Аднак акурат такі момант цяпер і быў. Запіска расшыфроўвалася праз алфавіт. Лічбы трэба было перавесці ў літары. Не спускаючы з Элы Іванаўны вачэй, Валік грудзьмі прылёг на парту. Доўгая рука яго шуснула ў сумку, што стаяла на падлозе. Навобмацак, па зашмальцаваным карэньчыку ён намацаў падручнік англійскай мовы, выцягнуў.
На першай старонцы надрукаваны былі побач два алфавіты. Валік узброіўся ручкай і знізу сябравага паслання, трохі памучыўшыся, запісаў нарэшце пераклад.
«Помніш учарашнюю размову? Я ўчора не сказаў табе самага галоўнага!» — было ў запісцы. Валік толькі ўздыхнуў. Зноў некія «тайны»! Чаго яму той барадач так уеўся?
Тут празвінеў званок. Ажыў клас, затым калідор, а затым і ўся школа, усе два паверхі напоўніліся галасамі і тупатам ног. Цім чакаў Валіка ў дзвярах.
— Прачытаў?
— Прачытаў.
— І што скажаш?
— Скажу, што ты ўжо робішся падобным на Віцьку Шведа. Чуць што — на пасы, — адказаў Валік. — Варта было цэлы пакет прысылаць, ды яшчэ кодам напісаны, калі пяць хвілін да званка!
— Гэта я так. Праверыць цябе хацеў, ці хутка расшыфруеш.
Цім азірнуўся са змоўніцкім выглядам па баках. У класе, акрамя іх дваіх, нікога ўжо не было, настаўніца таксама выйшла.
— Так і быць. Зараз я табе ўсё раскажу. Ты проста ахнеш!
— Можа, на двор выйдзем? — прапанаваў Валік.
Цім замяўся:
— Там жа газета гэтая вісіць… Убачаць нас разам, пачнуць пальцамі тыцкаць, смяяцца.
— Сапраўды… Можа, спусціцца ўніз ды сарваць яе?
— Навошта? Пасядзім тут. Ціха, пуста. Забягаючы наперад, скажам, што пакуты нашых сяброў, як і ўсіх астатніх зарэчанцаў, скончыліся адразу ж пасля гэтага першага перапынку. Віцька Швед прылюдна газету сарваў, скамечыў і кінуў у сметніцу. Яшчэ і ўтрамбаваў — са словамі: «Самім трэба пісаць вершы, а не чужыя здзіраць! А калі ўжо і здзіраць, дык у нашых беларускіх паэтаў, а не ў расейскіх!» І ўсё сышло Віцьку з рук. Ніхто нічога яму нават не сказаў. Адно сяльчане пабурчэлі крыху для блізіру, ды на тым і скончылася.
Цім прынёс сваё крэсла да Валікавай парты. Прыселі сябры.
— А цяпер слухай, — таямнічым голасам пачаў Цім. — Гэты барадач жыве не адзін! Ён кагосьці хавае ў сваёй хатцы. Прычым не дарослага чалавека, а некага нашых прыкладна гадоў. Я бачыў каля хаткі сляды. А аднойчы барадач пайшоў на паляванне, я падкраўся да леснічоўкі, а на дзвярах — замок! Уяўляеш? Ён не хоча, каб пра існаванне таго чалавека ведалі! Ну, як табе?
Цім гаварыў гарачым шэпатам. Хваляваўся. Вочы яго гарэлі. Пальцы то раскручвалі, то закручвалі шарыкавую ручку. Валік з усмешкаю назіраў за ім.
— Ніяк, — адказаў Валік. — Ну, жыве ў яго нехта. Ну, не хоча з'яўляцца на людзях, як і барадач. У чым праблема? (Валік любіў замежныя фільмы і часта карыстаўся цытатамі з іх). У чым тайна?
— Як у чым? Ды я проста упэўнены, што барадач — лідэр якойсьці злачыннай групоўкі! І трымае ў сябе чалавека, падлетка, з якім яму лягчэй спраўляцца, з мэтай выкупу! Што тут незразумела?
Валік толькі ўздыхнуў. Адабраў у Цімы ручку, пераклаў на другі бок парты.
— Добра, — здаўся ён. — Я з табою згодзен. Дапусцім, усё так. Што ты прапаноўваеш? Ну, хадзем раскажам аб гэтам дырэктару школы. Або адразу заявім у міліцыю. Згодзен? Каб пасля і нас, і гэтага барадача зацягалі ў горад па выкліках і позвах. І ўрэшце акажацца, што ён — ні ў чым не вінаваты, што мы абгаварылі бяскрыўднага, самага звычайнага чалавека! Ты гэтага хочаш? Ты ўяўляеш, як нам пасля гэтага будзе прыйсці ў школу? Як нам увогуле тады з'яўляцца на вуліцы? Нам жа праходу не дадуць!
— Пры чым тут міліцыя з дырэктарам школы? — абарваў Цім. — Мы ж дамовіліся маўчаць! Гэта наша тайна, і больш нічыя! І мы самі павінны.
— Ды нічога мы не павінны!
— … Яе раскрыць, — не ўнімаўся Цім. — А потым, калі ўсё гэта будзе адбывацца, падпільнаваць.
— Ды што будзе адбывацца?!
— Абмен выкрадзенага чалавека на грошы, — адказаў Ці м.
