Потым перавёў позірк на маці Сяргея.
– Сорам згубіла! Твой дзед разам са мной на гэтай зямлі погань выводзіў, паліцаяў біў і недзе у чужой зямлі ляжыць, каб і во гэтыя праўнукі яго жылі шчасліва, а ты такую погань у двор прывяла! Глядзі, Зойка, глядзі, пакуль не позна…
Дзед павярнуўся і пайшоў са двара.
Зэк, нават не зірнуўшы на Сяргея, быццам зусім нецікавымі яму сталі дзеці, павярнуўся і пайшоў у хату, скрывіўшы галаву набок, трымаючыся за шыю.
Маці Сяргея тапталася на месцы, не ведаючы, што ёй рабіць далей, мітусліва разводзіла рукі ў бакі, пакуль ад сянец зэк не закрычаў:
– Зойка! Чаго прырасла да вырадкаў! Не бачыш, як шыя баліць? Уу-у-у, я табе яшчэ ўзгадаю! – прыгразіў ён ці то Зойцы, ці то дзеду Васілю, ці то Сяргею і зайшоў у хату.
Маці ўслужліва памкнулася ўслед за ім.
Сяргей стаяў, усё так жа трымаючы вілы наперавес. Пальцы рук пабялелі і анямелі. Ногі сталі чужымі – ён іх не адчуваў.
Нэла асцярожна падышла, прыціснулася, абхапіла яго ногі рукамі.
– Нічога, Нэлка, праб’ёмся, – з хрыпам, быццам смага высушыла горла, прагаварыў Сяргей, асцярожна, як шкляныя, апусціў вілы зубамі на зямлю.
І толькі цяпер сэрца нечакана забухала з такой сілай, што яго штуршкі аддаваліся ў горле.
– Нічога, нічога, – Сяргей пагладжваў Нэлу па галаве, і гэта супакойвала яго. Ён адчуў свае ногі, пабачыў, што заходзячае сонца б’е яму проста ў твар, што надворак стаў яшчэ больш чужым, хата – яшчэ больш бруднай і аблезлай. Раптоўна зразумеў, што цяпер ён не пераступіць парог свайго дома. Дакладна, да той пары, пакуль гэты зэк будзе ў доме жыць.
Нэла прыціснулася да яго яшчэ мацней, аж горача стала назе.
– Пайшлі, Нэлка.
У будане растрос добра, разраўняў сена. Было яго малавата, але цвёрда не будзе. І холадна быць не павінна – ночы цёплыя. Вось каб яшчэ коўдру якую ці так чым накрыцца. Ды і пад голаў... Трэба было ісці ў хату. А там – прымак і п’яная маці.
Пачулася бразганне дзвярэй у сенцах. Сяргей вылез з будана – маці і прымак выходзілі на вуліцу. Пад пахай у маці быў нейкі яркі скрутак. “Куртачка!” – здагадаўся Сяргей. Імгненна ўспомніліся вочы маці, калі яна казала “Ах, велікаватая”, і голас яе, у якім быў хутчэй не жаль, а радасць, быццам гэта акалічнасць давала ёй магчымасць для задавальнення большага. “Прап’юць, сволачы,” – думка стрэліла горыччу, але бегчы ўслед Сяргей не стаў. Зразумеў – дарэмна.
Нічога, пакуль цёпла, а там ён нешта прыдумае...
На гарышчы знайшоў два свае старыя паліто, якія яму некалі давалі ў інтэрнаце – дэмісезоннае і зімняе. Гэта – пад голаў.
Ляжаў яшчэ вузел нейкіх ануч, але там былі насамрэч анучы – няма чаго выбраць. У хаце сцягнуў з ложка, на якім ён спаў з Нэлай мінулым летам, коўдру. Падушкі не было. Коўдра была без падкоўдраніка, брудна-зялёнага колеру, смуродзіла нечым кісла-салодкім.
“Выветрыцца”, – ён кінуў коўдру на галіну вішні.
– На, гаспадынька, кладзі пад голаў, – Сяргей працягнуў у будан, дзе сядзела Нэла, цяпер не вылазячы адтуль, два свае паліто.
Да заходу сонца Сяргей адшукаў тры свае вуды, перачапіў лёску, якая за год, вядома ж, стала нікуды не вартай, змяніў кручкі – новую лёску і кручкі ён прывёз з сабой.
– Ну, цяпер нам можна нічога не баяцца! – звярнуўся ён да Нэлы, якая назірала, як ён папраўляў вуды. – Будзем рыбу лавіць, варыць, смажыць і есці! А там грыбы пойдуць, назбіраем, прададзім, цукеркаў купім. Ого! Усё ў нас будзе!
Павячэралі яны рэшткамі таго, што прывёз Сяргей.
У гэты час у хаце нечы чужы п’яны голас ці то выў, ці то спяваў.
П’янка працягвалася да глыбокай ночы.
Нэла спала, абхапіўшы адну руку Сяргея дзвюма сваімі ручкамі, быццам баялася, што ён можа знікнуць. Сам Сяргей ніяк не мог заснуць. І не п’яныя крыкі з дому былі таму прычынай. Ён думаў аб тым, як наловіць заўтра многа рыбы, вялікіх, тлустых, жоўта-залатых карасёў, як будуць яны смажыць іх прама на агні... Ці можа, лепш знайсці дзе старую патэльню? У хаце пад печчу павінна ляжаць...
