датла
Душа народа і паэта
У шуме жытняга святла.
«У шуме жытняга святла»

І ва ўсіх турботах і гаркотах выратоўвае паэтэсу памяць роднага Палесся:

З няхітрых песень, прымавак, трывог,
Якімі спеўна дыхае прырода —
Сама сябе узвысіць да Дарог
Праз глыбіню і мужны дух народа.

Яўгенія Янішчыц прыкмеціць кожны рух земляка, пачуе кожнае, нават і з нязначнага выпадку слова. У іерархіі каштоўнасцей народа для яе дарагое ўсё: і «адбіткі вякоў, як набыткі» і «легендарныя коні і світкі», і «жураўліны рэквіем», і «белы воблак»,/ Белы сад. / Белы бусел — снегападам». І вось такая, не эпахальная, але патрэбная справа, пра якую паэтэса гаворыць бяседна, нягучна, з усмешачкай, перанятай ад сваіх землякоў.

Паляшук — народ рахманы,
Слоў не купіш за пятак.
Лес тралююць. Пах смаляны.
За сялом вішчыць тартак.
«На тралёўцы лесу»

Паэтэса тут жа некалькімі словамі зробіць замалёвачку, жанравую сцэнку, і — на некалькі штрыхоў — эскізны, але кідкі партрэцік: «Ох, і злыя ў дзядзькі кепікі!) Але весела глядзіць. /Вока ворана з-пад кепкі:/ «Прошу, пані, не хадзіць».

Яўгенія Янішчыц уважлівая да вякамі асвечанай працы сялянскай, рытуальных «дзействаў», без якіх не абыходзіцца ні адзін вясковы год. Сяўба, жніво, шаткаванне капусты, нарыхтоўка дроў... Традыцыйнае, спрадвечнае... І заўсёды новае — працай рук, добрым святам створанага і зробленага. І тым святлом фарбаў і музыкай гукаў, якую можа пабачыць і пачуць — паэт. «Сем кастроў нарыхтаваных дроў/ На гумне бяростай белай свецяць»,— скажа Яўгенія Янішчыц. І не проста будзённа заўважыць: «Ты косіш сена, колеш дровы», але ўрачыста адзначыць: «і светла молішся зямлі». А яшчэ абавязкова паспрабуе ўлавіць шматслойную дынаміку жыцця, лёгкімі, амаль бязважкімі, празрыстымі мазкамі назначыць настрой дня:

Яшчэ тут непакояцца пра дровы,
Пра сена. І салому на гумне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Смалою пахне рэдкі вугал зруба
І мальвамі — суседская мяжа.
З напаўпустога шлакавага клуба
Даносіцца пласцінкі бабскі жаль.
Змываецца наліплы ліст альховы,
Руды пылок вішнёвае кары,
Найшла раса на камень двухбаковы,
І не шалохне зорка угары.
«Пейзаж з пласцінкай»

У вершах Яўгеніі Янішчыц адчуваецца нейкая асобая лірычнасць, шчымлівая наструненасць пачуццяў, парывістасць. Але ёй неўласцівыя голасныя нястрыманасць, кіпучы напор, суцэльная святочнасць. Яна заўсёды пазначыць нюансы, лёгка, ледзь прыкметна мяняючы інтанацыю, не спакушаючыся версіфікацыйнай параднасцю, якой смелай навацыяй — усё з арсеналу традыцыйнага, выпрабаванага. Паэтэса настойвае на натуральнай ёмістасці звычайнага слова, якому дадзена выявіць радасць і тугу, надзею і безнадзейнасць.

Слоў не трэба. Варажба
Ўся вачыма сказана.
Будзе вечная журба
Да мяне прывязана.
Дагукаюся ў бары —
Заначую з зорамі.
Чарацінкай на вятры
Музыка азёрная.
І густыя туманы,
І бярозак мроіва,
І Вясна, што без віны
Маё сэрца кроіла.
І каляны лёд каляд
З кудасой лахматаю.
...І прымоўклы шчыры сад
Над сасновай хатаю.
«Слоў не трэба...»

Наўмысна прыводжу верш амаль цалкам. Можна знайсці ў яе больш эфектныя, больш, магчыма, удалыя, але тут можна адчуць танальнасць лірыкі паэтэсы, адну з найбольш вызначальных асаблівасцей яе творчага почырку. Адну з вызначальных. Бо яна бывае вельмі розная. І такая вось — гарэзлівая, зухаватая:

Назбірала мех грахоў
Ды ў расу абулася.
Колькі зведала шляхоў —
Гэтак мне не чулася.
Паўнагрудая кума
Празвініць абцасамі.
Тут прыдумай нездарма
Танец з выхілясамі.
Рукавочкам — да рукі,
Паяском — да пояса.
З вамі разам, землякі,
І ў зямлі не боязна!
«Добры вечар, землякі!»

Здараецца, разгубленая і пяшчотна-безабаронная:

І ападзе, як яблык, мне на рукі
Любві найшчодры, найкароткі дар.
З такою ласкай і з такою мукай
Я Вам гляджу прыветліва у твар.
«Я Вам гляджу прыветліва у твар»

Прыходзіць час — строгая, па-грамадзянску мужная:

Зямля-Калыска: песні і жыты,
Няўжо вар'ят цябе са свету спіша?
О, немагчыма уявіць,
што ты
Апошняе дзіця сваё калышаш.
«Пакіньце цішу вуснам і вачам...»
42
{"b":"543919","o":1}