Параднела
Дзеўка нарадзiла дзiця. У адчаi надумалася яго ўтапiць. Пайшла пад сакрэтам (у нас казалi пад хурымам) сказаць пра свой намер старэйшай суседцы. Тая й параiла:
- Пацалуй яго спачатку, а потым можаш тапiць.
Прыйшла дзеўка да рэчкi, пацалавала малое й панесла дамоў. Параднела, пабалючэла дзiця, мацi ў дзеўцы прачнулася.
Толькi сярпок вазьму
Была баба гультайка. Была ў яе ўнучка й сучка. Сачыўка ўжо зазiмоўвала. Суседкi пытаюцца ў гультайкi:
- Чаго ты сачыўку ня жнеш?
- А на чорта я яе буду жаць. Сучка здохнiць, унучка замуж зойдзiць, а я памру.
Зiма настала. Агарнуў холад, засьцiг голад. Есьцi хочацца. Пад страхой венiк вiсеў i калодачка. Вецер як усходзiцца - венiчак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:
- Зараз, зараз. Толькi сярпок вазьму. Ён тут, на стале.
Выйдзе, а нiкога няма.
Во!
Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькi й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцiнца. Дзед радасна й просiць унучка:
- Пакажы, дзе твой тата?
- Во - паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вiсiць на сьцяне за шклом.
Павiнны быць
Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Iдзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. I сур'ёзна пытаецца:
- Тата, тата, а ў грыбоў вочкi ёсь?
- Павiнны быць!
Кароткi адказ
Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купiць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, якi жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:
- Мiкола, як там бацька?
- Гатоў! - коратка адказаў сын.
Маладому й сьмерць ня ў страх.
Андарак
Сьвякроў ня любiла нявестку. Усё нявестка была ёй вялiка. Ходзiць па хаце сьвякроў дый бурчыць:
- За гэтай нядарэкай нiдзе ня пройдзеш.
- Дык яе ж няма, - кажуць старой гаспадынi.
- Як няма? А вунь жа ейны андарак вiсiць.
Самая прыгожая
Птушанятка выпала з гнязда. Птушкi падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто мацi. Птушанятка адказвае, што ягоная мацi самая прыгожая. Прыляталi зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што мацi прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:
- Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце...
Як пан
Пасварылiся муж з жонкаю. I адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць i разважае перад сном:
- Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку...
Кожнаму сваё.
Адкупiць
Сыну, якi ня паважае мацi, ня клапоцiцца пра яе, напамiнаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасiла. Ён адказвае:
- Я магу ёй адкупiць суды малака. (Суды - два вядры).
Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.
Цяжка
Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькiя засталiся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылi яго й спалохалiся. Калi прыляцела мацi, пачалi распавядаць пра страшнога ды вялiкага гасьця. Плiска шашэрыла пер'е, хацела зрабiцца вялiкай, каб дзеткi прызналi ў ёй таго, хто напалохаў iх. Глядзелi, глядзелi яны дый кажуць мацi:
- Хоць ты лопнi, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.
Цяжка малому ўяўляць вялiкае.
Пераможца
Самым лепшым участковым у раёне лiчыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусiм прапiў галаву, ня падавалi зьвестак са свайго ўчастка, а складалi сабе графiк, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзiць. Яно ж мiлiцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьцi, як цыгану па драбiнах.
I вось у вушацкiм Доме культуры ў дзень мiлiцыi аб'яўляюць пераможцаў у спаборнiцтве за цьвярозасьць i парадак. Называюць першага па раёну й клiчуць на сцэну атрымаць сувенiр. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьцi. Вiдаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмялiўся на дарогу...
Прамачыць горла
Гаспадар, вялiкi жмундзяк, баiцца, што парабкi шмат зьядуць. Перад ядой прымушае iх пiць ваду. Так, думае ён, у iхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелi, цярпелi парабкi, пакуль адзiн ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:
- Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!
Гаспадар пачуў i спалохаўся. Перастаў паiць вадой перад ядой.
За парабка
У Петруся Броўкi быў брат, якi жыў таксама ў Менску. Iншы раз, калi куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасiў брата прыглядзець за дачай. Пакармiць ката й маленькага сабачку. (I прымаўка казала: маленькi сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцiлкавiчы да Броўкавай пляменьнiцы дый скардзiцца ёй на сваю долю:
- Яны мяне за парабка маюць. Я ж у iх скацiну гляджу...
I выцерся
Пайшлi мы з мамай у Купалаўскi тэатр на чарговы юбiлей Кандрата Крапiвы. Ад iмя партыi як свайго вернага спадручнага юбiляра вiтаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправiльна вымаўляючы беларускiя словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыi пацалаваў Крапiву. (У крапiве толькi любiцца кепска.) Я нiчога ня заўважыў, а маме кiнулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.
Дык i едзь!
Хлопец з вушацкай вёскi стаў мараком, да капiтана дарос. Але жонка ўпрасiла яго перайсьцi на ейнае прозьвiшча ў памяць пра любiмага бацьку. А то род зводзiцца. У iх дзяўчаткi гадуюцца. I зрабiўся хлопец з Балабоўкi (даўняе чыста вушацкае прозьвiшча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькi сын, але ня з бацькавым прозьвiшчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымi эпiтатамi:
- Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я - палiцэйскiм быў, цi ўкраў што, цi забiў каго? Стаў Бальшаковым, дык i едзь бальшаком!
Увесь у мыле
Яшчэ з паганскiх бадай што часiн клёцкi з душамi ў вушацкiх i рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах i на памiнках. Клёцкамi з душамi кормяць, калi мужчыны йдуць на цяжкую працу. I дарагiх гасьцей вяльмуюць клёцкамi з душамi.
На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкi рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе - камбрыгi i некамбрыгi елi са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалi прысмакi. Камбрыг Квiцарыдзе адмовiўся. (Лабанок неяк паказваў бiяграфiю камбрыга. Мiж iншых важных паваенных пасадаў Квiцарыдзе была й рычаговая пасада - дырэктар цэнтральнага рынку Тбiлiсi.) Пакрыўджаныя вушацкiя, калi потым знаёмiлi нейкiх гасьцей з мясьцiнамi партызанскай славы, паказвалi лазьню, якую немцы акружылi, калi камбрыг Квiцарыдзе мыўся. Мiж iншым падкрэсьлiвалi:
- Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк...
Прыкiдваецца...
Пайшлi ў лазьню суседзi. Зь iмi й глухi. Пачалi мыцца, парыцца, хвастацца. Адзiн жартаўнiк вазьмi дый лiнi на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нiбыта лiе халадзёнку на гарачыя камянi:
- А прыкiдваўся, што ня чуiць...
Пацягушачкi на парастушачкi
Пацягнуласядзяўчына, аж, як пiсаў Пiмен Панчанка, маладыя костачкi хруснулi. Мацi расчулена:
- Расьцеш, дачушка.
- Брэшаш, мамулька, хачу...
Дачушка была настроена на канкрэтную лiрыку.
Набытак
Любiлi вушацкiя прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлi абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалi даведку (у нас казалi дублiкат) аб бязгрэшнасьцi, аб прыстойнасьцi. Другой нагрузiлi мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскiх патарчакаў. I падалiся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якiм палае агонь пякельны. Як нi торкала бяззаганка даведку - гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувенiры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: "Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла") i перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.
Ванцак
Захварэла маладзiца на ванцак. Якiя лекi нi давалi - рады ня маглi даць. Тут аднекуль вазьмi дый зьявiся здаравiла. Узяўся вылечыць. Толькi ўсiх з хаты выгнаў, каб ня пярэкалiся. А ўсiм жа цiкава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткi згледзiлi. Толькi й разважалi: