Гэтая патрэба жыццёвай праўды вымагала, мабыць, больш поўнага, аб'ёмнага мастацкага выяўлення. І з'явіўся раман «Пушча». Асноўная думка і боль якога — чалавек і прырода, чалавек і лес. Арганічнае адзінства свету. Адзінства чалавека і асяроддзя, асобы і прыроды. Пра тое, які найвялікшы скарб — лес, нацыянальнае і дзяржаўнае багацце, набытак душы.
Сказаў пра гэта Віктар Карамазаў па-свойму. Хаця існаваў ужо працярэблены літаратурны маршрут «Рускага лесу» Л. Ляонава. Была ўжо ў друку аповесць Б. Васільева «Не страляйце ў белых лебедзяў», амаль адначасова з'явілася «Цар-рыба» В. Астаф'ева. Ёсць, канечне, агульныя праблемы, агульныя болевыя мясціны. Але — перш за ўсё Віктар Карамазаў сказаў сваё. Пра тое, што баліць усім на планеце, і на адной шостай зямнога шару, на савецкай зямлі, і на нашых крэўных абшарах — на зямлі Беларусі. І ў межах нейкіх канкрэтных лясніцтваў. Праблемы якіх у многім — і праблемы ўсяго чалавецтва. Нездарма на нейкай старонцы рамана Віктара Карамазава з'яўляецца швед, які плача, абхапіўшы адну з ялін Лісані. Зусім не сентыментальны швед, дзелавы. Спецыяліст па селекцыі. Прыехаў са сваёй няблізкай Поўначы глянуць на той цуд прыроды — ад насення лісанскіх беларускіх дрэў выраслі ў Швецыі лепшыя ельнікі.
Раман гэты — зноў жа — і пра рыцараў лесу — леснікоў і ляснічых. Пра ворагаў лесу, што на першы погляд нібыта і не злодзеі — усё па інструкцыі. Але не па закону сумлення. Не па закону прыроды. Не па закону існавання ўсяго жывога. Супраць асноўных законаў жыцця.
А кожны індывідуум, кожная жывая істота, кожная расліна існуюць у рамане ва ўласнай сваёй значнасці, у суадноснасці з усім жывым светам, у суаднесенасці жыцця чалавека, жывой істоты і асяроддзя, дзе сённяшнім днём так спалучана сацыяльнае, маральнае, экалагічнае, біялагічнае. Дзеючыя асобы рамана адданы на ўсё жыццё зямлі сваёй і лесу. Валошка, звязаны каранямі свайго быцця і існавання з прыродай, Насця і дзед Гарох, новыя валанцёры высакароднай арміі лесаўпарадчыкаў Андрэй і Алёнка, чыноўнік пры лесе Зімавец, людзі, што проста па спаконвечнай звычцы толькі бяруць ад лесу, без злога намеру, і тыя, хто спяшаецца адхапіць усё, што можна і што ўжо зусім нельга.
Але дзеючыя асобы — і тыя яліны, якім нават з-за мяжы прыехалі пакланіцца. (Як кажа Валошка, «можа, наша пушча і ёсць найсвяцейшы сабор?!») Дзеючыя асобы — і трохсотгадовыя волаты-дубы, і непрыкметныя пакуль дрэвы падлеску. І стары воўк, мацёры, асірацелы з-за празмернага, нават не паляўнічага, спажывецка-браканьерскага спрыту («чалавек зрабіўся надта ўпарты ў сваёй жорсткасці да іх, ваўкоў»), апошні воўк у пушчы — таксама персанаж. І яшчэ які важны ў мастацкай структуры твора.
У прыродзе павінна быць раўнавага. Таму так асабліва востра адчувае Валошка з гэтым апошнім ваўком у пушчы «боль за ўсё жывое». Таксама як адказнасць сваю, рашучасць адстайваць лес і ўсё, што ёсць у ім.
А з якім вострым адчуваннем натуры, псіхалогіі жывой істоты выпісаны старонкі галоднай вандроўкі ваўкоў — у пошуках спажывы.
Ёсць у рамане і сабака — ці не самая любімая жывая істота пісьменніка. Што так ці інакш, эпізодам ці буйной замалёўкай з'яўляецца ў творах Віктара Карамазава. Як сам ён адзначаў у выдатнейшым эсэ пра Максіма Гарэцкага, той «з усёй жывёлы наймацней любіў і шанаваў каня». Ці не так любіць і шануе Віктар Карамазаў гэтага даўняга сябра чалавека, якому давер і з якім бывае «доўгая светлая песня. Лясная, паляўнічая». Гэта ўжо з апавядання «Апошняе паляванне з лайкай». І адтуль жа — але «бачыўся ён Лукашу тым малым, бяздомным — на пыльнай дарозе». Пасля гібелі сабакі. І ў гэтым павароце — вельмі важная рыса творцы і чалавека Віктара Карамазава. Спагада, разуменне, спачуванне, чалавечнасць — як вызначальнае, абавязковае ў адносінах чалавека да свету, да людзей, да жывёл, да раслін. Гэта адчуваецца ва ўсёй яго творчасці.
Значнасць і самавыяўленасць кожнай істоты, кожнай расліны, таямніца чалавека, асобы, якая існуе для пісьменніка ў кожным чалавеку нават тады, калі сам чалавек пра гэта і не здагадваецца.
