Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У чарнаце ночы яшчэ раз правуркатаў гром, цяпер ужо блiзка, i пракацiўся па бязлiстаму лесе шырока i цяжка. Падзьмуў вецер, галiны на дрэвах занылi, быццам ад прадчування бяды; ствалы, якiя слабейшыя, захiсталiся; i нарэшце ўсё злiлося ў адзiн суцэльны трывожны чорны шум, у якiм выразна чуўся стогн сухое асiны: яна раўнамерна рыпела i рыпела дзесьцi ля кораня, ужо надломленая i слабая; яе глухi нудны стогн пужаў Бiма больш, чым увесь лясны шум.

А лес шумеў, шумеў i шумеў. А вецер усё гуляў i гуляў як адзiны ўсяпраўны ўладыка ў непрагляднай цеменi, разгуляўся так, што застагналi дубы. Бiму здавалася, што нехта чорны-чорны, вялiзны распластаўся над магутнымi дубамi, над безнадзейнаю асiнаю, якая памiрае над iм, згубленым у гэтай суровасцi, сабакам; i гэты чорны бiў поламi чорнага плашча па лясных вяршалiнах, аблаплiваў дрэвы i гойдаў iх у дзiкiм танцы, шаманiў, падскакваючы i выгiнаючыся, крычаў i завываў, як стогалосы дзiкун.

Бiму стала так жудасна, што пра боль у целе на часiну забыўся.

Ён прыцiснуўся да каменя, прылiп. Вецер пачаў кiдаць на лес холад, таму ўнiзе ў яры пацёк зябкi струмень i адразу ж працяў Бiма. Так заўсёды позняе цяпло раптоўна мяняецца холадам. Бiм перайшоў на другi бок за ствол, каб затулiцца ад ветру i супраць ветру сачыць нюхам, - па ветры вачыма. Але наперадзе была непраглядная цемень. Бiм калацiўся.

Раптоўна, быццам вогненным вузкiм нажом, маланка рассекла цемень, на iмгненне асвятлiўшы лес, якi стагнаў i выў, а следам за ёю так вухнула ўверсе, стукнула, забрыньчала нечым пабiтым, абрынулася ўнiз i пакацiлася па лесе ў розныя бакi. Маланка i гром быццам напалохалi шамана, i ён пусцiўся ўцякаць, уцякаць, а потым i зусiм зацiх, i тады зверху застукалi кроплi. Дождж быў кароткi, моцны, халодны. Потым i ён перастаў.

Лес цяпер цiхенька бурчаў, атрасаючыся i прыхарошваючыся, быццам пасля бою. Але раптам асiна зарыпела, затрашчала, чапляючыся за суседнiя дрэвы, развiтваючыся з суседзямi, адчайна зашумела i ўпала на зямлю, ломячы свае галiны, у горкай, перадсмяротнай безнадзейнасцi: вытрымала апошнi бой i ўпала. Асiна стаяла непадалёку ад Бiма, яму было трывожна чуць смерць дрэва i страшна таму, што яно падала, як спачатку яму здалося, проста на яго; ён тады паплiшчыўся ад свайго ракавога дуба, напяў вяроўку, але... вяроўка ёсць вяроўка.

Бiм сядзеў да свiтання, праскiвелы, хворы, змучаны. Перад iм стаяла мiска з мясам - да яго ён так i не дакрануўся.

Перад свiтаннем далёка завыў воўк. Адзiн завыў: больш нiкога на перазовах у лесе не аказалася. То быў самы хiтры, ацалелы пасля тае аблавы воўк. Бiм уздыбiў шэрсць на загрыўку, застукаў зубамi i слухаў, хапаў носам паветра, глыбока ўцягваў. Ён падрыхтаваўся да сустрэчы, нiколi не падазраючы, што ў iм столькi адвагi на самаахову, якую можна назваць гераiзмам адчаю (укусiў жа ён тады Шэрага дзядзьку, чуць не збiў яго з ног!). Але воўк гэтага разу не прыйшоў. Ветру ўжо не было, так што здалёку звер не мог пачуць Бiма, а час абыходзiць свой участак, вiдаць, яшчэ не прыйшоў. Але Бiм у напружаным чаканнi напяў вяроўку, таму аброжак стаў душыць яго да хрыпаты. Тады Бiм падаўся на дрэва, прыцiснуўся задам да ствала, перахапiў вяроўку на карэнныя зубы i... перакусiў. Як нажом шахнуў!

Збылося!

Бiм вольны, хоць i адзiнокi ў дрымучым лесе.

Так i кожны сабака робiць у рэшце рэшт, хоць у розных парод гэта бывае па-рознаму: вартаўнiчыя, прывязныя - тыя перагрызаюць вяроўку адразу, таму што яны любяць толькi моцныя ланцугi; моська, хоць i не перагрызе, але калi прывязаны на вяровачку, то будзе кiдацца, круцiцца, крычаць i можа нават задушыцца; ганчакi доўга думаюць, але перагрызаюць; iнтэлiгентны сабака, якi прывык да работы па краснай дзiчыне, праседзiць многа дзён, чакаючы гаспадара, але вяроўку перагрызе толькi ў хвiлiны адчаю цi небяспекi, калi стане ясна, што нiхто ўжо не прыйдзе на дапамогу. Вось так i Бiм: прыйшоў час, i ён зрабiў тое, што павiнен быў зрабiць.

