Литмир - Электронная Библиотека

…Грудку камянёў пабачылі, лічы, ўсе разам – у неглыбокай яміне.

І – застылі перад імі моўчкі, без слоў зразумеўшы, што гэтая яміна – некалішні ўзгорак.

А літаральна ў трох кроках ад гэтых камянёў ляжалі рэшткі адзення, бялелі раскіданыя косткі.

Маўчанне парушыў дзед Васіль.

– Ну, вось і сябры мае… Вось і наш чацвёрты… – паказаў дзед на бялеючыя косткі.

– Гэта… Што гэта? – шэптам спытала Жэнька.

Дзед азірнуўся ў пошуках нечага, пабачыў недалёка паваленую ветрам асіну.

– Хадзем, сядзем. Пакурым, памазгуем…

Маўчалі, пакуль дзед круціў сваю самакрутку, распальваў.

– Не зразумелі, што за косці побач?

– Гэта той Пітэр!? – выгукнуў Віцька.

Ніхто не здзівіўся яго словам – здавалася, што Віцька толькі агучыў іх агульную думку, якая без слоў перадалася ад аднаго да другога.

– Дык гэта тое якраз, аб чым вы нам недагаворвалі? – спытаў Віталь. – Там, калі ў садку казалі.

– Так, тое… – пачаў дзед. – Памятаеце, пра рыбака я расказваў, які моўчкі, ні з кім не загаворваючы, сноўдаўся па Ведзьмінай тоні, а потым толькі лодку я пустую знайшоў? Па часе гэта якраз супадае з тым дакументам, што ты, Віцька, адшукаў. Дзевяць гадоў… Я так і падумаў, што вернецца ён сюды, да сваіх сяброў. Ён і вярнуўся. Адшукаў магілу і… памёр тут. Вось і ўсё, і нічога нам ні выдумляць, ні апраўдваць не трэба – усё чацвёра нашых вяскоўцаў ляжаць тут, на Савіным востраве…

– Мабыць, трэба нам яшчэ нешта зрабіць… А можа, і не тая гэта магіла? – задумаўся Віцька. – Трэба ўсё праверыць… Каб дакладна.

– І косці тыя… Прыбраць іх трэба, – падумала ўголас Жэнька і тут жа дадала: – Але я баюся іх кранацца…

– Усё правільна, – падтрымаў дзяцей дзед. – Зараз мы праверым магілу, збяром тыя косці… Ты сабе Жэнька ідзі з Нэлай у лагер…

– Не, мы побач пабудзем. І мне здымаць трэба.

– Ну, добра… Пайшлі, хлопцы.

Падышлі да мяркуемай магілы, пракапалі неглыбокую траншэю паўкругам.

– Так і ёсць, бачыце, як добра відаць, – паказаў Віталь на траншэю. – Вось тут зямлю не чапалі, а тут бачна, што капалі, перамешаны пясок і чарназём…

Гэта ўсім было зразумела.

– Ну, дайце мне рыдлёўку, – працягнуў руку за інструментам дзед Васіль. – Вы пасядзіце. Мне старому, такі грэх прабачыць Бог. Я сам…тут не павінна быць глыбока…

Ён акуратна расчысціў верхні пласт зямлі. Цяпер магіла была бачна добра.

Дзед асцярожна стаў капаць у верхняй частцы магілы.

Рэжучы гук прымусіў усіх здрыгануцца – рыдлёўка зачапіла за жалеза. Дзед рукамі стаў разграбаць пясок, адкідваць яго далей. Паказалася іржавая ваенная каска. А ў касцы – забялеў чэрап.

Войкнула, адвярнулася Жэнька.

Дзед прытрымаў чэрап на месцы, выцягнуў з пяску каску, падаў Сяргею, які стаяў бліжэй за ўсіх да магілы.

– Глядзі, ззаду павінна быць дзірка невялікая ад кулі. Каску мы яшчэ хлапчукамі на полі бою падабралі, калі нашы адступалі. Каска была толькі ў Андрэя.

Была дзірка ў касцы…

Дзед вылез з ямы.

– Ну, хлопцы, цяпер давайце збіраць тыя косці. Пакладзём іх сюды, да астатніх, закапаем акуратна, добрую магілу зробім…

– Навошта? – здзівіліся ўсе. – Дык а перазахаванне?

– Будзем сённяшнім днём жыць, – спакойна патлумачыў ён.

Дзіўна, але калі знойдзеная зямлянка не на жарт ўсхвалявала старога, то раскапаная магіла, а галоўнае – выцягнутая з магілы каска канчаткова супакоілі яго. Да дзеда вярнуліся ўпэўненасць, размеранасць і нетаропкасць. Ён зноў быццам у садзе сваім вязаў кошыкі – стаў казаць і рабіць усё без спеху, грунтоўна.

