Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вышчыпаныя па краях у нiтачку пiнцэтам бровы пагусцелi i чорнымi роўнымi дугамi леглi над зазелянелымi вачыма. Тонкая вертыкальная маршчынка над пераноссем, якая з'явiлася тады, у кастрычнiку, калi не стала майстра, знiкла бясследна. Знiклi i жоўтыя ценi ля скроняў, i дзве ледзь прыкметныя сетачкi маршчынак ля воч. Скура на шчоках налiлася роўным ружовым колерам, лоб зрабiўся белы i чысты, а завiўка рассыпалася. На трыццацiгадовую Маргарыту з люстра глядзела ад прыроды кучаравая чорнавалосая жанчына гадоў дваццацi, нястрымна рагатала, скалiла зубы.

Нарагатаўшыся, Маргарыта выскачыла з халата, адным махам зачарпнула лёгкi тлусты крэм i пругкiмi мазкамi пачала расцiраць яго па ўсiм целе. Яно адразу паружавела i загарэлася. Потым iмгненна, быццам з мазгоў выцягнулi iголку, сцiхла боль у скронi, якая не пакiдала ўвесь вечар пасля спаткання ў Аляксандраўскiм садзе, мускулы рук i ног памацнелi, а потым усё Маргарыцiна цела стала бязважкiм.

Яна падскочыла i павiсла ў паветры невысока над дываном, потым яе паволi пацягнула ўнiз i яна апусцiлася.

- Вось дык крэм! Вось дык крэм! - закрычала Маргарыта i кiнулася на крэсла.

Расцiранне змянiла яе не толькi знешне. Цяпер ва ўсёй ёй, у кожнай частачцы цела ўскiпала радасць, якую яна адчувала, як паветраныя бурбалачкi, якiя паколваюць па ўсiм целе. Маргарыта адчула сябе вольнай, вольнай ад усяго. Акрамя гэтага, яна даволi выразна зразумела, што здарылася якраз тое, пра што яшчэ зранку гаварыла прадчуванне, i што яна пакiдае гэты асабняк i гэтае жыццё назаўсёды. Але ад былога жыцця ўсё ж адкалолася адна думка пра тое, што трэба споўнiць адзiн апошнi абавязак перад пачаткам чагосьцi новага, незвычайнага, якое iмкнула ўгору, у паветра. I яна, голая, са спальнi перабегла ў мужаў кабiнет, запалiла святло, кiнулася да пiсьмовага стала. На вырваным з блакнота аркушы яна хутка, буйна i без памылак напiсала запiску: "Даруй мне i як мага хутчэй забудзь. Я пакiдаю цябе навек. Не шукай мяне, гэта будзе марна. Я стала ведзьмаю ад гора i бед, якiя абрынулiся на мяне. Мне час. Бывай. Маргарыта".

Са спакойнай душой Маргарыта прыляцела ў спальню, следам за ёй туды ўбегла i Наташа, нагружаная рэчамi. I адразу ўсе гэтыя рэчы - драўляныя плечыкi з сукенкамi, карункавыя хусцiнкi, сiнiя шаўковыя туфлi на распялках i паясок, усё гэта пасыпалася на падлогу, i Наташа ўспляснула рукамi.

- Што, прыгожая? - моцна крыкнула ахрыплым голасам Маргарыта.

- Як гэта? - шаптала Наташа i адступалася назад. - Як вы гэта робiце, Маргарыта Мiкалаеўна?

- Гэта крэм! Крэм, крэм, - адказала Маргарыта, паказала на залатую каробачку i павярнулася перад люстрам.

Наташа забылася пра пакамечаныя сукенкi на падлозе, падбегла да трумо, прагнымi вачыма вытрашчылася на астаткi крэму. Вусны яе нешта шапталi. Яна зноў завярнулася да Маргарыты Мiкалаеўны i прамовiла з нейкiм утрапеннем:

- Скура! Скура, га? Маргарыта Мiкалаеўна, ваша скура ажно свецiцца. - Тут яна апамяталася, падбегла да адзення i пачала абтрэсваць яго.

- Кiньце! Кiньце! - крычала ёй Маргарыта. - На чорта яно, усё кiньце! Хаця не, бярыце яго сабе на памяць. Кажу, на памяць бярыце! Усё забiрайце, што тут ёсць!

Наташа аслупянела, глядзела на Маргарыту, потым павiсла ў яе на шыi, цалавала i крычала:

- Атласная! Свецiцца! Атласная! А бровы, бровы якiя!

- Бярыце ўсе анучы, бярыце духi i цягнiце да сябе ў куфэрак, хавайце, крычала Маргарыта, - але каштоўнасцей не бярыце, а то абвiнавацяць у кражы.

Наташа згрэбла ў клунак усё, што ёй трапляла пад руку - сукенкi, туфлi, панчохi, бялiзну, i вылецела прэч са спальнi.

У гэты час, аднекуль з другога боку завулка, з адчыненага акна вырваўся i паляцеў грамавы вiртуозны вальс, i пачулася пыхканне машыны, якая пад'ехала да варот.

- Хутка пазвонiць Азазела! - усклiкнула Маргарыта, слухаючы вальс з завулка. - Ён пазвонiць! Ён пазвонiць! А чужаземец не шкодны. Цяпер я разумею, што ад яго не будзе шкоды!

Машына зашумела, ад'ехала ад варот. Грукнулi варотцы, па плiтках на сцяжынцы пачулiся крокi.

