- Ну, зазванiлi... Пара выбiрацца, - сказала Маргарыта.
Яна асядлала швабру, прыслухалася да жаночага голасу, якi крычаў у замочную адтулiну.
- Адчынiце, адчынiце! Дуся, адчынi! Гэта ў вас вада цячэ? Нас залiло.
Маргарыта паднялася на метр угору i ўдарыла па люстры, лямпачкi лопнулi, i ва ўсе бакi паляцелi падвескi. Крыкi пад дзвярыма спынiлiся, на лесвiцы пачуўся тупат. Маргарыта выплыла ў акно, апынулася звонку, злёгку ўзмахнула i ўдарыла малатком па шкле. Яно ўсхлiпнула, i па аздобленай мармурам сцяне каскадам пасыпалiся ўнiз асколкi. Маргарыта паехала да наступнага акна. Далёка ўнiзе забегалi па ходнiках людзi, адна з дзвюх машын, якiя стаялi ўнiзе, загудзела i ад'ехала далей.
Маргарыта скончыла бiць вокны Латунскага, паплыла да суседняе кватэры. Удары пачулiся часцей, завулак напоўнiўся звонам i грукатам. З першага пад'езда выбег швейцар, паглядзеў угору, не адразу вырашыў, што яму рабiць, упхнуў у рот свiсток i ашалела засвiстаў. З асаблiвым задавальненнем пад гэты свiст Маргарыта размалацiла апошняе шкло на восьмым паверсе, спусцiлася на сёмы паверх i пачала грамiць шкло i там.
Змучаны доўгiм марным сядзеннем за шклянымi дзвярыма пад'езда, швейцар укладваў у свiст усю сваю душу, пры гэтым бегаў за Маргарытай, быццам акампанiраваў ёй. У паўзах, калi яна пералятала ад акна да акна, ён набiраўся духу, i пры кожным удары надзiмаў шчокi i залiваўся, свiдраваў начное паветра да самага неба.
Яго намаганнi ў суладдзi з намаганнямi раз'ятранай Маргарыты далi добры вынiк. У доме пачалася панiка. Цэлыя яшчэ вокны расчынялiся, у iх з'яўлялiся галовы людзей i адразу ж хавалiся, адчыненыя вокны, наадварот, зачынялiся. У супрацьлеглых дамах на асветленым фоне ўзнiкалi цёмныя постацi людзей, якiя старалiся зразумець, чаго гэта без дай прычыны лопаецца шкло ў новым будынку Драмлiта.
З завулка людзi беглi да дома Драмлiта, i ў iм самiм па лесвiцах людзi тупацелi i бегалi невядома чаго. Хатняя работнiца Кванта крычала, што iх залiло, да яе хутка далучылася i хатняя работнiца Хустава з кватэры No 80, якая была пад кватэрай Кванта. У Хуставых хлынула са столi на кухнi i ў прыбiральнi. Нарэшце ў Квантаў на кухнi адвалiўся вялiкi кавалак тынкоўкi, пабiў увесь непамыты посуд, пасля чаго хлынуў ужо сапраўдны лiвень: з клетак абвiслае мокрае дранкi плюхнула, як з вядра. Тады на лесвiцы на першым паверсе пачулiся крыкi. Маргарыта, калi пралятала паўз апошняе акно чацвёртага паверха, зазiрнула ў яго i ўбачыла там чалавека, якi з перапалоху ўспёр на твар процiвагаз. Маргарыта ўдарыла малатком па яго шкле, спалохала чалавека, i ён знiк з пакоя.
Неспадзявана дзiкi пагром спынiўся. Маргарыта слiзганула на трэцi паверх, зазiрнула ў акно, завешанае лёгенька цёмнаю фiранкаю. У пакойчыку гарэла слабенькая лямпачка пад абажурам. У маленькiм ложачку з сетачкамi з бакоў сядзеў хлопчык гадкоў чатырох i спалохана прыслухоўваўся. Дарослых не было ў пакоi. Мабыць, усе выбеглi з кватэры.
- Вокны б'юць, - сказаў хлопчык i паклiкаў: - Мама! Нiхто не адгукнуўся, i тады ён сказаў: - Мама, я баюся.
Маргарыта адхiлiла фiранку i ўляцела ў акно.
- Я баюся, - паўтарыў хлопчык i задрыжаў.
- Не бойся, не бойся, маленькi, - сказала Маргарыта, прыцiшыўшы свой асiплы ад ветру злачынны голас, - гэта дзецi вокны бiлi.
- З рагатак? - спытаўся хлопчык.
- З рагатак, з рагатак, - пацвердзiла Маргарыта, - а ты спi!
- Гэта Сiтнiк, - сказаў хлопчык, - у яго ёсць рагатка.
- Ну, вядома, ён!
Хлопчык хiтра зiрнуў некуды ўбок i спытаўся:
- А ты дзе, цёця?
- А мяне няма, - адказала Маргарыта, - я табе саснiлася.
- Я гэтак i думаў, - сказаў хлопчык.
- Ты кладзiся, - загадала Маргарыта, - пакладзi руку пад шчочку, а я табе буду снiцца.
- Ну, снiся, снiся, - згадзiўся хлопчык i адразу лёг, паклаў руку пад шчочку.
