пацярпела фіяска, але кар’ера на Старой плошчы зробленая была, і ён усё жыцьцё, колькі мог і як толькі мог, паскудзіў Быкаву. Што ж, герастратава слава для людзей такога кшталту – таксама слава. Калі састарэламу адыёзнаму “паліттэхнолагу” адусюль у Маскве далі высьпятка, ён пераехаў у Менск і быў запатрабаваны ў самых высокіх кіруючых сферах. І з другога боку – не давала б ні спакою, ні магчымасьці засяродзіцца на творчасьці розная назойлівая, нахрапістая калялітаратурная, але перш за ўсё – каляпалітычная шалупонь, якой патрэбна было імя Быкава, ягоны аўтарытэт і сусьветная вядомасьць, і злоўжываючы мяккасьцю характару, інтэлігентнасьцю і далікатнасьцю натуры пісьменьніка, яна не жадала лічыцца ні з ягонай занятасьцю, ні з ягоным здароўем...
Той раз ён гаварыў аб сваім вяртаньні дадому як справе для сябе вырашанай канчаткова і беспаваротна. За доўгія гады я ня раз назіраў Быкава, калі ён прымаў прынцыпова важныя для сябе рашэньні – тут ніхто ня мог яго ні ўгаварыць, ні пераканаць, і мяне, як і ўсіх, хто яго добра ведаў, заўсёды зьдзіўляла, як ужываецца ў ім мяккасьць, далікатнасьць, немагчымасьць некаму адмовіць з непахіснай цьвёрдасьцю, рашучасьцю, бескапраміснасьцю, калі справа тычылася ягонага перакананьня, ягоных прынцыпаў. Пачуўшы маё, вядомае яму і раней, станоўчае стаўленьне, якое, канечне ж, ужо не магло мець абсалютна ніякага значэньня, ён патлумачыў:
– Быў сэнс заставацца там, пакуль пісалася. Усё, што планаваў – зрабіў. Зараз, так сказаць, трэба пабыць дома, а там відно будзе...
Генадзь Бураўкін расказваў, што прыкладна тое ж Быкаў казаў і яму. Мы чакалі ягонага вяртаньня летам. Ня ведаю, што ўтрымала яго. Магчыма, гэта быў кампраміс з блізкімі яму людзьмі, якія не падзялялі ягоны намер – хоць і цяжка было на яго ўзьдзейнічаць, але ён быў жывы чалавек. Магчыма, з-за здароўя, якое пагаршалася і пагаршалася і ўрэшце рэшт закончылася страшным дыягназам... Аперыраваць узяліся ў пражскім шпіталі – тым самым, тыя ж урачы, што рабілі складаную анкалагічную аперацыю прэзідэнту Гавелу...
Ягоны апошні прыезд быў даволі неспадзяваным і нечаканым, хоць па-праўдзе кажучы, усе ягоныя прыезды апошнія гады былі нечаканымі – ведалі, што павінен прыехаць, але што ён ужо дома, даведваліся з ягоных званкоў. Як і ніхто толкам ня ведаў, у які час, якім відам транспарту ён адбывае. Упадаў у гэтую кансьпірацыю Васіль Уладзіміравіч не таму, што хацеў абвесьці вакол пальца адпаведныя службы – не такі наіўны ён быў чалавек, каб ня ведаць, што не пасьпее пераступіць дзяржаўную мяжу, як тыя, каго гэта цікавіць, маюць інфармацыю. Не хацеў іншай праінфармаванасьці, пасьля якой на вакзале альбо ў аэрапорце яго сустрэне ці прыдзе праводзіць натоўп ды яшчэ са сьцягамі, плакатамі, чаго ён арганічна не выносіў. Расказваў, неяк выйшаў з ліфта на лесьвічную пляцоўку з чамаданамі – а там ужо людзі, якіх менш за ўсё хацелася б бачыць. Звычайна ён адключаў тэлефон, сам званіў, каго хацеў пачуць ці пабачыць. Цяперашні ягоны прыезд нечаканым быў у тым сэнсе, што пасьля аперацыі ён знаходзіўся пад пільным наглядам урачоў. Генадзь Бураўкін толькі-толькі сабраўся ехаць у Прагу праведаць яго, заадно ўзяць інтэрв’ю для газеты “Салідарнасьць”, на якое па тэлефоне згадзіўся Васіль Уладзіміравіч, хаця к таму часу катэгарычна адмаўляўся даваць якія б там ні было і каму б там ні было інтэрв’ю...
Даволі хутка ўдалося зьвязацца з Генадзем праз ягонага сына Лёшу, і назаўтра з ранку ён пазваніў мне з кватэры. Перагаварылі, дамовіліся, як паедзем, дзе і ў колькі сустрэнемся, і ледзь паклаў трубку і сабраўся набраць нумар Сяргея Законьнікава, як зноў званок ад Генадзя – толькі што Быкаў званіў яму, прасіў перанесьці сустрэчу на заўтрашнюю раніцу, на дзесяць гадзінаў...
Васіль Уладзіміравіч быў рэдкі на цяперашні час чалавек слова, да педантычнасьці дакладны і абавязковы. Калі скажа, што прыдзе – можна не сумнявацца: будзе з дакладнасьцю да хвіліны, прызначыць сустрэчу – практычна ніколі не
бывала, каб адмяніў. Мы зразумелі, што яму кепска, к вечару, пэўна, вельмі стамляецца і ня хоча паказвацца такім перад намі...
Ён, як заўсёды, сам адчыніў дзьверы, сустрэў нас характэрнай шчырай і прыязнай быкаўскай усьмешкай са звычайным радасным воклічам: “Ну, во-о-о, хлопчыкі!” Абняліся-расцалаваліся ў вузкім калідорчыку і, пакуль Ірына Міхайлаўна накрывала стол у зале, запрасіў у кабінет у канцы калідорчыка направа. Тут спакойным, нават трошкі іранічным голасам расказваў і пра “рачка, што завёўся” ў ім, і пра тое, як пагана адчуваеш сябе з урачамі, ня ведаючы тамтэйшай мовы, і пра свой няпросты пералёт з Прагі ў Менск, за час якога ён ды і Ірына Міхайлаўна гублялі прытомнасьць.
Гутарку прадоўжылі ў зале, заняўшы “свае” месцы – ён з Генадзем на канапе справа, мы з Сяргеем насупраць на крэслах. Ірына Міхайлаўна, як заўсёды, прысела на хвілінку на нізенькі зэдлік у тарэц стала, нешта пыталася, але, як і звычайна, ня надта ўмешвалася ў нашу мужчынскую гамонку: пасядзіць – і зноў бяжыць шчыраваць на кухню. Васіль Уладзіміравіч засыпаў нас пытаньнямі – і пра здароўе, і пра нашых сямейнікаў, і пра літаратурныя справы, а больш за ўсё – што робіцца тут, на Беларусі, як тут зблізку мы бачым і разумеем розныя падзеі апошняга часу. Ён выслухоўваў нас і меў свае меркаваньні. Лёс роднай Беларусі заўсёды востра хваляваў і трывожыў яго, нават цяпер, зьняможанага, спакутванага сьмяртэльнай хваробай.
Фізічныя дый, вядома, душэўныя пакуты, немаладыя гады зьнешне зрабілі з яго зусім старога, на той дзень амаль што нямоглага чалавека, што адразу ж кінулася ў вочы. Ён страшна здаў у параўнаньні з тым, якім быў год назад. І ўвогуле ў эміграцыі ён здаў неяк рэзка, абрывіста, асабліва калі памяняў звыклую быкаўскую прычоску “набок”, з якой глядзеўся маладзейшым. А ўвогуле ён заўсёды выглядаў значна маладзейшым на свае гады. Колісь мне, васемнаццацігадоваму, калі ўпершыню ўбачыў Быкава ў сакратарыяце “Гродненской правды”, ён падаўся ледзь не равесьнікам. Дый потым ягоныя аднагодкі старыліся куды хутчэй, чым Быкаў. А зараз ён быў зусім стары, стомлены, змучаны страшнай хворобай чалавек. Але трымаўся малайцом, нават чарачку прыгубіў за кампанію са мной, пацьвельваючыся з Генадзевага і Сяргеевага цьвярозага ладу жыцьця, да якога ніяк ня мог прывыкнуць дый прыняць усур’ёз таксама, хоць сам ужо добрых гадоў з дзесяць не браў нічога, апроч чарачкі сухога віна...
Гадзіны праз тры мы заўважылі, што ён стаміўся, і сталі сьпешна зьбірацца. Ён у адрозьненьне, як гэта бывала заўсёды, на гэты раз не настойваў пабыць яшчэ, выпіць “на дарожку”, не хаваў, што яму хочацца прылегчы, хоць ні словам не абмовіўся пра сваю немач. Ён ніколі не любіў скардзіцца на свае болькі і нягоды, якіх аж занадта хапала ў ягоным, як многім здавалася, надта ж удалым і шчасьлівым лёсе. На разьвітаньне Васіль Уладзіміравіч падарыў кожнаму з нас сваю “Доўгую дарогу дадому” са зробленымі яшчэ да нашага прыходу подпісамі-аўтографамі і абавязковыя для яго памятныя сувенірчыкі, якія заўсёды прывозіў з замежных вандровак. У гэтым сэнсе ягоная ўважлівасьць была проста ўнікальнай. Не памятаю, каб ён калі забыўся павіншаваць з днём нараджэньня ці нейкай іншай сямейнай урачастасьцю, нават знаходзячыся за тысячы кіламетраў. Нягледзячы на рашучыя пярэчаньні, Васіль Уладзіміравіч, як тое бывала заўсёды, пайшоў праводзіць нас да самага ліфта...
Гэта было наша апошняе “зьбяганьне” ў Быкава з Быкавым. Але не апошняя сустрэча з Васілём Уладзіміравічам. Апошняя адбылася праз няпоўны месяц – 19 чэрвеня, у 79-тыя ўгодкі ягоных народзінаў, якія ён сустракаў у бальнічнай палаце ў Бараўлянах. Мы згаварыліся з Барадуліным, Кудраўцом, Вярцінскім ехаць разам вялікай групай, каб меней стамляць Васіля Уладзіміравіча. Ён ужо не падымаўся, хоць ўрачы, што лячылі яго, былі на той момант настроены вельмі аптымістычна. Урач забараніла заносіць у палату кветкі – яны выклікалі ў Васіля Уладзіміравіча прыступы астмы, якая мучыла яго не адно дзесяцігоддзе. Шматлікія букеты, прынесеныя некім да нашага прыходу, стаялі і ляжалі на стале ў калідоры. Дабавілі да іх свае і запоўнілі палату. Павіншавалі, узялі нават, стоячы, па кілішачку за ягоны дзень анёла і – галоўнае за здароўе. Васіль Уладзіміравіч спрабаваў усьміхацца, але і ўсьмешка, і словы даваліся яму цяжка. Выслухаў аўдыёпасланьне ад Рыгора Бакланава, якое прынёс і ўключыў па прыёмніку Рыгор Барадулін, і ўрач нагадала, што хвораму трэба адпачыць...