Ёсць у Віктара Карамазава апавяданне «Сямёнаўна». Жыве сабе ў вёсцы ціхманая жанчына. У гадах. Дачка недзе ў горадзе. Але — пісьменнік не скажа — адзінокая, а прамовіць: «Жыла не адна». Сабака Сіўчык, кошка Бурка, дзве курыцы. А яшчэ часам завітае харошы чалавек — Толік, пасобіць чым. Выдае гэтая жанчына слабой, безабароннай. І, здаецца, уся навідавоку. Ажно — выяўляецца, ордэн мае, Чырвонай Зоркі. Суправаджала падчас вайны па заданні райкома камсамола поезд з паштовымі каштоўнасцямі. Давезлі тыя каштоўнасці ўдваёх з машыністам — астатнія загінулі. Вось і лічыць Сямёнаўна — самую высокую ўзнагароду атрымала: жывая засталася. Чаго тым ордэнам пахваляцца?
Сціпласць і высакародства як норма паводзін і як норма чалавечых узаемаадносін вызначаюць і галоўную думку яго аповесцяў «Бярозавыя венікі» і «Спіраль», многіх апавяданняў. Ну, а заўсёдны клопат пісьменніка — чалавек на зямлі. Яго здаровае карэнне. Бо «без гэтых каранёў чалавек — вецер» (нарыс «Хлеб і да хлеба»). Вось, здаецца, не такі ўжо канчаткова паганы чалавек Ціма з аповесці «Дзень Барыса і Глеба», не страчана ім адчуванне чалавечых даброт, а стаіць ён усё жыццё (і немалое, сорак з гакам) на нічыйнай духоўнай глебе, жыве, як набяжыць. Пашматкавана жыццё на нейкія дробязі, нішчымныя радасці, неадчутыя як след страты. А задумаўся ён — ці не ўпершыню — пра жыццё-быццё сваё на радзіме, у вёсачцы ля невялікага прытока Сожа. Прыём традыцыйны, для беларускай літаратуры часты. Але традыцыі таму і ёсць традыцыі, што ў іх закладзена аснова, самае галоўнае, неаспрэчнае. Дзе ж так не адчуць сэнс ці бяссэнсіцу існавання, як не там, дзе карані тваіх продкаў. На той глебе. На той зямлі.
Чалавек на зямлі — гэтую даўнюю, глыбінную традыцыю беларускай літаратуры таленавіта працягвае Віктар Карамазаў. У рамане сваім. Аповесцях. Апавяданнях. Працягвае па-сыноўняму ўсхвалявана і па-бацькоўску клапатліва. Па-пісьменніцку ўдумліва. Адчуваючы гэтую «зямную повязь» заўсёды. І ў нарысах сваіх. Дзе спалучаюцца высокая агульная культура, сапраўдная мастацкасць, сацыялагічная зоркасць, дасведчанасць у эканоміцы. Ён, дарэчы, найбольш актыўны апошнім часам сярод бліскучых майстроў гэтага жанру, дзе займае годнае месца. Я маю на ўвазе майстроў менавіта мастацкага нарыса, калі гэты жанр, не губляючы публіцыстычнай вастрыні, не ахвяруючы актуальнасцю і важкасцю праблемы, становіцца здабыткам мастацкай літаратуры: Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Веру Палтаран, Міхася Стральцова, Янку Сіпакова. І яго — Віктара Карамазава.
Гэта ўжо згаданае «Векавое», «Руны мараны», «Вясёлка сярод зімы», «Зямная повязь», «Хлеб і да хлеба». Пра чалавека на зямлі. Пра старшыню прыгараднага калгаса Абярэмку з безліччу яго клопатаў, ветэрынара Арнольда, для якога «жыццё, нават не чалавека — скаціны, было... святое найвышэйшай святасцю» («Зямная повязь»), пра землякоў-беларусаў, што будуюць на Пскоўшчыне саўгас «Беларускі», пра дырэктара гэтага саўгаса Навіцкага, які ўмее рабіць не толькі эканамічныя прагнозы, але і спрабуе «прагназіраваць псіхалагічныя змены ў абліччы селяніна», імкнецца заглыбіць корань працаўніка, адчуваючы псіхалогію чалавека, «гістарычную, традыцыйную, народную». Лепш страціць сёння ў грошах, але падумаць пра будучае. Пакінуць рабочаму саўгаса яго няблізкую сядзібу, заплаціць за яе. Затое на сядзібе не толькі сённяшні селянін, а яго сын застанецца — будзе ведаць, дзе яго родны кут, яго корань («Хлеб і да хлеба»).
Віктар Карамазаў разумее не толькі густую зямную аснову, глебу, але і рамантыку зямлі, паэзію яе. Ці то гэта палеткі, ці то лес, ці то мора, на ўзбярэжжы якога недзе на лапіку паўночнай паўастраўной зямлі, прыляпілася вёсачка патомных памораў («Руны мараны»). Ён умее чуць патаемную мову лесу і мора, задумацца над карцінамі селяніна — латыша Краўзіня — з іх цеплынёй шчырай зямлі і свежым хараством маёвых садоў, махануць у вёску Неглюбку, каб там на свае вочы пабачыць «вясёлку», што ткуць на сваіх абрусах і ўборах няўрымслівыя вясковыя кабеты («Вясёлка сярод зімы»). Паслухаць іх песні. Паехаць па славутыя руны на Поўнач. Паглядзець Кіжы — і задумацца самому над лёсам створанага нашымі дойлідамі. І ў задуме той мы адчуем і логіку свядомага, і інтэлектуальную медытацыю, і прыродныя імпульсы, і моцную плынь падсвядомага. І пачуем свежую і натуральную беларускую мову. Яркую, вобразную. У якой адчуваюцца сляды недарэмных падарожжаў пісьменніка. Нястомнага вандроўніка. Трывалага хадака. Чалавека пільнага, паляўнічага зроку. Для якога прывал — не прыпынак. Момант вышэйшага напружання думкі. У пошуках ісціны. Збірання сіл душы. Каб рушыць далей.