Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Уцякла ад Бiма апошняя ў лесе, адважная i ганарлiвая ваўчыца.

...Адзiная iстота на зямлi, якую ненавiдзiць воўк - гэта ты, чалавек. Ходзяць па зямлi апошнiя ваўкi, але ты iх застрэлiш, гэтых вольналюбiвых лясных санiтараў лесу i поля, якiя ачышчаюць зямлю ад нечысцi, падлы, хваробы i рэгулююць жыццё так, каб заставалася толькi здаровае патомства. Ходзяць апошнiя ваўкi... Ходзяць таму, каб знiшчаць карослiвых лiсiц, зберагчы ад заразы астатнiх, ходзяць таму, каб аслабелыя ад эхiнакока зайцы не разносiлi хваробу па лесе i па полi i не раджалi дзiцянят хворых i слабенькiх; ходзяць таму, каб у гады, калi многа мышэй, якiя разносяць тулерамiю, нiшчыць iх многа-многа. Ходзяць апошнiя ваўкi па зямлi.

Калi яны сумна, з надрывам спяваюць уначы, твая душа, чалавеча, чамусьцi здрыганецца ад гэтага адкрытага i яснага вяшчання на ўсё наваколле: "Я-а-а ё-ёсць! Я ёсць!" I ты ж ведаеш, чалавек, што ваўчыца не кране маленькае шчаня-сысуна, а прыме яго, як роднае дзiця; не зачэпiць i малога дзiцяцi, а перацягне яго ў логава i будзе падпiхаць да саскоў. Колькi iх, такiх выпадкаў, калi ваўкi з чалавека-дзiцяцi выгадоўвалi чалавека-воўка! Шакалы так не ўмеюць. Нават сабакi не ўмеюць. А цi зачэпiць воўк авечку ў сваiм раёне, там, дзе жыве? Нiколi. Але ты ўсё роўна баiшся воўка, чалавек. Так нянавiсць засланяе розум (чаго няма ў жывёлiн!) i можа так авалодаць табою, што карыснае палiчыш шкодным, а шкоднае - карысным.

Але апошнiя ваўкi пакуль што ходзяць па зямлi.

Адзiн з iх уцёк ад ненавiснага i небяспечнага чалавечага паху, але не ад Бiма. Мы не ведаем, чым бы кончылася iх сустрэча i колькi б праседзела ваўчыца ля дупла. Магчыма, яны i знюхалiся б (яна ж усё-такi была адзiнокая ваўчыца, а Бiм - самец). Не будзем гаварыць пра тое, чаго не было, толькi напомнiм, што людзi бачылi сабаку ў воўчай чарадзе неаднойчы. Але Бiма такая доля абмiнула.

Калi ўцякла ваўчыца, узнiк сам сабою моцны боль у хворых грудзях. Бiм стаў задыхацца, таму i выпаўз з дупла ды так i ўпаў на месцы - што будзе тое будзе! I ўсё-такi ён не ўзяўся есцi мяса нават пасля таго як зноў вылежаўся i змог устаць. Заставалася толькi адно: iсцi наперад, столькi, колькi хопiць сiлы.

I Бiм пайшоў. Доўга i цяжка ўзбiраўся ён на круты, вялiзны, на кiламетр, пад'ём. Дзесьцi на паўдарозе ён наткнуўся на след ваўчыцы, перайсцi яго не адважыўся (яна ж адсюль i iшла!), потым скiраваў у густы непралазны зараснiк i ўбачыў воўка. Убачыў проста перад сабою, мёртвага. Гэта быў той, што ўцёк у сярэдзiну аблавы смяротна паранены, каля якога ўсё яшчэ кружылася i кружылася ваўчыца, час ад часу апавяшчаючы наваколле сваёю страшнаю чалавеку тугою. Мёртвы воўк. Шэрсць на iм аблезла лапiнамi. Засталася толькi частка сатлелага звера. Толькi кiпцi сталi доўгiя, злавесна чыстыя i страшныя. Бiм убачыў: нават у мёртвага, сатлелага воўка кiпцюры застаюцца. I ад iх страшна.

Бiм заспяшаў паўкругам, на колькi было ў яго сiлы, назад, на тую сцяжынку, абходзячы след, якi напалохаў яго.

Нарэшце ён узышоў наверх, спынiўся на тым месцы, дзе ўчора была машына, агледзеўся i пайшоў зусiм дакладна туды, куды трэба было, - дадому. I зноў у яго неставала сiлы, зноў ён адлежваўся ў сцiрце, а то i ў сасновай iглiцы, зноў па дарозе шукаў зёлкi i еў iх.

Па шашы бег худы, кульгавы сабака. Бег наперад, толькi наперад, паволi, цяжка, але наперад, да тых дзвярэй, ля якiх ёсць спагада, ля якiх Бiму хацелася легчы i чакаць, чакаць гаспадара, чакаць даверу i самае звычайнае, простае чалавечае ласкi.

...А як жа Толiк? А як жа ён пасля таго, як прачнуўся ранiцаю?

Ён, яшчэ не адзеўшыся, у споднiм, пабег да Бiма i раптам закрычаў:

- Мама! Дзе-е Бi-iм? Дзе!!!

Мама супакоiла:

- Бiм захацеў папысаць, тата выпусцiў яго, а ён не вярнуўся. Уцёк. Тата яго клiкаў, клiкаў, а ён уцёк.

- Тата! - заплакаў Толiк. - Няпраўда, няпраўда, няпраўда! - Ён упаў на ложак, хлопчык у споднiм, i крычаў з дакорам, з мальбою, у спадзяваннi, што гэта няпраўда: - Няпраўда, няпраўда, няпраўда!

Цяпер яго ўзяўся суцяшаць бацька:

- Вернецца ён, вернецца... А не вернецца, то самi знойдзем i возьмем яго да сябе. Абавязкова возьмем. Знойдзем - сабака не iголка.

Толiк перастаў плакаць i глядзеў толькi ў адно месца. Потым зiрнуў на бацькоў, выцiраючы слёзы, i сказаў цвёрда:

- Усё роўна знайду!

Ён так упэўнена сказаў гэта, што бацька i мацi апаслiва паглядзелi адно на аднаго: "У хлопчыка свая думка".

Ад таго дня Толiк стаў маўклiвы ў школе i дома, нелюдзiмы, насцярожаны да родных.

Ён шукаў Бiма. Часам можна было бачыць у горадзе, як чысценькi хлопчык са шчаслiвае культурнае сям'i, спыняў прахожых, выбраўшы каго толькi з выгляду, i пытаўся:

- Дзядзечка, а вы не бачылi белага сабаку з чорным вухам?

Раздзел 14

ДАРОГА ДА РОДНЫХ ДЗВЯРЭЙ. ТРЫ ХIТРАСЦI

Калi Бiм падыходзiў да горада, ногi амаль не слухалiся. Бо ён жа зноў быў галодны. Ды i чым можна было пажывiцца каля шашы? Нiчым. Хiба што кiнутаю кiм-небудзь лупiнкаю ад кавуна, але гэта не харч, а толькi так. Такому сабаку трэба мяса, добрая куцця, капуста з хлебам (калi застаецца пасля абеду), адным словам, усё, што звычайна есць чалавек. Бiм кармiўся два тыднi ўпрогалад. З яго хворымi грудзьмi, пабiтымi ботам, такая галадоўка - павольная згуба. Калi ж да ўсяго дадаць, што, змагаючыся з ваўчыцаю, ён моцна стукнуў расцiснутую стрэлкаю заднюю лапу i штыльгаў на трох нагах, то можна ўявiць, якi быў у Бiма выгляд, калi ён уваходзiў у свой родны горад.

Але свет не без добрых людзей. На самай ускраiне ён спынiўся ля малюсенькага домiка з аднымi дзвярыма i адзiным акенцам. Вакол домiка ляжалi горы цэглы, каменняў, бетонных плiт, дошак, бярвення, жалеза i ўсяго iншага, а побач, з другога боку, стаяла палавiна новага вялiзнага дома, але без акон, без дзвярэй i без даху. Вецер круцiўся ў пустых дзiрках акон, шыпеў над кучамi камення i цэглы, спяваў у штабелях дошак i завываў у верхатуры будаўнiчага крана - i ўсюды на розныя галасы. Нiчога дзiўнага ва ўсiм гэтым не было Бiму (усюды будавалi i будавалi бясконца), а па праўдзе кажучы, ён не раз прасiў у будаўнiкоў: "Дайце, хлопцы, пад'есцi". Тыя разумелi яго - падкормлiвалi. Аднойчы нават жартаўнiк з iхняе кампанii на полуднiм перапынку налiў у кансервавую бляшанку ложку гарэлкi i прапанаваў Бiму:

- А ну, сабачка, дзюбнi за здароўе тых, хто тут не крадзе.

Бiм пакрыўдзiўся i адвярнуўся.

- Правiльна! - усклiкнуў жартаўнiк. - Няма табе за каго выпiць, разумнiца. Гэта я ведаю дакладненька.

Усе навокал засмяялiся i называлi штукара Шурыкам. Затое той жа самы Шурык адвалiў нажом кавалак каўбасы - сапраўдная, з магазiна, а не тое, што са сметнiцы! - i паклаў перад Бiмам:

- За справядлiвасць табе, Чорнае вуха. Вазьмi, мудрэц.

I зноў смяялiся людзi ў выквацаных камбiнезонах. А Шурык дадаў, вiдаць, самае смешнае:

- А то, брат, за гэтую ноч дошкi зноў усохлi на трэць.

I яшчэ смяялiся, хаця хлопец той i не ўсмiхнуўся.

Бiм зразумеў Шурыкаву гаворку па-свойму: па-першае, гарэлкi сабаку нельга, а калi ты яе не п'еш, то табе дадуць яшчэ каўбасы; па-другое, што ўсе гэтыя хлопцы, ад якiх пахне цэглаю, дошкамi, цэментам, - добрыя. Бiму так i здалося, што Шурык гаварыў увесь час толькi пра гэта.

Успомнiўшы такое, кiруючыся раней знаёмымi пахамi, па праву памяцi, Бiм, знясiлены ўшчэнт, прылёг ля дзвярэй маленькага домiка, ля старажоўкi.

Быў досвiтак. Акрамя ветру, вакол нiкога не было. Праз колькi часу ў старажоўцы нехта кашлянуў i загаварыў сам да сябе. Бiм прыпадняўся i зноў жа па праву памяцi падрапаў за дзверы. Яны адчынiлiся, вядома, як i заўсёды. На парозе паказаўся чалавек з барадою: адно вуха ў шапцы апушчана ўнiз, другое тырчыць угору; плашч моцна нацягнуты на кажух: асоба, якой поўнасцю можа давяраць Бiм.

- О, ды тут, нiяк, госцi? Бач як табе падцяла, бяздомнiк няшчасны, больш нiчога не скажаш. Ну, заходзь, цi што?

Бiм зайшоў у вартаўнiцкую, амаль упаў ля парога. Вартаўнiк адрэзаў кавалак хлеба, размачыў у вадзе i паставiў Бiму. Той з удзячнасцю з'еў, пасля паклаў галаву на лапы i глядзеў на дзядулю.

34
{"b":"124471","o":1}