Валік аж адкінуўся на спінку крэсла. Нейкі час ён здзіўлена пазіраў на сябра, нібы ўпершыню яго бачыў.
— Так. Зразумела. Ты проста наглядзеўся фільмаў і міліцэйскай хронікі па тэлевізары. Ці газет начытаўся.
— У тым і справа! Усе такія выпадкі, як абмен закладнікаў, адбываюцца аднолькава, па шаблоне. Пішацца пісьмо, ці робіцца званок: прынясіце кейс з грашыма і пакіньце ў такім і такім месцы, і не ўздумайце паведаміць у міліцыю. Прыносяць кейс, пакідаюць — а мы тут як тут! Уяўляеш? І грошы нашыя.
Вось яно што. Во ў якім, аказваецца накірунку рухаюцца яго фантазіі, во ў якія далячыні яны сягаюць!
— Цім, паслухай. Ты ж яшчэ анічога не ведаеш. А-ні-чо-га! Які выкуп? Які кейс? Ды проста сын прыехаў да чалавека ў госці! Пляменнік, сваяк! Аб гэтым ты падумаў? Можа такое быць?
— Можа, — згадзіўся Цім, аднак неахвотна згадзіўся; відаць, цяжка было расставацца са сваёй, такой заманлівай, легендаю. — А калі не? Я ж і прапаную гэта праверыць.
— Якім чынам? Зрабіць шалаш каля яго хаткі і жыць у лесе? Каб увесь час цікаваць за ім? — насмешліва спытаў Валік.
— Навошта? Гэты барадач — паляўнічы. Мой бацька гаварыў з ім, у яго ёсць дазвол на стрэльбу. Кожны дзень ён на лыжах цягаецца па лесе, з сабакам. Часта з раніцы і аж да цямна. Бацька не раз сустракаў яго далёка ад вёскі. Дык вось — выберам момант, калі яго не будзе, залезам у хатку і пра ўсё даведаемся ад самой ахвяры.
— Э, зноў панесла цябе! Якой «ахвяры»? Чаму твая «ахвяра» сама не выбера момант і не ўцячэ?
— Кажу ж, ён замыкае дзверы. А па-другое, хутчэй за ўсё ён таго чалавека звязвае па руках і нагах. Магчыма, нават у падполле закідвае. Ведаеш, ёсць такія ў некаторых хатах? Кольца ляжыць на падлозе, да дошкі прыбітае. Пацягнеш за яго і лаз адкрываецца — лепшай схованкі не прыдумаць.
— Добра. Згодзен, — Валік усё не губляў надзеі пераканаць гарачага сябра логікай. — Выбіраем момант, залазім у хатку. І бачым, як сядзіць за сталом хлапчук і як ні ў чым не бывала ўпісвае сала з хлебам. І пазірае на нас як на дурняў у лепшым выпадку: чаго вам тут трэба? — а ў горшым — як на злодзеяў. Пачакай, не перабівай! Другі варыянт. Дапускаем, што твая праўда. Залазім у хатку, знаходзім кальцо на падлозе. Адкрываем тайнік. Там — звязаны, скурчаны чалавек. Вызваляем яго. Прыязджае міліцыя, забірае барадача. Тыдзень мы ходзім героямі, потым аб'яўляюцца хаўруснікі яго і мы. проста не вяртаемся ў адзін цудоўны дзень са школы. Знікаем назаўсёды. Усё гэта вельмі проста! Так што давай забудзем, — рашуча падвёў вынік. — Выкінь з галавы і барадача, і яго госця. Асабіста я не збіраюся ні ў ва што ўмешвацца. І табе не раю. Таксама знайшоў праблему! Ну, жыве сабе чалавек, ну, жыве ў яго нехта — на здароўе. Яны нас не чапаюць, а мы іх.
Цім памаўчаў. Затым прамовіў сумна:
— Добра. Калі ты так усё ведаеш напярод, ці проста баішся, тады я сам усё расследую.
Валік хацеў сказаць, што ёсць тысячы цікавых спраў акрамя «расследаванняў». У тым жа лесе на лыжах пакатацца, з трампліна каля кар'ера паскакаць. Хакей, шахматы, хутка камп'ютэры ў школе паставяць — новая забаўка. А то проста тэлевізар паглядзець — хутка Новы год, зімовыя канікулы, столькі розных перадач цікавых, хоць ты з ранку да вечара глядзі.
Аднак нічога сказаць не паспеў, бо якраз скончыўся кароткі перапынак, у клас ужо заходзілі.
Цім забраў крэсла і паплёўся да сваёй першай парты. Настрой, канечне, быў сапсаваны. І на сябе, і на Валіка была крыўда — ад недаказанасці, ад незразумеласці. Усё гэта лёгка можна было б паправіць, не на гэтым, дык на наступным перыпынку, не сёння, дык заўтра. Але Цім быў усяго толькі хлапчуком, да таго ж хлапчуком вясковым, а гэта значыць сарамлівым. Тыя пачуцці і думкі, што перапаўнялі яго, здаваліся яму занадта «саладжавымі» і пафаснымі, каб дзяліцца імі нават з самым лепшым, самым блізкім сябрам. Да таго ж калі б нават ён перамог сябе і захацеў іх выказаць, у яго наўрад ці атрымалася б гэта. Бо і пачуцці, і думкі існавалі ў ім у выглядзе нейкага бесталковага сумбуру.
Паспрабуем мы гэта зрабіць за Ціма.