- Я табе казку раскажу, - загаварыла Маргарыта i паклала гарачую руку на астрыжаную галоўку. - Жыла на свеце адна цёця. Дзяцей у яе не было, i шчасця таксама не было. I вось яна спачатку доўга плакала, а потым зрабiлася злоснаю... - Маргарыта замоўкла, прыняла руку - хлопчык спаў.
Маргарыта цiхенька паклала малаток на падаконнiк i вылецела з акна. Вакол дома была неразбярыха. Па асфальтавых ходнiках, усланых бiтым шклом, бегалi i нешта крычалi людзi. Мiж iмi ўжо былi мiлiцыянеры. Раптоўна ўдарыў звон, i з Арбата ў завулак уехала чырвоная пажарная машына з лесвiцай...
Але гэта ўжо было не цiкава Маргарыце. Яна прыцэлiлася, каб не зачапiцца за якi-небудзь дрот, мацней асядлала швабру i iмгненна апынулася вышэй за няшчасны дом. Завулак пад ёй пахiлiўся i правалiўся ўнiз. Замест яго пад нагамi ў Маргарыты ўзнiкла скопiшча дахаў, перарэзанае зiхоткiмi сцяжынкамi. Усё гэта нечакана паехала ўбок, а ланцужкi агнёў размазалiся i злiлiся.
Маргарыта зрабiла яшчэ адзiн рывок, i тады ўсё збоiшча дахаў правалiлася скрозь зямлю, а замест яго з'явiлася ўнiзе цэлае возера мiгатлiвых электрычных агеньчыкаў, i гэтае возера раптам паўстала вертыкальна, а потым з'явiлася над галавой у Маргарыты, а пад нагамi блiснула поўня. Маргарыта зразумела, што перакулiлася, вярнулася ў нармальнае становiшча, азiрнулася, але i возера ўжо не было, яно засталося там, ззаду, засталося толькi ружовае зарыва над небакраем. I яно знiкла праз секунду, i Маргарыта ўбачыла, што яна сам-насам з поўняй, якая ляцела вышэй за яе i злева. Валасы ў Маргарыты даўно ператварылiся ў стог, а месячнае святло са свiстам абмывала яе цела. Па тым, як унiзе два рады рэдзенькiх агеньчыкаў злiлiся ў дзве суцэльныя лiнii, па тым, як хутка яны знiклi ззаду, Маргарыта здагадалася, з якою вар'яцкаю хуткасцю яна ляцiць, дзiвiлася, што не задыхаецца ад гэтага лёту.
Праз некалькi секунд далёка ўнiзе, у зямной чарнаце, успыхнула новае возера электрычнага святла i падкацiлася пад ногi на ляту, але яно адразу ж закружылася вiхрам i правалiлася ў зямлю. Яшчэ некалькi секунд - гэтакае ж самае вiдовiшча.
- Гарады! Гарады! - закрычала Маргарыта.
Пасля гэтага яна разы два цi тры бачыла пад сабою цьмяна адсвечаныя нейкiя шаблi, якiя ляжалi ў расчыненых чорных похвах, i яна здагадалася, што гэта рэкi.
Лятуха задзiрала галаву ўгору i ўлева, любавалася тым, што поўня iмчыцца за ёю, як звар'яцелая, назад у Маскву i адначасова нейкiм дзiўным чынам стаiць на адным месцы, гэтак, што выразна бачны на ёй нейкi загадкавы, цёмны - цi то дракон, цi канёк-гарбунок, востраю мордачкаю завернуты да пакiнутага горада.
Тут Маргарыта падумала, што на самай справе яна дарэмна гэтак гонiць швабру, пазбаўляе сябе асалоды разгледзець што-небудзь як след, нацешыцца палётам. Ёй нешта падказвала, што там, куды яна ляцiць, яе пачакаюць i што няма патрэбы сумаваць ёй ад гэтакае шалёнае хуткасцi i вышынi.
Маргарыта нахiлiла швабру вехцем наперад, гэтак, што тронак падняўся ўгору, запаволiла ход i пайшла ўнiз, да зямлi. I гэтае iмчанне, быццам на паветраных саначках, прынесла найвялiкшую асалоду. Зямля падалася да яе, i з незразумелай да гэтага чорнае гушчы паказалiся яе таямнiцы i прыгажосць у месячную ноч. Зямля iшла насустрач Маргарыце, i Маргарыту ўжо абвявала водарам зялёных лясоў. Маргарыта ляцела над самым туманам роснага луга, потым над сажалкай. Пад Маргарытаю хорам спявалi жабы, а недзе ўдалечынi хваляваў сэрца, шумеў цягнiк. Маргарыта хутка ўбачыла яго. Ён поўз павольна, як вусень, пыхкаў у паветра iскрамi. Маргарыта абагнала яго, праляцела яшчэ над адным водным люстэркам, у якiм праплыла пад нагамi другая поўня, яшчэ больш апусцiлася ўнiз i паплыла, ледзь не кранаючыся нагамi вершалiн векавых сосен.
Цяжкi шум распоратага паветра пачуўся ззаду i пачаў даганяць Маргарыту. Пакрысе да гэтага шуму чагосьцi лятучага, як снарад, далучыўся жаночы рогат. Маргарыта азiрнулася i ўбачыла, што яе даганяе нейкi дзiўны цёмны прадмет. Ён даганяў Маргарыту i ўсё болей абазначаўся, можна было пазнаць, што нехта ляцiць вершкi. Нарэшце ён i зусiм абазначыўся: запаволiўшую хуткасць Маргарыту дагнала Наташа.