Бiм адышоў ад дрэва асцярожна, азiраючыся, прыслухоўваючыся да лесу. Нечакана непадалёку застракатала сарока: "Тут ёсць нехта, нехта, нехта ёсць! Нехта ёсць, нех-та, нех-та, нех-та ёсць!" Бiм адразу ж, ад першага папярэджання сарокi, спынiўся ў гушчары дубняку, якi шчыльна акружыў дуба-велiкана. Болю ён амаль што не адчуваў, ён прайшоў недзе ўглыбiню. Ён прылёг на лiсце, выцягнуў шыю i прытулiў галаву да зямлi. Сарока закрычала блiзка - Бiм убачыў яе на высокiм дрэве. Ён, вядома, пайшоў бы, але сарока крычала пра небяспеку з таго боку, куды трэба было iсцi Бiму. Чакаў ён, калоцячыся, але ў той жа час рашуча i з удзячнасцю да сарокi за тое, што ў час папярэдзiла пра ворага. Дзякуй табе, сарока! Толькi драпежнiкi лаюць гэтую птушку, цудоўную вястуню, народжаную з тэлеграфам на хвасце, добраахвотную служку мiрных лясных жыхароў. Каб не было сарокi, насельнiцтва, i тое, што бегае, i тое, што лётае, было б назусiм пазбаўлена iнфармацыi пра лясное жыццё.

Ваўчыца выйшла на ўскраек паляны i спынiлася. Пярэдняя нага крывая (значыць, яна некалi была паранена чалавекам). Накульгваючы, яна ступiла яшчэ некалькi крокаў, павярнула галаву проста да Бiма i з налёту... кiнулася да яго. Але не патрапiла - перашкодзiла неўваротная нага. Бiм вылузаўся ад яе ў самы апошнi момант, скочыў убок. Звер павярнуўся i быццам падскочыў на трох нагах, зноў кiнуўся на Бiма. Аднак той, як юла, адскочыў за дуб i адчуў спiною дзiрку ў дубе, дупло. I тут жа, калi ваўчыца прамахнулася другi раз, у адно iмгненне ўцiснуўся ў дупло, выставiў зубы, загыркаў раз'юшана i пачаў брахаць так, як нiколi ў жыццi не брахаў, - як ганчак на следзе, як лайка ля бярлогi, без перадыху. Голас Бiма зазвiнеў па лесе адным адзiным словам, якое зразумела кожнаму: "Бяда-а! Бяда-а!" А лес падхапiў, i рэха дапамагала: "Бяда-а! Бяда-а!!!"

Дзякуй табе, лес!

I панеслася ад сарокi да сарокi, iмклiвей чым па тэлеграфе, трывожная вестка: "Нех-та нека-га есь, нех-та некага есь, нех-та нека-га, нех-та нека-га..." Ляснiк у леснiчоўцы вызначыў, што i сабачы брэх, i дружны сарочы перапалох не ад дабра. Ён узяў стрэльбу, зарадзiў карцеччу i пайшоў у глыб лесу. Чалавек iшоў смела, таму што лес быў яму амаль што як родны дом, а лясныя жыхары ведалi яго ў твар. Ды i ён ведаў многiх iх, ведаў у твар i ваўчыцу, але чамусьцi не забiваў яе. "Цi не зацёрся хто з маладых паляўнiчых на тэрыторыю ваўчыцы, цi не напужаўся яе, узлез на дрэва i пакiнуў сабаку, каб разарвала?" - падумаў ён, спяшаючыся. Брэх чуўся далёка, у самым канцы Воўчага яра, але раптам абарваўся. "Гатова!" - вырашыў ён i пайшоў павальней, хоць i ў той жа бок. Эх, а трэба было спяшацца. Спяшацца б!

Што ж здарылася там, ля векавога дуба?

Ваўчыца была "цёртая": яна адышла ад дупла, каб Бiм замоўк, ведала, што калi пачынае брахаць сабака, то аказваецца i чалавек са стрэльбаю. Бiм таму i прымоўк, што ваўчыца не кiдалася да яго. Праз колькi часу яна падышла блiжэй i села, не зводзячы вачэй з Бiма. Так два сабакi глядзелi адзiн на аднаго вока ў вока: дзiкi сабака, далёкi прародзiч Бiма i вораг чалавека, i сабака iнтэлiгентны, якi не можа жыць без чалавечае дабраты; воўк ненавiдзiць усiх людзей, а Бiм любiў бы iх, каб яны ўсе былi добрыя да яго: сабака - сябар чалавека i сабака - вораг чалавека глядзелi адзiн аднаму ў вочы.

Ваўчыца разумела, што ў дупло ёй не ўлезцi, але яна падышла да яго, пацягнулася пысаю. Бiм падаўся назад, аскалiўшы зубы, але ўжо не брахаў, ён быў недасяжны ў сваёй крэпасцi.

Колькi часу цягнулася б гэта, невядома. Але ваўчыца павяла носам вакол, крута павярнулася ад дупла i прыгнулася, як перад небяспекай, крок за крокам падалася да тае палянкi, да таго дуба, за якiм быў прывязаны Бiм. Iшла яна з нейкiм жахам у сэрцы, апусцiўшы хвост-палена.

У паляўнiчым азарце на Бiма яна прапусцiла гэтае месца, таму што начны дождж моцна змыў пахi, а цяпер, як толькi крыху абветрала, яна i пачула: вяроўка на дрэве, мiска з мясам. О, яна ведала, што гэта абазначае: тут быў чалавек! Чалавекам пахне вяроўка, жалезам пахне круглая мiсачка, а сляды таксама яго; мяса ж - падман, здрада, пастка. Яна крышку прыпынiлася, скочыла ўбок i пабегла, як ад вялiкае напасцi. Так воўк уцякае ад пасткi, якая няўмела пастаўлена - незамаскавана i пахне чалавекам.

33
{"b":"124471","o":1}