Загарэлася неяк надзвычай хутка i моцна, як не бывае нават i ад бензiну. Адразу ж задымiлiся шпалеры, закурылася гардзiна на падлозе, i пачалi тлець рамы пабiтых вокнаў. Кот скочыў, мяўкнуў, пераляцеў з люстра на падаконнiк i знiк з яго разам са сваiм прымусам. Звонку пачулiся стрэлы. Чалавек, якi сядзеў на жалезнай пажарнай лесвiцы насупраць ювелiршыных вокнаў, абстраляў ката, калi той пералятаў з падаконнiка на падаконнiк, каб дабрацца да вадасцёкавай трубы на рагу дома. Па гэтай трубе кот узляцеў на дах. Там яго безвынiкова абстраляла ахова пры комiнах, i кот расстаў у заходзячым сонцы, якое залiвала горад.
У кватэры ў гэты час загарэўся паркет пад нагамi ў прышэльцаў, i ў агнi, на тым самым месцы, дзе валяўся прытварака паранены кот, паказаўся труп барона Майгеля з задраным угору падбародкам i шклянымi вачыма. Выцягнуць яго з агню ўжо не было магчымасцi.
Пераскакваючы па гарачым паркеце, збiваючы агонь далонямi з плячэй i грудзей, аператыўнiкi адступiлi з кабiнета ў пярэднi пакой. Тыя, што былi ў спальнi i ў сталоўцы, выбеглi праз калiдор. Прыбеглi i тыя, што былi на кухнi, кiнулiся ў пярэднюю. Гасцёўня ўжо была поўная дыму i агню. Нехта на хаду паспеў набраць нумар пажарнай часткi, коратка кiнуў у слухаўку:
- Садовая, трыста два-бiс!
Больш нельга было затрымлiвацца. Полымя вырвалася ў пярэднi пакой. Дыхаць стала цяжка.
Як толькi з вокнаў у зачараванай кватэры выбiла першыя струменьчыкi дыму, у двары пачулiся адчайныя чалавечыя крыкi:
- Пажар! Пажар! Гарым!
З розных кватэр людзi пачалi крычаць у тэлефоны:
- Садовая! Садовая, трыста два-бiс!
У той час, калi на Садовай пачулiся страшныя сэрцу ўдары i звон чырвоных доўгiх машын, якiя iмчалi з усiх канцоў горада, людзi, што мiтусiлiся на двары, бачылi, як разам з дымам з акна на пятым паверсе вылецелi тры цёмныя, як здалося, мужчынскiя постацi i адна постаць голае жанчыны.
Раздзел 28
АПОШНIЯ ПРЫГОДЫ КАРОЎЕВА I БЕГЕМОТА
Цi сапраўды былi там постацi, цi гэта толькi здалося ўражаным ад перапалоху жыхарам няшчаснага дома на Садовай, вядома, нiхто дакладна сказаць не можа. Калi i былi яны, то куды накiравалiся, таксама нiхто не ведае. Дзе яны разышлiся, мы таксама сказаць не можам, але дзесьцi праз чвэрць гадзiны пасля пажару на Садовай у люстраных дзвярах Таргсiна на Смаленскiм базары з'явiўся высокi грамадзянiн у клятчастым гарнiтуры, а з iм вялiкi чорны кот.
Спрытна ныраючы мiж мiнакоў, грамадзянiн адчынiў дзверы крамы. Але тут маленькi, кастлявы i зусiм не гасцiнны швейцар паўстаў на дарозе i незадаволена сказаў:
- З катамi нельга!
- Прашу прабачэння, - засакатаў высокi i прыклаў вузлаватую руку да вуха, як глухi, - з катамi, кажаце? А дзе вы бачыце ката?
Швейцар вытрашчыў вочы, i было чаго: нiякага ката ля ног у грамадзянiна не аказалася, а з-за яго пляча ўжо высоўваўся i рваўся ў краму таўстун у парванай шапачцы, сапраўды, з твару крыху падобны на ката. У руках у таўстуна быў прымус.
Гэтая парачка чамусьцi не спадабалася швейцару-мiзантропу.
- У нас толькi на валюту, - захрыпеў ён раззлавана i глядзеў з-пад кудлатых, быццам выедзеных моллю броваў.
- Дарагi мой, - пасыпаў словамi высокi i заблiскаў пабiтым пенснэ, - а адкуль вы ведаеце, што яе ў мяне няма? Па адзеннi мяркуеце? Нiколi не рабiце гэтага, шаноўнейшы стораж! Вы памылiцца можаце, i вельмi моцна. Перачытайце яшчэ раз хаця б гiсторыю знакамiтага калiфа Гарун-аль-Рашыда. Але зараз я адкiдаю гэтую гiсторыю ўбок, а хачу сказаць вам, што паскарджуся на вас загадчыку i раскажу яму пра вас такое, што з-за гэтага давядзецца развiтацца вам са сваёй службаю памiж люстранымi дзвярыма.
- У мяне, магчыма, поўны прымус валюты, - увязаўся горача ў гаворку падобны на ката таўстун, якi гэтак i пёрся ў краму.
А ззаду падпiрала раззлаваная публiка. З нянавiсцю i сумненнем гледзячы на дзiўную парачку, швейцар саступiў з дарогi, i нашы знаёмыя, Кароўеў i Бегемот, апынулiся ў краме. Тут яны спачатку агледзелiся навокал, i потым звонкiм голасам, якi чуваць было ў кожным закутку, Кароўеў аб'явiў:
- Цудоўная крама? Вельмi, вельмi добрая крама!
Публiка адвярнулася ад прылаўкаў i чамусьцi здзiўлена паглядзела на таго, хто гаварыў, хаця хвалiць краму ў яго былi ўсе падставы.
Сотнi штук паркалю сама разнастайнай расфарбоўкi вiдаць былi на палiчных клетках. За iмi высiлiся мiткалi i шыфон, сукно фрачнае. Колькi бачыць можна было, стаялi штабялi каробак з абуткам, i некалькi грамадзянак сядзелi на маленькiх услончыках з праваю нагою ў старым туфлi, а леваю - у новай блiскучай лодачцы, якою яны заклапочана прытупвалi на дыванку. Дзесьцi ўглыбiнi спявалi i гралi патэфоны.
Але Кароўеў i Бегемот абмiнулi ўсе гэтыя спакусы i пакiравалi да стыку кандытарскага i гастранамiчнага аддзелаў. Тут было прасторна, грамадзяне ў берэтах i хусцiнках не напiралi на прылавак, як у паркалёвым аддзеле.
Малога росту, зусiм квадратны чалавек, паголены да сiнявы, у рагавых акулярах, у новенькiм капелюшы, не пакамечаным i без падцёкаў на стужцы, у бэзавым палiто i лайкавых рыжых пальчатках, стаяў ля прылаўка i нешта ўладарна мычэў. Прадавец у чыстым белым халаце i ў сiняй шапачцы абслугоўваў бэзавага клiента. Вострым нажом, падобным на той, што Левiй украў у хлебнiка, ён здзiраў з вiльготнае ружовае ласасiны яе, падобную да змяiнай, са срэбным водблiскам, скуру.
- I гэты аддзел цудоўны, - урачыста адзначыў Кароўеў, - i чужаземец сiмпатычны, - ён зычлiва паказаў пальцам на бэзавую спiну.
- Не, Фагот, не, - задумёна адказаў Бегемот, - ты, мiлы, памыляешся. На твары ў бэзавага джэнтльмена, па-мойму, нечага не хапае.
Бэзавая спiна здрыганулася, але, мабыць, выпадкова, бо не мог ведаць чужаземец, пра што гаварылi па-расейску Кароўеў i яго спадарожнiк.
- Карошы? - строга пытаўся бэзавы пакупнiк.
- Мiравая! - адказаў прадавец, какетлiва калупаючы нажом пад скураю.
- Карошы люблю, дрэнны - не, - сурова гаварыў чужаземец.
- Вядома! - з захапленнем адказваў прадавец.
Тут нашы знаёмцы адышлi ад чужаземца з яго ласасiнаю да краю кандытарскага прылаўка.
- Горача сёння, - сказаў Кароўеў маладзенькай чырванашчокай прадаўшчыцы i не атрымаў нiякага адказу. - Па чым мандарыны? - запытаўся тады ў яе Кароўеў.
- Трыццаць капеек за кiло, - адказала прадаўшчыца.
- Усё кусаецца, - уздыхнуў Кароўеў, - ах, ах... - ён крыху падумаў i запрасiў свайго спадарожнiка: - Еш, Бегемот.
Таўстун узяў свой прымус пад паху, ухапiў верхнi мандарын з пiрамiдкi, з'еў яго адразу са шкуркаю i ўзяўся за Другi.
Прадаўшчыца жахлiва спалохалася.
- Вы звар'яцелi! - закрычала яна, i чырвань сышла ў яе з твару. - Чэк давайце! Чэк! - i выпусцiла з рук цукерачныя шчыпцы.
- Душачка, мiлачка, прыгажунька, - засiпеў Кароўеў, навалiўшыся на прылавак i падмiргваючы прадаўшчыцы, - не пры валюце мы сёння... што зробiш! Але, клянуся вам, што наступны раз, i не пазней чым у панядзелак, аддам усё наяўнымi! Мы ж тут непадалёку, на Садовай, дзе пажар...
Бегемот праглынуў трэцi мандарын, сунуў лапу ў замыславатае збудаванне з шакаладных плiтак, выхапiў адну, нiжнюю, з-за чаго ўсё збудаванне ўпала, i праглынуў шакаладку разам з абгорткаю.
Прадаўцы ў рыбным аддзеле нiбы акамянелi са сваiмi нажамi ў руках, бэзавы чужаземец завярнуўся да рабаўнiкоў, i высветлiлася, што Бегемот быў несправядлiвы: у бэзавага не не хапала нечага на твары, а, наадварот, хутчэй было лiшняе - абвiслыя шчокi i мiтуслiвыя вочкi.
Прадаўшчыца ўжо пажаўцела з твару i пранiзлiва закрычала на ўсю краму:
- Палосiч! Палосiч!
Публiка з паркалёвага аддзела рушыла на гэты крык, а Бегемот адышоў ад кандытарскае спакусы i сунуў лапу ў бочку з надпiсам: "Селядзец керчанскi асаблiвы", дастаў пару селядцоў i пракаўтнуў iх, толькi хвасты выплюнуў.
- Палосiч! - паўтарыўся адчайны крык з-за кандытарскага прылаўка, а з-за рыбнага прылаўка гыркнуў прадавец у эспаньёлцы:
- Што ж ты, гад, робiш?!