"Гэта Мiкалай Iванавiч, па хадзе пазнаю, - падумала Маргарыта, - трэба зрабiць нешта на развiтанне смешнае i забаўнае".

Маргарыта махнула штору ўбок i села на падаконнiк бокам, абхапiла каленi рукамi. Месячнае святло лiзнула яе з правага боку. Маргарыта паглядзела ўгору на поўню i зрабiла твар задуменным i паэтычным. Крокi шухнулi яшчэ два разы i раптоўна зацiхлi. Маргарыта яшчэ палюбавалася на поўню, дзеля прылiку ўздыхнула, павярнула голаў у сад i сапраўды ўбачыла Мiкалая Iванавiча, якi жыў на першым паверсе ў гэтым самым асабняку. Поўня залiвала Мiкалая Iванавiча святлом. Ён сядзеў на лаўцы, i зразумела было, што апусцiўся на яе ён мiжволi. Пенснэ ў яго на твары неяк перакасiлася, а партфель ён сцiскаў у руцэ.

- А, добры вечар, Мiкалай Iванавiч, - з сумам у голасе сказала Маргарыта, - добры вечар! Вы з паседжання?

Мiкалай Iванавiч нiчога не адказаў.

- А я, - працягвала Маргарыта i ўсё больш высоўвалася з акна, - сяджу адна, бачыце, сумую, гляджу на поўню i слухаю вальс.

Левай рукой Маргарыта правяла па скронi, паправiла пасмачку валасоў, потым сказала сярдзiта:

- Ну, гэта няветлiва, Мiкалай Iванавiч! Усё ж я жанчына! Гэта хамства - не адказваць, калi з вамi гавораць!

Мiкалай Iванавiч, на якiм пры месячным святле вiдаць быў кожны гузiчак на шэрай камiзэльцы, кожны валасок у светлай бародцы клiнком, раптам усмiхнуўся дзiкаю ўсмешкаю, падхапiўся з лаўкi i, вiдаць, ад збянтэжанасцi, замест таго, каб зняць капялюш, махнуў партфелем убок i прысеў, нiбы збiраўся танцаваць упрысядку.

- Вой, якi вы зануда, Мiкалай Iванавiч, - працягвала Маргарыта, - наогул, вы ўсе мне гэтак абрыдзелi, што i сказаць немагчыма, i я такая шчаслiвая, што пакiдаю вас! Пайшлi вы к д'яблу!

У гэты час за плячыма ў Маргарыты грымнуў тэлефон. Маргарыта сарвалася з падаконнiка, забылася пра Мiкалая Iванавiча, схапiла слухаўку.

- Гаворыць Азазела, - сказалi ў слухаўцы.

- Мiлы, мiлы Азазела! - усклiкнула Маргарыта.

- Пара! Вылятайце, - загаварыў Азазела, i па яго голасе адчувалася, што яму прыемны шчыры i радасны Маргарыцiн парыў, - калi будзеце пралятаць над варотамi, крыкнiце: "Нябачная!" Потым палятайце над горадам, каб прывыкнуць, а затым на поўдзень, прэч з горада, i адразу на рэчку. Вас чакаюць!

Маргарыта павесiла слухаўку, i тут у суседнiм пакоi нешта драўляна закульгала i пачало грукаць у дзверы. Маргарыта адчынiла iх, i швабра, якой мыюць падлогу, вехцем угору, прытанцоўваючы, уляцела ў спальню. Тронкам сваiм яна танцавала па падлозе, падбрыквала i рвалася ў акно. Маргарыта ажно вiскнула ад захаплення i ўскочыла на швабру верхам. I толькi тады ў амазонкi прамiльгнула думка, што забылася адзецца. Галопам падскочыла да ложка i схапiла блакiтную сарочку, якая першай трапiла пад руку. Узмахнула ёю, як штандарам, i вылецела ў акно. I вальс над садам загучаў яшчэ мацней.

З акна Маргарыта саслiзнула ўнiз i ўбачыла Мiкалая Iванавiча на лавачцы. Той акамянеў на ёй, зусiм ашалелы, прыслухоўваўся да крыкаў i грукату, якi чуўся са спальнi верхнiх жыльцоў.

- Бывайце, Мiкалай Iванавiч! - закрычала Маргарыта, прытанцоўваючы перад Мiкалаем Iванавiчам.

Той войкнуў i пасунуўся ўбок, сапхнуў на зямлю свой партфель.

- Бывайце навек! Я адлятаю, - крычала Маргарыта, заглушаючы вальс.

Тут яна здагадалася, што сарочка ёй наогул не патрэбна, зларадна рагатнула i накрыла ёю галаву Мiкалаю Iванавiчу. Аслеплены Мiкалай Iванавiч звалiўся з лаўкi на выкладзеную цэглай сцяжынку.

Маргарыта азiрнулася, каб апошнi раз убачыць асабняк, дзе яна гэтак доўга пакутавала, i ўгледзела ў палаючым святле не падобны на сябе здзiўлены Наташын твар.

- Бывай, Наташа! - крыкнула Маргарыта, iрванула швабру ўгору. - Нябачная, нябачная. - Яшчэ мацней крыкнула яна i мiж кляновых галiн, якiя хвасянулi па твары, пераляцела над варотамi, вырвалася ў завулак. I следам за ёй ляцеў ушчэнт звар'яцелы вальс.

53
{"b":"125023","o":1}