Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Да гэтых цiкаўных гараджан далучылiся i багамольцы, якiх без перашкод прапусцiлi ў хвост працэсii. Пад тонкiя пранiзлiвыя крыкi глашатаяў, якiя суправаджалi калону i крычалi тое, што апоўднi крыкнуў Пiлат, яна ўсплыла на Лысую Гару.

Ала прапусцiла ўсiх на другi ярус, а другая кентурыя наверх прапусцiла толькi тых, хто меў адносiны да пакарання, а потым хуткiмi манеўрамi рассыпала натоўп вакол усяго ўзгорка гэтак, што ён апынуўся мiж пяхотным ачапленнем наверсе i кавалерыйскiм унiзе. Цяпер натоўп мог бачыць пакаранне скрозь няшчыльны ланцуг пехацiнцаў.

Тры гадзiны прайшло, пакуль працэсiя ўзышла наверх, i сонца апускалася ўжо над Лысай Гарой, але спякота яшчэ была невыносная, i салдаты ў абодвух ачапленнях пакутавалi ад яе, нудзiлiся ад суму i ў душы праклiналi разбойнiкаў, шчыра жадалi iм хуткае смерцi.

Маленькi камандзiр алы, з мокрым iлбом i ў пацямнелай ад поту на спiне кашулi, якi знаходзiўся ля падножжа ўзгорка пры адкрытым праходзе, час ад часу падыходзiў да скуранога вядра, чэрпаў з яго прыгаршчамi ваду, пiў i мачыў свой цюрбан. Гэта давала на нейкi час палёгку, ён адыходзiў i пачынаў мераць крокамi туды-сюды пыльную дарогу, якая вяла на вяршыню ўзгорка. Доўгi меч яго стукаў аб скураны зашнураваны бот. Камандзiр хацеў паказаць салдатам сваю трывучасць, але салдат пашкадаваў, дазволiў iм з пiк, уваткнутых у зямлю, зрабiць пiрамiды i накiнуць на iх белыя плашчы. У гэтых шалашах i хавалiся ад бязлiтаснага сонца сiрыйцы. Вёдры апаражнялiся хутка, i кавалерысты з розных узводаў па чарзе накiроўвалiся па ваду ў ярок пад гарою, дзе ў рэдзенькiм цяньку ад чэзлых тутавых дрэў дажываў апошнiя днi каламутны ручаёк. Тут стаялi, хаваючыся пад хiсткi цень, i сумавалi канаводы, трымалi прыцiхлых коней.

Пакуты салдат i iхнюю лаянку можна было зразумець. Боязь пракуратара, што можа пачацца бунт у час пакарання ў ненавiсным горадзе Ершалаiме, на шчасце, не апраўдалася. I калi пайшла чацвёртая гадзiна пакарання, мiж двух ланцугоў, верхняй пяхотай i кавалерыяй ля падножжа, не засталося, насуперак чаканню, нiводнага чалавека. Сонца спякло натоўп i пагнала яго назад у Ершалаiм. За ланцугом двух рымскiх кентурый засталiся толькi два невядома чые сабакi, якiя чамусьцi апынулiся на ўзгорку. Але i iх змучыла спякота, яны палеглi з высунутымi языкамi, цяжка дыхалi i не звярталi ўвагi на зялёных яшчарак, адзiных iстот, якiя не баялiся сонца i шнырылi мiж гарачага камення i нейкiмi раслiнамi з вялiкiмi калючкамi, якiя вiлiся па зямлi.

Нiхто i не спрабаваў адбiваць асуджаных нi ў самiм Ершалаiме, напоўненым войскам, нi тут, на ачэпленым узгорку, i натоўп вярнуўся ў горад, бо на самай справе нiчога цiкавага не было ў гэтым пакараннi, а там, у горадзе, усе рыхтавалiся да надыходзячага вялiкага свята Пасхi.

Рымская пяхота ў другiм ярусе пакутавала яшчэ больш, чым кавалерысты. Кентурыён Крысабой адзiнае дазволiў салдатам - зняць шлемы i накрыцца белымi павязкамi, намочанымi вадой, але трымаў салдат стоячы i з коп'ямi ў руках. Сам ён у гэтакай самай павязцы, толькi сухой, паходжваў непадалёку ад групкi катаў, не зняўшы нават са свае кашулi накладныя срэбныя львiныя морды, не зняўшы нагалённiкаў, мяча i нажа. Сонца бiла проста ў кентурыёна i не рабiла яму нiякае шкоды, а на львiныя морды нельга было зiрнуць, вочы выядала зiхоткае ззянне быццам закiпаючага на сонцы срэбра.

На скалечаным Крысабоевым твары не было нi стомленасцi, нi незадаволенасцi, i здавалася, што велiкан кентурыён можа хадзiць вось гэтак цэлы дзень, - адным словам, гэтулькi, колькi трэба будзе. Усё гэтак жа з рукамi на цяжкой, з меднымi бляхамi папрузе, усё гэтак жа сурова пазiраць то на слупы з асуджанымi, то на салдат у ланцугу, усё гэтак жа раўнадушна адкiдаць калматым ботам выбеленыя ад часу чалавечыя косцi i невялiчкiя крэменi, якiя траплялi пад ногi.

Той чалавек у башлыку размясцiўся непадалёку ад слупоў на трохногай табурэтцы i сядзеў задаволены i нерухомы, зрэдку толькi ад няма чаго рабiць палачкаю калупаў пясок.

Сказанае пра тое, што за ланцугом легiянераў не было нiводнага чалавека, не зусiм праўда. Адзiн чалавек быў, але яго проста не ўсе бачылi. Ён размясцiўся не з таго боку, дзе быў адкрыты пад'ём на гару i адкуль зручней было назiраць пакаранне, а з паўночнага боку, там, дзе ўзгорак быў не адлогi i даступны, а няроўны, перарэзаны ярамi i абрывамi, там, дзе ў трэшчыне, учапiўшыся за праклятую небам бязводную зямлю, спрабавала выжыць адзiнокае фiгавае дрэўца.

Якраз пад iм, дзе не было нiякага ценю, i размясцiўся гэты адзiнокi глядач, а не ўдзельнiк пакарання, i сядзеў на каменi з самага пачатку, гэта значыць чацвёртую гадзiну. Сапраўды, каб бачыць пакаранне, ён выбраў не лепшае, а горшае месца. Але ўсё ж i адсюль слупы вiдаць, вiдаць за ланцугом i дзве блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна, а гэтага чалавеку, якi, вiдавочна, хацеў застацца амаль не прыкмечаным i нiкiм не патрывожаным, было дастаткова.

Але чатыры гадзiны таму, на пачатку пакарання, чалавек паводзiў сябе зусiм iнакш i вельмi нават мог быць прыкмечаны, таму, вiдаць, ён i змянiў свае паводзiны i схаваўся.

Толькi тады, як працэсiя ўзышла на самы верх за ланцуг, ён i паказаўся ўпершыню; нiбы чалавек, якi спазнiўся. Ён цяжка дыхаў i не iшоў, а бег на ўзгорак, штурхаўся, а калi ўгледзеў, што перад iм, як i перад iншымi, замкнуўся ланцуг, зрабiў наiўную спробу, прытварыўшыся, што не разумее вокрыкаў, прарвацца мiж салдатамi да самога месца пакарання, дзе ўжо асуджаных здымалi з павозкi. За гэта ён атрымаў цяжкi ўдар тупым канцом кап'я ў грудзi i адскочыў ад салдат, ускрыкнуў цi то ад болю, цi то ў адчаi. На легiянера, якi ўдарыў яго, ён паглядзеў туманным, зусiм абыякавым позiркам, як чалавек, якi не адчувае болю.

З кашлем i задышкаю, трымаючыся рукой за грудзiну, ён абабег вакол узгорка, хацеў на паўночным баку знайсцi шчылiну ў ланцугу, каб можна было праслiзнуць. Але спазнiўся. Кола замкнулася, i чалавек з болем на твары вымушаны быў адмовiцца ад спроб прарвацца да павозак, з якiх ужо знялi слупы. Гэтыя спробы нiчога не давалi, акрамя таго, што яго маглi схапiць, а быць затрыманым у гэты дзень ён не збiраўся.

I вось ён адышоў убок, да трэшчыны, дзе было спакойна i нiхто яму не перашкаджаў.

Цяпер гэты чорнабароды чалавек з гноем у вачах ад сонца i бяссоння сумна сядзеў на каменi. Ён то ўздыхаў, расхiнаў свой, зашмальцаваны за час бадзяння, калiсьцi блакiтны, а цяпер брудна-шэры талiф, агаляў удараную кап'ём грудзiну, па якой цёк брудны пот, то з нечалавечаю пакутаю падымаў вочы ў неба, сачыў за трыма каршунамi, якiя даўно ўжо плавалi ў вышынi кругамi ў прадчуваннi блiзкага пiру, потым апускаў безнадзейны позiрк на зямлю i бачыў на ёй амаль збуцвелы сабачы чэрап i яшчарак, якiя бегалi вакол яго.

Чалавек гэтак пакутаваў, што час ад часу пачынаў загаворваць сам з сабой.

- Ой, дурань я! - мармытаў ён, пагойдваючыся з боку ў бок на каменi ад душэўнага болю i пазногцямi драпаючы смуглую грудзiну. - Дурань, дурная баба, баязлiвец! Падла я, а не чалавек!

Ён зацiхаў, апускаў галаву, потым пiў цёплую ваду з драўлянае флягi, зноў ажываў, пачынаў хапацца то за нож, схаваны пад талiфам на грудзях, то за кавалак пергаменту, якi ляжаў перад iм на каменi побач з палачкаю i бутэлечкай з тушшу.

На гэтым пергаменце былi ўжо накрэслены запiсы:

"Пралятаюць хвiлiны, i я, Левiй Мацей, знаходжуся на Лысай Гары, а смерцi ўсё няма!"

Потым:

"Сонца на схiле, а смерцi ўсё няма".

Зараз Левiй Мацей безнадзейна запiсаў востраю палачкаю вось такое:

"Божа! За што ты маеш крыўду на яго? Пашлi яму смерць".

Пасля запiсу ўсхлiпнуў без слёз i зноў пазногцямi драпнуў грудзiну.

Адчай Левiя быў з-за тае вялiкае няўдачы, якая спасцiгла яго i Iешуа, у дадатак да ўсяго яшчэ i страшэнная памылка, якую ён, Левiй, на яго думку, зрабiў. Пазаўчора ўдзень Iешуа i Левiй знаходзiлiся ў Вiфанii пад Ершалаiмам, гасцявалi ў аднаго агароднiка, якому надзвычай спадабалiся пропаведзi Iешуа. Цэлую ранiцу госцi працавалi на агародзе, дапамагалi, а пад вечар, халадком, сабралiся iсцi ў Ершалаiм. Але Iешуа чамусьцi заспяшаўся, сказаў, што ў яго тэрмiновы клопат у горадзе, i апоўднi пайшоў адзiн. Вось гэта i была першая памылка Левiя Мацея. Чаму, чаму ён адпусцiў яго аднаго!

40
{"b":"125023","o":1}