- Руку можна будзе на яе пакласцi, калi стане зусiм цяжка, - шаптаў Кароўеў.
Якiсьцi чарнаскуры падкiнуў пад ногi Маргарыце падушку з вышытым на ёй залатым пудзелем, i на яе, падпарадкоўваючыся нечыiм рукам, яна паставiла сагнутую ў каленi правую нагу.
Маргарыта паспрабавала агледзеццца. Кароўеў i Азазела стаялi побач, як на парадзе. Побач з Азазелам - яшчэ трое маладых, якiя чымсьцi крыху нагадвалi Маргарыце Абадону. У плечы павявала халадком. Маргарыта азiрнулася i ўгледзела, што з мармуровай сцяны ззаду ў яе фантанам струменiць шыпучае вiно i сцякае ў ледзяны басейн. Ля левае нагi яна адчувала нешта цёплае i кудлатае. Гэта быў Бегемот.
Маргарыта была на вышынi, i з-пад яе ног унiз вяла грандыёзная лесвiца, пакрытая дываном. Унiзе, гэтак далёка, нiбы Маргарыта глядзела ў перавернуты бiнокль, яна бачыла агромнiсты швейцарскi пакой з неабдымным камiнам, у халодную i чорную пашчу якога мог свабодна ўехаць пяцiтонны грузавiк. Швейцарскi пакой i лесвiца, да болю ў вачах залiтыя святлом, былi пустыя. Трубы цяпер чулiся здалёку. Гэтак прастаялi нерухома цэлую хвiлiну.
- Дзе ж госцi? - спыталася Маргарыта ў Кароўева.
- Будуць, каралева, зараз будуць. I недахопу не будзе. Я, сапраўды, лепш бы дровы калоў, замест таго каб сустракаць iх тут на пляцоўцы.
- Што дровы калоць, - падхапiў гаваркi кот, - я згадзiўся б быць кандуктарам на трамваi, а горшае за гэту работу няма ў свеце!
- Усё павiнна быць гатова загадзя, каралева, - тлумачыў Кароўеў i гарэў вокам праз сапсаваны манокль. - Няма нiчога горшага, як тое, што госць прыедзе першы i не ведае, дзе падзецца, а законная мегера шэптам пiлуе яго за тое, што яны прыехалi раней за ўсiх. Гэтакiя балi трэба на памыйнiцу выкiдаць, каралева.
- Толькi на памыйнiцу, - пацвердзiў кот.
- Да апоўначы не болей чым дзесяць секунд, - дадаў Кароўеў, - зараз пачнецца.
Гэтыя дзесяць секунд Маргарыце надзвычай здоўжылiся. Мабыць, яны i скончылiся, i нiчога не адбылося. Але тут раптоўна штосьцi грымнула ўнiзе ў вялiзным камiне, i з яго выскачыла шыбенiца, на якой матляўся амаль зусiм згнiлы прах. Гэты прах сарваўся з вяроўкi, грукнуўся аб падлогу, i з яго выскачыў чорнавалосы прыгажун у фраку i ў лакiраваных туфлях. З камiна выбегла напалову гнiлая труна, века адскочыла, i з труны вывалiўся другi прах. Прыгажун па-кавалерску падскочыў да яго, падаў руку, другi прах склаўся ў голую вяртлявую жанчыну ў чорных туфлiках i з чорным пер'ем на галаве, i тады абое, мужчына i жанчына, заспяшалiся ўгору па лесвiцы.
- Першыя! - усклiкнуў Кароўеў. - Пан Жак з жонкаю. Рэкамендую вам, каралева, адзiн з найцiкавейшых мужчын. Перакананы фальшываманетчык, дзяржаўны здраднiк, але даволi добры алхiмiк. Праславiўся тым, - шапнуў на вуха Маргарыце Кароўеў, - што атруцiў каралеўскую каханку. А гэта не з кожным здараецца! Паглядзiце, якi прыгажун!
Спалатнелая Маргарыта, разявiўшы рот, глядзела ўнiз i бачыла, як знiкаюць у нейкiм бакавым ходзе швейцарскага пакоя труна i шыбенiца.
- Я ў захапленнi! - закрычаў проста ў твар пану Жаку кот.
У гэты час з камiна паказаўся безгаловы, з адарванаю рукою шкiлет, ударыўся аб зямлю i ператварыўся ў мужчыну ў фраку.
Жонка пана Жака ўжо станавiлася перад Маргарытай на адно калена i, пабялелая ад хвалявання, цалавала Маргарыцiна калена. - Каралева... мармытала жонка пана Жака.
- Каралева ў захапленнi! - крычаў Кароўеў.
- Каралева... - цiха сказаў прыгажун, пан Жак.
- Мы ў захапленнi, - завываў кот.
Маладыя людзi, памочнiкi Азазелы, усмiхалiся мёртвымi, але прыветлiвымi ўсмешкамi i адцяснялi пана Жака з жонкаю ўбок, да чашаў з шампанскiм, якiя мурыны трымалi ў руках. Па лесвiцы ўзбягаў адзiнокi фрачнiк.
- Граф Роберт, - шаптаў Маргарыце Кароўеў, - як i раней, цiкавы чалавек. Звярнiце ўвагу, каралева, як смешна, - адваротны выпадак: гэты быў каханкам каралевы i атруцiў сваю жонку.
- Мы рады, граф, - ускрыкнуў Бегемот.
