Литмир - Электронная Библиотека

Сацыяльны вопыт Васіля яшчэ больш упэўніў яго ў святасці высновы: «Я хлебароб вечны... Хлеб раблю». І будзе ён даводзіць суседцы сваёй Ганне (іх усяго траіх засталося ў вёсцы) формулу жыцця: «...мы з табой яшчэ толькі таму і жывем, што кожную раніцу па ваду ў гэты калодзеж ходзім, на сотках сваіх калупаемся... З зямлёй за доўгі век зрасліся, душой-сэрцам увайшлі ў яе...» І з ганьбай кіне пра Мікіту: «А ён іначай і не жыў... Усё жыццё з чайнікам па ваду хадзіў...»

Безумоўна, усім вядома напісанае К. Чорным, І. Мележам, Я. Брылём, В. Распуціным, В. Астаф'евым, Ф. Абрамавым, В. Бяловым, Б. Мажаевым, А. Жуком, І. Пташнікавым, В. Карамазавым пра адносіны чалавека з зямлёй, з прыродай як пра адзін з крытэрыяў яго чалавечага «я», пра свет чалавечай супольнасці, пра балючыя праблемы сённяшняй вёскі. Помняцца і «Пакуль арба не перавярнулася» А. Іяселіяні, і «Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ. І досыць спрэчныя думкі пра адносіны чалавека з зямлёй А. Макаёнка («Таблетку пад язык»). Аляксей Дудараў тут не першаадкрывальнік. А п'еса Дударава ўсё ж прыцягвае тэатры не проста збалансаванасцю характараў і сітуацый, а глыбокім асэнсаваннем праблемы — праз мастацкую логіку вобразаў, дзеянняў, абставін. Мастацкай праўдай. А не праўдападабенствам. Свядома ці падсвядома маючы на ўвазе, што «праўдападобнасць выключаецца самой прыродай драматычнага твора» (А. Пушкін). Сёння мы часам пакідаем убаку выпрабаваныя мастацкай практыкай і тэарэтычна выснаваныя пастулаты і пачынаем апантана біць у ладкі — ах, маўляў, выхаплена з жыцця. А мастацтва ж мае свае законы і асоба ў творы не ідэнтычная асобе бытавой — пра гэта неяк фатальна забываемся. Затое абавязкова пазначым, што сюжэтны ход «Парога» перагукаецца з «Жывым трупам» Л. Талстога і што асабістая трагедыя Дугіна паўтарае драму Джэйкаба Барнса з «Фіесты» Э. Хемінгуэя. Але, як мы ўсе ведаем, гісторыя літаратуры мае доўгія спісы пераймання сюжэтаў, персанажаў. Ведаем, што шэкспіраўскі Шэйлак фігураваў у Марлоу, што гісторыя Фаўста ўпершыню з'явілася ў нямецкай народнай кнізе І. Шніпса ў 1587 г., што пералік імёнаў і назваў, адкуль браў сюжэты той жа Шэкспір, зойме добрую старонку, а то і не адну. Зусім не збіраюся параўноўваць беларускага драматурга з вялікім страдфардцам, аднак, мабыць, нават сам сюжэтны ход у «Парогу» толькі вонкава нагадвае п'есу Талстога. У Дударава жыццё выкрэслівае Буслая, у Талстога Фёдар Пратасаў сам адчужае сябе ад рэчаіснасці, якую перастаў лічыць жыццём, дастойным чалавека.

...Добра адчуваючы праблемы часу, Аляксей Дудараў не мог мінуць і тую тэму, што не перастае быць сучаснай для нашага народа — тэму Айчыннай вайны. У яго, як і ў многіх яго равеснікаў, «спадчынны боль вайны» (Ю. Палякоў). Невялікая сюжэтная прастора «Радавых» змясціла ў сабе многа праблем. У першую чаргу — найскладанейшую, той цяжкі факт філасофіі існавання, якім рабіўся пераход ад вайны да мірнага жыцця, а ў п'есе канец вайны — ён ужо адчуваўся, канкрэтна быў відзён, быў падрыхтаваны ўсім ходам падзей. Гэты факт не толькі ў прамых словах Дугіна: «Вайна хутка скончыцца... І трэба будзе жыць... Разумееш, жыць...» Складанасць пераходу да мірнага жыцця і ў спапялёнай памяці Бушцеца, для якога цяпер адзіная пэўная рэальнасць — вайна і яго нянавісць. Нянавісць да фашыстаў, але яна выключае і магчымасць хаця б чалавечай спагады да сваёй жонкі-нявесты (яго забралі на вайну ад вясельнага стала). Пабачыўшы яе (яна чакае з болем і крыўдай, але і з нечаканай для яе самой надзеяй (жывое жыццё!) дзіця ад ненавіснага чалавека, ворага), Бушцец не схацеў пазнаць яе. Нават пошчак салаўя для Бушцеца — толькі повад раз'юшана ўхапіцца за аўтамат. Знявечанае яго ўсведамленне пакуль што не прымае нічога, акрамя вайны.

Пячатка вайны паклала свой няўмольны адбітак і на медсястру Галю. Прымусіла пасталець раней часу, расплаціцца жаночай годнасцю за пранізлівы чалавечы жаль. А не адбіла адчування светлаты жыцця, высокага парыву, мары.

Не адыходзіць ад былога партызана Дзерваеда цень спаленых фашыстамі жонкі і дзіцяці.

Адзін толькі Адуванчык, хаця ён таксама са спаленай фашыстамі вёскі, неяк шчасліва не пацямнеў усведамленнем, захаваў уменне нармальна радавацца, нармальна адчуваць, нармальна думаць пра будучае пасля вайны.

Гэта п'еса А. Дударава ставіць і яшчэ адну праблему, відавочна, тэзісна сфармуляваную Дугіным так: «А мы ўсе ў радавых... Ад маршала да цябе (мае на ўвазе Адуванчыка)...» Радавыя вайны. Думка гэтая вынесена ў загаловак п'есы. І сцвярджае яна тую роўную адказнасць і роўны гонар барацьбы і перамогі кожнага салдата вайны.

Тут і складанейшая праблема выбару. Дзерваед не мог ні выратаваць жонку і дзіця, ні загінуць разам з імі. Ён глядзеў з засады, як паляць хату, а не меў права нічога зрабіць — страта данясення, якое ён і яго таварышы павінны былі даставіць па прызначэнні, каштавала б жыцця цэлага атрада. У другой п'есе А. Дударава, «Выбар», экіпаж танка ахвяруе сабою дзеля жыцця дзіцяці. Гэта праблема ўвесь час хвалюе драматурга.

Некалі В. Р. Бялінскі пісаў: «Мы глыбока спачуваем герою, які загінуў у барацьбе або прыняў смерць дзеля перамогі, але мы ж ведаем, што без гэтага падзення або гэтай пагібелі ён не быў бы героем, не ажыццявіў бы сваёю асобай вечных субстанцыяльных сіл, сусветных і вечных законаў быцця». Тут усё ясна. А якія сілы ўступаюць у дзеянне ў выпадку з Дзерваедам або з тым экіпажам танка? Якая ахвяра апраўданая? Які выбар годны чалавека? Ці ажыццявіў ён сваёй асобай тыя вечныя субстанцыяльныя сілы?

Ёсць у п'есе «Радавыя» і вельмі важнае для драматурга, выяўленае ў «Вечары» ўсведамленне супольнасці з зямлёй-карміцелькай як асновай і зарукай неўміручасці жыцця. Гэта Дзерваед канкрэтным сваім сялянскім розумам прыкідвае: «Чаромха цвіце... Бульбу б цяпер садзіць... Зямля цёплая... Дыхае... Можа, паспею... Пазней трохі».

Вайна выключае чалавека з нармальнага круга з'яў, аднак не губляецца сувязь з жыццём, гістарычны вопыт чалавека пакідае яго далучаным да натуральнай жыццёвай сферы.

І адчуць гэтую сувязь і разамкнёнасць з натуральным ходам быцця даюць магчымасць, як і ў яго прозе, моўныя характарыстыкі. Вельмі трапныя ва ўсіх яго п'есах. Яны адкрываюць, паказваюць, выкрываюць персанажаў п'ес. Ну, хаця б той жа Андрэй Буслай, у якога падчас ягонай споведзі «чэрці ў галаве мак таўкуць». А сама па сабе тая самавыкрывальная споведзь, ці, больш дакладна, фрагмент з яе, чуюцца так: «А хоць горла перагрызі, што мне да таго! Я табе, авечка джынсавая, казаў, што нічога не памятаю. Ні бум-бум! Я ўжо другі год толькі да абеда сваё жыццё бачу і пра яго думаю, а пасля як у торбе сяджу паўдня і ноч... Правал... Сплюшчылася маё жыццё...»

Аляксею Дудараву рабілі закіды падчас аналізу яго п'ес. І тыя, пра якія ўжо была размова. І такія, напрыклад, што незразумела, чаму Васіль збіраецца на свае грошы хаваць Мікіту ці чаму ён парываецца з'есці яго латарэйны білет, на які той выйграў машыну. Мне здаецца, гэта ў адрозненне ад не заўсёды пераканальна матываваных учынкаў і паводзін герояў некаторых яго апавяданняў тлумачыцца характарам Васіля. Ён захаваў уменне не толькі радавацца ўсім праявам жыцця, але і максімалізм маладосці, не з усімі, але з многімі яго дабротамі і выдаткамі. Ён добры і шчодры, як юнак, ажно і непасрэдны і нястрыманы, як юнак. З добрым запасам адвечнай сялянскай мудрасці і набытай сацыяльнай відушчасці.

Пры падрабязным і скрупулёзным аналізе пра сеё-тое можна было б яшчэ паспрачацца. Але — калі ісці ад першапачатковага пытання — феномен удачы ці заканамернасць поспеху, я аддала б перавагу яшчэ раз — заканамернасці. У шэраг вядучых драматургаў краіны стаў пісьменнік, якога патрабаваў час.

Зараз Аляксей Дудараў — чалавек знакаміты, мала які буйны творчы форум абыходзіцца без яго выступлення або інтэрв'ю. І ён спакойна і з годнасцю нясе цяжар славы, аура папулярнасці не робіцца скразнячком, які выветрывае спачатку нармальныя рысы чалавека, а пазней паціху і талент. Ці хопіць гэтай натуральнасці на ўсё жыццё — хто ж яго ведае, для сваёй вядомасці Аляксей Дудараў па-добраму малады. Але пакуль што ён спакойна і па-дзелавому ставіцца да ззяючай фартуны. Працаўнік. Не дзелавы чалавек з кагорты прагматыкаў, а спакойны, энергічны работнік. З даверам да людзей і без непахіснага даверу да сваёй уласнай персоны. З тым набыткам, які так лёгка раскідаць па штучных падробках пад мастацтва, але які дае права і магчымасць многае сказаць людзям. Талент.

34
{"b":"543919","o":1}