Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Я не ўгаворваю цябе, Амбросiй, - пiшчаў Фока. - Дома можна павячэраць.

- Скажаш, - трубiў Амбросiй, - уяўляю тваю жонку, якая спрабуе ў рондальчыку на кухнi зварганiць парцыённыя судачкi а нацюрэль! Гi-гi-гi!.. Арэвуар, Фока! - i з песенькаю Амбросiй накiроўваецца да веранды пад тэнтам.

Э-ха-ха... Было, было! Памятаюць маскоўскiя старажылы знакамiтага Грыбаедава! Ды што там адвараныя парцыённыя судачкi! Дзяшоўка гэта, мiлы Амбросiй! А сцерлядзь, сцерлядзь у серабрыстых рондальчыках, сцерлядзь, перакладзеная ракавымi шыйкамi i свежаю iкрою? А яйкi-какот з шампiньёнавым пюрэ ў кубачках? А драздовыя фiлейчыкi вам не падабалiся? З труфелямi? Перапёлкi па-генуэску? Дзесяць з паловаю! Ды джаз, ды ветлiвае абслугоўванне. А ў лiпенi, калi ўся сям'я на лецiшчы, а вас трымаюць у горадзе тэрмiновыя лiтаратурныя справы, - на верандзе, у цянi ад вiнаграду, залатою плямаю на чысценькiм настольнiку талерачка супу-прэнтаньер? Памятаеце, Амбросiй? Чаго тут пытацца! Па губах вашых бачу, што памятаеце. Што вашы сiжкi, судачкi! А дупелi, гаршнепы, бакасы, слонкi ў сезон, перапёлкi, кулiкi? Нарзан, якi шыпiць у горле?! Але хопiць, ты захапiўся, чытач! За мною!..

А палове адзiнаццатай у той самы вечар, калi загiнуў Берлiёз на Патрыярхавых, у Грыбаедаве наверсе свяцiўся толькi адзiн пакой, i ў iм пакутавалi дванаццаць лiтаратараў, якiя сабралiся на паседжанне i чакалi Мiхаiла Аляксандравiча.

Яны сядзелi на крэслах, на сталах i нават на падаконнiках у пакоi праўлення МАССАЛIТа i вельмi пакутавалi ад духаты. Нiводнага свежага струменя не пранiкала ў адчыненыя вокны. Масква аддавала назапашаную за дзень цеплыню, i было зразумела, што i ноч не прынясе палёгкi. Пахла цыбуляй з падвала цётчынага дома, дзе працавала рэстарацыйная кухня, i ўсiм хацелася пiць, усе нервавалiся i злавалiся.

Белетрыст Бяскуднiкаў - цiхi, прыстойна апрануты чалавек з уважлiвымi i адначасна няўлоўнымi вачыма - дастаў гадзiннiк. Стрэлка паўзла да адзiнаццацi. Бяскуднiкаў пстрыкнуў па цыферблаце, паказаў яго суседу, паэту Двухбрацкаму, якi сядзеў на стале i ад няма чаго рабiць махаў нагамi, абутымi ў жоўтыя чаравiкi на гумавай падэшве.

- Аднак, - прамармытаў Двухбрацкi.

- Хлопец, мабыць, на Клязьме зачапiўся, - густым голасам адазвалася Настасся Лукiнiчна Няпрыменава, маскоўская купецкая сiрата, якая стала пiсьменнiцай i выдумляе батальныя марскiя апавяданнi пад псеўданiмам "Штурман Жорж".

- Даруйце, - смела загаварыў аўтар папулярных скетчаў Загрываў. - Я i сам зараз бы з задавальненнем на балкончыку чаёк пiў, замест таго, каб тут варыцца. Паседжанне прызначана на дзесяць?

- А цяпер добра на Клязьме, - падагрэла прысутных Штурман Жорж, ведала, што лецiшчны пасёлак пiсьменнiкаў Пералыгiна на Клязьме - балючае пытанне. Цяпер, мабыць, салаўi там спяваюць. Мне заўсёды неяк лепш працуецца за горадам, асаблiва вясною.

- Трэцi год плачу грошы, каб хворую на базедаву хваробу жонку адправiць у гэты рай, ды нiчога сярод хваль не маячыць, - ядавiта i горка сказаў навелiст Iеранiм Папрыхiн.

- Гэта ўжо як каму пашанцуе, - прагудзеў з падаконнiка крытык Абабкаў.

Радасць загарэлася ў маленькiх вочках Штурман Жоржа, i яна сказала, змякчаючы сваё кантральта:

- Не трэба, таварышы, зайздросцiць. Лецiшч толькi дваццаць два, i будуецца яшчэ толькi сем, а нас у МАССАЛIЦе тры тысячы.

- Тры тысячы сто адзiнаццаць чалавек, - уставiў нехта з кута.

- Ну вось бачыце, - працягвала Штурман Жорж, - што ж рабiць? Натуральна, што лецiшчы атрымалi сама таленавiтыя з нас...

- Генералы! - напрасткi ўрэзаўся ў сварку Глухараў-сцэнарыст.

Бяскуднiкаў прытворна пазяхнуў i выйшаў з пакоя.

- Адзiн у пяцi пакоях у Пералыгiне, - услед яму сказаў Глухараў.

- Лаўровiч адзiн у шасцi, - крыкнуў Дзянiскiн, - i сталоўка дубам абабiта.

- Э-э, цяпер не ў гэтым справа, - прагудзеў Абабкаў, - а ў тым, што палова дванаццатай.

Пачаўся шум, наспявала нешта накшталт бунту. Пачалi тэлефанаваць у ненавiснае Пералыгiна, трапiлi не на тое лецiшча, да Лаўровiча, даведалiся, што Лаўровiч пайшоў на рэчку, i зусiм ад гэтага засмуцiлiся. Наўздагад патэлефанавалi ў камiсiю па прыгожай славеснасцi па дадатковым No 930 i, вядома, нiкога там не знайшлi.

- Ён мог бы i патэлефанаваць, - крычалi Дзянiскiн, Глухараў i Квант.

Ды крычалi яны марна: не мог Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды болей патэлефанаваць. Далёка, далёка ад Грыбаедава, на трох цынкавых сталах ляжала тое, што яшчэ нядаўна было Мiхаiлам Аляксандравiчам.

На першым - голае, у засохлай крывi цела з перабiтаю рукою i раздушанаю грудзiнаю, на другiм - галава з выбiтымi зубамi, з памутнелымi расплюшчанымi вачыма, якiх не палохала болей моцнае святло, а на трэцiм - куча закарэлых ануч.

Ля абезгалоўленага стаялi: прафесар судовай медыцыны, патолагаанатам i яго празектар, прадстаўнiк следства i выклiканы па тэлефоне ад хворае жонкi намеснiк Мiхаiла Аляксандравiча ў МАССАЛIЦе - лiтаратар Жаўдыбiн.

Машына заехала па Жаўдыбiна i найперш, разам са следствам, адвезла яго (пад поўнач гэта было) на кватэру забiтага, дзе былi апячатаны яго паперы, а потым ужо ўсе паехалi ў морг.

Вось цяпер тыя, хто стаяў над нябожчыкам, раiлiся, як лепш зрабiць: цi прышыць адрэзаную галаву да шыi, цi выставiць цела ў грыбаедаўскай зале i проста акрыць яго чорным да самага падбародка.

Так, Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды не мог патэлефанаваць, i таму дарэмна абуралiся i крычалi Дзянiскiн, Глухараў i Квант з Бяскуднiкавым. Роўна апоўначы ўсе лiтаратары пакiнулi верхнi паверх i сышлi ў рэстарацыю. Тут зноў нядобрым словам успомнiлi Мiхаiла Аляксандравiча: усе столiкi на верандзе, натуральна, былi ўжо занятыя, i давялося застацца вячэраць у гэтых прыгожых, але душных залах.

I роўна апоўначы ў адным з iх нешта моцна грукнула, зазвiнела, пасыпалася, заскакала. I адразу ж тоненькi мужчынскi голас адчайна закрычаў: "Алiлуйя!" Гэта ўрэзаў знакамiты грыбаедаўскi джаз. Пакрытыя потам твары нiбы засвяцiлiся, здалося, што ажылi на столi намаляваныя конi, у лямпах быццам пабольшала святла, i раптам, як з ланцуга сарвалiся, заскакалi абедзве залы, а за iмi i веранда.

Заскакаў Глухараў з паэтэсай Тамарай Паўмесяц, заскакаў Квант, заскакаў Жукопаў-раманiст з нейкаю кiнаактрысаю ў жоўтай сукенцы. Скакалi: Драгунскi, Чардакчы, маленькi Дзянiскiн з гiганцкай Штурман Жоржам, скакала прыгажуня архiтэктар Сямейкiна-Гал, моцна аблапленая невядомым у белых дзяружных штанах. Скакалi свае i запрошаныя госцi, маскоўскiя i прыезджы пiсьменнiк Ёган з Кранштата, нейкi Вiця Куфцiк з Растова, здаецца, рэжысёр, з лiловым лiшаём на ўсю шчаку, скакалi выдатнейшыя прадстаўнiкi паэтычнага падраздзела МАССАЛIТа, а менавiта Павiянаў, Багахульскi, Салодкi, Шпiчкiн i Адэльфiна Буздзяк, скакалi невядомых прафесiй маладыя людзi, стрыжаныя пад бокс, з падшытымi ватаю плячыма, скакаў нейкi пажылы з барадою, у якой засела пёрка зялёнае цыбулi, скакала з iм пажылая змарнаваная малакроўем дзяўчына ў аранжавай шаўковай пакамечанай сукеначцы.

Сплывалi потам афiцыянты i насiлi над галовамi запацелыя куфлi з пiвам, хрыпла i з нянавiсцю крычалi: "Выбачайце, грамадзянiн!" Недзе з рупара голас камандаваў: "Карскi раз! Зубрык два! Флякi гаспадарскiя!" Грукат залатых джазавых талерак у аркестры часам перакрываў грукат посуду, якi пасудамыйкi па жолабе спускалi на кухню. Адным словам, пекла.

I было апоўначы ў пекле вiдовiшча. Выйшаў на веранду чарнавокi прыгажун з кiнжальнаю бародкаю, у сурдуце i царскiм позiркам паглядзеў навокал. Гаварылi, гаварылi мiстыкi, што быў час, калi прыгажун не апранаў сурдута, а быў падпяразаны шырокай скураной папругаю, з якой тырчалi рукаяткi пiсталетаў, а яго валасы пад колер крумкачовага крыла былi падвязаны чырвоным шоўкам, i плыў у Караiбскiм моры пад яго камандаю брыг пад чорным мёртвым сцягам з Адамавай галавой.

Але не, не! Абманваюць спакушальнiкi-мiстыкi, нiякага Караiбскага мора няма на свеце, i не плывуць там адчайныя флiбусцьеры, i не даганяе iх карвет, i не сцелецца над вадою гарматны дым. Няма нiчога, i нiчога не было! Вунь ссохлая лiпа ёсць, ёсць чыгунная рашотка i за ёй бульвар... I растае лёд у вазачцы, i вiдаць за суседнiм столiкам набеглыя крывёй нечыя вочы, i страшна, страшна... О багi, багi лiтасцiвыя, атруты мне, атруты!..

13
{"b":"125023","o":1}