- Усёй душою жадаю, каб яны як мага хутчэй скончылiся, - энергiчна дадаў Пiлат. - Тады я змагу, нарэшце, вярнуцца ў Кесарыю. Паверце, гэтае вар'яцкае Iрадава збудаванне, - пракуратар махнуў рукой уздоўж каланады, i стала зразумела, што ён гаворыць пра палац, - канчаткова зробiць мяне вар'ятам. Я не магу начаваць у iм. Свет не ведаў гэтакае недарэчнае архiтэктуры! Але вернемся да справы. Першае, гэты пракляты Вар-раван вас не турбуе?
Вось у гэты час госць i зiрнуў сваiм незвычайным позiркам на пракуратараву шчаку. Але той сумнымi вачыма глядзеў удалечыню, пагардлiва моршчыўся, аглядаў частку горада, якая прасцiралася ў яго пад нагамi i патанала ў надвячорку. Патух i госцеў позiрк, i павекi яго заплюшчылiся.
- Трэба думаць, што Вар цяпер зрабiўся як ягня, - загаварыў госць, i маршчынкi з'явiлiся на круглым твары. - Яму няёмка цяпер бунтаваць.
- Занадта знакамiты? - з усмешкаю спытаўся Пiлат.
- Пракуратар, як i заўсёды, тонка разумее пытанне!
- Усё роўна, - заклапочана сказаў пракуратар, i доўгi палец з чорным камянём у пярсцёнку падняўся ўгору, - трэба будзе...
- Пракуратар можа быць спакойны, пакуль я ў Юдэi, Вар не ступiць i кроку, каб за iм не iшлi па пятах.
- Цяпер я спакойны, як i заўсёды спакойны, калi вы тут.
- Пракуратар занадта добры!
- А цяпер прашу мне паведамiць пра пакаранне, - сказаў пракуратар.
- Што канкрэтна цiкавiць пракуратара?
- Натоўп не спрабаваў выказваць абурэнне? Гэта, вядома, галоўнае.
- Зусiм не, - адказаў госць.
- Вельмi добра. Вы самi пераканалiся, што яны былi мёртвыя?
- Пракуратар можа быць упэўнены.
- Скажыце... а пiтво iм давалi перад тым, як распяць на слупах?
- Давалi. Але ён, - тут госць заплюшчыў вочы, - адмовiўся яго выпiць.
- Хто? - спытаўся Пiлат.
- Даруйце, iгемон! - усклiкнуў госць. - Я не сказаў? Ноцры.
- Вар'ят! - сказаў Пiлат i зморшчыўся. Пад левым вокам у яго заторгалася жылка. - Памiраць ад сонечнае спякоты? Чаму ён адмовiўся ад таго, што належыць па законе? Як ён адмаўляўся?
- Ён сказаў, - госць зноў заплюшчыў вочы, - што дзякуе i не вiнавацiць за тое, што ў яго адабралi жыццё.
- Каго? - глухiм голасам спытаўся Пiлат.
- Гэтага ён, iгемон, не сказаў.
- Цi не спрабаваў ён што-небудзь прапаведаваць салдатам?
- Не, iгемон, ён цяпер быў маўклiвы. Адзiнае, што ён сказаў, што з усiх шматлiкiх недахопаў чалавечых цяпер лiчыць галоўным баязлiвасць.
- Чаму гэта было сказана? - пачуў госць голас, якi неспадзявана надламаўся.
- Гэтага нельга было зразумець. Ён наогул паводзiў сябе дзiўна, як, дарэчы, i заўсёды.
- Што дзiўнае было?
- Ён увесь час спрабаваў паглядзець у вочы то аднаму, то другому i ўвесь час неяк разгублена ўсмiхаўся.
- I болей нiчога? - спытаўся ахрыплы голас.
Пракуратар грукнуў чашаю, налiў сабе вiна. Ён апаражнiў яе да дна i загаварыў:
- Справа ў тым: хаця мы i не можам выявiць цяпер, прынамсi, якiх-небудзь прыхiльнiкаў альбо прадаўжальнiкаў, але нельга паручыцца, што iх няма зусiм, нельга.
Госць нахiлiў галаву i ўважлiва слухаў.
- I каб не здарылася якiх-небудзь сюрпрызаў, - працягваў пракуратар, - я прашу вас неадкладна i цiха прыбраць з зямлi целы ўсiх трох пакараных i пахаваць iх таемна, каб не засталося нi слыху нi дыху.
- Слухаю, iгемон, - сказаў госць i ўстаў. - Калi справа гэтакая складаная i адказная, дазвольце мне ехаць тэрмiнова.
- Не, прысядзьце, - Пiлат рухам рукi спынiў госця, - ёсць яшчэ два пытаннi. Другое - вашы вялiкiя заслугi на сама цяжкай пасадзе начальнiка сакрэтнае службы пры пракуратары Юдэi даюць мне прыемную магчымасць далажыць пра гэта ў Рыме.
Госцеў твар у гэты час паружавеў, ён устаў i пакланiўся пракуратару.
- Я толькi выконваю свой абавязак на iмператарскай службе!
- Але я хацеў бы папрасiць, каб вы, калi вам прапануюць перавод па службе адсюль з павышэннем, адмовiлiся i засталiся тут. Мне нiзавошта не хацелася б разлучацца з вамi. Няхай вас неяк iнакш узнагародзяць.
- Я шчаслiвы, што служу пад вашым кiраўнiцтвам, iгемон.
- Мне прыемна гэта. Цяпер трэцяе пытанне. Яно пра гэтага, як яго... Юду з Карыяфа.
Госць стрэльнуў у пракуратара сваiм адметным позiркам i адразу патушыў яго.
- Кажуць, што ён, - працягваў пракуратар цiшэй, - быццам бы атрымаў грошы за тое, што гэтак прыязна частаваў звар'яцелага фiлосафа.
- Атрымае, - цiха паправiў пракуратара Пiлата начальнiк сакрэтнае службы.
- Многа грошай?
- Гэтага нiхто не ведае, iгемон.
- Нават вы? - сваiм здзiўленнем iгемон пахвалiў.
- Нават я, - спакойна адказаў госць. - Але тое, што ён атрымае гэтыя грошы сёння вечарам, гэта я ведаю. Сёння яго выклiкаюць у палац да Каiфы.
- Ах, прагны стары з Карыяфа, - з усмешкаю сказаў пракуратар. - Ён жа стары?
- Пракуратар нiколi не памыляецца, але цяпер ён памылiўся, - ветлiва запярэчыў госць, - чалавек з Карыяфа малады.
- Праўда? Ахарактарызаваць яго можаце? Фанатык?
- Ды не, пракуратар.
- Ага. Яшчэ што-небудзь?
- Вельмi прыгожы.
- Яшчэ? Магчыма, мае да нечага вялiкую схiльнасць?
- Цяжка пра гэта даведацца ў такiм вялiкiм горадзе, пракуратар...
- Э, не, не, Афранiй! Не прымяншай сваiх заслуг.
- Ёсць у яго адна схiльнасць, пракуратар. - Госць на долю секунды прымоўк. - Ён прагны да грошай.
- Чым ён займаецца?
Афранiй паглядзеў угору, падумаў i адказаў:
- Ён працуе мянялам у лаўцы ў свайго сваяка.
- А, вунь яно што, - пракуратар замоўк, азiрнуўся, цi няма каго на балконе i потым цiха прамовiў: - Вось у чым справа - я маю звесткi, што яго сёння ноччу зарэжуць.
У гэты час госць не толькi кiнуў свой позiрк на пракуратара, але i затрымаў яго на iм, а потым адказаў:
- Вы, пракуратар, занадта добрае думкi пра мяне. Я, мабыць, не заслугоўваю, каб вы дакладвалi пра мяне. Я не маю гэтакiх звестак.
- Вы заслугоўваеце сама высокае ўзнагароды. Але звесткi такiя ёсць, адказаў пракуратар.
- Дазвольце мне пра гэта не гаварыць, бо яны выпадковыя, недакладныя i ненадзейныя. Але мне трэба ўсё прадбачыць. Гэтакая пасада ў мяне, а больш за ўсё я веру свайму прадчуванню, яно мяне нiколi не падманвала. Звесткi такiя, што хтосьцi з невядомых сяброў Га-Ноцры, абураны страшнаю здрадаю гэтага мянялы, змовiўся з сябрамi забiць яго ноччу, а грошы, атрыманыя за здраду, падкiнуць першасвятару з запiскай: "Вяртаю праклятыя грошы".
Болей сваiх нечаканых позiркаў начальнiк сакрэтнае службы на iгемона не накiроўваў, слухаў яго прымружана, а Пiлат працягваў:
- Уявiце, як прыемна будзе першасвятару ў святочную ноч атрымаць гэтакi падарунак?
- Вельмi непрыемна, - усмешлiва адказаў госць, - я нават думаю, пракуратар, што з-за гэтага атрымаецца вялiкi скандал.
- I я гэтак думаю. Таму i прашу вас заняцца гэтым, значыць, забяспечыць ахову Юды з Карыяфа.
- Загад iгемона будзе выкананы, - сказаў Афранiй, - але я павiнен супакоiць iгемона: зладзейскую задуму надзвычай цяжка выканаць. Гэта ж трэба падумаць толькi, - госць азiрнуўся i працягваў: - Высачыць чалавека, зарэзаць яго, ды яшчэ ведаць, колькi атрымаў, ды i грошы вярнуць Каiфу, i ўсё за адну ноч? Сённяшнюю?
- Як бы там нi было, яго зарэжуць сёння, - упарта паўтарыў Пiлат, - у мяне прадчуванне, гавару вам! Не было выпадку, каб прадчуванне мяне падманвала, сутарга сцяла пракуратараў твар, i ён коратка пацёр рукi.
- Слухаюся, - пакорлiва адказаў госць, устаў i раптам спытаўся сурова: Значыць, зарэжуць, iгемон?
- Зарэжуць, - адказаў Пiлат, - i спадзяванне толькi на вашу выключную здольнасць.
Госць паправiў папругу пад плашчом i сказаў:
- Гонар маю, жадаю здароўя i радасцi!
- Пачакайце, - цiха ўсклiкнуў Пiлат, - я зусiм забыў! Я ваш даўжнiк!..
Госць здзiвiўся:
- Праўда, пракуратар, вы мне нiчога не павiнны.
- Як гэта не павiнен! Калi я ўязджаў у Ершалаiм, памятаеце, натоўп жабракоў... я хацеў яшчэ грошы сыпануць iм, а ў мяне не было, i я ўзяў у вас.