Литмир - Электронная Библиотека

А і мужчыны-аўтары часам яшчэ як умеюць выціснуць з сябе ці з рэдактара слязу. І таксама вельмі часта не без падстаў. З выяўнічым графаманам таксама складана — паспрабуйце адбіцца ад яго рукапісаў і скаргаў. Ажно тут цвёрдасць вымагае цвёрдасці. Калі ж апеліруюць да чалавечнасці — так цяжка не паддацца спачувальнай спакусе. Помніць — а кніга гаротніка ад бядот гэтых лепшай не стала.

Варлен Бечык цяжка перажываў кожны такі візіт. Не мог ахвяраваць сумленнем чэснага літаратара. І пакутаваў — як кожны чалавек, што бачыць боль і не можа дапамагчы.

Аднак як Варлен умеў заўважыць нават драбнюсенькую ўдачу! Не памятаю, каб ён прамінуў хаця больш-менш удалы твор ці нават артыкул або нявелькую нататку. Абавязкова скажа, абавязкова не праміне добрае слова кінуць. Сябрам, калегам, знаёмым.

Адчуваў сябе асабіста адказным за тое, каб не забыліся на рана сышоўшы з зямлі талент. Еўдакія Лось, Рыгор Бярозкін, Анатоль Сербантовіч... Перад самай аперацыяй, увечары, дапісваў ён прадмову да кнігі Ігара Хадановіча.

З дзейсным спачуваннем ставіўся ён да таленавітых людзей няпростага лёсу — Ніны Мацяш, Марыі Шаўчонак, Маі Львовіч. Дапамагаў, перапісваўся, падтрымліваў.

І адны з самых яркіх і ўражлівых сваіх старонак прысвяціў Генадзю Шупеньку. Таленавітаму літаратару і таленавітаму чалавеку. Добраму свайму сябру. З тых, хто змог не проста пераадолець хваробу, а зрабіць жыццё сваё па-сапраўднаму здзейсненым. Гэта адзін з самых адукаваных і эрудзіраваных нашых крытыкаў, з пяром тэмпераментным, эмацыянальным і вострым, Генадзь Шупенька яшчэ і чалавек вельмі рознабаковы. Які вернісаж 70-х гадоў без яго? Не помню. Хто па абавязку душы знойдзе, выхапіць вечарок для філармоніі? Ён. Каго пабачыш у зале новых паступленняў у Ленінскай бібліятэцы? Яго. Ну, а роўных яму, калі ён возьме ў рукі акардэон ці гармонік, дык і зусім няма. Як і роўных па сіле чалавечай спагады, што даюць перажытае гора і нястрачаная ў пакутах дабрата, яму і зусім няма. Хіба што быў — ён, Бечык.

Пра ўсё гэта хораша, шчыра напісаў у згаданых ужо «Сакавіцкіх пісьмах» Варлен Бечык.

Пісаў ён пра многае і пра многіх. Галоўны і самы крэўны яго клопат — паэзія. Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Максім Лужанін, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, больш маладыя пакаленні і генерацыі, тыя, хто толькі ўваходзіць у літаратуру. А раней была і проза В. Быкава, І. Пташнікава, І. Хадановіча, М. Капыловіча, нарысы Я. Сіпакова...

Пісаў Варлен Бечык разумна, не па шаблону, адчуваў і асаблівасці пісьменніцкага светаўспрымання, і манеру пісьма, і вёў гаворку, як сёння прынята гаварыць, у кантэксце іншых літаратур, у суадносінах з іншымі імёнамі. Вёў гаворку, свабодна валодаючы прадметам. Не так, як гэта часам здараецца, калі крытык няўцямна мармыча імёны і шапоча пра літаратурныя з'явы, нагадваючы вучня, што не ведае ўрока і тыцкае ўказкай па карце свету, блытаючы Мадагаскар з Гвадэлупай.

Варлен Бечык умеў быць вышэй унутраных літаратурных адносін, прыхільнасцей і «меркаванняў», быў аднолькава тактоўным і ўважлівым і да славутага майстра, і да пачынаючага паэта. Хаця, канечне, вышыні асабліва прыцягвалі яго. Невыпадкова з'яўленне «Шляху да акіяна», кнігі пра Аркадзя Куляшова, аднаго з самых сур'ёзных і багатых філасофскай думкай нашых паэтаў.

Тут відаць і адчуванне гістарычнай значнасці часу, і веданне фактаў творчай і жыццёвай біяграфіі, і адчуванне істотнага і галоўнага ў творчасці паэта, і напружаны роздум пра жыццё і час, пра месца творцы ў жыцці і ў часе, унутраная раскаванасць і адначасова засяроджанасць. Разуменне значэння паэта, але і адсутнасць піэтэту перад ім. Размова вядзецца дзелавая. Згадаем хаця б вось гэта: «Сапраўдныя вялікія паэты надзелены асаблівай чуйнасцю на новае ў жыцці і часе. Яны ўмеюць настройваць сябе на гэта новае... Але сама гэта настройка — справа нялёгкая, а часам (і без гэтага сапраўдная творчасць не была б творчасцю) надзвычай трудная, пакутлівая, непадуладная нават самаму настойліваму аўтарскаму намаганню.

Многія моманты грамадскага і асабістага парадку нярэдка ўскладняюць і стрымліваюць пераход паэта да новай якасці паэтычнага светаадчування. Занадта моцнай магла быць зараджанасць папярэднімі падзеямі — яны ўсё яшчэ трымаюць у сваім палоне пачуцці і думкі, перажыванні паэта...

Могуць быць і ўнутраныя перашкоды інакшага плана, калі ўсталёўваецца адчуванне вычарпанасці, завершанасці, пэўнага этапа ў творчым развіцці паэта, а выхад да новых ідэйна-творчых абсягаў вымагае назапашання новых уражанняў, збірання і пошуку новых магчымасцей...

Варлен Бечык, як мала хто з нашых крытыкаў, умеў быць і па-філасофску засяроджаным, і аналітычна-разважлівым, і па-грамадзянску тэмпераментным, і лірычна-зварушлівым.

Зноў пра той любімы ім сакавік. Пачатак артыкула пра Еўдакію Лось, як лірычная мініяцюра: «Вось і дачакалася наша зямля першага сакавіцкага дня. У душы — светлае, веснавое. Вольна і сонечна зноў пачынаецца жыццёвае абуджэнне: варухнуўся снег, закапалі ледзяшы, забліскацелі ў праталінах струменьчыкі, весялей зачырыкалі вераб'і... І нешта звонкае, добрае пачулася ў вышыні, ад чаго не аднаму чалавеку захочацца сёння спяваць і радавацца: Вясна! Вяс-на...»

Любіў ён вясну. І людзей. І сапраўднае слова. Мог ацаніць. Заўважыць. Не перабольшваючы, не перабіраючы меры, без сюсюкання. Але з той доляй дабраты і патрабавальнасці, што была натуральна яму ўласцівая. Дабраты — больш да іншых. Патрабавальнасці — больш да сябе. Мне давялося быць рэдактарам трох яго кніг: «Свет жывы і блізкі», «Шлях да акіяна», «Прад высокаю красою». (А ён быў яшчэ адным з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» і ў сааўтарстве з М. Ярошам выдаў манаграфію «Беларуская савецкая лірыка», напісаў не адзін артыкул, не адну прадмову і пасляслоўе.)

Не самы лагодны рэдактар, часам даводзіцца і жорстка правіць, і цяжка спрачацца, я заўсёды адчувала нават нейкую няёмкасць (нешта недарабіла!), калі ён зноў і зноў правіў сябе сам. Чуйны стыліст, Бечык добра ведаў роднае слова. Гэта быў той выпадак, калі, рэдагуючы, набываеш, набываеш, набываеш. А часта здараецца наадварот — толькі аддаеш, аддаеш, аддаеш.

...З ім можна было хораша пагаварыць пра літаратуру. Пра жыццё. Пра выдавецкія справы. Згадаць каго з аднакурснікаў. Успомніць тыя даўнія, незабыўныя гады. Калі ён быў проста Варлен, а не намеснік галоўнага рэдактара Варлен Леанідавіч.

Універсітэт. Першы курс. Пяцьдзесят пятая аўдыторыя. Сто пяцьдзесят чалавек філфакаўцаў (журналісты былі тады адным з аддзяленняў на філфаку). І мы — неафіты. Варлен Бечык, Генадзь Шупенька, я... Сур'ёзны светлы хлопчык Варлен. Зусім яшчэ хлопчык. Ён нават на свае шаснаццаць год не выдаваў. Здавалася, які сямікласнік трапіў на лекцыю.

Калі з'явіліся яго першыя публікацыі ў «ЛіМе», у «Немане» — так добра ўспомніўся яго прасветлены, нібы азораны нейкай асаблівай чысцінёй твар. Хто яго ведае — можа тая прасветленасць была не толькі ад духоўнай узвышанасці, але і ад не вельмі сытага пасляваеннага часу...

Мы ўспаміналі і ўражанні ад вялікага горада. Згадвалі свабодны, лічыце, на тую пару, доступ на філарманічныя канцэрты, што наладжваліся або ў старым будынку кансерваторыі (на плошчы Свабоды, зараз там спецыялізаваная музычная школа), або ў клубе імя Дзяржынскага. Было б жаданне. Білеты былі заўсёды. Нават на Святаслава Рыхтара. Партэр — 10 рублёў на старыя грошы, 1 рубель (фантастыка!) па сённяшніх уяўленнях.

Гаварылі і пра тое, як цяжка выслабаніць вольную хвіліну для пісьма. І я неяк уздыхнула — з намерам добра паплакацца ў жылетку. А Варлен Леанідавіч тады якраз толькі што здаў у «ЛіМ» падагульняючае слова ў дыскусіі пра сучасную паэзію пад назвай «У чаканні галоўнага». Ведала, што «зацягнуў» яго добра. Але не здагадвалася пра тое, што міжволі вырвалася ў яго. «Думаеце, я — прыйшоў дахаты і сеў за пісьмовы стол? Трэба заўтра здаваць артыкул, а я ў дзесяць вечара прыйшоў з пральні самаабслугоўвання». Гэта не было дакорам. Проста ён быў добрым сынам, добрым мужам, добрым бацькам названаму сыну. Дбаў пра ўсіх, клапаціўся пра ўсіх. Акрамя самога сябе. Пра сябе клапаціцца ён не ўмеў.

36
{"b":"543919","o":1}