– Што будзе заўтра – ніхто не ведае. Можа, я памру, можа, начальства наша перадумае, – казаў дзед і круціў цыгарку, і рукі цяпер яго нічуць не дрыжалі, як некалі. – А мы павінны з вамі зрабіць тое, што павінны: насыпаць добрую магілу, паставіць добры крыж…

– А і праўда, – згадзіўся нечакана Віцька. – Я толькі гэтым летам столькі загадваў – мала што спраўдзілася. Хто яго ведае, што там заўтра будзе…

– Вось, а нам трэба тут усё зрабіць, – працягваў дзед Васіль. – Каб хто з жадаючых з нашай дапамогай мог сюды прыйсці і на чалавечую магілку патрапіць, а не ў яму ўпасці… Давайце, хлопцы …

Белыя косці былі расцягнуты трохі звярамі (сюды і ваўкі маглі забрысці). Іх збіралі ў рэшткі курткі, у якую быў некалі апрануты мужчына. Куртка згубіла і колер, і форму, але тканіна была сінтэтычная, то яшчэ не спрахла. Зносілі косці да ямы, дзед акуратна ўкладваў, прысыпаў пяском. Доўга шукалі чэрап. Нарэшце знайшлі ў высокай траве – праз пустыя вачніцы яго, што глядзелі ў высокае неба, прарасла трава…

Адчуванне таго, што яны робяць не тое, што планавалі, пакрысе прайшло і ў Жэнькі, хоць усё супраціўлялася ў ёй. Яна напачатку хацела сказаць, каб увогуле не закапвалі і разрытае – вось сказалі б там, у райцэнтры, што тут косці на паверхні ляжаць – не кінулі б справу, прыехалі б… Але за гэтыя дні яна цалкам стала давяраць дзеду. Ён жа разумны стары. Ён не хлусіць…

Сабралі ўсе косці, старанна праверылі ўсё вакол таго месца, дзе ляжаў касцяк – каб нічога не пакінуць. Асобна сабралі рэшткі адзення.

Невялікі ўзгорак насыпалі, падраўнялі з усіх бакоў – і трошкі аж не па сабе стала – раптоўна сярод лесу з’явілася ўжо сапраўдная магіла. Дзед ручкай рыдлёўкі паціскаў на пяску зверху – намаляваўся крыж.

– Ну, вось… Цяпер давайце падумаем, што з рэшткамі адзення рабіць.

– Спалім ды і ўсё, – прапанаваў Сяргей. – Каб ніхто ніякіх пытанняў нам не задаваў.

– Правільна, – падтрымаў Віцька. – Мы знайшлі толькі косці…у самой зямлянцы. І нічога больш.

– Ну, давайце так і зробім, – згадзіўся дзед.

Спалілі рэшткі адзення. Смярдзючы дым вецер адносіў убок.

– Якія ў вас цяпер планы? – спытаў дзед.

– Ды… Трэба дакладна месца на карту нанесці, карту вострава скласці. Трэба і тую зброю адшукаць, – стаў пералічваць Віталь.

– Ды пачакае твая карта, – перабіў яго Віцька. – Рыбу вось пойдзем лавіць. Якраз вячэрні клёў. А зброю не знойдзем без металашукальніка.

– Добрая справа – рыбу палавіць, – кіўнуў дзед. – Але яшчэ ранавата. А ты, Жэнька, як мяркуеш?

– Не ведаю… неяк мы ўсё планавалі да моманту знаходкі. Трэба вяртацца, мабыць…

– Як вяртацца? Ты што?

Хлопцы аж падскочылі з месца. Дзед супакоіў усіх.

– Ну, ты, Жэнька, па тэлефоне Рыгоравічу даложыш, як вернецца… А вось кажы толькі яму самому, больш нікому… Вось так пакуль зробім: мне, хто дужэйшы – мо ты, Сяргей, дапаможа дубок зваліць (я тут прыкмеціў) і сюды прыцягнуць, парэзаць. А вы сабе востраў мерайце. Думаю, дакладная карта патрэбна будзе… А потым я тут крыж майстраваць буду – а вы сабе ідзіце, рыбачце. Дамовіліся?

З дзедам пагадзіліся.

Частка 26

Дарэмна Віцька бурчэў – складанне карты вострава захапіла яго. Ён па камандзе Віталя ішоў краем вострава, ля пачатку балота, і сам уяўляў, як малюецца лінія берага на карце. Кропку за кропкай памячаў Віталь, Віцька пераходзіў далей і далей, нарэшце – круг замкнуўся.

Востраў на карце выглядаў зусім не круглым – паўкруг. Ды яшчэ няроўны. Нічога не казала аб тым, што ён тут некім насыпаны… І Заікін быў у напрамку Савінага вострава без намёку на нейкі таямнічы азімут.

– Нічога, мы яшчэ астатнія праверым, – не здаваўся Віталь. – І раскопкі трэба правесці на месцы зямлянкі – што там за бярвенні, пра якія дзед расказваў…

Сяргей падышоў да палаткі – дзеду ён больш не трэба быў: той сам майстраваў невялікі крыж.

Жэнька ўжо двойчы тэлефанавала – Зарэмба усё яшчэ не вярнуўся ў вёску. Нэла, стомленая доўгім блуканнем па лесе, цяпер моцна спала ў палатцы.

Жэнька адмовілася ісці з хлопцамі на рыбу – у апошні момант, гледзячы на салодка спячую малую, яна зразумела, што сама неверагодна стамілася. І прылегла побач з ёй.

…Не, такога клёву яны даўно не бачылі. І сам Віталь, які не вельмі захапляўся той рыбалкай, разгарачыўся так, што ў першыя дзесяць хвілін аж прытанцоўваў на месцы.

Ах, якія ж чапляліся карасі! Адзін у адзін, жоўта-залатыя, вялікія! І не гулялася рыба з нажыўкай: толькі ледзь варухнецца паплавок – і адразу ішоў адным штуршком у глыбіню. Эй, давай, цягні!

46
{"b":"313656","o":1}