– Слухай, Лёднік, калі леў – гэта князь Багінскі, значыць, паводле гэтага ліста, ён можа пайсці супраць караля, толькі патрэбны нейкі штуршок… Вянец Палямона. Гэта што?
– А хто ж яго ведае… – абыякава адказаў доктар. – Карона Вітаўта? Світак з прадказаннем святога Даўмонта, што каралём павінен стаць уладальнік гербу такога ці гэткага? Святы Грааль, які адразу зробіць уладальніка выбранцам? Мне, на жаль, ясна адно – з гэтай штукай звязаны Рэнічы. Спадар Іван усялякія дзівосы збіраў, нават зямлю на месцы старых будынкаў раскопваў… Можа, што і раскапаў. Шляхціцы любяць усялякія сімвалічныя бескарысныя рэчы, кшталту абломка мяча прапрапрадзеда, які хадзіў на мядзведзя разам з царом Дадонам.
Цярпенне Пранцыся лопнула, як бурбалка на паверхні лужыны. Лёднік што, над шляхтаю смяецца? То пячатку на чужым лісце разломвае, то выстаўляе ўладальнікаў гербаў легкавернымі ёлупамі… Нельга гэтага спускаць! Кроў кінулася шкаляру ў голаў, аж у скронях дзятлы застукалі. Пранціш ускочыў, выхапіў шаблю, прыставіў да горла свайго слугі і зароў:
– Не твая справа разважаць пра шляхецкую годнасць! Ды за такія словы я маю права табе галаву бязродную адсякчы!
У гэты момант Пранціш адчуваў сябе чамусьці падобным да свайго бацькі ў маладыя гады, зуха і буяша на ўвесь павет, вялікага Вырвіча. Адчуванне п’яніла, як такайскае віно.
Лёднік прыкусіў губу, відаць, разам са з’едлівымі словамі, памаўчаў і выціснуў з сябе, гледзячы ў зямлю:
– Прашу прабачэння ў майго гаспадара. Я не меў права гаварыць, што думаю пра тых, хто вышэй за мяне. Я забыўся, хто я такі. Гэта больш не паўторыцца.
Лязо Пранцішавай шаблі дрыжэла ля ўпартага падбароддзя доктара. Той не рабіў спробы адхінуцца, але ўсмешка больш не крывіла ягоныя вусны. Зухаватасць выпарылася са шкаляра, як вада з варэння. Вырвіч прыбраў шаблю, сеў. Запанавала маўчанне, якое Пранцішу дужа не спадабалася. Вядома, слугу трэба было паставіць на месца… А што, калі раптам ганарлівы Лёднік так вось у сабе замкнецца, ды пачне з пафасам святога пакутніка выконваць ролю раба? І не будзе больш даверлівых размоў і адчування моцнага надзейнага пляча побач?
Пранціш кінуў хуткі позірк на Лёдніка, які ўсё гэтак жа глядзеў у зямлю. Абразіўся. Шкаляр устаў, пахадзіў, паперхваючы, вакол, пазбіваў з галін сухое лісце. Ну, доктар жа разумны, павінен здагадацца, што малады пан шкадуе аб сваёй гарачнасці! Але той толькі папытаўся, не падняўшы вачэй:
– Пан загадвае ісці далей?
Гэткім бяздушным, сухім, як чараціна, голасам, з належнай дозай ветласці… Пранціш ажно ўзвыў:
– Ну добра! Добра! Я пагарачыўся! Я шкадую! Але ж у шляхціца ёсць святыя рэчы… Табе не зразумець… Што мне цяпер, прабачэння прасіць да вечара?
Лёднік скептычна хмыкнуў:
– Дзе ўжо мне, бязроднаму, зразумець шляхецкія тонкасці!
Але ў Пранцыся палягчэла на душы, бо ён адчуў у доктаравым голасе знаёмыя з’едлівыя ноткі. Усеўся побач, загаварыў прымірэнча:
– Бацька мяне вучыў, што радавая зброя – не проста шабля, яна аплочаная крывёй продкаў… Як і ўсе нашыя прывілеі. І мой бацька ваяваў, ішоў у паспалітае рушэнне, не за сябе – за радзіму, за Княства Літоўскае, за беларускую зямлю… На ім ведаеш, колькі шнараў ад варожай зброі? І мяне з дзяцінства прывучаў, што я павінен увесь час быць гатовы аддаць жыццё за Айчыну. Без развагі, па першым поклічы. Загартоўваў… Калі я быў малы, адпраўляў мяне, напрыклад, ноччу на поле прынесці некалькі каласкоў – а поле каля самых могілак… А колькі Вырвічаў галовы склалі ў бойках – з маскоўцамі, з татарамі, са шведамі!
– Я шаную тых, хто аддае жыццё за радзіму, ваша мосць… – ціха сказаў Лёднік. – Я не хацеў абразіць вашых продкаў і вас. Мае продкі таксама, хоць і не былі шляхціцамі, гінулі за вольны Полацак. Прадзед з братамі стаяў на мурах, калі горад асаджвалі войскі Івана Жахлівага. Маскоўцы нагналі гарматаў вялікага нараду, закупленых у Ангельшчыне, што стралялі ядрамі па дваццаць пудоў… Сеча была страшэнная, на абарону сталі ўсе – жанчыны, дзеці, старыя. Хаця напачатку нават малебны служылі за праваслаўных братоў, спадзяваліся, што скончацца з іх дапамогай напады каталікоў ды ўніятаў, пакінуць у спакоі праваслаўныя храмы… Але з чужымі гарматамі воля не прыходзіць. Тады малады князь Ян Глябовіч, які кіраваў абаронай Запалоцця, прапанаваў даць зброю “чорным людзям”, сялянам… І што ты думаеш? – доктар правёў рукой па твары. – Ваявода Давойна адмовіўся… І горад быў узяты. І больш паловы жыхароў выразана. А самых радавітых шляхціцаў пагналі ў маскоўскі палон, хоць многія з іх былі такімі ж праваслаўнымі, як маскоўскі цар. А ўсё з-за таго, што высакародны пан не прызнаў за чорнымі людзямі права мець радзіму і бараніць яе. А сто гадоў таму пятнаццацітысячнае войска ваяводы Трубяцкога спыніў аддзел простых мужыкоў з Калеснікаўскага павету – іх было ўсяго тры тысячы, але ім абрыдлі рабаўнікі. Калі маскоўцы бралі Магілёў – ключы ім месцічы паднеслі, таксама радаваліся прыходу праваслаўных братоў, ды атрымалі рабункі ды гвалт. І простыя мяшчукі знішчылі за ноч сем тысячаў чужацкіх жаўнераў – увесь гарнізон.
Лёднік паглядзеў у вочы Пранцысю цёмнымі сумнымі вачыма.
– Я не шляхціц, але ў мяне таксама ёсць радзіма. І мне балюча бачыць, як яна гіне з-за…
Доктар змоўк, але Вырвіч зразумеў, што ён хацеў сказаць. І запярэчыць было цяжка, бо старэйшы Вырвіч гэтаксама наракаў на магнатаў, якія гатовыя хаўрусавацца з любым чужаземным ворагам, абы перамагчы адзін аднаго. Абодва нейкі час маўчалі, гледзячы, як сосны гайдаюць галінкамі, нібыта просяць паратунку ад немінучай сцюжы.
– Доктар, а твой настаўнік Ян Рэніч мог ведаць рэцэпт філасофскага камня?
Лёднік скептычна хмыкнуў.
– Не памятаю такога за спадаром Іванам… Ён і мяне адгаворваў у дурную справу лезці – шкада, я не паслухаўся ад гардыні сваёй.
– Але ж Марцін Радзівіл кнігі ў яго замаўляў!
– Вось я і думаю, якія… – прамовіў доктар. – Наўрад псалтыры. Марцін Радзівіл дужа паверыў у метэмпсіхоз… Перасяленне душаў. Увесь час сцвярджаў, што быў у мінулым жыцці птушкай, бо мае доўгі нос. А ў наступным жыцці спадзяваўся быць сланом. Што не перашкаджала яму ў гэтым быць апошняй свіннёй. А ў настаўніка кнігі меліся рэдкія, нават з Кітаю, з Індыі. Эх, трэба Саламею спытаць… А калі яна зараз у сутарэннях слуцкага замку…
Лёднік аж зубамі скрыгатнуў.
– Нічога! – Пранціш выхапіў ліст з рук слугі. – Знойдзем Аляксандра Сапегу, папросім дапамогі!
Лекар спахмурнеў.
– Сапега супраць Радзівіла, ды яшчэ ў ягонай вотчыне, нават з рашэннем Трыбуналу і трыма сотнямі жаўнераў – бяссілы. Добра, калі Геранім Шалёны не наважыцца яго гвалтам са сваёй зямлі вытурыць. І заступніцтва магнатаў – справа ненадзейная. Ён табе келіх падасць, і тут жа тым келіхам зубы выб’е. Пляменнік Гераніма Пане Каханку так жартаваць любіць. Магнаты… – Лёднік уздыхнуў і адмахнуўся ад худога восеньскага камара, што так і цэліў да ягонага доўгага носу. – Няма чаго беднаму чалавеку ў іхнія гулі ўвязвацца. Мой знаёмы па Празе, доктар Бахстром, да Гераніма Радзівіла быў уладкаваўся… Золатам думаў засыпацца. А пан у кожнай лыжцы атруту падазраваў, гэтак жа, як у кожным позірку жонкі сваёй, Тэрэзы, здраду. Кабету пад замок пасадзіў, сачыў за кожным крокам… А яна ж не абы-хто – дачка падскарбія надворнага! Вось Бахстром і пашкадаваў прыгажуньку. Дапамог ёй збегчы… Паненка ўцякла, бацька за яе заступіўся, развод зладзіў. А Бахстром апынуўся кульгавым лісянём, якога пакінулі ў перадушаным куратніку. Збягаў ад радзівілаўскай хеўры на злом галавы, папрасіў прытулку ў Аскеркаў у Шацку… Дык Радзівілы туды цэлае войска прыгналі! І што, думаеш, сваякі пані Тэрэзы доктару дапамаглі? Хто ён такі? Пыл на шляхецкіх ботах. Вось табе і служэнне чароўнай даме.
Лёднік злосна насунуў глыбей на галаву зняты з жаўнера капялюш, прыкрыўшы шнар ад шаблі суддзі.
– Але ж ты сам пайшоў на службу да Марціна Радзівіла, дзе бяды спазнаў! – папікнуў Пранціш. – Чым ты тады думаў?
– Чым думае апантаны чалавек? – цяжка ўздыхнуў Лёднік. – Я недалёка тады ад вар’ята Марціна адыйшоўся. Уяўляеш, калі брат ягоны замак штурмаваў, Марцін натхнёна граў на скрыпцы! Праўда, я гэтага не чуў, бо ў сутарэнні гукі не даходзілі. Але і я, калі судовыя выканаўцы дзверы ў мой дом ламалі, з адной колбы ў другую вадкасць пераліваў і кроплі лічыў, як акорды найлепшай музыкі.