Литмир - Электронная Библиотека

І пасля сказаў ён жаласным ад слабасці голасам, але жорстка:

– Прадаў ты свой край, былы пабрацім. Але мы не памром. Мы яшчэ з'явімся да цябе, і да дзяцей тваіх, і да нашчадкаў тваіх, я і маё паляванне. Да дваццатага калена будзем мы помсціць бязлітасна, і не схаваецеся вы ад нас. Чуеш, да дваццатага калена! І кожнае з кален тваіх будзе дрыжаць больш балюча і жахліва, ніж я зараз, ля ног тваіх.

І ўраніў галаву. А яго аслупянелае паляванне нарэшце схамянулася і схапілася за нажы. І яны біліся дваццаць супраць траіх, і бойка была жахлівай. Але трое адолелі дваццацёх і забілі ўсіх.

А пасля яны прытарочылі трупы і параненых, якія жаласна стагналі, да ўласных коней і насцябалі іх, і коні памчаліся якраз да Волатавай прорвы, не разбіраючы дарогі.

І ніхто не заўважыў, што ў целе караля Стаха яшчэ была іскра жыцця. Коні ляцелі ў ноч, і слабы месяц асвятляў іх доўгія грывы, і недзе наперадзе бегалі па купінах сінія агні.

І з гэтага жахлівага статка даносіўся голас караля Стаха:

– Д'яблу аддаю душу сваю, бо не дапамагае Бог. Трымайся, Раман, мы прыскачам да цябе конныя! Дрыжы, Раман, калаціся, адвечны вораг! Мы прыйдзем! Мы адпомсцім!

І ніхто не ведаў, што праўда была ў гэтых словах, што зброяй д'ябла, праўды, помсты і кары з'явіўся кароль Стах. Не за тое помсціў ён, што забіў яго Раман. Забойства ніколі не атрымае такой кары, калі гэта не забойства пабраціма.

Нядоўга яны зажыліся на свеце. Даездчык Варона першы пабачыў цені Стаха і яго прыспешнікаў праз два тыдні. Не разбіраючы дарогі, імчалася дзікае паляванне па самай жахлівай дрыгве, па лесе, па вадзе межыток. Не бразгалі цуглі, не звінелі мячы. На конях сядзелі маўклівыя коннікі, і балотныя агні каціліся наперадзе дзікага палявання караля Стаха якраз праз дрыгву.

Аляхно з'ехаў з розуму. Загінуў пасля таго і Дубатоўк. Гетман літоўскі рассеяў мужычыя палкі, якія засталіся без кіраўніка, у бойцы загінуў Яраш Штамет. А Раман Яноўскі быў жывы і смяяўся.

І аднойчы ён быў на паляванні і вяртаўся адзін праз верасавыя пусткі дадому. Месяц слаба свяціў на верас. І раптам забегалі недзе ззаду сінія балотныя агні, і даляцеў з таго боку спеў рагоў і ледзь чутны стук капытоў. А пасля з'явіліся цьмяныя цені коннікаў. Грывы коней веялі па ветры, беглі перад дзікім паляваннем гепарды, спушчаныя са шворак. І бязгучна па верасе і дрыгве ляцелі яны. І маўчалі коннікі, а гукі палявання даляталі аднекуль з другога боку. І перад усімі скакаў, асветлены месяцам, туманны і вялізны кароль Стах. І гарэлі вочы коней, і людзей, і гепардаў.

І Раман пабег, а яны бязгучна і хутка скакалі за ім, і коні часам перабіралі нагамі ў паветры, і спяваў дзікі верас, і месяц раўнадушна глядзеў на пагоню.

І Раман тройчы крыкнуў: «Дзікае паляванне!…» такім голасам, што пачулі нават людзі ў навакольных хатах.

А пасля дзікае паляванне нагнала яго, і сэрца яго не вытрымала. Так загінуў Раман.

Многія з таго часу бачылі на тарфяных раўнінах дзікае паляванне Стаха. І хоць карала яно не ўсіх, але мала ў каго не разрывалася сэрца, калі бачыў ён на балотах змрочныя цені коннікаў.

Так загінулі сын Рамана і сын яго сына, пасля смерці якога я і пішу пра гэта на навучэнне і жах яго нашчадкаў, якія, можа, і змогуць добрымі справамі пазбавіць сілы сівы даўні праклён.

Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах. Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах.

І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Капялюх з заломленым полем насунуты на яго вочы, ногі прывязаны да сядла. Не бразгочуць мячы, не ржуць маўклівыя коні. Толькі часам аднекуль здалёк даносіцца спеў рога. Развяваюцца грывы, балотныя агні ззяюць пад нагамі коней.

Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно – наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, Божа!»

Я адарваўся ад паперы і скалануў галавою, жадаючы пазбыцца дзікіх вобразаў. Берман чакальна глядзеў на мяне.

– Ну, што, пан, прашу прабачэння, думае пра гэта?

– Якая жахлівая, прыгожая і фантастычная легенда, – шчыра ўсклікнуў я. – Так і просіцца пад пэндзаль вялікага мастака. І што толькі можна прыдумаць!

– О, як бы гэта, прабачце, была толькі легенда… Вы ведаеце, я вальнадумны чалавек, я атэіст, як кожны чалавек, які жыве душою ў нашым высокаадукаваным веку. Але ў дзікае паляванне караля Стаха я веру. Ды і дзіўна было б не верыць. Ад яго загінулі нашчадкі Рамана і амаль вымер род Яноўскіх.

– Паслухайце, – сказаў я. – Я ўжо гаварыў гэта аднаму чалавеку, але скажу і вам. Я магу захапляцца старымі легендамі, але што мяне прымусіць верыць ім? Нашчадкі Рамана загінулі «ад палявання» дзвесце год таму. У тыя часы магілеўскі летапіс сур'ёзна сцвярджаў, што перад вайною на магілеўскіх мурах, куды і чалавек не можа ўзлезці, з'яўляліся крывавыя адбіткі далоняў.

– Так, я памятаю гэта, – адказаў кнігалюб. – Можна было б прывесці і далейшыя прыкметы, але яны… м-м-м… трошкі фрывольныя. Нашы продкі былі такія грубыя людзі.

– Ну, вось бачыце. – сказаў я з дакорам. – А вы верыце ў паляванне…

Лялечны чалавек, як мне здалося, вагаўся.

– Ну, а што б вы сказалі, шаноўны, калі б я заявіў, што бачыў яго?

– Байкі, – жорстка адсек я. – І не сорамна вам пужаць такімі словамі, такімі паведамленнямі жанчын?

– Гэта не байкі, – паружавеў Берман. – Гэта сур'ёзна. Не ўсім быць героямі, і я, шчыра кажу, баюся. Я нават не ем зараз з гаспадыняю за адным сталом, бо на такіх таксама ўпадзе гнеў караля Стаха. Ды памятаеце, у рукапісах…

– І як вы бачылі дзікае паляванне?

– Так, як і тут, у кнізе. Я быў у Дубатоўка, суседа Яноўскіх, – між іншым, нашчадка таго Дубатоўка. – І вяртаўся ад яго. Я ішоў верасавай пусткаю, якраз ля вялізнай купы каменняў. І ноч была светлаватая. Я не пачуў, як яны з'явіліся. Яны імчалі паўз мяне якраз па дрыгве. О, гэта было жудасна!

Нешта каламутнае плесканулася ў яго вачах, і мне падумалася, што ў гэтым доме, ды, напэўна, і па ўсёй раўніне, дрэннае робіцца з мазгамі людзей.

«Ці ёсць тут хоць адзін нармальны? Ці, можа, усе вар'яты?» – падумаў я.

– Галоўнае, яны імчалі амаль бязгучна. Коні, ведаеце, такой старажытнай пароды, якую зараз з агнём не знойдзеш: сапраўдныя палескія дрыкганты з падрэзанымі жыламі ля хвастоў. Грывы веюць па ветры, плашчы-велеісы…

– Велеісы апраналіся толькі на панцыр, – непачціва перабіў я. – А які панцыр можа быць на паляванні?

– Я ведаю, – проста і вельмі шчыра адказаў лялечны чалавек, паставіўшы на мяне вялікія, рахманыя, як у аленя, вочы. – Паверце, каб я хлусіў, я б мог прыдумаць нешта больш спрытнае.

– Тады прабачце, – зніякавеў я.

– Велеісы развяваюцца за спінамі людзей. Дзіды тырчаць у паветры. І мчаць, мчаць яны, як навала.

– Яшчэ раз прабачце, шаноўны пане. А скажыце, можа, на вячэры ў суседа частавалі медам?

– Я не п'ю, – з годнасцю падціснуў губы Берман-Ганцэвіч. – Я кажу вам, яны не пакідалі нават слядоў за сабою, і туман хаваў ногі коней. І твар караля. Ён быў зусім спакойны, безжыццёва-змрочны, сухі і зусім-зусім шэры, як туман.

Самае галоўнае, яны прыязджалі да палаца Яноўскіх у тую ноч. Мне расказалі, калі прыйшоў, што апоўнач загрымела кальцо на дзвярах і голас крыкнуў: «Раман у дваццатым калене, выходзь!»

– Чаму Раман?

– Таму што Надзея – апошні нашчадак Рамана, якраз дваццатае яго калена.

– Не веру, – зноў сказаў я, змагаючыся да канца, бо твар у Бермана быў сапраўды белы. – Давайце радасловец Яноўскіх.

Берман з гатоўнасцю выцягнуў нейкую кнігу і разгарнуў пергаментную ўкладку з «дрэвам годнасці». І сапраўды, дзевятнаццаць пакаленняў ішло з Рамана Старога. Ніжэй дзевятнаццатага калена, зноў Рамана, быў надпіс, зроблены дробным почыркам: «26 кастрычніка 1870 года нарадзілася дачка мая, Надзея. Апошняе, дваццатае, наша калена, адзінае маё дзіця. Жорсткі лёс, здымі з нас свой праклён, няхай загінуць толькі дзевятнаццаць пакаленняў. Злітуйся з гэтага маленькага камячка. Вазьмі мяне, калі гэта патрэбна, але няхай выжыве яна. Яна ж апошняя з роду Яноўскіх. Упаваю на цябе».

11
{"b":"13177","o":1}