Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Афiняне натоўпам прыйшлi ў палац. Яны сказалi Эгею:

- Мы аддаем страшыдлу сваiх дзяцей, а твой сын застаецца з табою, i ты не падзяляеш з намi нашага гора.

Тэзей не мог слухаць гэтыя папрокi.

- Я гатовы, - адказаў ён афiнянам, - замянiць аднаго з вашых сыноў i паехаць на Крыт разам з iншымi. Але, прысягаю вам, мы не загiнем! Я заб'ю крыважэрнага Мiнатаўра i назаўсёды вызвалю вас ад цяжкай данiны.

Эгея ахапiў жах, калi ён пачуў гэтыя словы. Ён упрошваў Тэзея застацца ў Афiнах, угаворваў афiнян не аддаваць страшыдлу свайго будучага цара. Але Тэзей пераконваў бацьку, што не загiне i вернецца пераможцам. Ён абяцаў засмучанаму бацьку: калi застанецца жывы, дык па дарозе назад загадае ўзняць на караблi белыя ветразi замест чорных, каб бацька ўбачыў яшчэ здалёк гэты светлы знак перамогi.

Надышоў дзень ад'езду. Сем юнакоў i сем дзяўчат паднялiся на карабель i паплылi да выспы Крыт, ахопленыя страхам i тайнай надзеяй.

Калi афiнскi карабель прыплыў да Крыта i спынiўся каля прыстанi, Мiнас загадаў адразу ж прывесцi асуджаных у свой палац. Яны iшлi па беразе мора, i крыцяне глядзелi на iх i гаварылi пра iх страшны лёс. Тэзей iшоў наперадзе ўсiх, смелы i прыгожы, i падбадзёрваў таварышаў. Калi iх прывялi да цара, Мiнас пачаў насмiхацца з iх i зняважыў адну з дзяўчат. Тэзей горача заступiўся за яе.

- Хто ты такi, каб пярэчыць мне, цару Крыта, сыну вялiкага Зеўса? пагардлiва спытаў Мiнас.

- Я таксама царскага роду, я сын цара, i бог мора Пасейдон - мой заступнiк i абаронца з маленства, - адказаў цару Тэзей.

Гэтую спрэчку са страхам слухала дачка Мiнаса, прыгажуня Арыядна. Яна адразу вылучыла Тэзея сярод афiнскiх юнакоў - ён зачараваў яе сваёй мужнай прыгажосцю, бясстрашшам i тым, як горача заступiўся за сваю сяброўку. Арыядна ў глыбiнi душы пазайздросцiла дзяўчыне, яна адразу пакахала афiнскага царэвiча. Таму яна вельмi спалохалася, калi Мiнас сказаў, злосна ўсмiхаючыся:

- Калi гэта праўда, што Пасейдон - твой заступнiк, няхай ён паможа табе дастаць гэты пярсцёнак.

I, зняўшы з пальца залаты пярсцёнак, цар шпурнуў яго ў мора.

Тэзей смела кiнуўся ў хвалi.

Крык замёр на вуснах Арыядны, палонныя ад страху прытулiлiся адно да аднаго. Усе моўчкi пазiралi на мора i чакалi. Мiнаў час, i нiхто не спадзяваўся, што юнак можа вярнуцца.

Але, як толькi хвалi сышлiся над галавою Тэзея, слуга Пасейдона Трытон узяў юнака на рукi i занёс яго ў палац марскога цара. Там Пасейдон i царыца мораў Амфiтрыта ласкава сустрэлi юнага героя i аддалi яму пярсцёнак Мiнаса. I зноў Трытон падхапiў яго i вынес з глыбiнi мора на бераг, дзе людзi чакалi яго.

I вось ужо Тэзей стаiць перад Мiнасам i падае яму пярсцёнак. Радаснымi воклiчамi вiталi афiняне свайго смелага таварыша, i дзiвiлiся з гэтага здарэння крыцяне, што сабралiся на беразе.

Цар Мiнас загадаў зараз жа завесцi палонных у Лабiрынт i замкнуць там.

Тады Арыядна вырашыла выратаваць Тэзея.

Калi сямёра дзяўчат i сямёра юнакоў падышлi да Лабiрынта, Арыядна была ўжо там, каля ўвахода. Яна дала Тэзею клубок нiтак i навучыла, каб ён замацаваў канец нiткi каля ўвахода i, iдучы па Лабiрынце, пацiхеньку размотваў клубок, каб нiтка цягнулася праз усе пакоi, па якiх яны пройдуць. Тэзей паслухаўся, увайшоў у Лабiрынт, i таварышы з iм; размотваючы клубок, яны дайшлi да логава Мiнатаўра. Убачыўшы страшыдлу з бычынай галавой, юнакi i дзяўчаты спалохалiся i адступiлi назад. Тэзей адзiн пайшоў да яго i ў жорсткiм паядынку перамог i забiў Мiнатаўра, на вялiкую радасць сваiх таварышаў, якiя, прыцiснуўшыся ад страху да сцяны, чакалi зыходу барацьбы. Убачыўшы забiтага Мiнатаўра, юнакi гучна ўславiлi Тэзея, а дзяўчаты абдымалi адна адну i плакалi ад радасцi. Потым, трымаючыся за выратавальную нiтку Арыядны, яны вярнулiся назад па заблытаных хадах i шчаслiва выбралiся з Лабiрынта.

Арыядна чакала iх каля ўвахода. Выратаваныя рушылi ў гавань, дзе стаяў iх карабель, i Арыядна пайшла за iмi. Яна ведала, што бацька яе вельмi загневаецца, калi даведаецца пра перамогу Тэзея i ўцёкi афiнян, i пашле за iмi ў пагоню караблi. Яна навучыла Тэзея i яго таварышаў прарэзаць днiшчы крыцкiх караблёў, што стаялi ў гаванi. Потым афiняне паднялiся на свой карабель i як мага хутчэй адплылi ад Крыта. I Арыядна плыла разам з iмi - яна спадзявалася, што, у знак удзячнасцi за выратаванне, Тэзей пакахае яе.

Па дарозе яны прычалiлi да выспы Наксасу, каб пераначаваць на зямлi i добра адпачыць, таму што даўно яны не спалi i стамiлiся.

Уночы ў сне Тэзей пачуў голас, якi загадваў яму пакiнуць Арыядну на выспе i плыць дадому без яе. Тэзей пабудзiў таварышаў, i яны цiхенька адплылi ад Наксаса, калi Арыядна яшчэ спала.

Прачнуўшыся ранiцай, Арыядна ўбачыла, што афiняне кiнулi яе. З крыкам пабегла яна да мора i прагна глядзела ўдалячынь i клiкала Тэзея. У роспачы ўпала яна на зямлю i прасiла сабе смерцi ў багоў.

Але замест чорнага бога смерцi да яе з'явiўся вясёлы бог Дыянiс, супакоiў i суцешыў яе. Яна стала яго жонкай i бяссмертнай багiняй. Дыянiс падарыў Арыядне вянок з зiхатлiвых зорак. Арыядна паклала свой вянок на неба, - i там ён зiхацiць i свецiць сярод iншых сузор'яў.

Тэзей вяртаўся ў Афiны. Спадарожны вецер надзiмаў чорныя ветразi, i марскiя хвалi падганялi карабель. Тэзей сядзеў на борце карабля i пазiраў туды, дзе ў тумане знiк Наксас, i раскаянне мучыла яго. Ён успамiнаў прыгажосць Арыядны i яе дапамогу яму i яго таварышам, калi вывела iх з Лабiрынта, - i каяўся, што пакiнуў яе адну на выспе. Змрочныя думкi ахапiлi Тэзея, i ён забыўся на абяцанне, якое даў бацьку: не памяняў чорныя ветразi на белыя на сваiм караблi.

Эгей чакаў, калi вернецца сын. Стары цар сядзеў на беразе i глядзеў на мора: цi не мiльгануць ўдалечынi белыя ветразi, цi не вяртаецца дадому любы сын. Нарэшце далёка ў моры паказалiся ветразi, але - чорныя. Чорныя ветразi знак смерцi!

У вачах Эгея пацямнела. Ад роспачы кiнуўся ён з высокага берага ў мора.

Калi карабель падплыў да горада i Тэзей урачыста сышоў на родную зямлю, яго стрэла вестка пра смерць бацькi. Гэта была помста. I сумным быў пачатак яго царавання ў Афiнах.

А мора, у якiм бедны бацька знайшоў сабе магiлу, з таго часу людзi называюць Эгейскiм.

АРФЕЙ I ЭДРЫДЫКА

На поўначы Грэцыi, у Фракii, жыў спявак Арфей. Ён валодаў цудоўным дарам, i слава пра яго iшла па ўсёй зямлi грэкаў.

За спевы пакахала яго прыгажуня Эўрыдыка. Яна стала яго жонкай. Ды шчасце iх было нядоўгае. Аднойчы Арфей i Эўрыдыка былi ў лесе. Арфей iграў на сваёй сямiструннай кiфары i спяваў. Эўрыдыка збiрала кветкi на палянах. Непрыкметна яна адышлася далёка ад мужа, у лясны гушчар. Раптам ёй здалося, што нехта бяжыць па лесе, ломячы сукi, гонiцца за ёю, яна перапалохалася i, кiнуўшы кветкi, пабегла назад, да Арфея. Яна бегла, не разбiраючы дарогi, па густой траве i раптам ступiла ў змяiнае гняздо. Змяя абвiлася вакол яе нагi i ўкусiла. Ад болю i страху Эўрыдыка моцна закрычала i ўпала на траву. Арфей пачуў здалёку жаласны крык жонкi i пабег да яе. Але ён паспеў толькi ўбачыць, як памiж дрэў мiльганулi вялiкiя чорныя крылы, - гэта Смерць панесла Эўрыдыку ў падземнае царства.

Вялiкае было гора Арфея. Ён пайшоў ад людзей i цэлыя днi блукаў адзiн па лясах, у песнях выказваючы свой смутак. I такую сiлу мелi гэтыя жалобныя песнi, што дрэвы сыходзiлi са сваiх месцаў i акружалi спевака. Звяры вылазiлi з нораў, птушкi пакiдалi свае гнёзды, камянi пасоўвалiся блiжэй да Арфея. I ўсе слухалi, як ён тужыў па сваёй каханай.

Мiналi ночы i днi, а Арфей не мог суцешыцца, гора яго ўсё расло i расло.

- Не, не магу я жыць без Эўрыдыкi, - гаварыў ён. - Не мiлая мне зямля без яе. Няхай i мяне возьме Смерць, няхай хоць у падземным царстве буду разам з маёй каханай!

Але Смерць не прыходзiла. I Арфей парашыў сам пайсцi ў царства мёртвых.

Доўга шукаў ён уваход у падземнае царства i, нарэшце, у глыбокай пячоры Тэнара знайшоў ручаёк, якi цёк у падземную раку Сцiкс. Па рэчышчы гэтага ручая Арфей спусцiўся глыбока пад зямлю i дайшоў да берага Сцiкса. За гэтай ракой пачыналася царства мёртвых.

16
{"b":"124340","o":1}