З камiна адна за адной вывалiлiся i лопнулi тры труны, затым хтосьцi ў чорнай мантыi, якога наступны выхадзец з чорнае камiннае пашчы ўдарыў у спiну нажом. Унiзе пачуўся здушаны крык. З камiна выбег амаль зусiм згнiлы труп. Маргарыта заплюшчыла вочы, i нечая рука паднесла ёй пад нос флакон з белаю соллю. Маргарыце здалося, што гэта была Наташына рука. Лесвiца пачала запаўняцца. Цяпер ужо на кожнай прыступцы былi, падобныя здалёку адзiн на аднаго, фрачнiкi i голыя жанчыны з iмi, якiя адрознiвалiся адна ад аднае толькi колерам пер'я на галовах i туфляў.
Да Маргарыты кульгава наблiжалася ў адзiным драўляным боце на левай назе панi з апушчанымi, як у манашкi, вачыма, худзенькая, сцiплая i чамусьцi з зялёнаю павязкаю на шыi.
- Хто зялёная? - механiчна спыталася Маргарыта.
- Сама чароўная i салiдная панi, - шаптаў Кароўеў, - рэкамендую вам: спадарыня Тафана. Была надзвычай папулярнаю мiж маладых чароўных неапалiтанак, а таксама жыхарак Палерма, i асаблiва сярод тых, каму надаелi свае мужы. Бывае ж гэтак, каралева, што надакучае ўласны муж...
- Бывае, - глуха адказала Маргарыта, i ў той жа час усмiхалася двум фрачнiкам, якiя адзiн за адным схiлiлiся перад ёй i цалавалi калена i руку.
- Ну, вось, - умудраўся шаптаць Кароўеў Маргарыце i адначасова крычаць некаму: - Герцаг! Бакал шампанскага! Я ў захапленнi!.. Дык вось, панi Тафана разумела гэтых бедных жанчын i прадавала iм нейкую ваду ў бутэлечках. Жонка вылiвала гэтую ваду ў мужаву страву, той з'ядаў, дзякаваў за ласку i адчуваў сябе цудоўна. Праўда, праз некалькi гадзiн яму пачынала страшэнна хацецца пiць, потым ён клаўся ў ложак, а праз дзень прыгожая неапалiтанка, якая накармiла свайго мужа, была вольная, як вясновы вецер.
- А што гэта ў яе на назе? - пыталася Маргарыта, нястомна працягваючы руку гасцям, якiя перагналi кульгавую панi Тафану. - I нашто гэтая зелень на шыi? Шыя белая?
- Я ў захапленнi, князь! - крычаў Кароўеў i шаптаў Маргарыце: - Цудоўная шыя, але з ёю непрыемнасць здарылася ў турме. На назе ў яе, каралева, гiшпанскi боцiк, а стужка вось чаму: калi турэмшчыкi даведалiся, што амаль пяцьсот няўдала выбраных мужоў пакiнулi Неапаль i Палерма назаўсёды, яны ў гарачцы задушылi панi Тафану ў турме.
- Якая я шчаслiвая, чорная каралева, што маю гонар, - пакорлiва шаптала Тафана i спрабавала стаць на калена.
Iспанскi боцiк перашкаджаў ёй. Кароўеў i Бегемот дапамаглi Тафане.
- Я рада, - адказала ёй Маргарыта i тым часам падавала руку iншым.
Цяпер па лесвiцы знiзу ўгору падымалася суцэльная плынь. Маргарыта ўжо не магла бачыць, што робiцца ў швейцарскiм пакоi. Яна механiчна падымала i апускала руку, аднолькава ўсмiхалася гасцям. У паветры на пляцоўцы стаяў гул, з пакiнутых Маргарытаю бальных залаў, як мора, чулася музыка.
- А вось гэта - нудная жанчына, - ужо не шаптаў, а гаварыў моцна Кароўеў, ведаў, што ў гуле галасоў яго не будзе чуваць, - любiць балi i ўсё марыць пажалiцца на сваю насоўку.
Маргарыта знайшла вачыма сярод плынi тую, на каго паказваў Кароўеў. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццацi, надзвычай прыгожае паставы, але з нейкiмi неспакойнымi i надакучлiвымi вачыма.
- Якую насоўку? - спыталася Маргарыта.
- Да яе камерыстка прыстаўлена, - растлумачыў Кароўеў, - i трыццаць гадоў кладзе ёй на ноч на столiк насоўку. Як толькi прачнецца, насоўка ёсць. Яна палiла яе ў печы i тапiла ў рацэ, але нiчога не дапамагае.
- Якую насоўку, - шаптала Маргарыта, падымаючы i апускаючы руку.
- З сiняй аблямовачкай. Справа ў тым, што, калi яна служыла ў кавярне, гаспадар неяк зазваў яе ў каморку, а праз дзевяць месяцаў нарадзiўся хлопчык, якога яна занесла ў лес i запхнула яму ў роцiк насоўку, а потым закапала хлопчыка ў зямлю. На судзе яна гаварыла, што ёй не было чым кармiць дзiця.
- А дзе ж гаспадар гэтай кавярнi? - спыталася Маргарыта.
- Каралева, - раптам зашыпеў унiзе кот, - дазвольце мне запытацца: пры чым тут гаспадар? Ён не душыў немаўля ў лесе!
Маргарыта не пераставала ўсмiхацца i махаць праваю рукою, а вострымi пазногцямi левае рукi ўпiлася ў Бегемотава вуха i зашаптала яму: