16. А як падумаю, што вы шалееце не раўнуючы як сабакi ад маiх слоў, а зрабiць мне нiчога не можаце, нават пайсцi адсюль не можаце, бо страцiце свае тры аболы - дык мне так i хочацца падскочыць ад задавальнення i злацешнасцi. Я вас люблю, мне так i карцiць абняць i расцалаваць вас, як гэта робяць п'янтосы. У вас затрэслiся б паджылкi ад адной толькi думкi, што вы - на маiм месцы. Ну вось, спачатку вас звязалi, а потым прымусiлi выпiць атруту. Вось пачаўся боль i сутарга.., шклянеюць вочы, i з рота iдзе пена, пранiзлiвы холад падымаецца з ног, павольна праточваецца ў цела i ўчэплiваецца сваiмi кiпцюрамi спярша ў страўнiк, а потым - у сэрца... I гэта ўсё... Не мацайце сваiх жыватоў, грамадзяне афiняне. Няма там анiякае атруты: там скачуць (цi неўзабаве пачнуць скакаць) усе радасцi божыя - казлiная пячонка, падсмажаная на вуголлях, салёная чарнаморская паламiда, свiныя каўбаскi, прыпраўленыя перцам i часнаком, арэхi, разынкi, вiно (шмат вiна!) - i загуляюць музычныя вятры. Вы бессмяротныя i былi б, так сказаць, яшчэ больш неўмiручыя, каб Лёс надзялiў вас конскiм хвастом, якiм бы вы махалi налева i направа, нiбы веерам - каб прагнаць мух, што кусаюцца, калi вы спiце i калi вы судзiце, бо судзiце вы сплючы!
ЧАСТКА ДРУГАЯ
1. Калi я ўявiў сабе, што ляжу на дашчаным ложку, увесь адпаведна ўпрыгожаны, ляжу камiчна-ўрачыста, як усе нябожчыкi; а вакол мяне стаяць, з выглядам засмучоных Магдален, патрыятызм абвiнаваўцаў, ваша бязгрэшнасць i чысцiня вашых законаў, я шчыра засмяяўся. Бо, як вам вядома, вошы ўцякаюць з нябожчыка на жывое цела. I калi зiрнуў я на вас, жывых, якiя прасмердлi, нiбы падла за дзесяць дзён (у каго - лiхаманка, у каго - кiла, у каго - экзэма, кароста, сухоты), i ўсё ж хочуць вырваць вока свайму блiжняму, я падумаў пра жывёлу: тая, што жарэ iншых, уяўляе сябе бяссмяротнаю, а тая, якую жаруць, не мае нават надзеi калi-небудзь уваскрэснуць для лепшага жыцця.
2. Але потым я падумаў: а што было б, Сакраце, каб замест цябе, што стаiць на трыбуне "з вясёлымi тварам i вачыма" i пасмiхаецца з iх... каб перад iмi за абвiнавачанага быў твой распасцёрты труп? Судзяць жа часам мёртвыя прадметы: цэглу, шалупiнне ад кавуноў, крукi, на якiя падвешваюць тушы... Ведаеш, што б тады здарылася? Усе б сабралiся вакол цябе, нахiлялiся б, каб лепей цябе разгледзець, кiвалi б спачувальна галовамi i казалi: "Ён добры быў, небарака... Паглядзiце, як папрыгажэў нябожчык. Заплюшчылiся яго лiсiныя вочкi, патанчэлi пульхныя губы, схуднеў i выцягнуўся яго пляскаты нос. Глядзець прыемна! Памятаеце, з якой асалодай ён лупцаваў сафiстаў i ашуканцаў - нiбы выбiваў лiсiныя шкуркi. Ён зрабiў шмат дабра дзяржаве. А якая аддзяка? Пражыў i памёр на саломе. I кажучы мiж намi, той, хто пацярпеў ад яго слоў i ўчынкаў, можа, i дурань, але не махляр; а той, хто зарабляе справамi i словамi сваiмi, мае смярдзючыя рукi i душу... Ведаеце што? Давайце зробiм яму пахаванне на грамадскi кошт. Нашым дзецям патрэбныя ўзоры".
3. А цяпер, раз ужо не пашчасцiла мне памерцi сваёю смерцю, вы мяне забiваеце... зноў-такi дзеля прыкладу. Вам патрэбная ахвяра... не дзеля таго, каб вашы дзецi навучылiся любiць Дабрачыннасць, а каб яны баялiся Рэспублiкi. Вам патрэбная буйная ахвяра, каб аплацiць злачынствы ўчарашняй тыранii i каб загарадзiць дарогу яе вяртанню. Пасля таго як вiнаватыя паўцякалi, вы схапiлi мяне, "настаўнiка" Крыцiя i легкадумнага Ферамена, якi адмаўляе ахлакратыю авадня, што не даваў вам спакою. Цела маё (мяса i косткi) не заважыць, вядома, на шалях Немезiды гэтулькi, колькi важыць тысяча пяцьсот трупаў ахвяр тыранаў, але шмат важаць маё iмя i мая душа. I калi б вас усiх разам, сто пакаленняў, кiнуць на шалi вагаў, усё адно я б заважыў болей.
4. Пройдуць гады, i знойдзецца ў мяне шмат сяброў, i з'явiцца шмат зласлiўцаў, тутэйшых i тамтэйшых, цяперашнiх i будучых, якiя ўзнiмуць ладны вэрхал вакол маёй смерцi. Мяне назавуць "найлепшым з элiнаў", "салаўём муз", "самым справядлiвым", "самым разважлiвым", "вянком Элады". Дзецi вашыя збудуюць мне храм, "Сакратыён", i штогод увесну будуць прыносiць мне ахвяраваннi. Мне будуць пакланяцца, як богу (хоць вы i не дазвалялi мне мець нават нiкчэмнага "дэмана"). А дзеля чаго? Адны дзеля таго, каб паставiць сваё iмя побач з маiм, калi загавораць пра мяне; iншыя - каб паказаць, што, калi б я жыў у iх эпоху, яны б мяне зразумелi i шанавалi. Марны занятак! I тыя, i гэтыя праз меру павялiчаць маё значэнне i пакрыўдзяць вас: яны будуць хлусiць i верыць хлуснi. Вы й Закон выканалi свой абавязак. Адно толькi: вы караеце мяне не за тое, што я парушыў Закон, а за тое, што я аказаўся няздольны растаптаць i пераступiць яго! "Не мае рацыi Сакрат, бо слабы ён i бядняк - i таму варты смерцi!" Вось што трэба было сказаць у даносе...
5. Калi б мяне судзiў кожны з вас паасобку, грамадзяне афiняне, вы б мяне апраўдалi, але ўсе разам вы гэтага зрабiць не можаце. Чым больш людзей лiпне адно да аднаго, ператвараючыся ў натоўп, тым менш у iх развагi i болей злосцi. I каб вас тут сабралася пяцьсот адборных мудрацоў - скажам так, Сакратаў - уся ваша гайня не была б вартая i паловы таго, чаго варты адзiн дурань; а вас жа тут - пяцьсот дурняў. Натоўп, Грамадская Думка - гэта велiзарны дварняк, прывязаны да кала на сонцы. Ён спiць бесперастанку цi скрабе сваю каросту; i шалёна кiдаецца на людзей, як толькi хто-небудзь памкнецца змянiць тое, з чым ён звыкся: спусцiць з ланцуга. Гэтак i вы: ледзь толькi вам данеслi, што я падрываю рэлiгiю, паганю моладзь i разбураю Логiку, - вы ўскочылi, нiбы тысячаногi звер, i заляскалi, як Сiмплегады, сваiмi скiвiцамi, пагражаючы расцерцi мяне на пыл. Калi б я еў полымя i глытаў шпагi, як фокуснiк на кiрмашы, гэта б вас не здзiвiла, i вы б падумалi, што я сапраўды глытаю шпагi i ем полымя. Нават калi б я быў шарлатанам-лекарам i частаваў вас мачою i гноем, вы б думалi, што менавiта мне вы абавязаны жыццём. Вы б гэта зразумелi i плацiлi б мне грошы. Але апошнiм часам вы часта чулi, як я, усмiхаючыся, казаў: "Нiчога не ведаю". I я напраўду нiчога не ведаю. Вам гэтага не зразумець! Атрымоўваецца, я - сапраўднае Страшыдла! Хто ведае, на што яно здатнае?
6. Я прымушаў iншых казаць тое самае i сапраўды верыць, што ўсе iхнiя веды - падман. Я прымушаў шукаць праўду. Ды вы, грамадзяне афiняне, спачатку занепакоiлiся, а пасля раз'юшылiся. Да чаго ўсё гэта магло прывесцi? Вы цудоўна ведаеце, што чым менш грамадзянiн думае, тым ён разумнейшы, а чым менш гаворыць, тым ён вальнейшы. А што, калi б раптам якi-небудзь дзiвак, упарта шукаючы iсцiну, знайшоў, што правiльней будзе есцi, чым галадаць? А то яшчэ горш - яму стукне ў галаву крычаць пра гэта дзе папала? Значыць, перш чым усхадзiлася бура, вам захацелася спынiць злыя вятры? Але злыя (даруйце, добрыя) вятры паклiкалi сафiсты. Тады я, нiбы гаротная Грамадская Думка, узяўся брахаць на iх i хапаць iх за ногi. Аднак, каб адчапiцца ад мяне, вы наклеiлi на мяне налепку, быццам я быў самы-самы сафiст. Хоць бы я iм быў!
7. I, каб пазбавiцца ад мяне яшчэ прасцей, вы начапiлi на мяне i такое: нiбыта я бязбожнiк. Каб жа я iм быў! Бязбожнасць вы прыхавалi, як самы надзейны сродак, каб цкаваць сабаку i раз-пораз спускаць яго з ланцуга, ахоўваючы з дапамогай яго зубоў свае матэрыяльныя выгоды. Ворагаў вашага дабрабыту вы зрабiлi - i вельмi мудра - асабiстымi ворагамi сабакi. Каб учынiць расправу над Алкiвiядам, якога любiў i якiм захапляўся натоўп за яго прывабнасць, багацце i нястрогасць нораваў, вы абвiнавацiлi яго ў бязбожнасцi. I натоўп, забыўшыся на сваё замiлаванне, гнаўся за iм, як сабака, аж да самага краю зямлi. Бо вы навучылi яго чакаць шчасця з неба, а не патрабаваць сваё шчасце ад вас. Такiм чынам, адбiраючы ў яго марную надзею, мы адбiраем усё. I ён разарве цябе.
8. Каб вы зайшлi ў маю хату, вы ўбачылi б, што на сцяне там вiсяць абразы, запаленыя лампады i нашыя вянчальныя кароны ў бляшаных футаралах. А ў храме вы ўбачылi б, што я цалую ў руку святару. Цi гэтага вам не досыць? Што вам да таго, верыў я альбо не верыў? Досыць таго, што я здаваўся вам веруючым. Сапраўды, я не хацеў сварак з Ксантыпай i даваў ёй волю - абвешваць сцены абразамi. Я цалаваў у руку папу прылюдна, каб болей паздзекавацца з яго. "Во як, гэты прайдзiсвет пераплюнуў мяне ў крывадушнасцi", - думаў ён сам сабе.