З заміраньнем сэрца пастукаў у дзьверы з надпісам “Аддзел культуры” на другім паверсе і, пачуўшы водгук, нясьмела зайшоў. За сталом зьлева сядзеў хударлявы, пажылы, хутчэй нават стары чалавек, у якім адразу ж інтуітыўна пазнаў Васілька. Ён ажыўлена гаварыў з нейкім мужчынам, перапыніўся на хвілінку, поглядам папытаўся, што мне трэба. Узяў мае вершы, папрасіў зайсьці іншым разам альбо напісаць адрас – ён адкажа пісьмова. Я сказаў, што зайду, і хуценька зьнік, каб не замінаць...
Але перш, чым сустрэцца з Міхасём Восіпавічам у Гродне, я яшчэ ў дзевятым класе пасьпеў пабыць у ягонай Баброўні, куды мяне запрасіў аднакласьнік Толік Курыла, які даводзіўся Васільку нават нейкай раднёй. Мне надта ж хацелася пабачыць ягоную хату, сядзібу, паблукаць па дарожках і сьцяжынках, дзе хадзіў легендарны паэт.
Вёска прымасьцілася на беразе тады яшчэ паўнаводнай і быстрацечнай Котры і ўразіла суцэльнай белай чаромхавай кіпеньню, настоеным на яе дурманлівых пахах паветрам і ледзь ці не вар’яцкім салаўіным гармідарам, нязважна, што быў яшчэ дзень. Пахадзілі па вёсцы, пастаялі, а потым Толік ледзь ці не сілком зацягнуў у Васількову хату, дзе жыў нехта са сваякоў. Я пачуваў сябе дужа ніякавата, непакоячы незнаёмых людзей, толкам не пасьпеў нічога разгледзець, дый нічога не кідалася ў вочы, звычайная сялянская хата. Пасядзелі на беразе Котры, паспрабавалі падобнай на вялікі сачок сеткай лавіць рыбу, але марная справа. Паабедаўшы ў Толіка, праз колькі гадзін паехаў назад у бок Скідзеля, хоць напрасткі да Вострава нейкіх сем-восем кіламетраў, але не было дарогі. Канечне, ведаючы, можна дабрацца ляснымі сьцяжынкамі, а ня ведаючы – лепш ня совацца, бо можаш апынуцца дзе-небудзь пад Шчанцом, а то і аж ля Астрыны. Тады яшчэ ня ведаў, што родам з Бароўні і Макар Краўцоў – аўтар першага беларускага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, больш таго – той меў, як і Васілёк, прозьвішча
Касьцевіч і даводзіўся яму родным дзядзькам...
У наступны мой прыезд у Гародню гэтаксама не ўдалося добра пагаварыць з Міхасём Восіпавічам, хоць і пачуў ад яго вельмі для мяне важнае. Ён пасьпеў з алоўкам прачытаць мае вершы, зычліва паказваў, дзе добра, дзе трэба падумаць-пакруціць фразы, выразы, а ў цэлым пахваліў: пашліфуй яшчэ трохі з улікам заўвагаў і прысылай альбо прывозь пры нагодзе, будзем друкаваць. У мяне вырасталі крылы. А ён не адпускаў, зацікаўлена распытваў, хто, адкуль я родам, аднак у кабінет зайшлі, па ўсім відаць, добра знаёмыя яму людзі, да якіх ён меў нейкі неадкладны інтарэс, вінавата папрасіў: пазнаёмімся бліжэй, пагамонім ўволю наступным разам...
Наступны раз быў недзе праз тыдні два, калі я зноў прывёз вырабляць клішэ. Міхасю Восіпавічу спадабалася, як паправіў вершы, пахваліў і цьвёрда сказаў: будзем рыхтаваць да друку. Даведаўшыся, што я амаль ягоны земляк, пачаў прыгадваць: бываў ці не бываў ён у нашай вёсцы, калі некалі хадзіў арганізоўваць ячэйкі сялянска-работніцкай Грамады. А як уведаў, што я вучыўся ў Скідзелі, друкаваўся ў “Красном знамени”, дзе ён працаваў пасьля вайны, ягоныя вочы яшчэ больш пацяплелі. А праз тыдні два, сустрэўшы мяне пад вечар на вуліцы, ня толькі пазнаў, а шчыра, з лёгкім дакорам запытаў: чаму не заходзіш? Ды ніякавата, кажу, так сабе, без усялякай патрэбы турбаваць, адрываць ад важных спраў.
– Ды якія там важныя справы! – махнуў рукой Міхась Восіпавіч. – Заходзь заўсёды, як толькі будзеш у Гародні, не саромся, я заўжды рады бачыць землякоў... – І нечакана прапанаваў: – Калі не сьпяшаешся – пойдзем пагуляем разам, бач пагода якая! Заадно і пагаворым...
Ён быў у добрым гуморы, распытваў, сам нешта расказваў, але больш распытваў. На кожным кроку яго пазнавалі, здароўкаліся і на мяне паглядвалі з цікаўнасьцю, што вядома ж, усьцешвала маю душу. Неўпрыкмет выйшлі да Нёману, дзе на прывязі, зьлёгку пагойдвачыся на плыні, стаяў баркас, прыстасаваны пад піцейную ўстанову. Міхась Восіпавіч пацікавіўся, ці я ўжо бяру чарку, і пачуўшы, што бяру патрошку, прапанаваў наведаць “паплавок”. Узялі – я толькі губы памачыць за кампанію, а ён то і добра, і гаворка ажывілася. Мне хацелася як мага больш пачуць і пра ягоную творчасьць, і пра рэвалюцыйную дзейнасьць у КПЗБ, і пра змаганьне ў партызанах, антыфашыстоўскім камітэце, аднак Міхась Восіпавіч ня надта ахвотна, толькі агульнымі словамі гаварыў на гэтыя тэмы, мне падалося, з-за сваёй сьціпласьці. Куды ахвотней апавядаў розныя вясёлыя эпізоды і гісторыі, удзельнікам якіх быў сам ці чуў ад некага, альбо пераводзіў гаворку на звычайную застольную гамонку. А ўвогуле яшчэ больш умацоўвалася ўражаньне, што ён любіць больш слухаць, чым гаварыць, нават калі субяседнік, як я, амаль жоўтароты шпачок. Мо з гадзіну прасядзелі ў тым “паплаўку”, затым праводзіў яго да дому. Жыў Васілёк тады насупраць педінстытуту, не даходзячы да храма ў старэнькім дамку з невялічкім дворыкам і хлеўчукамі ля спуску да Гараднянкі. Міхась Восіпавіч запрасіў зайсьці ў хату, але гэта было ўжо занадта, і я адмовіўся, спаслаўшыся, што клішэ вось-вось будуць гатовыя і хачу патрапіць на аўтобус... Потым я ня раз бываў у Васільковай гасьціннай хаце, дзе за лёгкай чаркай слухаў ягоныя цікавыя расповеды і пра Вільню, і пра Казлоў, цяперашні Мічурынск, дзе быў з бацькамі ў бежанстве, і пра сустрэчы з Якубам Коласам, каму яшчэ ў дваццатыя гады прысьвячаў вершы, якія друкаваліся ў заходнебеларускіх выданьнях і нейкім чынам даходзілі да Канстанціна Міхайлавіча. А пасьля вайны пры сустрэчы і асабістым знаёмстве на нейкім пісьменьніцкім сходзе дзядзька Якуб нахмурыў бровы і строга сказаў пры людзях: во, гэта ён замінаў мне расьці! Вытрымаў нейкі час недаўменныя позіркі, засьмяяўся: я ж – колас, а ён – васілёк...
Потым Міхася Восіпавіча перасялілі ў больш прасторны падобны на абшаляваную вагонкай стадолу дом на вуліцы Карбышава, а ягоны, дзе пражыў больш за дзесяць гадоў, зьнесьлі і на тым месцы ўзьвялі гмах абласнога Дома палітасьветы. Не магу дараваць сабе, што ў свой час не даўмеўся дамагчыся адзначыць гэта мемарыяльнай дошкай. Шкада, што, як кажуць, добрая мысьля заўсёды прыходзіць апасьля...
Калі прызнацца шчыра, то і псеўданім Блакіт зьявіўся праз Васілька, хоць ён пра тое і не здагадваўся. Любімы мой колер – блакітнае неба, блакітны васілёк. Мне, васемнаццацігадоваму, тады здавалася, што ледзь ці ня ўсе сапраўдныя пісьменьнікі мелі ці маюць прыгожыя псеўданімы – Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Янка Маўр, Міхась Васілёк, нават Янка Брыль, Ніл Гілевіч падаваліся псеўданімамі... І ўвосень 1956 году са старонак шчучынскага “Чырвонага сьцяга” зьніклі вершы Валянціна Болтача, а на раённым паэтычным неасхіле з’явілася новая зорка – Валянцін Блакіт. Неўзабаве яна перакачавала на старонкі абласной газеты, рэспубліканскіх выданьняў, але з цягам часу стала з’яўляцца радзей і радзей, каб у рэшце рэшт скаціцца паэтычнай зьнічкаю і праз гады ўзыйсьці на сатырычна-гумарыстычным небасхіле. Нават сам не ведаю, чаму стаў падпісваць гэтым малапрыдатным для сатырычных жанраў псеўданімам гумарэскі і апавяданьні. Пэўна, па двух прычынах: не меў поўнай упэўнасьці, што гэта ўсурёз і надоўга, і па-другое, ў той час займаў сур’ёзную пасаду ў вельмі сур’ёзнай установе, дзе, ведаў, яўна падазрона паставяцца да такіх несур’ёзных заняткаў. А калі выйшла першая кніжка ў “Бібліятэцы “Вожыка”, псеўданім набыў нейкае літаратурнае жыццё, крэсьліць якое не падымалася рука і тады, як стаў пісаць “сур’ёзныя” аповесьці...
Асабліва зблізіў нас з Міхасём Восіпавічам ягоны прыезд у Шчучын і паездка да нас у вёску. Не памятаю, ці яны разам з Пятром Прыходзькам прыбылі ў Шчучын, ці тут сустрэліся выпадкова, помню толькі, што ў раённым Доме культуры яны выступалі разам. Назаўтра з Міхасём Восіпавічам мы паехалі на рэдакцыйным “ІЖ”ы ў нашае Вострава, дзе, як я нарасказваўся, яго так любяць і шануюць. Ехаць бы па шашы на Пратасаўшчыну – хоць і далей, але дарога добрая, а я, як заўсёды, рашыў скараціць – на Еўлашы, дзе таксама неблагі гасьцінец, за выключэньнем некалькіх невялікіх пясчаных мясьцінаў, якія ці не штодня спакойна адольваў з ходу. І тут не даўмеўся збавіць хуткасьць – і... кола пайшло ўбок юзам, не пасьпеў і сьцяміць, чаму матацыкл ляжыць зьлева на абочыне, а Міхась Восіпавіч – наперадзе ў сыпучым пяску пасярод дарогі. Абамлеў: пакалечыў ці забіў Васілька!.. А тым часам Міхась Восіпавіч ускочыў жвавенька, пра мяне хвалюецца: ну, як ты? Адлягло ад сэрца: Міхась Восіпавіч, прабачце...