Сон нарэшце змарыў.
Частка 4
– Сыну, уставай!
Віцька ўжо не спаў, чакаў гэтага голасу маці. Яны спрабавалі былі дамовіцца, што ў час канікулаў Віцька будзе спаць столькі, колькі захоча, але маці не ўступіла:
– І не сорамна табе будзе валяцца ў ложку да абеду, калі лета на двары? І потым, сыну, ёсць жа і ў цябе справы.
– Няхай Жэнька дапамагае!
Жэнька, сястра-аднагодка, умомант узвілася:
– Лайдак, у мяне і так спраў па горла! Будзеш сам сабе і абед гатаваць, і ў хаце прыбіраць, і...
– І валасы табе круціць. Разам з вушамі.
– Пакруціш, глядзі, каб табе нос не накруцілі, каб не соваў яго не ў свае справы.
– Дзеці, дзеці! – прыкрыкнула маці, умомант з вясковай жанчыны стаўшы школьным завучам Аленай Адамаўнай. – Не сорамна? Жэнька, ты ж разумнейшая, уступі... А ты, рыцар, мог бы не заядацца з дзяўчынай.
– Якая яна дзяўчына? – хмыкнуў Віцька. – Сукенку ні разу не апранула.
– Мая справа, – агрызнулася Жэнька.
– А Божа, – пляснула маці далонямі. – І трэба было вам разам нарадзіцца...
Віцька і Жэнька – двайняты. Разам іх маці вынасіла і нарадзіла. Як смяецца бацька, прырода нешта наблытала: Жэньцы трэба было быць хлопцам. Год да дванаццаці яна ні на крок ад Віцькі не адыходзіла: і апраналася, як хлапчук, і валасы загадвала коратка падстрыгаць. Як і Віцька, яна заўсёды была ў драпінах, мурзатая і з лялькамі ніколі не гуляла. З трох год яе нельга было прымусіць апрануць сукенку, апраналі сілай – у садку сама здымала ці запіхвала падол у калготы. І ўвогуле, палец ёй у рот не кладзі, вострая на язык.
Праз месяц Віцьку і Жэньцы будзе па чатырнаццаць, і неяк яны менш сталі сябраваць, менш былі разам. У Жэнькі свае сакрэты з’явіліся, ды і знешне яе ўжо за хлапчука не прымеш – вунь як прыкметна невялікія грудзі тапыраць тканіну майкі...
Маці сядзела за сталом, піла чай, Жэнька расстаўляла талеркі – сабе і Віцьку. Падпяразаная невялікім стракатым фартушком, у жоўтай майцы з кароткімі рукавамі і вялікімі выразамі на спіне і грудзях, з каротка падстрыжанымі валасамі, невялічкімі залатымі кропкамі завушніц у вушах. Такая яна была ўся дзелавая, сур’ёзная, што Віцька не стрываў, плюхнуўся за стол на канапу, працягнуў гулліва:
– Афіцыянт! Шампанскаго!
Жэнька зрэагавала нечакана – схапіла яго за вуха і пацягнула ўверх без усялякіх жартачкаў.
– Рукі памыйце, ваша вялікасць.
– Ах ты! – Віцька падскочыў, але Жэнька была ўжо ў некалькіх кроках.
– Я табе пакажу “афіцыянта”! У абед сам сабе наліваць будзеш.
– Дзеці! Жэнька! Віцька! – маці пляснула па стале. – Ну хоць кропля сумлення ў вас ёсць? Не псуйце мне настрой перад працай.
– А чаго яна... – вінавата буркнуў Віцька, вылез з-за стала, пайшоў мыцца.
Хутчэй бы ў маці водпуск пачаўся. Месяц яшчэ ёй трэба ў школе сядзець. Экзамены, тое-сёе...
Маці пайшла, Жэнька паспела паесці і была ўжо ў палісадніку – корпалася ў сваіх руках. Віцька даядаў макароны з яешняй, калі Жэнька зайшла з трыма зрэзанымі ружамі.
– Вось жа чорт! Не здагадалася адразу зрэзаць, – пашкадавала яна, зняла крыштальную вазу з тэлевізара. Наліла ў яе вады і паставіла на сярэдзіну стала ўжо з вадой і ружамі. – Уяўляеш, як бы прыемна было маме: пі сабе чай і глядзі на такую прыгажосць...
– З вечара трэба было, – незласліва упікнуў Віцька сястру, сам залюбаваўся кветкамі: густы, насычаны барвовы колер, кропелькі вады на паўраскрытых бутонах, пяшчотныя пялёсткі.
– Нічога, затое я ім сёння рамантычную вячэру зраблю, – падміргнула ружам Жэнька.
Ім – значыць маці і бацьку. Бацькі ўжо з пяці гадзін раніцы няма – працуе. Ён таксама настаўнік, вядзе ўрокі малявання, чарчэння, працы, але ўжо трэці год запар, як толькі пачынаецца яго летні водпуск, ён садзіцца за руль трактара, а потым – камбайна. Механізатараў на вёсцы не хапае.
– Так, пойдзеш у магазін па хлеб, то купіш пячэння.. не, лепш маргарын, – стала пералічваць Жэнька. – Сама напяку пячэння. Яшчэ смятаны возьмеш, цукру, а то мала засталося і... а, бяры каву! Яны ж пашкадуюць грошай... Потым табе – бацвіння парсюкам наламаць і пасекчы.